Мастацтва Старажытнай Грэцыі
Мастацтва Старажытнай Грэцыі стала адным з важнейшых этапаў у развіцці сусветнай культуры. Яе дасягненні — аснова для многіх мастацкіх эпох, напрыклад для Адраджэння, класіцызму. Грэкі стварылі цывілізацыю, каштоўнасці якой і па сённяшні дзень не страцілі свайго значэння.
Агульныя рысы
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыю мастацтва Старажытнай Грэцыі падзяляюць на некалькі перыядаў: «гамераўскі» (XI — VIII ст. да н.э.), архаіка (VII — VI ст. да н.э.), класіка (V — апошн. чв. IV ст. да н.э.), элінізм (IV — I стст. да н.э.). Кожны перыяд быў акрэслены зменамі, якія адбываліся як у грамадстве ў цэлым, так і ў культуры.
3 пачатку I тыс. да н.э. тэрыторыя Міжземнамор'я засяляецца плямёнамі дарыйцаў (Пелапанескі паўвостраў і востраў Крыт), ахейцаў (астравы Міжземнага мора і Малая Азія), іанійцаў (Сярэдняя Грэцыя, Атыка, востраў Кіпр). Гэта быў перыяд паступовага пераходу ад радавога ладу, ваеннай дэмакратыі да рабаўласніцкай дзяржавы з рэспубліканскай формай праўлення. Ён працягваўся да VII ст. да н.э. Менавіта тады сфарміравалася грэчаская міфалогія, аснову якой утварыла вера ў мноства багоў, склаўся іх пантэон. 3 пункту гледжання грэкаў, паміж светам багоў і людзей не было непераходнай мяжы. Таму ў творах мастацтва кожнае боскае ўвасабленне нагадвала чалавека не толькі знешне, але і сваім характарам, паводзінамі. Міфалогія грэкаў увасобіла іх уяўленні аб свеце і яго гісторыі, аб законах жыцця грамадства і прыроды. У ёй, як і ў мастацтве, добра бачна галоўная асаблівасць: мерай усіх з'яў павінен быць чалавек, разнастайнасць яго пачуццяў.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва
[правіць | правіць зыходнік]Архітэктура і выяўленчае мастацтва Старажытнай Грэцыі — вышэйшае дасягненне чалавечага генія, класічная аснова еўрапейскага і сусветнага мастацтва. Мастацкія помнікі захаваліся на тэрыторыі ўсёй айкумены, дзе ў антычнасці быў пашыраны грэчаскі палітычны і культурны ўплыў: на Балканскім і Апенінскім п-вах, у Малой Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага і Чорнага мораў.
«Гамераўскі» перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя мастацтва ўласна Старажытнай Грэцыі пачынаецца з эгейскага мастацтва. Каля XXIII ст. да н.э. яго цэнтрам быў в-аў Крыт (росквіт у 1-й пал. II тыс. да н.э.), уплыў якога пашырыўся на мацерыковую Грэцыю і а-вы Кіклады (велічныя палацы ў Кносе, Маніі, Фесце, Ката-Закра). У фрэсках і вазапісе развіваўся арнаментальна-дэкаратыўны стыль. У гамераўскі перыяд (XI—VIII ст. да н.э.) дамы і храмы будавалі з дрэва, гліны і сырцовай цэглы. Асноўны тып жылога дома — мегарон. Да VII ст. да н.э. быў пашыраны геаметрычны стыль.
Перыяд XI—VIII стст. да н.э. называюць «цёмнымі стагоддзямі», або «гамераўскім». У той час палітычным ладам была ваенная дэмакратыя, якая паступова перараджалася ва ўладу радавой арыстакратыі, складваліся раннія полісы як асобная форма земляробскай абшчыны. Твораў мастацтва дадзенага перыяду захавалася вельмі мала. Ад былых храмаў засталіся толькі падмуркі. Але і па іх, па ўскосных матэрыялах можна ўстанавіць, што будынкі мелі прамавугольную ў плане форму і перакрываліся двухсхільнымі дахамі. На іх галоўным фасадзе ставіліся дзве калоны. Асноўны аб'ём дзяліўся адным радам калон на дзве выцягнутыя часткі (нефы). Унутраным апорам адпавядалі калоны на знешніх падоўжных баках будынка. Менавіта такімі былі храмы Артэміды Орфіі ў Спарце (XI — VIII ст. да н.э.), Геры ў Аргасе (каля 700 да н.э.). На іх аснове ў далейшым сфарміраваліся іншыя варыянты культавых збудаванняў.
Значным дасягненнем «гамераўскага» перыяду сталі распісныя керамічныя сасуды, якія выкарыстоўвалі і ў побыце, і як пахавальныя ўрны. Выдатныя прыклады амфар, кратараў былі знойдзены на некропалі каля Афін, побач з так званай Дзіпілонскай брамай, што і дало ім назву «дзіпілонскія». Стыль іх дэкору называюць геаметрычным, паколькі арнаментацыя складалася з трохвугольнікаў, зігзагаў, свастык, кружкоў, зубчыкаў, меандраў, нанесеных чорна-карычневай фарбай па больш светламу фону. Як правіла, яны размяшчаліся гарызантальнымі палосамі рознай шырыні, запаўняючы ўсю паверхню вазы, або канцэнтраваліся на асобных частках у залежнасці ад яе формы.
3 IX ст. да н.э. ў арнаментацыю пачынаюць уводзіць выявы жывёл, птушак, фігуркі людзей, якіх паказваюць схематычна, складаючы з тых жа геаметрычных элементаў. Толькі ў VIII ст. да н.э. ў дэкоры ваз з'яўляюцца нескладаныя сцэны, галоўным чынам пахаванняў. На прыкладзе распісной керамікі відавочны пачатак важнага кірунку ў развіцці раннегрэчаскага мастацтва — імкненне да дакладнасці. Майстры паступова адыходзяць ад састаўлення геаметрычных кампазіцый, авалодваюць прыёмамі выяўлення, дзе ўвага надаецца дэталям: рысам твару, прычоскам, адзенню.
Архаіка
[правіць | правіць зыходнік]Мастацтва перыяду архаікі пачынае складвацца з VII ст. да н.э. Адбываецца фарміраванне гарадоў-дзяржаў (полісаў), вакол якіх аб'ядноўваліся сельскагаспадарчыя абшчыны. Нягледзячы на тое, што яны былі самастойнымі і дастаткова разрозненымі, у грэкаў у архаічную эпоху паступова выпрацоўваецца важнае ўсведамленне аб еднасці элінскага свету. Невыпадкова ў гэты час складваюцца агульныя шанаваныя свяцілішчы: Зеўса ў Алімпіі, дэльфійскага аракула, Апалона на востраве Дэлас. Фарміруюцца і паглыбляюцца веды ў медыцыне, астраноміі, матэматыцы. Закладваюцца асновы філасофіі, літаратуры і тэатра, развіваюцца рамёствы. У сваіх навуковых дасягненнях грэкі актыўна выкарыстоўвалі здабыткі іншых народаў, асабліва фінікійцаў і егіпцян, з якімі яны падтрымлівалі рознабаковыя ўзаемасувязі.
Полісы характарызаваліся ўрбаністычнай структурай: у цэнтры — акропаль (свяцілішча) і агора (грамадска-гандлёвы цэнтр), вакол якіх ствараліся жылыя кварталы. У мастацтве архаікі вядучая роля належала архітэктуры. Цэнтрамі гарадоў былі агоры, дзе канцэнтраваліся грамадска-гандлёвае жыццё і акропалі з храмамі. У іх захоўваліся дары багам, часам — казна. Гэта былі важныя асяродкі, якія аб'ядноўвалі сакральныя і свецкія бакі жыцця грамадства.
Храмы будавалі з дрэва, з пач. VI ст. да н.э. з вапняку, з сярэдзіны VI ст. да н.э. з мармуру. Дамінуючы тып храма — перыптар (прамавугольная ў плане пабудова з каланадай па перыметры), сярод грамадскіх пабудоў — булеўтэрыі (для сходаў грамадзян), тэатры, стадыёны і інш.
У перыяд архаікі сфарміравалася некалькі тыпаў культавых будынкаў. Першы і самы просты атрымаў назву «храм у антах», прататыпам якога можна лічыць збудаванні «гамераўскай» эпохі. Ён складаўся з аднаго памяшкання (нааса), арыентаванага сваім ахвярнікам на ўсход.
Склалася класічная сістэма архітэктурнага ордара. Ствараліся выразны, гарманічны архітэктурны вобраз, суразмерныя чалавеку архітэктурныя маштабы. Пабудовы дарычнага ордара: храмы Геры ў Алімпіі (канец VII — пач. VI да н.э.), Апалона ў Карынфе (каля 550 да н.э.), Артэміды на в-ве Керкіра (пач. VI ст да н.э.), Дэметры ў Пасейдоніі (2-я пал. VI ст. да н.э.) і інш. Сярод пабудоў іанічнага ордара: храмы Артэміды ў Эфесе (адно з «Сямі цудаў свету») і Геры на в-ве Самас (абодва VI ст. да н.э.), храмы ў Дэльфах. Храмы архаікі ўпрыгожвалі рэльефамі фрызаў і метоп, статуямі на франтонах, арнаментальнымі і фігурнымі акратэрыямі, антэфіксамі.
Статуарная скульптура развівалася ад бронзавых статуэтак да фігур юнакоў (курасаў) і дзяўчат (кор). Трактоўцы чалавечага твару ўласціва т.зв. «архаічная ўсмешка», фігура рытмічна мадэліравалася складкамі вопраткі.
Фарміраваліся асноўныя тыпы ваз: амфара, гідрыя, кілік, кратар і інш. У VII ст. да н.э. вазапіс развіваўся ў «дывановым» стылі, дзе роспісу вызначаў раслінны матыў. У вазапісе Карынфа (канец VII—VI ст. да н.э.), а пазней усёй Грэцыі ўсталёўваецца чорнафігурны стыль (майстры Клітый, Эксекій, Амасіс), з імем Авдакіда звязаны пераход да чырвонафігурнага вазапісу (каля 530 да н.э.). Дасканаласцю вылучалася мастацтва гліптыкі.
Класіка
[правіць | правіць зыходнік]У эпоху класікі (V — 3-я чвэрць IV ст. да н.э.) дасягнулі росквіту гарады. Склалася сістэма рэгулярнай планіроўкі (Мілет, Пірэй); прамавугольная сетка вуліц, комплексная забудова жылых кварталаў, распрацаваная Гіпадамам з Мілета. У пабудовах храма вар'іравалася ордарная сістэма: храм Зеўса ў Алімпіі (468—456 да н.э., адно з «Сямі цудаў свету») і інш. У выяўленчым мастацтве дамінаваў «строгі стыль» з характэрнай ураўнаважанасцю велічных кампазіцый, натуральнай прыгажосцю формаў, у якіх пераадольвалася ўмоўнасць архаічнага стылю; праявіўся ён і ў скульптуры 1-й пал. V ст. да н.э. (Міран).
У сярэдзіне V ст. да н.э. пачынаецца перыяд высокай класікі. Афіны сталі палітычным і культурным цэнтрам Элады. Вяршыня класічнага мастацтва — архітэктурна-пластычны ансамбль на Афінскім акропалі. Найбольш поўна і паслядоўна мастацкія прынцыпы класікі ўвасоблены ў творчасці Фідыя, яго сучаснікаў Алкамена, Крэсілая, Паліклета. 3 пач. IV ст. да н.э. будавалі пераважна грамадскія будынкі: гімнасіі, палестры, тэатры (тэатр у Эпідаўры, арх. Паліклет Малодшы, 350—330), маўзалей у Галікарнасе (адно з «Сямі цудаў свету»), помнік Лісікрата ў Афінах (каля 335 да н.э.). У скульптуры развіваўся партрэт (работы Дэметрыя з Алапекі, канец V — 2-я пал. IV ст. да н.э.). У ёй павялічыліся драматызм і дынаміка (творы Скопаса), стаў пераважаць лірычны настрой; у статуях Праксіцеля — тонкія пластычныя эфекты. Творы Лісіпа вызначала драматычная напружанасць, Леахара — акадэмічная халоднасць. У 2-й пал. IV ст. да н.э. папулярнасцю карыстаўся жывапісец Апелес, які валодаў майстэрствам святлаценю.
Элінізм
[правіць | правіць зыходнік]У перыяд элінізму (канец IV—I ст. да н.э.) у сувязі з заваёвамі Аляксандра Македонскага значна пашырылася сфера культурных уплываў Старажытнай Грэцыі, узніклі новыя яе цэнтры. Будаваліся гарады з рэгулярнай планіроўкай (Александрыя Егіпецкая, Антыёхія на Аронце, Селеўкія на Тыгры), велічныя пабудовы (Фароскі маяк у Александрыі), архітэктурныя ансамблі (акропаль у Пергаме). Скульптура дасягнула вышэйшай ступені трагізму, кампазіцыйных і пластычных кантрастаў (фрыз Пергамскага алтара, каля 180 да н.э., група «Лаакоан» Агесандра, Палідора і Атэнадора, каля 50 да н.э.), жыццесцвярджальнай сілы (Ніка Самафракійская, канец IV ст. да н.э.). Найбольшую важнасць набыў партрэт, у якім аўтары шукалі непаўторныя або экзатычныя рысы, тыпы і характары (партрэты варвараў, старых, беднякоў, рабоў). Ствараліся партрэты тыранаў, у якіх парушаны ідэал чалавека-грамадзяніна (статуі дыядохаў), манументальныя скульптуры (статуя Геліяса, т.зв. Калос Радоскі, не захавалася, адно з «Сямі цудаў свету»).
Музыка
[правіць | правіць зыходнік]Першыя сведчанні пра песенна-танцавальнае і інструментальнае мастацтва Старажытнай Грэцыі адносяцца да III тыс. да н.э. (крыта-мікенская культура). У гамераўскі перыяд былі пашыраны песні пастухоў, жняцоў, ткачоў, пахавальныя, пераможныя і інш., мастацтва спевакоў-казачнікаў — аэдаў, рапсодаў. У VIII—V ст. да н.э. старагрэчаская музыка дасягнула высокага развіцця і заняла важнае месца ў грамадскім жыцці. Спаборніцтвы спевакоў, хароў, інструменталістаў уваходзілі ў праграмы гімнастычных і мастацкіх («мусічных») гульняў. У VII—VI ст. да н.э. найбольш развілася харавая і сольная лірычная песня, а таксама інструментальная музыка для кіфары і аўласа. Значная роля належала музыцы ў класічнай трагедыі (спевы хору, меладызаваныя дыялогі, маналогі герояў).
Антычная музыка пераважна вакальная, аднагалосая (часцей мужчынскія харавыя ўнісонныя спевы ў дыяпазоне 2 актаў), цесна звязаная з метрыкай верша, натавалася літарамі грэчаскага і фінікійскага алфавітаў. У аснове гукарада — тэтрахорды, з якіх складаліся актаўныя лады
Старажытныя грэкі стварылі вучэнне пра этас (маральна-выхаваўчую і грамадска-арганізуючую функцыю музыкі), рытм, лады, увялі многія тэрміны, што выкарыстоўваюцца і ў наш час («музыка», «мелодыя», «мелас», «рытм»).
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Грэцыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Лазука, Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б.А.Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мастацтва Старажытнай Грэцыі