Перайсці да зместу

Зыгмунт Мінейка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зыгмунт Мінейка
польск.: Zygmunt Mineyko
Род дзейнасці ваенны, класічны археолаг, журналіст, палітык, палітычны актывіст, інжынер у цывільным будаўніцтве, афіцэр
Дата нараджэння 1840[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці снежань 1925 ці 27 снежня 1925(1925-12-27)[3]
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Станіслаў Ежы Мінейка[d][4]
Маці Cecylia Chrzczonowicz[d][4]
Дзеці Соф’я Мінейка[d]
Альма-матар
Бітвы/войны
Узнагароды і прэміі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Зыгмунт (Сігізмунд) Станіслававіч Мінейка, або Мінейка-Газдава (польск.: Zygmunt Mineyko; 14 мая 1840, Вільня — 27 снежня 1925, Афіны, Грэцыя; псеўданім: Баравы) — кіраўнік паўстання 1863—1864 гадоў у Ашмянскім павеце.

У 1852—1858 гадах Зыгмунт вучыўся ў гімназіі ў Вільні (у тыя ж гады вучнем гімназіі быў Францішак Багушэвіч[5]), а пасля яе заканчэння паступіў у Мікалаеўскае інжынернае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу[6], аднак ў 1861 годзе ён вярнуўся дадому, дзе прыняў ўдзел у польскіх маніфестацыях і агітацыі сярод сялян. Сярод іншага, Мінейка, пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, распаўсюджваў беларускі ананімны сатырычны твор «Гутарка старога дзеда». Ратуючыся ад арышту, Зыгмунт пакінуў Расейскую імперыю і прыбыў у Геную, дзе паступіў у Польскую ваенную школу, заснаваную Джузэпэ Гарыбальдзі. Пазней Мінейка чытаў там лекцыі пра ваенныя умацаванні[5][7][8].

У 1863 у атрадах М. Лангевіча. Паўстанцкі ваенны начальнік Ашмянскага павета, камандзір атрада. 3(15) чэрвеня 1863 г. атрад быў разбіты пад Расолішкамі (цяпер у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці[9][10]), Мінейка палонены і прыгавораны да пакарання смерцю. Толькі праз хабар удалося змяніць прысуд на 12 гадоў катаргі ў Сібіры.

Адзін з кіраўнікоў арганізацыі ссыльных. У 1865 годзе З. Мінейка збег з катаргі разам з Вашкевічам і доктарам Акінчыцам, затым выехаў за мяжу. Скончыў акадэмію генштаба ў Парыжы (1868)[5][8].

Мінейка пражыў у Асманскай імперыі 20 гадоў. Будучы інжынерам, ён прымаў удзел у будаўніцтве чыгунак, мастоў і каналаў у Балгарыі, Фракіі, Фесаліі і Эпіры[11]. З 1891 года — у Грэцыі, удзельнічаў у вайне з Турцыяй за Крыт, быў папулярызатарам Алімпійскіх гульняў 1896 года ў Афінах, адкуль пісаў рэпартажы ў польскія газеты[5].

Першы раз пасля ўцёкаў з Сібіры наведаў радзіму ў 1911 годзе[12]. У 1922 і 1923 гадах наведаў Польшчу, дзе сустрэўся з маршалам Пілсудскім і атрымаў узнагароды за ўдзел у паўстанні 1863 года[13].

Ганаровы грамадзянін Грэцыі. Аўтар успамінаў.

Масон; быў у масонскіх ложах Расійскай імперыі, Францыі, Італіі, Грэцыі. На пахаванне Мінейкі ў Афінах прыехалі тысячы масонаў[8].

Ажаніўся з грачанкай Празерпінай Манарыс, іх дачка Зоф’я — жонка Георгіяса Папандрэу-старэйшага (1888—1968), вядомага палітыка, прэм’ер-міністра ўрада Грэцыі ў эміграцыі (1944—1945), а таксама ў 1963—1965 гадах.

Сын Георгіяса — Андрэас Папандрэу (1919—1996) быў стваральнікам PASOK, прэм’ерам Грэцыі ў 1981—1989 і 1993—1996 гадах. Праўнукам Зыгмунта Мінейкі з’яўляецца вядомы грэчаскі палітык, кіраўнік Усягрэчаскага сацыялістычнага руху (PASOK), прэм’ер-міністр Грэцыі ў 2009—2011 гадах Георгіяс Папандрэу-малодшы[14].

У гонар Мінейкі названыя сярэдняя школа пры пасольстве Польшчы ў Афінах[15] і вуліца ў Ашмянах[16].

Зыгмут Мінейка згадваецца ў рамане Тадэвуша Канвіцкага «Польскі комплекс» (1977)[17].

  • Zygmunt Mineyko. Z tajgi pod Akropol: Wspomnienia z lat 1848—1868 (польск.) / Oprac.: Eligiusz Kozłowski i Kazimierz Olszański. Przedm. i przypisy Eligiusz Kozłowski.. — Warszawa: Pax, 1971. — 551 с.
  • Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль: успаміны з 1848—1866 гадоў (бел.) / пераклад, укладанне, прадмова, каментары Марыны Запартыкі. — Мінск: Лімарыус, 2017. — 568, [2] с. — (Беларуская мемуарная бібліятэка). — 300 экз. — ISBN 978-985-6968-65-8.

Зноскі

  1. Swartz A. Zygmunt Mineyko — 2007.
  2. Zygmunt Mineyko // opac.vatlib.it
  3. Library of Congress AuthoritiesLibrary of Congress. Праверана 10 снежня 2019.
  4. а б Pas L. v. Genealogics — 2003.
  5. а б в г Кастусь Лашкевіч. TUTэйшыя ў свеце. Ліцвінскі элін — герой Грэцыі (недаступная спасылка). TUT.BY (2 красавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 18 студзеня 2021. Праверана 24 студзеня 2021.
  6. Мінейка 2017, с. 8.
  7. Inżynierowie polscy XIX i XX wieku 2001, s. 160.
  8. а б в Information about Members of the Family (англ.) (10 верасня 2001). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2020. Праверана 24 сакавіка 2021.
  9. Мінейка 2017, с. 533.
  10. Эдвард Зайкоўскі. За зямлю і за волю. Культурна-асветнiцкi клуб «Спадчына». Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2020. Праверана 24 сакавіка 2021.
  11. Jerzy Zdrada. Zygmunt Mineyko (1840—1925) and George Papandreou as family in Greece (англ.) (9 кастрычніка 1999). Архівавана з першакрыніцы 31 жніўня 2019. Праверана 24 сакавіка 2021.
  12. Борис Клейн. Олимпийский мятеж. Окончание (руск.). Русский глобус (14 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2020. Праверана 24 сакавіка 2021.
  13. Inżynierowie polscy XIX i XX wieku 2001, s. 162—163.
  14. Праўнук беларускага паўстанца стане прэм’ер-міністрам Грэцыі. Наша Ніва (4 кастрычніка 2009). Архівавана з першакрыніцы 10 кастрычніка 2009. Праверана 21 мая 2021.
  15. Historia szkoły (польск.). Zespol Szkół przy Ambasadzie RP w Atenach. Архівавана з першакрыніцы 21 мая 2019. Праверана 25 сакавіка 2021.
  16. Алина Санюк. Как наш земляк стал национальным героем Греции? (руск.). Ошмяны.info (28 жніўня 2011). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2021. Праверана 25 сакавіка 2021.
  17. The Mineyko Genealogy (англ.) (24 сакавіка 2002). Архівавана з першакрыніцы 30 студзеня 2020. Праверана 24 сакавіка 2021.