Партызанскі рух у Заходняй Беларусі (1921—1925)
Партызанскі рух у Заходняй Беларусі | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Актыўная разведка, Польска-беларускія канфлікты XX стагоддзя | |||
| |||
Дата | 1921—1925 | ||
Месца | Заходняя Беларусь | ||
Прычына | Рыжскі мірны дагавор: уключэнне заходнебеларускіх зямель у склад Польшчы | ||
Вынік | узброеныя выступленні прыпынены, пераход да рэвалюцыйна-дэмакратычных форм барацьбы | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Партызанскі рух у Заходняй Беларусі (1921—1925) — дзейнасць беларускіх паўстанцаў супраць польскіх уладаў у Заходняй Беларусі. Цесна пераплецена з «актыўнай разведкай» савецкіх спецслужб. Антыпольскія сілы былі прадстаўлены камуністычнымі і эсэраўскімі фарміраваннямі. Першыя дзейнічалі пры падтрымцы савецкага кіраўніцтва, другія звязаны з беларускай эміграцыяй, літоўскімі і нямецкімі ўладамі. Абодва лагеры, нягледзячы на рознагалоссі, супрацоўнічалі ў барацьбе з Варшавай.
Антыпольскія сілы
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, які завяршыў польска-савецкую вайну, Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы. З лета 1921 года[1] супраць польскіх уладаў разгорнута ўзброеная барацьба. Партызанскі рух першай паловы 1920-х гадоў быў кароткачасовым і неаднародным. Акрамя таго, ён не набыў масавы характар[2].
Частка партызан выступалі за ўз’яднанне з Савецкай Беларуссю. Атрады савецкай арыентацыі ўзначальвала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), падтрыманая з боку Разведупраўлення РСЧА ў рамках т.зв. «актыўнай разведкі». Іншая частка паўстанцаў бачыла канчатковую мэту ў станаўленні Беларусі, незалежнай як ад заходніх, так і ўсходніх суседзяў. Да дадзенай плыні ставіцца Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе баявыя групы карысталіся падтрымкай Літвы. Яны выступалі і супраць польскіх, і супраць савецкіх уладаў. Восенню 1921 года на канферэнцыі ў Празе эсэры прынялі рашэнне аб падрыхтоўцы паўстання як у заходняй, так і ўсходняй частцы Беларусі з мэтай дасягнення незалежнасці. Нягледзячы на рознагалоссі, эсэры і камуністы часта супрацоўнічалі[2]. Больш за тое, у студзені 1923 года пачаліся актыўныя кансультацыі беларускіх палітыкаў з мэтай каардынацыі ўзброенай дзейнасці. Перамовы вяліся ў Каўнасе, Мінску і Маскве[3]. Саюз двух палітычных сіл у рамках супрацьстаяння з Варшавай зарадзіўся яшчэ ў 1920 годзе, у час грамадзянскай вайны ў Расіі[4].
Беларускімі эсэрамі кіраваў Цэнтральны Беларускі паўстанцкі камітэт (ЦБПК) на чале з членам ЦК БПС-Р У. Пракулевічам (адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920 года). Былі сфарміраваны чатыры паўстанцкія групы (I — віленская, II — ашмянская, III — браслаўская, IV — гродзенская[3]). Атрады, акрамя Польшчы, дзейнічалі на тэрыторыі Літвы і СССР — у Коўна (Каўнасе), Уцянах, Аранах і мястэчку Мерач. Аператыўнае кіраўніцтва ажыццяўляў Галоўны штаб беларускіх партызан на чале з палкоўнікам Успенскім. У падпарадкаванні Галоўнага штаба толькі на Гродзеншчыне знаходзілася 12 атрадаў, у кожным па некалькі дзясяткаў чалавек. Аднак палякі вельмі хутка разграмілі беларускіх эсэраў, што прывяло да крызісу ў іх шэрагах[1].
У красавіку 1922 года, калі эсэры былі разгромлены, частка баевікоў бегла ў Белавежскую пушчы, дзе ўзнік атрад атаман Чорта. Ён з’яўляўся часткай «Брацтва сялян-беларусаў» і прызнаваў Раду БНР. У маі падраздзяленне разбіта ў сутыкненні з палякамі[5][6].
Эсэры распаўсюдзілі сваю дзейнасць на Гарадзенскі, Бельскі і Беластоцкі паветы. Камуністы галоўным чынам актыўнічалі на Палессі, Новагародчыне і Віленшчыне. Першапачаткова, з сярэдзіны 1921 года, у заходнебеларускіх рэгіёнах дзейнічалі ячэйкі Кампартыі Польшчы, а на Віленшчыне — Кампартыі Літвы. У кастрычніку 1923 года была створана КПЗБ, якая і стала адказваць за партызанскі рух у краі[7] . Да яе прасавецкі лагер прадстаўляў Саюз сялянскай самаабароны (ССА). Яго дыверсійныя групы дзейнічалі на тэрыторыі Віленскага і Ашмянскага паветаў. Меркавана, узброеныя групы таксама мела Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), якая адкалолася ад БПС-Р. І БРА, і СКС выступалі за далучэнне да БССР[3].
У пачатку былі моцныя пазіцыі эсэраўскіх баевікоў. З сярэдзіны 1923 года паўстанцкія групы, якія дзейнічалі пад эгідай БК-Б, увайшлі ў камуністычны рух[3].
Замежная роля
[правіць | правіць зыходнік]Прасавецкай плыні істотнае садзейнічанне аказваў Разведупр, перакідаючы праз мяжу ў Заходнюю Беларусь атрады баевікоў. Меркавалася, што гэтыя сілы стануць ядром масавага ўзброенага руху, які ў перспектыве прывядзе да далучэння рэгіёну да СССР[1]. Паўстанцкія групы фарміраваліся ў БССР і складаліся пераважна з прафесійных чэкістаў. Пасля перасячэння мяжы каманды папаўняліся жыхарамі заходнебеларускіх зямель[8].
Ключавым саюзнікам эсэраў выступіла Літва, якая прэтэндавала на Віленскі край. Польска-літоўскі канфлікт ствараў рызыку паўторнай успышкі ваенных дзеянняў, у якіх беларускае пытанне магло адыграць важную ролю. У каардынаваных выступленнях нацыянальных груп на тэрыторыі польскай дзяржавы літоўцы бачылі магчымасць вярнуць Вільню. Беларускія эмігранты, аб’яднаныя вакол урада БНР Вацлава Ластоўскага, пачалі супрацоўнічаць з урадам Літвы. Гэта сустрэла падтрымку з боку Германіі. Яна таксама імкнулася аслабіць пазіцыі польскай дзяржавы. Урад Ластоўскага атрымаў ад немцаў на падтрымку сваёй дзейнасці пазыку ў 40 млн марак. Грошы прызначаліся для арганізацыі барацьбы супраць Польшчы. Кіраўніцтвам баявых беларускіх фарміраванняў займалася літоўскае камандаванне[3].
Супрацьстаянне
[правіць | правіць зыходнік]Да 1922 года ў партызанскіх атрадах у Заходняй Беларусі налічвалася каля 5—6 тысяч чалавек[8]. Найбольш буйнымі атрадамі савецкай арыентацыі камандавалі С. Ваўпшасаў, К. Арлоўскі, В. Корж, А. Рабцэвіч, эсэраўскімі – Г. Шыманюк, В. Разумовіч (у гады савецка-літоўскай вайны ўзначальваў Беларускі асобны батальён у складзе арміі Літвы). У 1922 годзе баевікі правялі 878 аперацый[2], у 1923 — 503[7] , у 1924—1925 гадах — 280. Яны падпальвалі сядзібы памешчыкаў, маёнткі асаднікаў і чыноўнікаў, ажыццяўлялі напады на паліцэйскія ўчасткі. Польскія ўлады вымушаныя былі ўвесці надзвычайнае становішча ў краі. Паўсюль дзейнічалі ваенна-палявыя суды, праводзіліся карныя экспедыцыі[9] . Да 1923 года па палітычных артыкулах, у асноўным за ўдзел у антыпольскім руху, у турмы трапілі 1300 чалавек[7] . У выніку дзеянняў партызанскіх атрадаў абстаноўка ў памежных раёнах Польшчы стала вельмі напружанай. У памежныя воласці сцягваліся рэгулярныя часці польскага войска, пераважна кавалерыйскія, а малаэфектыўная памежная паліцыя замянялася байцамі корпуса памежнай аховы[1].
Да канца 1925 года намаганні ўладаў і паслабленне падтрымкі партызан мясцовым насельніцтвам прывялі да спынення дзейнасці паўстанцаў[10]. Паражэнне руху было таксама выклікана рашэннем савецкіх уладаў у лютым 1925 года прыпыніць «актыўную разведку», у святле перамоваў паміж Масквой і Варшавай (акрамя таго, пасля 1923 года рэвалюцыйныя хваляванні ў Еўропе пайшлі на спад[7] ). У новых умовах ЦК КПЗБ вясной прыняў рашэнне аб забароне ўзброеных выступленняў. Затым адбылося расфарміраванне партызанскіх атрадаў. У другой палове 1925 года паўстанцкі рух цалкам згорнуты[11].
Пасля 1925 года барацьба ў Заходняй Беларусі набыла «рэвалюцыйна-дэмакратычны» характар, які спалучаў нелегальную і легальную дзейнасць. Узніклі першыя легальныя беларускія арганізацыі — Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Таварыства беларускай школы і іншыя[7] .
Храналогія
[правіць | правіць зыходнік]Сярод найбольш буйных акцый вылучаюцца[12]:
- 1922
- 11 чэрвеня: 10 партызан захапілі і спалілі маёнтак «Добрае дрэва» Лунінецкага павета.
- З 15 чэрвеня па 6 жніўня: на тэрыторыі Гарадзенскага і Іліцкага паветаў было праведзена 9 баявых аперацый, падчас якіх паўстанцы разграмілі тры памешчыцкія маёнткі, спалілі палац князя Друцка-Любецкага, узарвалі два паравозы на вузкакалейнай дарозе французскай фірмы і чыгуначны мост, знішчылі на вялікім працягу чыгуначнае палатно на лініі Ліда — Вільня. Пры гэтым у адным з баёў было забіта 10 польскіх уланаў.
- Жнівень: байцамі Ваўпшасава ў сваім маёнтку прылюдна расстраляны польскі памешчык Вішнеўскі. У гэтым жа месяцы партызаны здзейснілі налёт на маёнтак «Шпакоўшчына» Іліцкай воласці памешчыка Бароўскага.
- 14 кастрычніка: партызаны спалілі маёнтак «Струга» Столінскага павета.
- Снежань: разгромлены паліцэйскі ўчастак у с. Ілья.
- 1923
- 19 мая: 30 партызан разграмілі паліцэйскі ўчастак і ўпраўленне ў с. Чучавічы Лунінецкага павета.
- Май: на шашы Радашковічы — Краснае атрадам Залескага захоплены начальнік радашковіцкага паліцэйскага атрада паручнік Кухарскі з жонкай. Пазней адпушчаны.
- 27 жніўня: у ходзе налёту на с. Целяханы Косаўскага павета забітыя два паліцыянты і войт.
- 29 жніўня: дзесяць паўстанцаў напалі на маёнтак «Моладава» Драгічанскага павета.
- Верасень: байцы Арлоўскага здзейснілі налёт на цягнік на перагоне Буда — Баранавічы.
- 10 снежня: байцы Ваўпшасава напалі г. Давыд-Гарадок, разграміўшы паліцэйскі гарнізон.
- 1924
- 18 мая: 29 паўстанцаў разграмілі паліцэйскі ўчастак у с. Крывічы Вілейскага павета.
- 2 чэрвеня: 50 баевікоў захапілі маёнтак «Агарэвічы» Круговіцкага гміна.
- 18 ліпеня: байцы Ваўпшасава разграмілі польскі паліцэйскі ўчастак у с. Вішнева, а байцы Яблонскага — у с. Жодзішкі.
- 19 ліпеня: партызанскі атрад Ваўпшасава заняў лесапільны завод англа-французскай канцэсіі ў с. Жэрдэлі. Потым у міжрэччы рэк Іслач і Заходняя Бярэзіна паўстанцы разграмілі паліцэйскі кавэскадрон, у баі забіты начальнік валожынскага гарнізона Лапацінскі.
- 3 жніўня: атрад Ваўпшасава здзейсніў налёт на Стоўбцы. Разгромленыя гарнізон, чыгуначная станцыя, староства, павятовае ўпраўленне паліцыі, гарадскі паліцэйскі ўчастак. З мясцовай турмы вызваленыя члены КПЗБ. Пры гэтым 8 паліцэйскіх было забіта і трое паранена.
- 24 верасня: 17 партызан з атрадаў Арлоўскага і Ваўпшасава, зладзіўшы засаду на ўчастку Парахонск — Лоўча па чыгуначнай лініі Брэст — Лунінец, напалі на цягнік. У выніку яны схапілі ваяводу Палесся Станіслава Даўнаровіча. У гэты ж дзень былі разгромлены маёнтак «Юзэфаў» у Пінскім павеце і маёнтак «Дукшты» Свянцянскага павета.
- У ноч з 2 на 3 кастрычніка: 30 паўстанцаў разграмілі маёнтак і паліцэйскі ўчастак у с. Кажан-Гарадок.
- 14 кастрычніка: баевікі спалілі чыгуначны мост у Нясвіжскім павеце.
- 3 лістапада: 35 партызан Баранавіцкага атрада захапілі цягнік на чыгуначнай лініі Брэст — Баранавічы. Пры гэтым яны забілі аднаго паліцэйскага і паранілі двух афіцэраў.
- 12 лістапада: польскімі ўланамі ў в. Нагорная Часнакоўка схоплена 16 паўстанцаў.
- 1925
- З сакавіка па май: партызанамі праведзена 59 баявых аперацый.
- Красавік: польскія ўлады правялі масавыя арышты ў Заходняй Беларусі; арыштавана значная колькасць партызан і падпольшчыкаў.
- З чэрвеня па жнівень: паўстанцамі было праведзена 59 баявых аперацый.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Спецназ ГРУ
- ↑ а б в Хромченко, Д. Н. Партизанское движение на территории Западной Беларуси в 1920-е гг. / Д. Н. Хромченко // Наука – образованию, производству, экономике : материалы 16-й Международной научно-технической конференции. – Минск : БНТУ, 2018. – Т. 4. – С. 66.
- ↑ а б в г д Слешинский Войцех. Беларуские партизаны на «Крэсах Всходних» // Деды № 10 - 2012. С. 136-161
- ↑ 2012. 01. 024. Грицкевич А. П. Западный фронт РСФСР, 1918-1920: борьба между Россией и Польшей за Белоруссию. - Минск: Харвест, 2010. - 496 с
- ↑ Алег Латышонак Здымак партызанаў атамана „Чорта” (беларуская мова) // Ніва. — 1 снежня 2013 г.. — № 48 (3003). — С. 12. — ISSN 0546-1960.
- ↑ Аляксей Трубкін “Dziennik Białostocki” пра партызанаў БНР (беларуская мова) // Беларускае Радыё Рацыя. Архівавана з першакрыніцы 7 студзеня 2021.
- ↑ а б в г д И.И. Ковкель, Э.С. Ярмусик. История Беларуси с древнейших времён до нашего времени. — Минск: «Аверсэв», 2000. — 592 с.
- ↑ а б Профессор Стрелец – про партизанское движение Западной Белоруссии // СБ. Беларусь сегодня, 6 сентября 2023
- ↑ Е.К. Новик, И.Л. Качалов, Н.Е. Новик. История Беларуси с древнейших времён до 2010 г.. — Минск: «Вышэйшая школа», 2011. — 526 с. — ISBN 978-985-06-1917-4.
- ↑ История Беларуси в контексте европейской цивилизации : учеб. пособие / С. А. Елизаров [и др.]. – 2-е изд., испр. – Минск : Вышэйшая школа, 2016 – 399 с. ISBN 978-985-06-2704-9.
- ↑ Мезга, Н. Н. Советско-польские переговоры о договоре о ненападении 1925—1926 гг. и Беларусь // Современная научная мысль : журнал. — 2020. — С. 149—156.
- ↑ Партизанское движение в Западной Белоруссии (Польша) 1921—1925 гг.