Перайсці да зместу

Рэспубліка Косава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэспубліка Косава
алб.: Republika e Kosovës
сербск.: Република Косово
Герб Косава
Сцяг Косава Герб Косава
Гімн: «Evropa»
Дата заснавання 2 ліпеня 1990
Абвяшчэнне незалежнасці 17 лютага 2008 (ад Сербіі)
Афіцыйныя мовы Албанская, сербская
Сталіца Прышціна
Найбуйнейшыя гарады Прышціна, Прызрэн, Печ
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Старшыня Асамблеі
В’ёса Асмані
Альбін Курці
Glauk Konjufca
Плошча
• Усяго

10.908 км²
Насельніцтва
• Ацэнка (2014)
• Перапіс (2011)
Шчыльнасць

1.859.203 чал.
1.733.842[1] чал.
159 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2015)
  • На душу насельніцтва

$17,780 млрд
$9.570
ВУП (намінал)
  • Разам (2015)
  • На душу насельніцтва

$7,813 млрд
$4.420
ІРЧП (2014) 0,786 (высокі) ()
Этнахаронім Касавары
Валюта Еўра (€, EUR)[2]
Код ISO (Alpha-2) XK
Код МАК KOS
Тэлефонны код +383
Часавыя паясы +1
  1. Без уліку Паўночнага Косава
  2. Не ўваходзіць у Еўразону і не мае з ёю афіцыйнага дагавора

Рэспубліка Косава (алб.: Republika e Kosovës, сербск.: Република Косово / Republika Kosovo) — часткова прызнаная дзяржава ў цэнтральнай частцы Балканскага паўвострава. Мяжуе з Сербіяй на поўначы і ўсходзе, Паўночнай Македоніяй і Албаніяй на поўдні і Чарнагорыяй на захадзе. Выхаду да мора не мае.

Краіна абвясціла незалежнасць ад Сербіі ў лютым 2008 года. Сербія не прызнае суверэнітэт Рэспублікі Косава і лічыць тэрыторыю сваім уласным рэгіёнам аўтаномны край Косава і Метохія.

Паводле ацэнак 2014 года насельніцтва Косава складае больш за 1,8 млн жыхароў. Прышціна — сталіца і найбуйнейшы горад у краіне.

Аўтаномія ў складзе Югаславіі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Другой сусветнай вайны гістарычная вобласць Косава знаходзілася ў складзе сацыялістычнай Югаславіі. У 1945—1963 гадах — як аўтаномная вобласць, у 1963—1969 гадах — Сацыялістычны Аўтаномны Край Косава ў складзе Сацыялістычнай Рэспублікі Сербія. Згодна з Канстытуцыяй СФРЮ 1974 года, аўтаномны статус краю быў пашыраны — Косава набыло амаль роўныя з Сербіяй правы.

У 1970-я гады ў Косава пачасціліся выпадкі нецярпімага стаўлення албанцаў да сербаў, больш за 50 тысяч сербаў пакінулі тэрыторыю краю. У 1981 годзе ў Косава адбыліся масавыя беспарадкі. У 1989 годзе Скупшчына Сербіі прыняла папраўкі да канстытуцыі Сербіі, якія абмежавалі правы аўтаномных краёў. Гэта рашэнне выклікала ўсплёск албанскага сепаратызму, пасля масавых хваляванняў у Косава было ўведзена ваеннае становішча. У тым жа годзе ў Косава была створана Дэмакратычная ліга Косава.

Распад Югаславіі

[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 1991 года ва ўмовах распаду Югаславіі косаўскія албанцы абвясцілі незалежную Рэспубліку Косава. У маі 1992 года яны правялі выбары прэзідэнта і парламента. Прэзідэнтам Косава быў абраны Ібрагім Ругова.

Прадпрыманыя сербскімі ўладамі ў 1995 годзе спробы дасягнуць кампрамісу з албанцамі не прынеслі поспеху. У краі была створана Армія вызвалення Косава (АВК), якая развязала тэрор супраць прадстаўнікоў дзяржаўнай улады Сербіі і мясцовага сербскага насельніцтва.

Увесну 1998 года ў Косава працягнулася эскалацыя гвалту (пачаліся перастрэлкі ў гарах, сутыкненні з ужываннем зброі на дэманстрацыях, выбухі ў кавярнях і г. д.). Сербскія сілы бяспекі разгарнулі наступленне на базы АВК, выцясняючы яе ў Албанію.

Кіраўніцтва Саюзнай Рэспублікі Югаславія (СРЮ) пачало перамовы з Ібрагімам Руговай пра нармалізацыю сітуацыі ў краі. Пры гэтым прэзідэнт СРЮ Слабадан Мілошавіч неаднаразова падкрэсліваў гатоўнасць даць Косава шырокія правы нацыянальнай аўтаноміі ў складзе Сербіі і гарантаваць раўнапраўнае становішча ўсіх нацыянальных абшчын краю.

Косава пад кіраваннем адміністрацыі ААН

[правіць | правіць зыходнік]

24 сакавіка 1999 года НАТА пачала агрэсію супраць СРЮ, якая суправаджалася масіраванымі бамбардзіроўкамі тэрыторыі Сербіі.

Згодна з рэзалюцыяй Савета Бяспекі ААН № 1244 ад 10 чэрвеня 1999 года на тэрыторыю Косава, каб забяспечыць стабільнасць і парадак, былі ўведзены Міжнародныя сілы для Косава (англ.: KFOR) пад кіраўніцтвам НАТА. Само Косава пастаўлена пад часовае кіраванне Спецпрадстаўніка Генеральнага сакратара ААН і ўзначаленай ім Місіі ААН у Косава (МААНК), якім ставілася ў абавязак садзейнічанне забеспячэнню правоў і бяспекі нацыянальных меншасцей і дасягненню ў краі ўсталяваных міжнароднай супольнасцю дэмакратычных стандартаў.

У кастрычніку 2004 года ў Косава пад эгідай МААНК былі праведзены выбары ў парламент, перамогу на якіх атрымала Дэмакратычная ліга Косава (атрымаўшы звыш 47 % галасоў выбаршчыкаў). Сербскае насельніцтва краю байкатавала выбары.

Перамовы пра статус Косава

[правіць | правіць зыходнік]

З лютага 2006 года па красавік 2007 года ў Вене пад эгідай Спецыяльнага пасланца Генеральнага сакратара ААН па кіраўніцтве працэсам вызначэння будучага статусу Косава былога прэзідэнта Фінляндыі Марці Ахцісаары прайшлі перамовы паміж сербамі і косаўскімі албанцамі пра статус Косава.

Марці Ахтысаары, ідучы насустрач албанскім патрабаванням, прапанаваў план урэгулявання, які прадугледжвае незалежнасць краю. Сербская дэлегацыя адпрэчыла яго, кіруючыся палажэннем рэзалюцыі № 1244, якая прадугледжвае захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці СРЮ і наданне аўтаноміі Косава.

Далейшыя намаганні па пошуку перагаворнага рашэння, зробленыя «тройкай» Расія — ЗША — ЕС, таксама не далі вынікаў праз адвольнае спыненне перагавораў косаўскімі албанцамі пры падтрымцы ЗША і шэрага краін ЕС[1].

Абвяшчэнне незалежнасці

[правіць | правіць зыходнік]
Прызнанне незалежнасці Косава ў свеце:      Косава      Дзяржавы, якія фармальна прызнаюць незалежнасць Косава      Дзяржавы, якія абвясцілі намер фармальна прызнаць незалежнасць Косава      Дзяржавы, якія абвясцілі нейтралітэт або адклалі рашэнне пра прызнанне незалежнасці Косава      Дзяржавы, якія выказалі заклапочанасць аднабаковым абвяшчэннем незалежнасці      Дзяржавы, якія абвясцілі пра непрызнанне незалежнасці Косава

17 лютага 2008 года парламент Косава абвясціў пра незалежнасць Рэспублікі Косава[2].

Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Косава ў рэгіёне адбыліся масавыя беспарадкі, якія ініцыявалі косаўскія сербы, што выступалі супраць аддзялення ад Сербіі.

У Косаве засталіся назіральнікі МААНК і еўрапейскай Місіі ў галіне вяршэнства закона (EULEX; з 2008 года). У сферы дзейнасці апошняй — паліцэйская служба, пагранічны кантроль і размеркаванне мытных збораў, судаводства, транспартныя камунікацыі, інфраструктура, а таксама меры па абароне сербскай культурна-гістарычнай спадчыны ў Косаве і Метохіі. Мандат EULEX неаднаразова працягваўся (аж да 14 чэрвеня 2023 года). Місія працягвае кансультаваць косаўскія суды і пракуратуру.

У сербскіх раёнах удзел EULEX быў мінімальным. Правасуддзе, мытня, паліцыя, транспарт і тэлекамунікацыі, а таксама пытанні абароны культурнай і царкоўнай спадчыны былі перададзены мясцовым сербскім уладам.

Паводле рашэння Міжнароднага суда ААН ад 22 ліпеня 2010 года, прыняцце дэкларацыі аб аднабаковым абвяшчэнні незалежнасці Косава не парушыла агульнае міжнароднае права.

Спробы нармалізацыі адносін з Сербіяй

[правіць | правіць зыходнік]

У лютым 2012 года Сербія прызнала за Косава права самастойна выступаць на рэгіянальных форумах (раней дэлегацыя косаўскіх албанцаў была прадстаўлена на рэгіянальных форумах праз МААНК).

19 красавіка 2013 года прэм’ер-міністры Сербіі і Косава Івіца Дачыч і Хашым Тачы пасля 10 раундаў перамоў у Бруселі пры пасярэдніцтве ЕС адобрылі тэкст Пагаднення па нармалізацыі адносін паміж Сербіяй і Косавам (ратыфікаваны сербскім і косаўскім парламентамі ў тым жа годзе). Ён тычыцца падзелу паўнамоцтваў паміж албанскімі косаўскімі ўладамі і сербскімі анклавамі на поўначы краю, у тым ліку дае частковую аўтаномію для сербскіх муніцыпалітэтаў, але прадугледжвае інтэграцыю сербскіх дзяржаўных інстытутаў (суды, паліцыя) у адміністрацыйную сістэму Косава.

У Косаве, а таксама ў многіх краінах свету, дамоўленасці ў Бруселі расцанілі як фактычнае прызнанне Сербіяй незалежнасці краю. Згодна ж з трактоўкай сербскіх афіцыйных асоб, Сербія ні дэ-юрэ, ні дэ-факта не прызнала незалежнасці Косава, дагавор паміж Бялградам і Прышцінай тычыцца выключна абароны сербскага насельніцтва краю, абстаноўка ў якім застаецца нестабільнай[3].

Дзяржаўны лад

[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 2008 года была прынята канстытуцыя Рэспублікі Косава (набыла моц 15 чэрвеня). У канстытуцыі замацавана рэспубліканская форма праўлення ў Косава, як парламенцкая рэспубліка з пашыранымі паўнамоцтвамі прэзідэнта. Улада ажыццяўляецца заканадаўчымі, выканаўчымі і судовымі інстытутамі, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з канстытуцыяй.

Паводле канстытуцыі, Косава — шматнацыянальная рэспубліка з албанскай большасцю, у якой недапушчальна ўшчамленне правоў насельніцтва па этнічнай прыкмеце. Сербская нараўне з албанскай стала дзяржаўнай мовай (турэцкая, баснійская і цыганская мовы маюць статус афіцыйных).

Згодна з канстытуцыяй, прэзідэнт Косава абіраецца парламентам тэрмінам на пяць гадоў (адзін чалавек мае права займаць пасаду не больш за два тэрміны), прычым кандыдатам на гэтую пасаду можа стаць асоба, якую падтрымалі не менш як 30 са 120 парламентарыяў. Што да самога парламента, тэрмін яго паўнамоцтваў складае чатыры гады[4].

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[правіць | правіць зыходнік]

Рэспубліка Косава дзеліцца на 7 акругаў, якія складаюцца з 30 муніцыпалітэтаў.

Акруга Муніцыпалітэты Плошча, км² Насельніцтва Карта
Гніланская Віція, Г’ілані, Каменіца, Клокат, Партэш, Ранілуг 1206 180,783
Г’якоўская Г’якова, Дэчані, Раховец, Юнік 1129 194,672
Косаўска-Мітровіцкая Вучытрн, Звечан, Зубін-Паток, Косаўска-Мітровіца, Лепасавіч, Паўночная Косаўска-Мітровіца, Србіца 2077 272,247
Печская Істок, Кліна, Печ 1365 174,235
Прызрэнская Драгаш, Малышава, Мамуша, Прызран, Сува-Рака 1397 331,670
Прышцінская Абіліч, Глагавац, Грачаніца, Косава-Поле, Ліплян, Нова-Брдо, Падуева, Прышціна 2470 477,312
Урошавацкая Джэнерал-Янкавіч, Качанік, Урошавац, Штрпцэ, Штымле 1030 185,806


Фізіка-геаграфічная характарыстыка

[правіць | правіць зыходнік]

Косава знаходзіцца ў горных раёнах паўднёва-ўсходняй Еўропы на Балканскім паўвостраве.

Рэльеф Косава ў большасці гарысты, самая высокі пункт — гара Джаравіца (2656 м) на мяжы з Албаніяй. Праз Косава праходзіць хрыбет Шар-Планіна і горы Капаонік.

У Косава ёсць дзве асноўных раўніны — раўніна Косава поля на ўсходзе і раўніна Метохіі на захадзе.

Выхаду да мора тут няма, але на тэрыторыі Косава працякае 4 буйныя рэкі (Белы Дрын, Сітніца, Паўднёвая Марава і Ібар), размешчана мноства азёр і вадаёмаў (Газівода, Радоніч, Батлава, Бадавац) і ёсць маляўнічыя вадаспады (Мірушы і парогі на Белым Дрыне).

Клімат Косава класіфікуецца, як вільготны кантынентальны. У гэтым рэгіёне цёплае лета і халодная, снежная зіма. Максімальная тэмпература ўлетку дасягае +30 °C і мінімальная ўзімку -10 °C[6][7].

Колькасць, рассяленне

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Статыстычнага агенцтва Косава[8], агульная колькасць насельніцтва Косава складае ад 1 900 000 да 2 200 000.

Нацыянальны склад

[правіць | правіць зыходнік]
Этнічны склад Косава ў 2005 паводле АБСЕ.

Нацыянальны склад насельніцтва паводле даных 2005 года:

Рэлігійны склад

[правіць | правіць зыходнік]

У Косаве рэлігія не мае ніякага афіцыйнага статусу. Канстытуцыя рэспублікі абвяшчае свабоду веравызнання і цярпімасць.

Іслам — дамінуючая рэлігія ў Косаве. Традыцыйна ісламу прытрымліваюцца албанцы, хоць і сярод іх ёсць паслядоўнікі хрысціянства, таму дакладная колькасць мусульман у Косава не вядома. Па прыблізных дадзеных доля мусульман у Косава больш за 90%. Сярод іх ёсць таксама туркі, цыганы і славяне (гаранцы і баснякі).

Каля 4% насельніцтва каталікі і каля 5% вызнаюць праваслаўе, большасць з якіх праваслаўныя сербы[6].

Косава — адзін з самых слаба развітых краёў у Еўропе. У Югаславіі Косава была самай адсталай часткай.

Некалькі спартыўных асацыяцый сфармаваны ў Косава ў 2003 годзе згодна закону пра спорт № 2003/24, прынятым Асамблеяй Косава.