Даўжыня ад 2-3 мм да 1,5 м, маса да 250 кг (трыдакна). Ракавіна з дзвюх створак (адсюль назва). Галаўны аддзел адсутнічае. На спінным боку створкі звязаны эластычнай перамычкай (лігаментам), унутры — 1-2 мышцамі-замыкальнікамі (адуктарамі). У большасці двухстворкавых малюскаў патоўшчаны спінны край створак мае выступы (зубы), сукупнасць якіх утварае т.зв. замос. Створкі ракавіны ўнутры высланы 2 скурнымі складкамі — «мантыяй», між імі і целам мантыйная поласць. У некаторых малюскаў (жамчужніцы, мідыі, бяззубкі) іншародныя часцінкі, што трапляюць у поласць, абвалакваюцца слаямі перламутру і пераўгвараюцца ў жэмчуг. На брушным боку цела ў большасці відаў ёсць мускулісты выраст — нага, у многіх з бісусавай залозай, якая выдзяляе трывалыя ніці (бісус), з іх дапамогай малюск лрымацоўваецца да субстрату.
Падзяляюцца на 3 надатрады, 14 атрадаў, 130 сучасных сямействаў, каля 1 тыс. родаў, 20 тыс. відаў. Пашыраны ў прэсных вадаёмах, саленаватых азёрах, у акіянах і морах Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. Донныя маларухомыя жывёлы. На Беларусі найбольш вядомы прадстаўнікі з родаў гарошынкі і шароўкі (каля 30 відаў), бяззубкі і перлаўкі.