Перайсці да зместу

Рэінкарнацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рэінкарнацыя, таксама перараджэнне або трансміграцыя — філасофская або рэлігійная канцэпцыя, паводле якой нефізічная сутнасць жывой істоты пачынае новае жыццё ў іншай фізічнай форме альбо целе пасля біялагічнай смерці[1][2]. У большасці вераванняў, звязаных з рэінкарнацыяй, душа чалавека лічыцца бессмяротнай, і яна не знікае пасля гібелі фізічнага цела. Пасля смерці душа проста перасяляецца ў нованароджанае дзіця або жывёлу, каб працягнуць сваё бессмяротнае жыцьцё. Тэрмін трансміграцыі азначае пераход душы з аднаго цела ў іншае па смерці.

Рэінкарнацыя ёсць цэнтральным прынцыпам індыйскіх рэлігій, як то індуізм, будызм, джайнізм і сікхізм, але існуе шэраг груп, якія ня вераць у рэінкарнацыю, а замест гэтага вераць у замагільнае жыццё[2][3][4]. У розных формах перараджэнне сустракаецца як эзатэрычная вера ў многіх плынях іўдаізму, некаторых паганскіх рэлігіях і некаторых вераваннях карэнных народаў Амерыкі[5] і тубыльцаў Аўстраліі, але большасць з іх верыць у замагільнае жыццё або свет духа. Пэўную ступеню веры ў перараджэнне або перасяленне душы выказвалі некаторыя старажытнагрэчаскія мысляры, як то Піфагор, Сакрат і Платон[6].

Не зважаючы на тое, што большасць канфесій хрысціянства і ісламу не вераць у тое, што людзі здольныя пераўвасабляцца, аднак пэўныя групы гэтых рэлігіяў спасылаюцца на рэінкарнацыю. Прадстаўнікі такіх груп — катары, алавіты, друзы[7] і розенкрэйцэры[8].

Згодна з індуісцкімі традыцыямі, цела памірае, але душа працягвае існаваць, бо лічыцца адвечнай і незнішчальнай рэчавітасцю і асалодай[9]. У многіх індуісцкіх плынях лічыцца, што ўсё ў свеце мае повязь адно з адным і набывае цыклічны характар, бо ўсе жывыя істоты складаюцца з дзвюх рэчаў: душы і цела альбо матэрыі[10]. Атман не зьмяняецца і не можа змяніцца праз сваю наданую прыроду[10]. Цяперашняя карма ўплывае на будучыя абставіны жыцьця душы, а таксама на будучыя формы жыцця[11]. Добрыя намеры і ўчынкі вядуць да добрай будучыні, а кепскія намеры і ўчынкі вядуць да дрэннай будучыні, уплываючы на тое, як чалавек пераўвасобіцца, паводле індуісцкага погляду на існаванне[12].

У большасці індуісцкіх плыняў не існуе сталага раю або пекла[13]. У замагільным свеце, зыходзячы з кармы, душа адраджаецца як іншая істота на небе, у пекле альбо жывая істота на зямлі[13]. Багі таксама паміраюць, як толькі скончацца іхныя мінулыя кармічныя заслугі, як і тыя, хто зараз месціцца ў пекле, могуць вярнуцца на Зямлю, атрымаўшы яшчэ адзін шанец. Гэтае пераўвасабленне цягнецца бясконца ў цыкле, пакуль чалавек не запачаткуе духоўны пошук і не ўсвядоміць самапазнанне. Толькі такім чынам істота можа здабыць мокшу, то бок канчатковае вызваленне з цыклаў рэінкарнацыі[14]. Лічыцца, што гэта вызваленне ёсьць станам поўнай асалоды, які, паводле індуісцкіх традыцый, звязаны з Брагманам або ідэнтычны яму. Гэта стан нязменнай рэчаіснасьці, якая існавала да стварэння Сусвету, працягвае існаваць і будзе існаваць па ім[15][16][17][18][19].

Старажытнаіндыйскія трактаты Ўпанішады галоўным чынам засяроджваюцца на вызваленні ад рэінкарнацыі[20][21]. Яны прапануюць вельмі аптымістычны погляд на дасканаласць чалавечай прыроды, а мэтай чалавечых намаганняў паводле тэкстаў ёсьць бесперапыннае падарожжа да самаўдасканалення і самапазнання, каб пакласці канец сансары — бясконцаму цыклу адраджэння і паўторнай смерці[22]. Мэтай духоўных пошукаў у традыцыях Упанішадаў ёсць пошук сапраўднага «я» ўнутры і спазнанне сваёй душы, вынікам чаго будзе дасягненне стану, які, як сцвярджаецца, вядзе да шчаслівага стану свабоды[22]. Бхагавад-гіта разглядае розныя шляхі да вызвалення[9].

Згодна з рознымі будыйскімі пісаньнямі, Гаўтама Буда верыў у існаванне замагільнага жыцця ў іншым свеце і ў рэінкарнацыю. Буда таксама сцьвярджаў, што карма ўплывае на перараджэнне і што цыклы паўторных нараджэнняў і смерцяў ёсць бясконцымі[23][24][25][26]. Да нараджэння Буды старажытнаіндыйскія навукоўцы распрацавалі розныя тэорыі існавання замагільнага жыцьця, у тым ліку матэрыялістычную школу Чарвака[27], паводле якой смерць ёсць сканчэннем усяго, бо, на думку паслядоўнікаў гэтае плыні, не існуе замагільнага жыцця, душы, адраджэння і кармы, а жывая істота па смерці цалкам знішчаецца. Буда адхіліў гэтую тэорыю і падтрымаў альтэрнатыўныя існыя тэорыі аб перараджэнні, крытыкуючы матэрыялістычныя школы, якія адмаўлялі перараджэнне і карму[28]. Буда сцвярджаў, што перакананні аб адмаўленні перараджэння ёсць недарэчнымі і небяспечнымі, бо такія погляды анігіляцыянізму заахвочваюць маральную безадказнасць і матэрыяльны геданізм[29]. Такім чынам, Буда павязаў маральную адказнасць з адраджэннем[23][24][25][28].

Не зважаючы на тое, што ў папулярнай будыйскай літаратуры і фальклоры можна нярэдка сустрэць апавяданні і развагі аб перасяленні душаў, будыйская філасофія агулам адмаўляе існаванне душы, атмана, «найвышэйшага Я», таму фактычна не прызнае рэінкарнацыі. Аднак у будызьме існуе паняцце сантана, што ёсць працягласцю свядомасці, за якой не стаіць аніякага індывідуальнага альбо абсалютнага апірышча. Сантана ўяўляе сабой плынь імгненных ментальных станаў (дхармаў), кожны з якіх абумоўлены знікненнем папярэдняга і абумоўлівае ўзнікненне наступнага[30]. Сантана звязана са сталымі зменамі, падобна кадрам кінастужкі, і ўтворана мяшаннем дхармаў паводле закону ўзаемазалежнага паходжання. Гэты працэс, як сцвярджаецца ў будызме, падобны да таго, як полымя згаслай свечкі запальвае іншую[31][32]. Свядомасць нованароджанага не ідэнтычная, але і не цалкам адрозніваецца ад свядомасці памерлага, яны разам утвараюць кантынуўм альбо прычыннасць. На трансміграцыю ўплывае карма папярэдняй істоты. Першапрычынай адраджэння, як сцвярджаецца, ёсць знаходжанне свядомасці ў стане няведання аб прыродзе рэчаіснасці. Адраджэнне спыняецца, як толькі гэтае няведанне знікае[33].

Будыйскія традыцыі таксама адрозніваюцца сваімі дэталямі механізму перараджэння. Большасць будыстаў школы Тгхеравады сцвярджаюць, што адраджэньне адбываецца неадкладна, у той час як тыбецкая традыцыя і большасць кітайскіх і японскіх школ прытрымліваюцца паняцця прамежкавага стану бардо, які можа доўжыцца да 49 дзён[34]. Канцэпцыя адраджэння бардо тыбецкага будызму першапачаткова зявілася ў Індыі, але распаўсюдзілася ў Тыбет ды іншыя будысцкія краіны[35]. Гэтыя ідэі прывялі да стварэння мапы кармы і апісання формаў адраджэньня, якія прымае чалавек па смерці. Гэтыя ідэі выказваліся ў тэкстах «Тыбецкай кнігі мёртвых»[36]. Асноўныя будыйскія традыцыі прымаюць факт таго, што рэінкарнацыя істоты залежыць ад мінулай кармы і назапашаных заслугаў ці заганы. Яны зважаюць, што існуюць шэсць сфер існаваньня, у якіх можа адбыцца перараджэнне пасля кожнай смерці[37][38].

У джайнізме дактрына рэінкарнацыі поруч з тэорыямі сансары і кармы займае цэнтральнае месца ў багаслоўскіх традыцыях, пра што сведчыць шматлікая літаратура і трактаты на гэтыя тэмы з раньніх часоў зараджэння рэлігіі[39][40]. Рэінкарнацыя ў сучасных традыцыях джайнізму ёсць вера ў тое, што людскае жыцьцё характарызуецца бесперапыннымі перараджэннямі і пакутамі ў розных формах існавання[41][40][42].

Карма ёсць цэнтральнай і фундаментальнай часткай джайнскай веры. Яна павязаная з іншымі філязофскімі паняццямі, як то трансміграцыя, рэінкарнацыя, вызваленне, антыгвалт (агімса) і адсутнасць прывязанасці. Дзеянні ў джайнізме маюць наступствы, некаторыя неадкладна, але некаторыя адкладзеныя ў часе, нават у будучых увасабленнях. Такім чынам, дактрына кармы не абмяжоўваецца толькі адным жыццём, але мае распаўсюд у будучых увасабленнях. Утарадхіяна сцвярджае, што душа часам перараджаецца ў свеце багоў, часам у пекле, часам яна набывае цела дэмана, але ўсё гэта адбываецца з прычыны яе кармы. Гэтак душа можа перарадзіцца ў абліччы чарвяка, мураша ці іншага вусяка. Далей у тэксце гаворыцца, што карма ёсць коранем нараджэння і смерці. Душы, павязаныя з кармай, круцяцца ў цыкле існавання.

Дзеянні і эмоцыі ў цяперашнім жыцьці ўплываюць на будучыя ўвасабленні ў залежнасці ад характару канкрэтнай кармы. Напрыклад, добрае і дабрадзейнае жыцьцё паказвае на схаванае жаданне перажыць добрае жыцьцё. Такім чынам, такая асоба паляпшае карму, якая гарантуе, што ягоныя будучыя нараджэнні дазволяць яму бесперашкодна адчуваць і праяўляць свае даброты. У гэтым выпадку душы могуць перарадзіцца на нябёсах або ў заможнай і дабрадзейнай чалавечай сям’і. Зь іншага боку, чалавек, які займаўся амаральнымі ўчынкамі або меў жорсткі нораў, можа перарадзіцца ў пекле або ў ніжэйшых формах жыцця. Такім чынам, у джайнізме Бог не гуляе аніякай ролі ў лёсе чалавека, бо асабісты лёс разглядаецца не як следства якой-небудзь сістэмы ўзнагароджання або пакарання, а хутчэй як вынік ягонай уласнай асабістай кармы. Кожная душа нясе адказнасць за сваё цяжкае становішча, а таксама за сваё ўласнае збаўленне. Назапашаная карма ўяўляе сабой сукупнасць усіх няздзейсненых жаданняў, схільнасцяў і памкненняў душы.

Заснаваўшы ў 15 стагоддзі рэлігію, Гуру Нанак меў выбар паміж канцэпцыяй цыклічнага пераўвасаблення старажытных індыйскіх рэлігій ці лінейнай канцэпцыяй ісламу. У выніку стваральнік сікхізму абраў цыклічную канцэпцыю часу[43][44]. Сікхізм трымаецца тэорыі рэінкарнацыі, падобнай да аналагічнай тэорыі ў індуізме, але з некаторымі адрозненнямі ад традыцыйных дактрын[45]. Тэорыі сікхскага адраджэння аб прыродзе існавання падобныя да ідэй, якія развіліся за час руху Бхакці, увасобіўшыся ў некаторых вайшнаўскіх традыцыях, якія вызначаюць вызваленне як стан еднасці з Богам, дасягнуты праз ласку Бога[46][47][48].

Дактрыны сікхізму вучаць, што душа існуе і пераходзіць ад аднаго цела да іншага ў бясконцых цыклях сансары да вызвалення ад цыкла смерці і адраджэння. Кожнае нараджэнне пачынаецца з кармы, якая ўплывае на будучыя перараджэнні, і гэта Боская ласка можа вызваліць ад цыкла смерці і адраджэння[45]. Выхад з цыкла рэінкарнацыі, як сцвярджаецца ў сікхізме, палягае ў этычным жыцці, прысьвячэнні сябе Богу і сталай памяці пра імя Бога[45].

Не зважаючы на тое, што не існуе навуковага пацверджаньня фізічнай сапраўднасці рэінкарнацыі, ёсьць пытанні аб тым, як перакананні аб існаванні гэтай з’явы могуць быць пацверджаныя ў рамках дыскурсу навукі і рэлігіі. Некаторыя прыхільнікі акадэмічнай парапсіхалогіі сцвярджаюць, што ў іх ёсьць навуковыя доказы існавання рэінкарнацыі, але іх праціўнікі абвінавачваюць іх у ілжэнавуцы[49][50]. Скептык Карл Саган запытаў Далай-ламу, што б ён зрабіў, калі б гэты фундаментальны прынцып ягонай рэлігіі быў канчаткова абвергнуты навукай. Далай-лама адказаў, што калі навука можа абвергнуць рэінкарнацыю, тыбецкі будызм адрокся б ад гэтае ідэі, але навуцы, на думку лідара, будзе вельмі цяжка яе абвергнуць. Саган лічыў сцвярджэньні аб наяўнасці ўспамінаў аб мінулых жыцьцях вартымі дасьледавання, але і зважаў рэінкарнацыю малаверагодным тлумачэннем гэтага.

Сведчанні мінулых жыццяў

[правіць | правіць зыходнік]

Цягам 40 гадоў псыхіятр Ен Стывенсан з Вірджынскага ўніверсітэту занатоўваў словы маленькіх дзяцей, якія сцвярджалі, што памятаюць мінулыя жыцці. Ён апублікаваў дванаццаць кніг, у тым ліку «Дваццаць выпадкаў, якія ўказваюць на рэінкарнацыю», «Рэінкарнацыя і біялогія: Унёсак у этыялогію радзімых плямаў і прыроджаных дэфектаў» (манаграфія з дзвюх частак), «Еўрапейскія выпадкі тыпаў рэінкарнацыі» і «Дзе рэінкарнацыя і біялогія перасякаюцца». У даследваньнях доктар паведамляў пра заявы дзіцяці і сведчаньні іхных родзічаў ды іншых асоб, часта разам са звесткамі тых памерлых людзей, якіх даследчык лічыў карэлятамі, якія ў пэўным сэнсе адпавядалі памяці дзіцяці. Стывенсан таксама даследаваў выпадкі, калі ён лічыў, што радзімыя плямы і прыроджаныя дэфекты, здавалася, супадаюць з ранамі і шнарамі на нябожчыках. Часам у ягоныя запісы ўключаліся медыцынская звесткі[51]. Паколькі такія ўспаміны лёгка прыдумаць і падмануць аўтара, Стывенсан чакаў скептычных меркаванняў на адрас ягоных перакананняў. Стывенсан адзначаў, што шукаў абвяргаючыя доказы і альтэрнатыўныя тлумачэнні занатаваных выпадкаў, але аўтар звычайна прыходзіў да высновы, што бракуе звычайных пераканаўчых тлумачэнняў такім з’явам[52].

  1. McClelland 2010, p. 24—29.
  2. а б Juergensmeyer & Roof 2011, p. 271—272.
  3. Laumakis, Stephen J. (2008). «An Introduction to Buddhist Philosophy». Cambridge University Press. — С. 90—99. — ISBN 978-1-139-46966-1.
  4. Rita M. Gross (1993). «Buddhism After Patriarchy: A Feminist History, Analysis, and Reconstruction of Buddhism». State University of New York Press. — С. 148. — ISBN 978-1-4384-0513-1.
  5. Obeyesekere, Gananath (2002). «Imagining Karma: Ethical Transformation in Amerindian, Buddhist, and Greek Rebirth». University of California Press. — С. 15.
  6. Taliaferro, Charles; Draper, Paul; Quinn, Philip L. (2010). «A Companion to Philosophy of Religion». John Wiley and Sons. — С. 640. — ISBN 978-1-4051-6357-6.
  7. Hitti, Philip K (2007) [1924]. «Origins of the Druze People and Religion, with Extracts from their Sacred Writings» (New Edition). Columbia University Oriental Studies. 28. London: Saqi. — С. 13—14. — ISBN 0-86356-690-1.
  8. Heindel, Max (1985) [1939, 1908] «The Rosicrucian Christianity Lectures (Collected Works): The Riddle of Life and Death». Oceanside, California. 4th edition. — ISBN 0-911274-84-7
  9. а б Juergensmeyer & Roof 2011, p. 272.
  10. а б Fowler 1997, p. 10.
  11. Christopher Chapple (1986). «Karma and creativity». State University of New York Press. — С. 60—64. — ISBN 0-88706-251-2.
  12. Fowler 1997, p. 11.
  13. а б Lipner 2012, p. 263—265.
  14. Jacobsen, Knut (2009). «Three Functions of Hell in the Hindu Traditions». Numen. 56 (2-3): 385—400. — doi:10.1163/156852709X405071.
  15. Lipner 2012, p. 251—252.
  16. Lipner 2012, p. 283.
  17. Lipner 2012, p. 366—369.
  18. Perrett, Roy W. (1998). «Hindu Ethics: A Philosophical Study». University of Hawaii Press. — С. 53—54. — ISBN 978-0-8248-2085-5.
  19. Sullivan, Bruce M. (2001). «The A to Z of Hinduism». Rowman & Littlefield. — С. 137. — ISBN 978-0-8108-4070-6.
  20. Fowler 1997, p. 111—112.
  21. Kim, Yong Choon; Freeman, David H. (1981). «Oriental Thought: An Introduction to the Philosophical and Religious Thought of Asia». Rowman & Littlefield. — С. 15—17. — ISBN 978-0-8226-0365-8.
  22. а б Coward, Harold (2008). «The Perfectibility of Human Nature in Eastern and Western Thought: The Central Story». State University of New York Press. — С. 129. — ISBN 978-0-7914-7336-8.
  23. а б Harvey 2012, p. 32—33.
  24. а б Harvey 2012, p. 38—39.
  25. а б Harvey 2012, p. 46—49.
  26. Neufeldt, Ronald Wesley (1986). «Karma and Rebirth: Post Classical Developments». State University of New York Press. — С. 123—131. — ISBN 978-0-87395-990-2.
  27. Billington, Ray (2002). «Understanding Eastern Philosophy». Routledge. — С. 60. — ISBN 978-1-134-79348-8.
  28. а б Keown, Damien (2004). «A Dictionary of Buddhism». Oxford University Press. — С. 80. — ISBN 978-0-19-860560-7.
  29. McClelland 2010, p. 21.
  30. Лысенко В. Г. Сантана // Философия буддизма: Энциклопедия / под ред. М. Т. Степанянц. — М.: Восточная литература, 2011. — С. 607—608. — ISBN 978-5-02-036492-1.
  31. Kalupahana, David J. (1975). «Causality: The Central Philosophy of Buddhism». University Press of Hawaii. — С. 83. — ISBN 978-0-8248-0298-1.
  32. Swatos, William H.; Kivisto, Peter (1998). «Encyclopedia of Religion and Society». Rowman Altamira. — С. 66. — ISBN 978-0-7619-8956-1.
  33. Harvey, Peter (1995). «The Selfless Mind». Curzon Press. — С. 247.
  34. Robert E. Buswell Jr.; Donald S. Lopez Jr. (2013). «The Princeton Dictionary of Buddhism». Princeton University Press. — С. 49—50, 708—709. — ISBN 978-1-4008-4805-8.
  35. Karma-gliṅ-pa; Trungpa, Chogyam; Fremantle, Francesca (2000). «The Tibetan Book of the Dead: The Great Liberation Through Hearing in the Bardo». Shambhala Publications. — С. xi, xvii-xxiii. — ISBN 978-1-57062-747-7.
  36. Trainor 2004, p. 210—211.
  37. Trainor 2004, p. 62—63.
  38. Fowler, Merv (1999). «Buddhism: Beliefs and Practices». Sussex Academic Press. — С. 65. — ISBN 978-1-898723-66-0.
  39. Jaini 1980, p. 217—236.
  40. а б Dundas, Paul (2003). «The Jains». Routledge. — С. 14—16, 102—105. — ISBN 978-0-415-26605-5.
  41. Jaini 1980, p. 226—228.
  42. Sethia, Tara (2004). «Ahimsā, Anekānta, and Jainism». Motilal Banarsidass. — С. 30—31. — ISBN 978-81-208-2036-4.
  43. Cole, W.O.; Sambhi, Piara Singh (2016). «Sikhism and Christianity: A Comparative Study». Springer. — С. 13—14. — ISBN 978-1-349-23049-5.
  44. Mandair 2013, p. 176.
  45. а б в Mandair 2013, p. 145—147.
  46. Melton, John Gordon; Baumann, Martin (2002). «Religions of the world: a comprehensive encyclopedia of beliefs and practices». Vol. 2. ABC-CLIO. — С. 632. — ISBN 978-1-57607-223-3.
  47. Lott, Eric J. (1988). «Vision, Tradition, Interpretation: Theology, Religion, and the Study of Religion». Walter de Gruyter. — С. 49—53. — ISBN 978-3-11-009761-0.
  48. Flood, Gavin (1996). «An introduction to Hinduism». Cambridge University Press. — С. 137. — ISBN 978-0-521-43878-0.
  49. Grant, John (2015). «Spooky Science: Debunking the Pseudoscience of the Afterlife». Sterling Publishing Company, Incorporated. — ISBN 978-1-4549-1654-3.
  50. Edwards, Paul (1996). «Reincarnation: a critical examination». Amherst, N.Y.: Prometheus Books. — ISBN 978-1-57392-005-6.
  51. Cadoret, Remi J. (04.2005). «European Cases of the Reincarnation Type». American Journal of Psychiatry. 162 (4): 823—824. — doi:10.1176/appi.ajp.162.4.823.
  52. Shroder, Tom (11.02.2007). «Ian Stevenson; Sought To Document Memories Of Past Lives in Children». The Washington Post.