Вялікая перабудова Парыжа
Пераўтварэнні ў Парыжы ў перыяд Другой імперыі, у 1852-1870 — горадабудаўнічыя работы прэфекта дэпартамента Сена барона Асмана (Хаусмана) па даручэнні Напалеона III, якія ў значнай ступені вызначылі сучасны выгляд Парыжа. Перапланіроўка горада ўключала ў сябе не толькі змяненне яго знешняга выгляду, але і моцна палепшыла яго інфраструктуру.
Неабходнасць пераменаў, мадэрнізацыі сярэднявечнага горада, наспела ўжо даўно. Пачынаючы з першай паловы 18 стагоддзя ўлады горада задумваліся аб неабходнасці перабудаваць цэнтр Парыжа, а менавіта: акультурыць набярэжныя Сены і знесці дамы, пабудаваныя на мастах. У гады інтэнсіўнага індустрыяльнага развіцця Францыі і ў першую чаргу Парыжа насельніцтва горада расло выключна хуткімі тэмпамі — за адно стагоддзе насельніцтва ўзрасла ў пяць разоў — з 0,5 млн. у 1800 да 2,7 млн. у 1901. У некаторых кварталах шчыльнасць насельніцтва дасягнула 100 тыс. чалавек на км². Горад быў не прызначаны для такой вялікай колькасці жыхароў: сетка вузкіх крывых вуліц, шчыльна забудаваных будынкамі, абцяжарвала дарожны рух, а дрэнныя санітарныя ўмовы вялі да частых успышак эпідэмій, што, у сваю чаргу, прыводзіла да таго, што багатыя парыжане пакідалі горад і перасяляліся ў прыгарады на поўнач і захад, а цэнтр сталіцы ператварыўся ў квартал беднякоў, падвержаны таксама і частым сацыяльным хваляванням. Для ліквідацыі падобных праблем патрабавалася вялікая перапланіроўка.
Паспяховае рашэнне пытання перабудовы Парыжа пачалося толькі з прыходам да ўлады Напалеона ІІІ. За ўзор быў узяты Лондан, дзе прамысловая рэвалюцыя адбылася раней, і які ўжо меў развітую сетку транспарту, каналізацыі і вялікія грамадскія паркі, пабудаваныя пасля Вялікага лрнданскага пажару 1666. Для ажыццяўлення задуманага праекту Напалеон III у 1853 прызначыў прэфектам дэпартамента Сена барона Жоржа Эжэна Асмана, вядомага сваёй паслядоўнасцю і строгасцю. Міністр унутраных спраў герцаг Персіньі, які прадставіў Асмана Напалеону, загадваў фінансавымі справамі праекта, з дапамогай братоў Пер'е. Інжынер Жан-Шарль Альфан сумесна з садоўнікам Барыйе-Дэшанам займаліся добраўпарадкаваннем паркаў і садоў. Таксама над праектам працавалі іншыя архітэктары: Габрыэль Даўю над тэатрамі на плошчы Шатло, Тэадор Баллю над будынкам мэрыі, Віктор Бальтар над крытымі рынкамі ў квартале Ле-Аль і Жак Хіторф над будаўніцтвам Паўночнага вакзала.
Для забеспячэння руху транспарту Асман праклаў шырокія праспекты скрозь існуючыя кварталы. На месцы заблытаных вузкіх вулачак паўстала геаметрычная сетка шырокіх, прамых і светлых авеню і бульвараў. Шырыня бульвараў даходзіла да 30 м.
Натхнёны прыгажосцю і разнастайнасцю лонданскіх паркаў, Напалеон III наняў Альфана для збудавання зялёных насаджэнняў у Парыжы. На заходняй і ўсходняй межах Парыжа былі створаны «лёгкія» горада — адпаведна Булонскі і Венсенскі лес. У межах горада размясціліся паркі Бют-Шамон, Монс і Мансуры. Таксама ў кожным квартале былі разбітыя скверы, а ўздоўж авеню высаджаны дрэвы.
Была пабудаваная новая сістэма водазабеспячэння і водаадвядзення Парыжа. Агульная працягласць каналізацыйнай сеткі горада за час Вялікай перабудовы вырасла амаль у 20 разоў і дасягнула 600 км у 1878.
Перабудова не абмежавалася планіроўкай вуліц і інфраструктуры, але таксама прадыктавала і змяненне выгляду дамоў. Вулічныя кварталы сталі разглядацца як гамагенныя архітэктурныя адзінкі, а будынкі перасталі ўспрымаца як самастойныя структуры. Тыповы фасад хаўсманаўскага парыжскага дома складаецца з наступных элементаў:
- масіўны, грузны першы паверх
- другі паверх як працяг (надбудова) першага
- трэці, «шляхетны», паверх з балконамі
- чацвёрты і пяты паверхі ў тым самым стылі, але з менш складанай каменнай кладкай вакол вокнаў
- шосты паверх з адзіным неразрыўным недэкарыраваным балконам
- мансардны дах пад вуглом 45°.
Вялікая перабудова Парыжа на Вікісховішчы |