Перайсці да зместу

Ракетныя сані

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Джон Пол Стап, які пілатуе ракетныя санкі на авіябазе Эдвардс

Ракетныя сані — тэставая платформа, што слізгала па спецыяльных рэйках з дапамогай ракетнага рухавіка. Як зразумела з назвы, у дадзенай платформы адсутнічаюць колы, а замест іх выкарыстаныя адмысловыя санкі, якія паўтараюць контур рэек і не даюць платформе зляцець.

Менавіта ракетным саням належыць наземны рэкорд хуткасці, які складае 8,5 Маха.

Сфера прымянення

[правіць | правіць зыходнік]

Першае згадванне аб прымяненні ракетных санак датуецца 16 сакавіка 1945, калі ў Германіі ў канцы Другой сусветнай вайны іх выкарыстоўвалі для запуску ракет A4b (ням. A4b) з падземных шахтаў.

Ракетныя сані актыўна выкарыстоўваліся ў ЗША ў пачатку «халоднай вайны», бо дазвалялі забяспечыць тэставанне на зямлі розных сістэм бяспекі для новых хуткасных самалётаў (у тым ліку і звышгукавых). Для атрымання высокіх паскарэнняў і хуткасцяў сані разганялі па адмыслова пабудаваных прамых доўгіх рэйках, а тэст-прыборы і прылады абсталёўваліся датчыкамі.

Самымі вядомымі з'яўляюцца трасы на авіябазах Эдвардс і Холаман (анг. Holloman Air Force Base), дзе, акрамя выпрабаванняў абсталявання, праводзіліся і тэсты з людзьмі з мэтай высветліць ўздзеянне на арганізм чалавека высокіх паскарэнняў пры разгоне і тармажэнні. Заадно тэставаліся і сістэмы катапультавання на калягукавых хуткасцях. Характэрна, што сярод інжынераў, што займаліся ракетнымі санкамі, быў і Эдвард Мёрфі (анг. Edward Murphy), аўтар аднайменнага закона.

Рэкорд хуткасці на зямлі усталяваны 30 красавіка 2003 г. на авіябазе Холаман і склаў 10 325 км/г або 2868 м/с (па іншых дадзеных 10430 км / г), што складае 8,5 Маха. Рэкорд хуткасці для пілатуемых ракетных санках быў усталяваны 10 снежня 1954 года таксама на авіябазе Холаман, калі падпалкоўнік Джон Пол Стап (анг.John Stapp) разагнаўся на іх да хуткасці 1017 км/г, што на той час з'яўлялася рэкордам для наземных кіруемых транспартных сродкаў.