Перайсці да зместу

Дэтэктыў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дэтэктыў (англ.: detective, ад лац.: detego — раскрываю, выкрываю) — пераважна літаратурны і кінематаграфічны жанр, творы якога апісваюць працэс даследавання загадкавага здарэння з мэтай высвятлення яго акалічнасцяў і раскрыцця загадкі. Звычайна ў якасці такога здарэння выступае злачынства, і дэтэктыў апісвае яго расследаванне і вызначэнне вінаватых, у такім разе канфлікт будуецца на сутыкненні справядлівасці з беззаконнем, якія завяршаюцца перамогай справядлівасці.

Першымі творамі дэтэктыўнага жанру прынята лічыць апавяданні Эдгара По (напісаныя ў 1840-х гадах), які ў сваіх творах заклаў форму і асаблівасці гэтага жанру.[1] По быў пачынальнікам інтэлектуальнага (паказ працэсу расследавання злачынства), а У. Колінз — прыгодніцкага (нанізванне драматычных эпізодаў) сюжэтных тыпаў дэтэктываў.

Значны ўклад у развіццё дэтэктыўнай літаратуры зрабілі А. К. Грын (ЗША), Э. Габарыо, Г. Леру (Францыя), асабліва А. К. Дойл (Вялікабрытанія), які стварыў вядомы вобраз прыватнага дэтэктыва Шэрлака Холмса.

З імем англійскага пісьменніка Г. К. Чэстэртана звязана паяўленне т. зв. «інтуітыўнага дэтэктыва», заснаванага на здагадцы і інтуітыўным пранікненні ў псіхіку злачынцы. Найбольшага поспеху ў развіцці такога роду дэтэктыва дасягнулі Агата Крысці і Ж. Сіменон.

Пасля другой сусветнай вайны на Захадзе пашырыўся т. зв. «чорны дэтэктыў», у аснове якога апісанне самога злачынства са сцэнамі забойстваў, насілля і інш.(М. Спілейн, ЗША).

Сярод рускіх пісьменнікаў у жанры дэтэктыва працавалі А. Р. Адамаў, Ю. С. Сямёнаў, браты А. А. і Г. А. Вайнеры і інш.[2]

Гісторыя ж беларускага дэтэктыву бярэ свой пачатак значна пазней, але, нягледзячы на гэта, беларускі дэтэктыў дастаткова хутка прайшоў асноўныя эвалюцыйныя моманты дынамікі жанру — ад дэтэктыва класічнага тыпа да сучаснага і да дэтэктыва, які стаіць на сумежжы з іншымі літаратурнымі жанрамі[1].

Зноскі

  1. а б Алег Грушэцкі Беларускі дэтэктыў. Міфы і рэальнасць // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: Саюз пісьменнікаў Беларусі, 18 ліпеня 2014. — В. 4777. — № 28. — С. 6. — ISSN 0024-4686. Архівавана з першакрыніцы 22 ліпеня 2014.
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).