Кіпр (рымская правінцыя)
Кіпр | |
---|---|
лац.: Cyprus | |
Краіна | |
Адміністрацыйны цэнтр | |
Дата ўтварэння | 58 да н.э. |
Дата скасавання | 688 |
Кіпр — рымская правінцыя. У складзе Рэспублікі востраў знаходзіўся з 58 года да н.э., але першапачаткова быў часткай правінцыі Кілікія. Паводле Страбона, востраў быў далучаны да ўладанняў Рыма таму, што Клодзій падтрымаў мясцовае паўстанне супраць Пталамеяў. Вядомы стоік і строгі прыхільнік канстытуцыйнай формы кіравання Катон Малодшы быў пасланы кіраваць анексаваным Кіпрам і ўсталяваць там сістэму рымскага права. Ён абараніў Кіпр ад земляробчых падаткаў, якія душылі рэспубліканскія правінцыі Старажытнага Рыма.
Пасля завяршэння грамадзянскай вайны, якая фактычна паклала канец Рымскай рэспубліцы, Марк Антоній аддаў востраў Клеапатры (у 47 годзе да н.э.). Аднак неўзабаве, пасля паражэння Марка Антонія ў бітве пры Акцыуме (31 да н.э.), Кіпр, разам з Егіптам, ізноў увайшоў у склад старажытнарымскай дзяржавы. У 22 годзе да н.э. Кіпр стаў сенацкай правінцыяй.
Рымскі мір толькі двойчы парушаўся на Кіпры за тры стагоддзі, якія ён быў рымскай правінцыяй.
Першае сур’ёзнае паўстанне адбылося ў 115—116 гадах і было арганізавана яўрэямі, натхнёнымі надзеямі на Месію[1]. Яго правадыром быў нехта Артэміён, яўрэй з эліністычным імем, што было звычайна практыкай таго часу. Востраў панёс вялікія страты ў гэтай вайне: лічыцца што было забіта 240 000 грэчаскіх і рымскіх пасяленцаў, хоць, хутчэй за ўсё, гэта колькасць моцна завышана. Пасля таго, як былі пасланы войскі і задушана паўстанне, быў ўведзены закон, які забараняў яўрэям сыходзіць на Кіпрскую зямлю нават у выпадку караблекрушэння.
Другое паўстанне справакаваў у 333—334 гадах Калокер, які выступаў супраць Канстанціна I. Яно завяршылася з прыбыццём на востраў войскаў пад правадырствам консула Флавія Далмацыя Старэйшага і смерцю Калокера.
У пачатку IV стагоддзя некалькі землетрасенняў прывялі да разбурэння Саламіна, што разам з голадам і засухай амаль спустошыла востраў.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх