Прынцэса-нявеста (фільм)
Прынцэса-нявеста | |
---|---|
англ.: The Princess Bride[1] | |
Жанр | рамантычная камедыя[d], фэнтэзійны фільм, экранізацыя рамана[d], пірацкі фільм[d], фільм плашча і шпагі[d], sword and sorcery film[d] і фільм-казка[d] |
Рэжысёр | |
Прадзюсар | |
Сцэнарыст | |
У галоўных ролях |
|
Аператар | |
Кампазітар | |
Кінакампанія | 20th Century Fox |
Працягласць | 94 хв. і 97 хв. |
Бюджэт | 16 000 000 $ |
Зборы | 30 857 814 $[6] і 30 902 442 $[6] |
Краіна | |
Мова | англійская |
Год | 12 лістапада 1987[2], 13 кастрычніка 1988[3] і 25 верасня 1987[4] |
IMDb | ID 0093779 |
Афіцыйны сайт (англ.) | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Прынцэса-нявеста» (англ.: The Princess Bride) — амерыканскі прыгодніцкі фільм 1987 года рэжысёра Роба Райнера . Карціна пастаўлена па матывах аднайменнага рамана Уільяма Голдмана , які і адаптаваў сваю кнігу для вялікага экрана. Галоўныя ролі выканалі Кэры Элвес , Робін Райт, Мэндзі Пацінкін , Крыс Сарандан , Крыстафер Гест , Уолес Шон , Андрэ Гігант[7].
Прэм’ера фільма адбылася 25 верасня 1987 года ў ЗША. Карціна была добра прынята крытыкамі, але мела сціплы касавы поспех. У 2016 годзе фільм быў унесены ў Нацыянальны рэестр фільмаў, якія лічацца «культурна, гістарычна ці эстэтычна значнымі».
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Да хворага, змушанага заставацца дома хлопчыка (Фрэд Сэвідж ) прыходзіць дзядуля (Пітэр Фальк). Ён прыносіць хлопчыку ў падарунак кнігу С. Моргенштэрна «Прынцэса-нявеста», якую адразу ж пачынае чытаць унуку.
У выдуманай краіне Флорын на маленькай ферме жыла цудоўная дзяўчына па імені Пералеска (Робін Райт). Яе любімым заняткам было катацца на кані і даймаць рознымі паручэннямі маладога парабка Уэстлі (Кэры Элвес ), які працаваў на ферме. І на ўсе яе загады, нават часам даволі бессэнсоўныя, ён заўсёды адказваў толькі адно: «Як пажадаеце». З часам Пералеска зразумела, што Уэстлі закаханы ў яе і што яна адказвае яму ўзаемнасцю. Каб зарабіць грошай на вяселле, Уэстлі вымушаны пакінуць ферму і шукаць удачы за морам. Неўзабаве Пералеска атрымлівае вестку, што карабель, на якім адплыў Уэстлі, быў захоплены Страшным Піратам Робертсам, які ніколі не пакідае палонных у жывых. Забітая горам Пералеска заяўляе, што больш нікога і ніколі не пакахае.
Мінае пяць гадоў, і Пералеска, якая лічыць Уэстлі мёртвым, згаджаецца заручыцца з прынцам Хампердынкам (Крыс Сарандан ), які звярнуў на яе ўвагу. Аднак перад самым вяселлем дзяўчыну выкрадаюць трое бандытаў: сіцылійскі крымінальны геній Візіні (Уолес Шон ), іспанскі майстар фехтавання Ініга Мантоя (Мэндзі Пацінкін ) і гігант з Грэнландыі па імені Фэззік (Андрэ Гігант ). Праз некаторы час яны заўважаюць, што іх пераследуе чалавек у масцы, апрануты ў чорнае. Адначасова ў пагоню за бандытамі выступае і прынц Хампердынк.
Каб пазбавіцца ад чалавека ў чорным, ад банды аддзяляецца Ініга Мантоя. Будучы чалавекам гонару, ён дапамагае пераследніку падняцца да сябе на скальную пляцоўку, а перад паядынкам цікавіцца, ці не шасціпалы яго супернік. Чалавек у чорным паказвае рукі, на кожнай з якіх па пяць пальцаў. Тады Ініга расказвае, што яго бацьку-каваля, забіў чалавек з шасцю пальцамі на правай руцэ. Ён замовіў у майстра шпагу і не пажадаў яму плаціць. Ініга, які быў тады дзіцём, не змог адпомсціць забойцу, а той неўзабаве бясследна знік. Іспанец даў бацьку клятву помсты і дзеля гэтага вывучыўся па-майстэрску валодаць шпагай і дваццаць гадоў запар шукаў шасціпалага. Скончыўшы свой аповед, Ініга б’ецца на шпагах з чалавекам у чорным, але прайграе. Тым не менш пераможца, не жадаючы забіваць такога вялікага майстра, якім сябе паказаў іспанец, проста аглушае яго. Спыніць загадкавага пераследніка спрабуе гігант Фэззік — ён згаджаецца змагацца без зброі, урукапашную, але таксама аказваецца пераможаны спрытным праціўнікам. Той, прытрымліваючыся сваіх ранейшых прынцыпаў, пакідае волата ў жывых. Далей чалавек у чорным наганяе Візіні, які трымае Пералеску ў якасці закладніцы, і прапануе яму інтэлектуальную дуэль. Ён налівае віно ў два келіхі і адзін атручвае — Візіні трэба адгадаць, у які з кубкаў падсыпаны яд. Пасля доўгіх разважанняў Візіні асушае адзін з келіхаў і імгненна памірае, бо атрута была ў абодвух кубках. Чалавек жа ў чорным шмат працаваў над тым, каб выпрацаваць імунітэт да гэтага яду.
Вызваліўшы Пералеску, чалавек у чорным заяўляе ёй, што ён — той самы Страшны Пірат Робертс, які забіў Уэстлі. Падчас размовы Робертс сцвярджае, што памятае, як забіў Уэстлі, і што той быў бы вельмі расчараваны, што яго нявеста аказалася няздольнай на каханне і з карыслівых памкненняў выходзіць замуж за прынца. Пералеска ў лютасці штурхае яго з высокага ўзгорку і крычыць, што жадае яму смерці, але ў адказ чуе: «Як пажадаеце». Пералеска разумее, што перад ёй быў сам Уэстлі, і кідаецца за ім з гары. Пазней Уэстлі расказвае сваю гісторыю. Аказваецца, што сапраўдны Робертс шмат гадоў таму адышоў ад спраў, і яго тытул і імя ўвесь гэты час перадаваліся ад аднаго пірата да іншага. У выніку папярэдні Робертс, які сапраўды захапіў Уэстлі і быў крануты яго гісторыяй, зрабіў яго сваім пераемнікам і правадыром піратаў. Аднак зараз, пасля ўз’яднання з каханай дзяўчынай, Уэстлі хоча кінуць пірацкае рамяство.
Тым часам прынц, з’яўляючыся выдатным следапытам, пераследуе закаханых па пятах. Пералеска і Уэстлі, уцякаючы ад пагоні, хаваюцца ў Вогненных тапінах, дзе Уэстлі некалькі разоў ратуе сваю каханую ад гібелі. Тым не менш Хампердынк усё адно знаходзіць іх. Пералеска вяртаецца да прынца ў абмен на абяцанне, што Уэстлі адпусцяць, аднак Хампердынк, падмануўшы нявесту, аддае палоннага свайму дарадцу графу Тайрану Ругену (Крыстафер Гест ), які, даследуючы боль, ставіць вопыты на людзях у таемнай камеры катаванняў — «Яміне адчаю». Патрапіўшы ў палон, Уэстлі бачыць, што на правай руцэ графа шэсць пальцаў.
Пералеска заяўляе Хампердынку, што не выйдзе за яго замуж, таму што кахае Уэстлі. Прынц прапануе здзелку — ён адправіць на пошукі Уэстлі, які з піратамі нібы плавае каля берагоў Флорына, свае самыя хуткія караблі, але калі Уэстлі не з’явіцца, то Пералеска павінна будзе выйсці за Хампердынка. Дзяўчына згаджаецца, але з часам разумее, што прынц ашукаў яе, і кідае яму ў твар абвінавачванне ў баязлівасці. Разгневаны Хампердынк спускаецца ў «Яміну адчаю», і забівае Уэстлі.
Ініга, які не ведае пра смерць Візіні, і чакае яго вяртання, жыве ў Зладзейскім лесе каля каралеўскага замка. Фэззік жа запісаўся ў Брутальны атрад, які загадаў сфарміраваць Хампердынк, каб напярэдадні вяселля ачысціць Зладзейскі лес. Падчас аблавы ў лесе сябры сустракаюцца, і Фэззік расказвае Ініга, што Візіні памёр, а граф Руген — шасціпалы. Ініга разумее, што ўдваёх з гігантам яны не змогуць перамагчы ахову замка, і вырашае прыцягнуць чалавека ў чорным. У іх атрымоўваецца знайсці камеру катаванняў, а ў ёй мёртвага Уэстлі. Сябры адпраўляюцца да старога чараўніка Макса (Білі Крыстал ), у надзеі набыць цуд. Той не хоча брацца за справу, але калі даведваецца, што гэта прынясе пакуты прынцу, то згаджаецца прыгатаваць ажыўляючую пілюлю.
Утрох сябры распрацоўваюць план, як пракрасціся ў замак, і паспяхова яго ажыццяўляюць, запалохваючы і разганяючы ахову. Ініга знаходзіць Ругена, і ў працяглым паядынку забівае яго, стрымаўшы дадзеную бацьку клятву. Уэстлі і Пералеска сустракаюцца зноў. Паядынку з прынцам не адбываецца: баязлівы кіраўнік сам кідае шпагу на падлогу. Усе чацвёра разам пакідаюць замак. Пералеска і Уэстлі збіраюцца жыць мірным жыццём, і прапануюць Ініга стаць новым Страшным Піратам Робертсам.
Акцёрскі склад
[правіць | правіць зыходнік]Абрамленне
Фрэд Сэвідж | – хлопчык, якому чытаюць казку |
Пітэр Фальк | – дзядуля / расказчык |
Бэтсі Брэнтлі | – маці |
Асноўная гісторыя
Кэры Элвес | – Уэстлі / страшны пірат Робертс / чалавек у чорным |
Робін Райт | – Пералеска / прынцэса-нявеста |
Мэндзі Пацінкін | – Ініга Мантоя |
Крыс Сарандан | – прынц Хампердынк |
Крыстафер Гест | – граф Тайран Руген |
Уолес Шон | – Візіні |
Андрэ Гігант | – Фэззік |
Пітэр Кук | – выразны святар |
Мэл Сміт | – Альбінос |
Кэрал Кейн | – Валеры, жонка Макса |
Білі Крыстал | – чараўнік Макс |
Марджэры Мейсан | – старая, што фукае |
Малкальм Сторы | – Елін |
Уілабі Грэй | – кароль |
Саўндтрэк
[правіць | правіць зыходнік]Музычнае суправаджэнне да фільма напісаў Марк Нопфлер . Выключэннем з’яўляецца песня «Storybook Love», кампазітар і выканаўца якой — Вілі Дэвіль .
№ | Назва | Працягласць |
---|---|---|
1. | «Once upon a Time… Storybook Love» | 4:00 |
2. | «I Will Never Love Again» | 3:04 |
3. | «Florin Dance» | 1:32 |
4. | «Morning Ride» | 1:36 |
5. | «The Friends' Song» | 3:02 |
6. | «The Cliffs of Insanity» | 3:18 |
7. | «The Swordfight» | 2:43 |
8. | «Guide My Sword» | 5:11 |
9. | «The Fire Swamp and the Rodents of Unusual Size» | 4:47 |
10. | «Revenge» | 3:51 |
11. | «A Happy Ending» | 1:52 |
12. | «Storybook Love» | 4:24 |
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Паводле рэсурса «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 7 кінаўзнагародамі і яшчэ 10 намінацыямі[8].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ The Princess Bride on Moviebuff.com Праверана 25 снежня 2024.
- ↑ выгрузка даных Freebase — Google.
- ↑ Lexicon of international films — Zweitausendeins.
- ↑ Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 28 красавіка 2022.
- ↑ а б Česko-Slovenská filmová databáze — 2001.
- ↑ а б Box Office Mojo — 1999. Праверана 28 красавіка 2022.
- ↑ The Princess Bride (1987) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 14 снежня 2021.
- ↑ The Princess Bride — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 14 снежня 2021.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Прынцэса-нявеста на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
- Фільмы паводле алфавіта
- Фільмы 1987 года
- Фільмы ЗША 1987 года
- Прыгодніцкія фільмы ЗША
- Кінакамедыі ЗША
- Кінакамедыі 1987 года
- Фэнтэзійныя фільмы ЗША
- Фэнтэзійныя фільмы 1987 года
- Фільмы-меладрамы ЗША
- Фільмы-меладрамы 1987 года
- Рамантычныя кінакамедыі
- Сатырычныя фільмы
- Фільмы на англійскай мове
- Экранізацыі раманаў
- Фільмы Роба Райнера
- Фільмы па сцэнарыях Уільяма Голдмана
- Нацыянальны рэестр фільмаў