Лучынка (часопіс)
«Лучынка» | |
---|---|
Арыгінальная назва |
Лучынка |
Тып | часопіс |
Выдавец | Аляксандр Мікітавіч Уласаў |
Рэдактар | Алаіза Пашкевіч |
Галоўны рэдактар | Аляксандр Мікітавіч Уласаў |
Заснавана | 1914 |
Мова | беларуская |
Галоўны офіс | |
Тыраж | |
Лучынка ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Лучы́нка»[1] — літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс краязнаўчага кірунку для беларускай моладзі. Выдаваўся на беларускай мове ў Мінску ў 1914 годзе на 16 старонках[2].
Рэдактар-выдавец — А. Уласаў, літаратурны рэдактар — А. Пашкевіч (Цётка). У часопісе супрацоўнічалі пісьменнікі і публіцысты газеты «Наша ніва», беларускія студэнты. «Лучынка» прапагандавала ідэю асветы на роднай мове, самаадукацыі, духоўнага і нацыянальна-патрыятычнага выхавання дзяцей і юнацтва.
У праграмных рэдакцыйных публікацыях (верш «Лучынка», артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы», «Наша народная беларуская песня», напісаны Цёткай без пазначэння аўтара) услаўляліся культурныя традыцыі народа, яго таленавітыя дзеці, гуманістычны светапогляд, беларускі патрыятызм. Вобраз «Лучынкі» раскрываецца ў творах Цёткі як сімвал святла, што выпраменьвае кніжка і асвета на роднай мове.
Друкаваліся творы Я. Купалы (вершы «Моладзі», «Страшны вір», «Вясна», «Запела вясна сваю песню», «З вясной»), Я. Коласа (верш «Наша гуменца», апавяданні «Малады дубок», «Казкі жыцця» і іншыя), З. Бядулі (апавяданне «Буслы»), нарысы і апавяданні У. Галубка (некаторыя пад крыптанімам Г-у-к), вершы, апавяданні і драматычныя абразкі А. Паўловіча, Я. Журбы, А. Петрашкевіча, К. Буйло, Ц. Гартнага, М. Арла, Ядвігіна Ш., А. Жыгалкі, В. Лявіцкай. Даследаванню гісторыі і культуры прысвечаны нарысы У. Галубка «Сляды старыны» пра старадаўнія замкі, Власта (В. Ластоўскага) «Якога мы роду-племені» пра станаўленне беларускай народнасці і дзяржавы, успаміны Я. Тараса (Б. Тарашкевіча) пра У. Эпімаха-Шыпілу, артыкул А. Уласава «Вялікі Бацька Украіны» пра Т. Шаўчэнку (падпісаны крыптанімам А. У.), «Фрыдрык Містраль» (нарыс пра французскага паэта, без подпісу). Змяшчала навукова-папулярныя артыкулы па прыродазнаўстве: «Вадаспады» і «Вулкан» А. Паўловіча, «Гутаркі аб птушках», «Газа» і «Пералётныя птушкі» Цёткі (пад псеўданімам Мацей Крапіўка), пра сусветныя навуковыя адкрыцці («Радый» Цёткі пад крыптанімам К-ая, «Сіла з народу» Л. Гмырака), атмасферныя з’явы («Аб той вадзе, што падае з неба» У. Рышкевіча пад крыптанімам В. Р-іч; «Паветра» А. Балкоўскага пад крыптанімам А. Бол-і), а таксама этнаграфічныя і дарожныя нататкі («З дарогі» Цёткі пад псеўданімам Ангелька), матэрыялы пра асновы эканомікі (нарысы А. Жывіцы «Даўнейшая натуральная гаспадарка і цяперашняе царства рубля», «Капітал», «Як цана робіцца і што яна азначае»); рэкламавала беларускія кнігі, газеты і часопісы. Мела старонкі «Паштовая скрынка», «Шарады і народныя гульні», выяўленчыя творы.
Выйшла 6 кніжак. У 1914 годзе рэдакцыя часопіса выпусціла зборнік апавяданняў у перакладзе з польскай мовы[1].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Беларусь 1995.
- ↑ БелЭн 1999.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Говін С. В. «Лучынка» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 380. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Конан У. М. «Лучынка» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 406. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- «Лучы́нка» // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 439. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.