Дом купца Аношкі
Жылы дом | |
Дом купца Аношкі | |
---|---|
53°53′58″ пн. ш. 30°20′20″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | |
Архітэктурны стыль | архітэктура барока[d] |
Дата пабудовы | 1698 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000026 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом купца Аношкі — помнік архітэктуры барока ў Магілёве, узведзены ў канцы XVIII ст. Размешчаны па адрасе вул. Ленінская, 37. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Узведзены ў 1698 г. з цэглы ў стылі барока. Дом належаў багатай сям’і магілёўскіх купцоў Аношкаў[2]. Як адзін з найлепшых у горадзе быў прадстаўлены губернскімі ўладамі для пражывання аўстрыйскаму імператару Іосіфу II, што прыбыў у Магілёў для сустрэчы з расійскай імператрыцай Кацярынай II у маі 1780 года[2], праз 8 гадоў пасля ўваходжання Магілёва ў склад Расійскай імперыі. Пра сустрэчу нагадвае памятная дошка на будынку[3].
З 1815 года да 1917 года ў будынку размяшчаўся Магілёўскі дваранскі сход[2].
Рашэнне аб адкрыцці ў Магілёве філіяла Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, прысвечанага найбуйнейшаму пейзажысту ХХ стагоддзя, ураджэнцу Магілёўскай губерніі Вітольду Каэтанавічу Бялыніцкаму-Бірулю (1872—1957), было прынята ў 1977 годзе. Паколькі дом у маёнтку Крынкі каля Бялынічаў, дзе нарадзіўся мастак, не захаваўся, для размяшчэння музея быў абраны двухпавярховы дом Аношкаў. У 1977—1979 гадах адбывалася рэканструкцыя будынка, у ходзе якой быў надбудаваны трэці паверх[2]. 24 снежня 1982 года ў будынку адкрыты мемарыяльны музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі.
У чэрвені 2013 года пачаўся капітальны рамонт будынка, які мусіў быць скончыцца ў снежні 2014 года[4]. 25 верасня 2017 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, паводле якога на завяршэнне капітальнага рамонту было выдзелена звыш 598 тысяч рублёў з фонду прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва[5].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Дом уяўляе сабой трохпавярховы з падвальным паверхам будынак прамавугольны ў плане, накрыты ламаным дахам, трэці паверх — мансарда, якая надбудавана падчас рэканструкцыі. Цэнтральная частка фасада завершана атыкам лучковага абрысу з люкарнай у тымпане.
У цэнтры фасада галоўны ўваход вылучаны лучковай аркай, над якой невялікі балкон з металічнай ажурнай агароджай. Праём балконных дзвярэй аформлены лучковым парталам. Фасады раскрапаваны лапаткамі, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі і падаконнымі нішамі. На галоўным фасадзе міжаконныя прасценкі паміж вокнамі першага і другога паверхаў аздоблены філёнгамі. Па перыметры пад дахам праходзіць шырокі прафіляваны карніз. Унутраная планіроўка зменена. Першы паверх і падвал перакрыты скляпеннямі, другі паверх мае бэлячныя перакрыцці.
Зноскі
- ↑ Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ а б в г Філіял «Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі» у г. Магілёве. Гісторыя музея Архівавана 22 студзеня 2021.
- ↑ Выява шыльды
- ↑ Пашпарт аб’кта
- ↑ На рамонт музэю ў Магілёве пайшло амаль удвая больш, чым на Крэўскі замак і Каложу
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом купца Аношкі
- Дом купца Аношкі на сайце Глобус Беларусі (руск.)