Перайсці да зместу

Сангай (дзяржава)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Сангай
1464 — 12 сакавіка 1591

Сталіца
Мова(ы) Central Mande[d]
Афіцыйная мова Songhay[d]
Рэлігія іслам[1]
Грашовая адзінка cowrie currency[d]
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сангай — гандлёвая дзяржава, створаная ў XV—XVI стст. народам сангай уздоўж сярэдняга цячэння ракі Нігер на тэрыторыі сучасных дзяржаў Малі, Нігер і Нігерыя.

Асновай дзяржавы паслужыла невялікае царства, якое існавала, па легендарных звестках, з IX стагоддзя ў вобласці Гаа. Аб ранняй гісторыі народа сангай вядома мала. Іх найстарэйшая дынастыя — За, або Зува — паходзіла ад еменскага араба За Аліямена, які, па легендзе, забіў святую рыбу, якую шанавалі народы сорка і габібі.

У XI стагоддзі мясцовы кіраўнік Косай прыняў іслам, і на працягу наступных 300 гадоў яго пераемнікам удалося распаўсюдзіць сваю ўладу на вялікую частку тэрыторыі сучаснага Малі.

У першай палове XIII стагоддзя сярэднявечная імперыя Малі заваявала Сангай, які заставаўся васальнай дзяржавай на працягу паўстагоддзя, пакуль не стаў незалежным пры Сулеймане-Мары.

Стваральнікам Сангайскай імперыі выступіў Сонні (шы) Алі Бер, які паміж 1462 і 1492 гадамі значна пашырыў межы дзяржавы, пасля сямігадовай аблогі авалодаў Джэнэ (1468—1475) і выбіў туарэгаў з Тамбукту (1468). Падчас яго кіравання Сангай перасягнула імперыю Малі, якая пасля ўвайшла ў склад імперыі Сангай.

Яго сын Абубакар, або Соні Бара, не мог падтрымаць раўнавагі паміж інтарэсамі жывёлагадоўцаў-язычнікаў і ісламскім купецтвам і, згодна з вуснай традыцыяй, быў скінуты ў 1493 годзе правадыром племя санінке і ваенным начальнікам у войску Алі Бера Махамедам Аскіяй, падчас доўгага праўлення якога (1493−1528) імперыя дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Яго палітыка прывяла да хуткага пашырэння гандлю з Еўропай і Азіяй, стварэння школ, а іслам стаў неад’емнай часткай імперыі. Сам кіраўнік у 1495 годзе здзейсніў паломніцтва ў Меку. Махамед I стварыў бюракратычны апарат для эфектыўнага кіравання імперыяй і збору падаткаў, правёў рэформы ў аграрнай і ваеннай палітыцы.

У 1528 годзе Махамед Аскія быў скінуты ўласным сынам Аскіяй Мусой і памёр праз дзесяцігоддзе. Дынастыя нашчадкаў Махамеда Аскіі, якія насілі тытул аскія, заставалася на троне да 1591 года. Аднак пасля звяржэння першага аскіі ніводнаму імператару не ўдавалася пратрымацца ва ўладзе на працягу доўгага часу. Сын Махамеда I, Муса, кіраваў тры гады; яго пераемнік Махамед II — шэсць гадоў; чацвёрты аскія прасядзеў на троне ўсяго два гады, а пяты, дэспатычны Аскія Ісхак I — дзесяць. Толькі ў 1549 годзе да ўлады прыйшоў Аскія Дауд і кіраваў каля трох дзесяцігоддзяў, да 1582 года.

Мараканскі султан Ахмад аль-Мансур імкнуўся ўсталяваць кантроль над транссахарскім гандлем і запатрабаваў ад Сангая выплаты падаткаў з прыбыткаў ад здабычы солі. Нашэсце войскаў военачальніка султана Джудар-пашы, узброеных агнястрэльнай зброяй, прынесла канец імперыі Сангай, саслабленай міжусобнай дынастычнай вайной пасля смерці Аскіі Дауда. Вынікам гэтага паходу ў 1591 годзе стаў разгром сангаяў у бітве пры Тандзібі і іх падпарадкаванне Марока. Спадчынніцай традыцыі Сангай стала дзяржава Дэндзі (1591—1901).

Зноскі