Жо́ўтая сі́таўка[1], пліска жоўтая (Motacilla flava) — невялікая стройная птушка сямейства сітаўкавых, жыве на шырокай тэрыторыі Еўропы, Азіі, Афрыкі і Аляскі. Як і іншыя віды сітавак, вылучаецца сваім доўгім хвастом, якім пастаянна калыхае з боку ў бок, а таксама яркім жоўтым апярэннем брушка ў дарослых птушак.
Даўжыня цела 16-18 см, размах крылаў 23-27 см. Верх цела аліўкава-зялёны, ніз жоўты. Афарбоўка галавы вельмі адрозніваецца ў розных падвідаў (асабліва ў гнездавы перыяд). Могуць быць формы, падобныя да горнай і жоўтагаловай плісак. У паслягнездавы перыяд афарбоўка ў абодвух полаў менш кантрастная, таму падвіды ў палявых умовах амаль не адрозніваюцца. Маладыя больш аднатонныя. Голас: кароткі шчабятлівы спеў.
Галоўныя рысы падвідаў у гнездавы перыяд:
- M. f. flava — верх галавы цёмна-папялісты, светлае брыво, чорныя бакі галавы і жоўтае горла;
- M. f. iberiae — верх галавы цёмна-папялісты, чарнаватыя шчокі, брыво не выразнае, горла белае;
- M. f. cinereocapilla — верх галавы папялісты, шчокі чарнаватыя, брыво не бачнае, горла белае;
- M. f. beema — верх галавы папялісты, светлае брыво, праз вока праходзіць чорная паласа, горла белае;
- M. f. thunbergi — верх галавы папялісты, чорныя шчокі аддзяляюцца белымі «вусамі» ад жоўтага горла;
- M. f. feldegg — галава чорная, жоўтае горла;
- M. f. lutea — галава, горла і грудзі жоўтыя, патыліца зеленаватая;
- M. f. flavissima — бакі галавы і горла жоўтыя, верх цела аліўкава-жоўты, вельмі выразнае жоўтае брыво.
Арэал: Палеарктыка (акрамя крайняй поўначы і часткі Вялікабрытаніі, а таксама часткі крайняга поўдня, Аравійскага п-ва, Гімалаяў, паўднёвага ўсходу Кітая, Карэі і Японіі), поўнач і ўсход Аляскі. На поўначы насяляе кусцістую тундру з групамі кустоў і карлікавых дрэў; у сярэдніх шыротах — лугі і пашы з адзінкавымі кустамі, у далінах рэк, палі з нізкай расліннасцю (напр., канюшына, люцэрна) і купкамі кустоў (нават далёка ад вады), пясчаныя дзюны ўздоўж рэк; на поўдні — таксама групы кустоў на ўзвышшах салёнах балот, рачныя паплавы. На Каўказе даходзіць да 2500 м, у Карпатах — да 700 м. На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.
Месца зімовак: трапічная Афрыка на поўдзень ад Сахары, Паўднёва-Усходняя Азія, Філіпіны, Зондскі і Малайскі архіпелагі. Папуляцыі з паўднёвай часткі арэала аселыя.
Гняздо ладзіць на зямлі, пад прыкрыццем густых травяністых раслін (часта на схілах яроў). Знешняя частка з кароткіх, тоўстых і завялых сцёблаў і лістоў траў, якія выступаюць у розныя бакі па-за краі гнязда, сярэдняя частка — з вузейшых лістоў траў; высцілка з тонкіх, сухіх травінак і даволі тоўстага слоя валосся.
Яйкі (4-6, часам 3-7) пераважна сярэднепадоўжаныя з даволі вострым вузейшым канцом, жаўтаватыя, бела-карычневыя або шаравата-белыя з вельмі густымі і дробнымі светла-карычневымі плямкамі, якія часта закрываюць фон, часам прысутнічаюць цёмныя воласападобныя штрышкі.
- ↑ Жоўтая сітаўка ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.14. Мн., 2002, С.423, арт.Сітаўкі
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.