Сасакі
Балійцы (Sasak) | |
Агульная колькасць | 2790 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Інданезія |
Мова | сасакская |
Рэлігія | іслам |
Блізкія этнічныя групы | балійцы, самава, мбоджа |
Саса́кі (саманазва Sasak) — народ, карэнныя насельнікі вострава Ламбок і суседніх астравоў Гілі ў Інданезіі. Агульная колькасць (2013 г.) - 2790 тыс. чал.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Сасакі з'яўляюцца аўстранезійцамі і, як паказваюць мовазнаўчыя і генетычныя даследаванні, блізкія па паходжанню да балійцаў. Верагодна, што першая пісьмовая ўзгадка пра Ламбок як пра краіну Гурун з'явілася на Балі ў XI ст. Паведамлялася, што да 835 г. там існавала манархічная дзяржава са сталіцай Сукун. Пазней Гурун была заваявана балійцамі. Аднак большасць сучасных даследчыкаў мяркуе, што Гурун знаходзілася на востраве Пеніда.
Згодна сасакскаму летапісу Negarakertagama, да XIV ст. на востраве ўзніклі малыя дзяржаўныя ўтварэнні, кіраўнікі якіх тытулавалі сябе раджамі. Яны трапілі ў васальную залежнасць ад яванскай імперыі Маджапахіт. У XVI ст. прапаведнікі з Явы распаўсюдзілі сярод сасакаў іслам.
У выніку развалу Маджапахіт усходняя частка вострава Ламбок трапіла ў залежнасць ад Балі. У 1678 г. адзін з балійскіх раджаў пры падтрымцы мясцовай арыстакратыі заваяваў значныя тэрыторыі і пачаў перасяленне на Ламбок балійскіх сялян. Раджы астатніх сасакскіх дзяржаў былі вымушаны арыентавацца на адзінаверцаў з Сулавесі. У XIX ст. іх барацьба супраць балійцаў скончылася паражэннем. Аднак у 1894 г. галандцы выкарысталі чарговае паўстанне сасакаў і увялі на Ламбок свае войскі. У 1895 г. востраў трапіў у склад нідэрландскіх калоній. У 1949 г. — у склад незалежнай Інданезіі.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйная культура сасакаў зведала значны вонкавы ўплыў, у першую чаргу з боку суседзяў-балійцаў, а таксама выхадцаў з Явы і Сулавесі.
Галоўным заняткам сасакаў здаўна было земляробства, у першую чаргу вырошчванне рысу, якое патрабавала калектыўных намаганняў для стварэння эфектыўнай ірыгацыі, хаця на некаторых частках вострава Ламбок доўгі час захоўваліся экстэнсіўныя спосабы падсечна-агнявога земляробства ладанг і вырошчванне рысу на натуральных забалочаных палетках. Акрамя таго, сасакі вырошчваюць на продаж гародніну, кукурузу, сою, розныя прыправы, тытунь, какосавую пальму і інш. Апрацоўкай зямлі і сеяннем займаюцца мужчыны. Жанчыны праполваюць і збіраюць ураджай.
Жывёлагадоўля мае дадатковае значэнне. Кароў і буйвалаў трымаюць пераважна для апрацоўкі палеткаў. Іх мяса спажываюць вельмі рэдка, а малочныя прадукты з'явіліся адносна недаўна пад уплывам заходняй кулінарыі. Разводзяць свойскую птушку. Рыбу ловяць каля берага з дапамогай простых прылад. Распаўсюджаныя рамёствы — апрацоўка жалеза, ткацтва, пляценне.
Сасакі жывуць пераважна ў вялікіх вёсках. Колькасць жыхароў у сельскім паселішчы вагаецца ад некалькі сотняў да паўтары тысячы чалавек. Мячэць, школа і іншыя грамадскія будынкі знаходзяцца каля асноўнай дарогі, а сядзібы месцяцца скучана вакол іх. Жытлы звычайна двухкамерныя, слупавыя або каркасныя. Сцены робяцца з бамбукавых цыновак, тынкуюцца сумяссю зямлі з сенам і дробным галлём. Дах крыюць пальмавым лісцем або саломай. Свіраны для захавання рысу будуюць на платформе.
На ўсходзе і поўначы Ламбока захаваліся рэшткі каставай сістэмы. Грамадства іерархічна падзелена на тры групы — дзве лічацца высакароднымі, але большасць належыць да трэцяй групы простых насельнікаў. Прыналежнасць да пэўнай групы ўплывае на шлюбныя адносіны, а таксама першапачатковае ўспрыманне сацыяльнага статусу чалавека.
Сем'і сасакаў пераважна малыя нуклеарныя. Палігінія дазволена рэлігіяй і звычаёвым правам, але сустракаецца вельмі рэдка. Сярод прадстаўнікоў дзвюх вышэйшых сацыяльных груп распаўсюджаны шлюбы са стрыечнымі братамі і сёстрамі. Большасць шлюбаў заключаецца па папярэдняй дамове. Бацькі маладых спярша сустракаюцца для абмеркавання рэлігійных і эканамічных пытанняў, і толькі потым абвяшчаецца заручыны саронг сараі. Вясельная цырымонія ўключае ўрачыстае шэсце па вуліцах вёскі. Нявеста павінна дэманстраваць смутак, паколькі пакідае дом бацькоў. Дазваляюцца разводы і паўторныя шлюбы. Галоўнае багацце сям'і (жытло і зямля) перадаецца па спадчыне ад бацькі да сыноў, прычым старэйшы сын мае больш правоў, чым малодшыя. Дочкі могуць атрымаць па спадчыне толькі некаторую частку свойскай жывёлы, мэблю і грошы.
У выпадку, калі нявеста належыць да высакароднай групы, а жаніх — да простай, то шлюб лічыцца фармальна немагчымым. Сасакі парушаюць гэтую традыцыйную забарону праз выкраданне нявесты, але, каб не стаць крымінальным злачынствам, яно павінна адбывацца па пэўных правілах. Пасля выкрадання жаніх абавязаны звярнуцца да старасты вёскі, які выступае ў якасці пасрэдніка паміж сем'ямі маладых. Сям'я нявесты звычайна патрабуе матэрыяльнай кампенсацыі за сваю страту, а вяселле становіцца не абавязковым.
Сасакі ганарацца сваім развітым спеўным і музычным мастацтвам. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — барабаны, гонгі, ксілафон. Папулярныя розныя віды народнага тэатральнага мастацтва, у тым ліку лялечны тэатр.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мова сасакаў належыць да аўстранезійскай сям'і моў, блізкая да балійскай мовы. Падзяляецца на 5 асноўных дыялектаў.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Большасць вернікаў — мусульмане-суніты.
У мінулым, на востраве Ламбок былі шырока распаўсюджаны вучэнні вету тулу (літаральна "тры разы") і вету ліма ("пяць разоў"). Яны ўзніклі ў XVI ст. у выніку запазычвання сасакамі-мусульманамі ўжо вядомых норм балійскага індуізму і мясцовай анімістычнай рэлігіі. Прыхільнікі гэтых вучэнняў лічаць, што непасрэднымі заснавальнікамі вету тулу і вету ліма былі сыны першага ісламскага прапаведніка, які трапіў на Ламбок. Таксама існуе думка, што вучэнні маглі ўзнікнуць сярод бода, сасакаў, што не прынялі іслам. Яны доўгі час хаваліся ад мусульман у горных вёсках на поўначы вострава. Вету тулу і вету ліма абапіраюцца на практыку пяці малітваў на дзень і трох пастоў на год. На самой справе, яны часткова захавалі каставую сістэму, шанаванне духаў продкаў, індуісцкія святочныя ахвярапрынашэнні. На частцы вострава, падначаленай балійцамі, прыхільнікі вету тулу і вету ліма мелі магчымасць афіцыйна ўдзельнічаць у дзяржаўных святах.
У XIX ст., калі сасакскія раджы змагаліся супраць балійцаў, старыя вучэнні былі хутка выціснуты артадаксальнымі нормамі ісламу, а мусульманскія прапаведнікі ўчынілі пераслед прыхільнікаў "скажэнняў". Актыўныя выступленні за чысціню традыцый назіраліся ў другой палове XX ст. і фактычна падтрымліваліся ўрадам Інданезіі. У выніку, вету тулу і вету ліма апынуліся па-за межамі заканадаўства і практыкуюцца патаемна. Дакладная колькасць прыхільнікаў гэтых вучэнняў у нашы дні не вядома. Лічыцца, што яна можа дасягаць трох дзесяткаў тысяч чалавек.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Сасакі на Вікісховішчы |
- Countries and Their Cultures: Sasak
- The Sasak people of Lombok and their culture
- Going Native — The Lombok Way Архівавана 25 чэрвеня 2013.
- Sasak Tribe Архівавана 12 жніўня 2014.
- The Sade Village, the Sasak of Lombok and their Way of Life
- Ahmad Fathan Aniq, LOMBOK ISLAM IN THE EYES OF ANTHROPOLOGISTS
- Wetu Telu Архівавана 25 жніўня 2013.
- Kendra Clegg, Ethnic stereotyping by politicians
- Sasak: The Language of Lombok Архівавана 18 жніўня 2015.
- VALUING LANGUAGE AND CULTURE: AN EXAMPLE FROM SASAK Архівавана 5 сакавіка 2016.
- History of Lombok Архівавана 25 жніўня 2013.