Дэлас
Дэлас | |
---|---|
грэч. Δήλος | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 3,43 км² |
Насельніцтва | 14 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 4,08 чал./км² |
Размяшчэнне | |
37°23′57″ пн. ш. 25°15′59″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Эгейскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дэ́лас (грэч. Δήλος) — востраў у Эгейскім моры. Уваходзіць у склад Грэцыі. Агульная плошча — 3,43 км². Насельніцтва — 14 чал. (2001 г.). Адыгрываў надзвычайную ролю ў гісторыі і культуры Старажытнай Грэцыі.
Міфалогія
[правіць | правіць зыходнік]У старажытнагрэчаскай міфалогіі востраў Дэлас быў месцам нараджэння двайнят Артэміды і Апалона. Згодна міфу, востраў першапачаткова ўяўляў сабою плывучую скалу, у якую была пераўтворана тытаніда Астэрыя. Скала была нябачнай, таму звалася Адэлас (стар.-грэч.: Αδῆλος, літаральна «схаваная»).
Зеўс дамагаўся сястру Астэрыі, Лета. Калі пра сувязь паміж богам і тытанідай стала вядома яго жонцы Геры, тая прыклала шмат намаганняў, каб пазбавіцца ад суперніцы. Зеўс звярнуўся за дапамогай да Пасейдона. Марскі валадар вылавіў у акіяне Адэлас, зачапіў яе да дна чатырма дыяментавымі слупамі і зрабіў бачным, адкуль і пайшла назва Дэлас (стар.-грэч.: Δῆλος).
У міфах першародны Дэлас быў надзвычай багатым на прыроду, таму Лета здолела на ім адпачыць і вынасіць дзяцей Зеўса. Першай была народжана Артэміда каля невялікага возера на паўночнай частцы вострава, дзе расла пальма. Праз дзевяць дзён на гары Кінф (Цынфус — самы высокі пункт на востраве, 112 м) нарадзіўся Апалон. Маленькая Артэміда дапамагала маці ў родах.
Дэлас лічыўся адным з найважнейшых рэлігійных цэнтраў Старажытнай Грэцыі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Археолагамі выяўлена, што першыя пасяленні ўзніклі на Дэласе ў 3 тысячагоддзі да н. э. Магчыма, іх узвялі пеласгі або карыйцы. У 2 тысячагоддзі да н. э. тут з'явіліся прадстаўнікі мікенскай ахейскай культуры. На мяжы 2 тысячагоддзя — 1 тысячагоддзя да н. э. востраў насялілі іанійцы. Яны пабудавалі на ім храмы ў гонар Артэміды і Апалона, стварылі саюз з жыхарамі суседніх Кікладскіх астравоў для абароны і недатыкальнасці свяцілішчаў. Да V ст. да н. э. у саюз увайшлі амаль усе іанійскія полісы. У 478 - 454 гг. да н. э. храм Апалона з'яўляўся галоўным цэнтрам Дэласкага марскога саюза. У 425 г. да н. э. афіняне для захавання святой чысціні вострава ўвялі забарону нараджацца і паміраць на Дэласе. Адсюль былі выдалены ўсе магільні.
У эпоху македонскага панавання Дэлас быў пераўтвораны ў буйны гандлёвы поліс. У 166 г. да н. э. яго захапілі рымляне і абвясцілі вольным портам. Хаця на востраве з-за яго малых памераў не было зямлі для земляробства, і існавала нястача пітной вады, насельніцтва хутка расло і дасягнула 25 тысяч чал. Сюды пераязджалі гандляры не толькі з Грэцыі і Італіі, але таксама Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу. Але перанаселенасць адмоўна паўплывала на мясцовую экалогію.
У I ст. да н. э. гандлёвая калонія на Дэласе моцна пацярпела ад нашэсця Мітрыдата Еўпатара. Асноўным гандлёвым цэнтрам ва Усходнім Міжземнамор'і стаў Родас, куды перамясціліся найбольш значныя гандляры. Гэта прывяло да эканамічнага заняпаду Дэласа. Распаўсюджанне хрысціянства прыпыніла рэлігійныя культы Артэміды і Апалона. З VIII ст. н. э. храмы і рэшткі горада не аднойчы рабаваліся іншаземцамі і піратамі. Асабліва значныя разбурэнні адбыліся пасля захопу Дэласа туркамі ў XV ст.
У 1872 г. французскія навукоўцы арганізавалі на востраве першыя археалагічныя раскопкі.
Ахова
[правіць | правіць зыходнік]У 1990 г. Дэлас быў унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Панарама Паўночнага Дэласа
-
Панарама Заходняга Дэласа
-
Паўднёвы Дэлас
-
Будынак археалагічнага музея
-
Свяшчэнная дарога
-
Гераіон
-
Дом Гермеса
-
Месца захавання вады
-
Мінойскі фантан
-
Тэраса львоў
-
Мазаіка
-
Эратычныя сімвалы ўрадлівасці
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Востраў Дэлас на сайце ЮНЕСКА
- Сайт міністэрства культуры Грэцыі
- Гісторыя і археалогія
- Міфалогія і гісторыя Архівавана 19 верасня 2013.
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 530 рус. • англ. • фр. |