Пустыня Гібсана
Пустыня Гібсана (англ.: Gibson Desert) — пясчаная пустыня ў Аўстраліі (у цэнтры штата Заходняя Аўстралія), размешчана на поўдзень ад тропіка Казярога, паміж Вялікай Пясчанай пустыняй на поўначы і Вялікай пустыняй Вікторыя на поўдні.
Пустыня Гібсана мае плошчу 155 530 км²[1] і размяшчаецца ў межах плато, якое складзена дакембрыйскімі пародамі і пакрыта шчабёнкай, якая ўзнікла ў выніку разбурэння старажытнага жалезістага панцыра. Адзін з першых даследчыкаў рэгіёна ахарактарызаваў яе як «велізарную пагорыстую пустыню з гравія»[2]. Сярэдняя вышыня пустыні складае 411 м,[1] ва ўсходняй частцы знаходзяцца астанцавыя кражы вышынёй да 762 м, складзеныя гранітамі і пясчанікам. З захаду пустыня абмежавана хрыбтом Хамерслі. У заходняй і ўсходняй частках складаецца з доўгіх паралельных пясчаных град, але ў цэнтральнай частцы рэльеф выраўноўваецца.[1] У заходняй частцы ляжаць некалькі азёр-саланчакоў, уключаючы возера Дысапайнтмент плошчай 330 км2, якое размешчана на мяжы з Вялікай Пясчанай пустыняй.
Ападкі выпадаюць вельмі нерэгулярна, іх колькасць не перавышае 250 мм у год. Глебы пясчаныя, багатыя жалезам, дужа выветраны. Месцамі сустракаюцца зараснікі бязжылкавай акацыі, лебяды і травы спініфекс, якія расквітаюць яркімі кветкамі пасля рэдкіх дажджоў[2]
На тэрыторыі пустыні Гібсана ў 1977 годзе быў арганізаваны запаведнік (англ.: Gibson Desert Nature Reserve), плошча якога складае 1 859 286 га.[1] Запаведнік насяляе мноства пустэльных жывёл, такіх як вялікія білбі (пад пагрозай знішчэння), чырвоныя кенгуру, эму, аўстралійская аўдотка, паласатая травяная крапіва і малох. На возера Дысапайнтмент і суседнія азёры, якія з'яўляюцца пасля рэдкіх дажджоў, злятаюцца птушкі ў пошуку абароны ад засушлівага клімату.[2]
Населена пераважна аўстралійскімі абарыгенамі, тэрыторыя пустыні выкарыстоўваецца пад экстэнсіўную пашавую жывёлагадоўлю. Пустыня адкрыта ў 1873 (або 1874[3]) годзе англійскай экспедыцыяй Эрнэста Джайлса, які перасек яе ў 1876 годзе. Назву пустыня атрымала ў гонар члена экспедыцыі Альфрэда Гібсана, які загінуў у ёй пры пошуку вады.[3]
Зноскі
- ↑ а б в г Gibson desert — Encarta
- ↑ а б в Gibson desert — Terrestrial Ecoregions
- ↑ а б Gibson Desert (desert, Western Australia, Australia) — Britannica Online Encyclopedia
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Rangelands — Overview — Gibson Desert Архівавана 16 сакавіка 2011.