Перайсці да зместу

Псілотавыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Псілотавыя

Psilotum nudum
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Psilotopsida D.H.Scott, 1909


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  17003
NCBI  3235
FW  54752

Псілотавыя (Psilotopsida) — клас вышэйшых споравых раслін. Уключае сучаснае сямейства Psilotaceae з родамі Psilotum і Tmesipteris. Вучоныя-батанікі ўказваюць на роднасныя сувязі псілотавых з папарацепадобнымі, з класам вужоўнікавых (Ophioglossopsida).

Найстаражытнейшая група вышэйшых раўнаспоравых раслін, якая меркавана бярэ пачатак непасрэдна ад рыніяфітаў і дажыла да нашых дзён. У сваёй эвалюцыі яны зайшлі далей за рыніяфітаў па шляху спецыялізацыі і ўяўляюць сабой замкнутую галіну эвалюцыі вышэйшых раслін.

Травяністыя шматгадовыя трапічныя расліны, ёсць эпіфіты. Сцёблы прамастойныя галінастыя, адыходзяць ад гарызантальнай падземнай часткі, падобнай на карэнішча. Сапраўдных каранёў няма. Лістападобныя прыдаткі не з'яўляюцца сапраўднымі лісцямі. Функцыю фотасінтэза выконваюць у асноўным сцёблы.

У псілотавых спарангіі ўтвараюць сінангіі. Гаметафіт псілотавых буры, пазбаўлены хларафілу, мікатроф, гіфы грыба пранікаюць праз рызоіды амаль ва ўсе клеткі. Гаметафіт мае радыяльна-сіметрычную будову, аднаразова ці двойчы дыхатамічна разгалінаваны і вельмі падобны на кавалак рызамоіда даўжынёй да 18 мм і дыяметрам да 2 мм. Уся паверхня яго пакрыта аднаклетачнымі рызоідамі. Унутраная дыферэнцыяцыя гаметафіта вельмі слабая — іншы раз слабаразвітая стэла з трахеід, акружаных флаэмай і эндадэрмай. Антэрыдыі і архегоніі рассеяны па ўсёй паверхні гаметафіта. У антэрыдыях развіваюцца мнагажгуцікавыя сперматазоіды; архегоніі пагружаныя, з кароткай шыйкай.

Споры ўтвараюцца на галінках і прарастаюць у цыліндрычнае галінастае ўтварэнне. Гэты «заростак» утварае гаметы, у архегоніі гаметы зліваюцца, а затым з зіготы ізноў развіваецца прамастойнае споравае пакаленне.

  • Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6