Серапіс
Серапіс (грэч. Σέραπις) — эліністычны бог.
Паходжанне культу
[правіць | правіць зыходнік]Версій паходжання культу гэтага бажаства даволі шмат. Самая распаўсюджаная з іх кажа пра тое, што пры Пталамеі I Сатэры была прынята спроба стварыць вобраз сінкрэтычнага божаства — Серапіса (дарычная форма — Сарапіс). Шматлікія навукоўцы лічаць, што гэта было зроблена для таго, каб аб'яднаць егіпецкую і грэчаскую рэлігійную традыцыю[1]. Але цалкам праўдападобным падаецца і такое тлумачэнне: у Егіпце ў канцы IV ст. да н.э. з'явілася мноства грэкаў і македонцаў, якія прыехалі з усіх канцоў вядомай элінам айкумены, і ўвядзенне культу Серапіса магло стаць спосабам іх аб'яднання. Пры гэтым паводле свайго «паходжання» гэта бажаство павінна было быць звязана з багамі егіпецкага пантэона, бо ў старажытнасці свяшчэнную ўладу над пэўнай тэрыторыяй мог мець толькі той бог, які меў мясцовае паходжанне[2]. Менавіта таму карані культу Серапіса ўзыходзяць да культу мемфіскага Асірыса-Апіса.
Паводле іншых версій, культ гэтага бажаства быў прывезены Аляксандрам з Вавілоніі[3]. Гэта здагадка звязана з тым, што Серапіс таксама згадваецца ў якасці не егіпецкага, а вавілонскага бажаства, у працы Арыяна «Анабасіс» і ў жыццяпісе Аляксандра Плутарха. Паводле гэтых аўтараў, Серапіс не толькі меў храм у Вавілоне, але і з'яўляецца адзіным богам, згаданым у сувязі са смерцю Аляксандра Македонскага ў Вавілоне ў 323 годзе да н.э. Іншыя даследчыкі таксама звязваюць культ гэтага бога з імем Аляксандра, але не адмаўляюць таго, што бажаство мае егіпецкае паходжанне[4].
Яшчэ адна гіпотэза лічыць Серапіса адной з іпастасяў Мітры і ўзводзіць яго імя да іранскага эпітэта хшатрапаці (xšaθrapati) — «валадар царства».[5]
Няма адзінага меркавання наконт паходжання гэтага бажаства і ў крыніцах. Так, напрыклад, Плутарх у трактаце «Пра Ісіду і Асірыса» і Клімент Александрыйскі перадаюць адразу некалькі версій.
Гісторыя пакланення
[правіць | правіць зыходнік]Першыя Пталамеі ўвялі Серапіса ў егіпецкі пантэон, зрабіўшы яго вярхоўным богам Пталамееўскага Егіпта, заступнікам новай царскай дынастыі і новай сталіцы краіны — Александрыі[6]. Серапісу быў прысвечаны буйны храм у Александрыі, вядомы як Серапеум. Таксама свяцілішча гэтага бажаства, якое славіцца сваёй дзіўнай гаючай сілай, знаходзілася ў Канопе, горадзе ў дэльце Ніла, размешчаным недалёка ад сталіцы[7]. Гэтага бога ўшаноўвалі і ў мемфіскім Серапеуме[8]. Пазней храмы Серапіса з'явіліся ў многіх гарадах краіны, дзе жыло грэкамоўнае насельніцтва, у прыватнасці ў Фаюмскім аазісе.
Ужо ў часы кіравання першых Пталамеяў культ гэтага бажаства распаўсюдзіўся па ўсім Міжземнамор'і. Шмат у чым гэта звязана з рэлігійнай палітыкай егіпецкіх улад. У прыватнасці, пакланенне Серапісу ў Афінах уведзена пад уплывам Пталамея[9]. Свяцілішча Серапіса было і ў свяшчэнным горадзе Апалона — Дэльфах.
Серапіс атаясамляўся са шматлікімі егіпецкімі і грэчаскімі багамі — з Асірысам, Дыянісам, Зеўсам, Агатадэманам, Асклепіем, Гераклам і інш. У рымскі перыяд ён стаў не толькі заступнікам Александрыі, але і бажаством лекараў, здольным вырашаць пытанні жыцця і смерці, у яго можна было атрымаць аракул ці звярнуцца з просьбай аб павышэнні па службе. Гэта прывяло да таго, што Серапіс стаў успрымацца не проста як вярхоўнае, а як вышэйшае трансцэндэнтнае бажаство, да якога можна звярнуцца з любой просьбай.
Разбурэнне Серапеума
[правіць | правіць зыходнік]Культ Серапіса праіснаваў да 391 н.э., калі быў разбураны александрыйскі Серапеум.
Паводле Руфіна[10], нагодай для гэтага стала спроба язычнікаў, якія жылі ў горадзе, абараніць пашкоджаныя падчас рамонту храмавыя святыні. Гэта пацягнула пратэст мясцовых хрысціян. Язычнікі, якія забарыкадаваліся ў храме, спрабавалі адбіць яго. У гэты канфлікт прыйшлося ўмяшацца рымскім уладам — імператар Феадосій I Вялікі выдаў дэкрэт, паводле якога язычнікі атрымлівалі амністыю, але ўсе культы, адэпты якіх бралі ўдзел у беспарадках, павінны былі быць забаронены, а іх свяцілішчы — разбураны.
Зноскі
- ↑ Hölbl Günther. A History of the Ptolemaic Empire. — London — New-York, 2001. — P. 99
- ↑ Свенцицкая И. С. Человек и мир в восприятии греков эллинистического времени // Эллинизм: восток и запад. — М., 1992. — С. 220
- ↑ Wilcken U. Grundzüge und Chrestomathie der Papyruskunde. — Leipzig — Berlin, 1912. — Band 1; Струве В. В. Манефон и его время. — СПб., 2003
- ↑ Sethe K. Zur Herkunft des Sarapis. — Berlin, 1921; Welles C.B. The Discovery of Sarapis and the Foundation of Alexandria // Historia. — 1962. — Vol. II. — PP. 290—293
- ↑ А. Д. Х. Бивар. Митра и Серапис // Вестник древней истории № 3, 1991
- ↑ Fraser P.M. Ptolemaic Alexandria. — Oxford, 1972. — P. 251.
- ↑ Страбон. Геаграфія XVII 1, 10 (стар.795)
- ↑ Thompson Dorothy J. Memphis under the Ptolemies. — Princeton, 1988. — P. 191—193
- ↑ Паўсаній. Апісанне Элады I 18, 4
- ↑ Царкоўная гісторыя. Кн. 2 (11), Гл. 22-23
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Серапіс, Сарапіс // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 343. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Серапіс