Кафізма
Кафізма (грэч. κάθισμα), у богаслужэбнай традыцыі праваслаўя і грэка-каталіцтва — раздзел Псалтыра.
Склад і спосаб чытання
[правіць | правіць зыходнік]Псалтыр падзелены на 20 кафізм такім чынам, каб усе кафізмы былі прыблізна аднолькавай даўжыні. Таму розныя кафізмы ўтрымоўваюць розны лік псалмоў. Больш за ўсё псалмоў у 18-й кафізме, туды ўключаныя 15 псалмоў (псалмы 119—133)[1], названыя «песнямі ступеней». Кафізма 17-я, наадварот, утрымоўвае толькі адзін псалом, падзелены на 3 часткі. Гэта псалом 118.
Кожная кафізма, у сваю чаргу, дзеліцца на тры часткі, названыя «стаціі» (грэч. στασεις) або «славы». Гэта другая назва паходзіць ад усхвалення, якое прынята чытаць паміж славамі (якое пачынаецца словамі «Слава Айцу і Сыну, і Святому Духу…»).
Такім чынам, дзяленне псалтыра на кафізмы можа быць прадстаўлена наступнай табліцай:
Кафізма | 1 Слава | 2 Слава | 3 Слава |
---|---|---|---|
I | 1-3 | 4-6 | 7-8 |
II | 9-10 | 11-13 | 14-16 |
III | 17 | 18-20 | 21-23 |
IV | 24-26 | 27-29 | 30-31 |
V | 32-33 | 34-35 | 36 |
VI | 37-39 | 40-42 | 43-45 |
VII | 40-48 | 49-50 | 51-54 |
VIII | 55-57 | 58-60 | 61-63 |
IX | 64-66 | 67 | 68-69 |
X | 70-71 | 72-73 | 74-76 |
XI | 77 | 78-80 | 81-84 |
XII | 85-87 | 88 | 89-90 |
XIII | 91-93 | 94-96 | 97-100 |
XIV | 101-102 | 103 | 104 |
XV | 105 | 106 | 107-108 |
XVI | 109-111 | 112-114 | 115-117 |
XVII | 118:1-72 | 118:73-131 | 118:132-176 |
XVIII | 119-123 | 124-128 | 129-133 |
XIX | 134-136 | 137-139 | 140-142 |
XX | 143-144 | 145-147 | 148-150 |
Псалом 151, які ёсць у грэчаскай і, адпаведна, славянскай Бібліі, прымыкае да канца 20-й кафізмы; у храмавым богаслужэнні, аднак, ён не выкарыстоўваецца.
Богаслужэбнае ўжыванне
[правіць | правіць зыходнік]У храме
[правіць | правіць зыходнік]Для богаслужэбнага выкарыстання Псалтыр размеркаваны паміж вячэрняй і ютранню такім чынам, каб на працягу тыдня прачытваліся ўсе 20 кафізм. У нармальным выпадку кафізмы чытаюцца запар, адна на вячэрні, дзве на ютрані, пры гэтым прымаюцца да ўвагі наступныя меркаванні:
- Тыдзень пачынаецца з нядзелі, таму першая кафізма чытаецца на нядзельнай вячэрні, г. зн. у суботу вечарам.
- У свята, калі напярэдадні служылася Усяночнае дбанне, кафізмы на вячэрні не чытаецца. Паколькі Статут мяркуе здзяйсненне дбання напярэдадні кожнай нядзелі, у нядзелю вечарам кафізмы не бывае.
- 17-я кафізма, «бязгрэшная», павінна была б чытацца раніцай у пятніцу. Паколькі, аднак, у будныя дні гэтая кафізма ўжо чытаецца на палуночніцы, то яна (разам з папярэдняй ёй 16-й кафізмай) пераносіцца на суботу.
Адпаведна, размеркаванне кафізм у звычайныя перыяды года выглядае наступным чынам (вячэрня ў дадзенай табліцы адносіцца да літургічнага дня, г. зн., напрыклад, нядзельная вячэрня — гэта вячэрня ў суботу вечарам):
Дзень | Вячэрня | Ютрань |
---|---|---|
Няд | 1 | 2, 3, (17)[2] |
Пн | — | 4, 5 |
Аўт | 6 | 7, 8 |
Сер | 9 | 10, 11 |
Чац | 12 | 13, 14 |
Пят | 15 | 19, 20 |
Суб | 18 | 16, 17 |
На вячэрні свята, якое мае паліелей або вышэй, радавая кафізма пакідаецца, а замест яе спяваецца тая ж першая кафізма, што і на нядзельнай вячэрні, але толькі першая яе стація (т.зв. «Блажен муж»). На вячэрні напярэдадні вялікіх Гасподніх свят кафізмы не бывае зусім (за выключэннем вечара суботы, калі патрэбна 1-я кафізма, і вечара нядзелі, калі спяваецца «Блажен муж»). Кафізмы на ютрані патрэбна чытаць заўсёды, нават у вялікія святы (за выключэннем Велікоднай сядміцы, якая мае спецыяльны богаслужэбны статут).
У асенне-зімні перыяд года (з 22 верасня па 20 снежня і ад 15 студзеня да суботы ў сядміцы мытара і фарысея) парадак чытання кафізм некалькі змяняецца. Кафізма, неабходная ў будныя дні на вячэрні, пераносіцца на ютрань таго ж (каляндарнага) дня, такім чынам, на ютрані чытаецца 3 кафізмы, а на вячэрні — заўсёды кафізма 18. Пры гэтым у пятніцу і суботу на ютрані па-ранейшаму дзве кафізмы, у суботу ўвечар па-ранейшаму 1-я кафізма, і ў нядзелю ўвечар па-ранейшаму кафізмы няма.
Спецыяльны расклад чытання кафізм выкарыстоўваецца ў час Вялікага посту. У гэты перыяд Псалтыр прачытваецца на працягу тыдня не адзін, а два разы. Для дасягнення гэтай мэты кафізмы чытаюць не толькі на вячэрні і ютрані, але і на гадзінах, пасля звычайных псалмоў. Ва ўсе сядміцы Вялікага посту, акрамя пятай, выкарыстоўваецца наступны расклад:
Дзень | Вячэрня | Ютрань | 1 Гадзіна | 3 Гадзіна | 6 Гадзіна | 9 Гадзіна |
---|---|---|---|---|---|---|
Няд | 1 | 2, 3 | — | — | — | — |
Пан | — | 4, 5, 6 | — | 7 | 8 | 9 |
Аўт | 18 | 10, 11, 12 | 13 | 14 | 15 | 16 |
Сер | 18 | 19, 20, 1 | 2 | 3 | 4 | 5 |
Чац | 18 | 6, 7 ,8 | 9 | 10 | 11 | 12 |
Пят | 18 | 13, 14, 15 | — | 19 | 20 | — |
Суб | 18 | 16, 17 | — | — | — | — |
На пятай сядміцы Вялікага посту ў чацвер чытаецца Вялікі канон прп. Андрэя Крыцкага. З прычыны гэтага расклад на гэтай сядміцы перабудаваны такім чынам, каб на ютрань чацвярга прыходзілася толькі адна кафізма. Ёсць таксама альтэрнатыўны расклад, для тых выпадкаў, калі на чацвер прыходзіцца Дабравешчанне і чытанне Вялікага канона пераносіцца на аўторак.
На Страсной сядміцы Псалтыр прачытваецца адзін раз, з панядзелка па сераду ўключна, пасля чаго чытанне кафізм пакідаецца цалкам (за выключэннем Бязгрэшных, якія пяюцца з хвалой на ютрані Вялікай Суботы).
На Светлай сядміцы кафізмы не чытаюцца.
У дамашняй (келейнай) малітве
[правіць | правіць зыходнік]Псалтыр таксама шырока выкарыстоўваецца ў дамашняй або келейнай малітве. Яна можа чытацца альбо як замена храмавага набажэнства, якое вернік не змог наведаць, альбо самастойна, як частка малітоўнага правіла. Для гэтай мэты ў большасці выданняў праваслаўнага Псалтыра пасля кафізм друкуюцца адмысловыя пакутныя трапары і малітвы.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Кафізма (руск.)
- Псалтыр у богаслужэнні (руск.)
Зноскі
- ↑ Тут і далей нумарацыя псалмоў прыводзіцца паводле Септуагінты.
- ↑ Павінна чытацца ў вызначаныя перыяды года, на практыцы, аднак, у большасці выпадкаў замяняецца паліелеем.