Параднёныя гарады
Параднёныя гарады, гарады-пабрацімы — гарады розных краін, якія маюць пагадненні аб пабрацімстве і супрацоўніцтве ў эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, праводзяць сярод насельніцтва па ўмацаванні даверу, узаемаразумення, па абмене досведам гарадскога кіравання, камунальнага гаспадарання.
Пачатак руху параднёных гарадоў пакладзены ў гады Другой Сусветнай вайны: у 1942 годзе два гарады, якія асабліва пацярпелі ад яе наступстваў, — Ковентры (Вялікабрытанія) і Сталінград (СССР) — прынялі рашэнне ўстанавіць сяброўскія адносіны з мэтай развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту сваіх грамадзян. У канцы 1950-х гадоў рух параднення атрымаў міжнароднае прызнанне і статус. У красавіку 1957 года ў французскім горадзе Экс-ле-Бен на ўстаноўчым кангрэсе заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў (СФПГ). У адпаведнасці са Статутам Федэрацыі асноўная мэта руху — развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Вышэйшы орган СФПГ — Генеральная асамблея, раз у 3 гады склікаюцца кангрэсы, бягучую работу каардынуе Выканаўчы камітэт. Па ініцыятыве СФПГ з 1963 года апошняя нядзеля красавіка адзначаецца як Сусветны дзень параднёных гарадоў.
У Беларусі парадненне гарадоў пачалося з 1950-х гадоў. У 2000 годзе 31 беларускі горад падтрымліваў сувязі са 119 гарадамі 24 краін свету, у тым ліку 16 маюць пабрацімаў у ФРГ, 8 — у Польшчы, 8 — у Францыі, 18 — у Балгарыі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
- Сусве́тная фдэра́цыя параднёных гарадо́ў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 288. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Города-побратимы // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)