Платанізм
Платанізм, у вузкім сэнсе — кірунак старажытна-грэчаскай філасофіі І ст. да н.э. — пач. ІІІ ст. н.э.; у шырокім сэнсе — усякі філасофскі кірунак, які абапіраецца на вучэнне Платона.
У антычнасці платанізм быў прадстаўлены філосафамі платонаўскай Акадэміі (Спеўсіп, Ксенакрат, Аркесілай, Карнеад і інш.). У духу стаіцызму трактаваў вучэнне Платона Пасідоній; створаны ім стаічны платанізм знайшоў апору ў багаслоўі Філона Александрыйскага, у гнастыцызме, у — герметызме і ва ўсёй данікейскай патрыстыцы, а ў ІІ-ІІІ ст. н.э. ў Нуменія, настаўніка Плаціна і Арыгена, які выступаў за сінтэзаннне платанізму і арыстоцелізму. Гэта садзейнічала пераадоленню элементаў натуралізму, характэрнага для эпохі элінізму і складванню ў ІІІ ст. н.э. асноў неаплатанізму. Інтарэс да платанізму адрадзіўся пасля аднаўлення ў Фларэнцыі філосафам М. Фічына платонаўскай Акадэміі (1459), адкуль ён праз кембрыджскую школу распаўсюдзіўся ў Англіі. Пад уплывам англійскай філасофіі і дзякуючы нямецкаму ідэалізму платанізм і неаплатанізм адрадзіліся ў Германіі, аднак толькі з Г. Лейбніца пачалося гістарычнае разуменне першапачатковага платанізму.
Неабходны элемент платанізму — проціпастаўленне пачуццёвага свету свету ідэй. Паводле гэтай канцэпцыі, не ідэя ўтварае сабой адлюстраванне матэрыі, а матэрыя ёсць адлюстраванне і выцяканне ідэі. Ідэю ў платанізме разглядаюць як родавае, гранічна абагульненае і жыццёва важнае лагічнае паняцце, якое змяшчае ў сабе прынцып канструявання сутнасці рэчы і, значыць, самой рэчы, утварае субстанцыянальную рэчаіснасць і яе мэту. Дамінуючую ролю ў гісторыі платанізму адыгрывала разуменне дыялектыкі як метаду, заснаванага на ўстанаўленні адзінства процілегласцей. Пры дапамозе такога разумення былі распрацаваны 3 асноўныя іпастасі (Адзінага, Розуму і Сусветнай душы), выяўленне якіх заўсёды складала асноўны змест платанізму (разам з вытлумачэннем матэрыяльнага космасу). Адной з асноўнай канцэпцый платанізму з'яўляецца вучэнне аб бессмяротнасці душы і цела, або аб кругавароце душ, г.зн. аб іх пераўвасабленні і перасяленні (сам Платон лічыў, што пасля смерці цела душа пераходзіць у другое цела або функцыянуе ў космасе).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Эрш Ж. Філасофскае задуменне: Гісторыя заходняе філасофіі / Пер. з фр. — Мн., 1996.