Веліжскае паўстанне
Веліжскае паўстанне | |||
---|---|---|---|
Дата | лістапад 1918 года | ||
Месца | Веліжскі павет, Бельскі павет, Віцебскі павет | ||
Прычына | Незадаволенасць мабілізацыяй, жаданне аднаўлення манархіі. | ||
Вынік | перамога бальшавікоў | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Веліжскае паўстанне — антысавецкае паўстанне, якое адбылося ў лістападзе 1918 года ў Веліжскім павеце Віцебскай губерні, большую частку Парэцкага і Бельскага паветаў Смаленскай і часткова Віцебскі павет Віцебскай губерні.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У чэрвені 1918 г. Усерасійская надзвычайная камісія (ВЧК РСФСР) расстраляла ў Веліжы 3 беларусаў і 2 немцаў (агранома Шаганава, кажамяку Крупскага, гандляра Турыка, натарыуса Нормана і тэхніка Бранта). Шосты, літовец ксёндз Петрапаўлаўскага касцёла Будрыс, паводле сцверджанняў УНК уцёк, і яго асудзілі да расстрэлу завочна.[1] Паводле УНК гэтыя 6 чалавек падрыхтоўвалі «контррэвалюцыйны мяцеж» супраць «улады рабочых і сялян» і былі яго штабам.
Прычыны і падзеі
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку лістапада 1918 года ў Веліжы пачалася мабілізацыя сярод сялян у Чырвоную армію. 10 лістапада 1918 г., калі скончылася ўрачыстае святкаванне першай гадавіны Кастрычніцкага перавароту, павятовы ваенны камісар абвясціў мабілізаваным, што заўтра яны накіроўваюцца на фронт супраць чэхаславакаў. Пасля гэтага ўсе мабілізаваныя і мясцовыя жыхары выйшлі на Рынкавую плошчу, і перад будынкам павятовага выканкама патрабавалі адмены харчпадатку і ліквідацыі голаду ў павеце. Мабілізаваныя пачалі арыштоўваць і саджаць у турмы ўсіх павятовых дзяржаўных і партыйных функцыянераў. Таксама яны падпалілі дом-камуну, дзе размясціліся «адказныя работнікі партыі і ўрада». У паўстанні ўдзельнічалі настаўнікі, святары, гімназісты, сяляне, стараверы, жыхары латышскіх вёсак Ільінскай воласці. 11 лістапада паўстанне пачалося таксама ў Баранаўскай і Усмынскай валасцях.
Бальшавікі ў свой час абвясцілі горад і павет на ваенным становішчы, а тым самым выканкам стаў рэўкамам. Начальнік НК Мусаеў (праз два дні забіты гімназістам-паўстанцам Лаймінгам) і ягоны памочнік Хадакоў (застрэлены праз год гімназістам-партызанам Таварасам) адразу пачалі фарміраваць роту ЧК.
15 лістапада 1918 г. паўстанцы захапілі Веліж. Паводле звестак А. Хахлова, колькасць узброеных сялян дасягала 1000 чалавек. Тым самым днём Віцебская ГубНК атрымала ад веліжскага НК тэлеграму:
У Веліжскім павеце ўзбунтавалася разагітаванае папамі кулаччо. У самым горадзе забіты начальнік ЧК таварыш Мусаеў. Усе мы змагаемся з мяцежнікамі, але спяшайцеся на дапамогу |
Большасць паўстанцаў не мелі ўзбраення. Мясцовае насельніцтва і мабілізаваныя сяляне былі ўзброены віламі, косамі, рагацінамі, шворнамі. Толькі ў некалькіх сотняў мясцовых паляўнічых былі рознакаліберныя стрэльбы. Нешматлікія былыя жаўнеры Першай сусветнай вайны мелі трохлінейныя вінтоўкі з абмежаванай колькасцю патронаў.
Ад 11 да 17 лістапада 1918 г. амаль уся Віцебская губерня была ахоплена стыхійнымі паўстаннямі. Антысавецкія паўстанні таксама разгараліся ў паветах Смаленскай губерні (Парэцкім, Бельскім) і таксама ў аддаленай Магілёўскай губерні. У Вазнясенскай воласці Віцебскага павета бальшавікі канфіскавалі 1500 вінтовак. Паўстанцы Вязьменскай воласці Полацкага павета 13 лістапада захапілі станцыю Расоны. Атрад паўстанцаў на суткі захапіў Парэчча. Быў выстаўлены лозунг «Далоў Саветы!», паўстанцы патрабавалі таксама аднаўлення манархіі.[2]
18 лістапада паўстанцы падышлі да Семічоўскага Бора (7 км ад Веліжа) і размясціліся на 60 кв. км. Пасля гэтага рэвкам змяніў ваеннае становішча ў горадзе на абложнае. Тым самым днём у Веліж прыбыў батальён Віцебскага ГубНК (складаўся з латышоў) які адразу быў накіраваны ў Семічоўскі Бор, дзе тым часам ужо ішоў бой паміж ротай веліжскага НК і паўстанцамі. У тыл паўстанцаў бальшавікі накіравалі з Невеля і Усвят т. зв. «інтэрнацыянальную брыгаду» (складалася з латышоў і кітайцаў), а са станцыі Заходняя Дзвіна ў кірунку да Ільіна — роту курсантаў Цвярской партшколы. У ходзе бою ў Семічоўскім Бары, паўстанцы разграмілі веліжскую роту НК, аднак пацярпелі паражэнне ад батальёна Віцебскага ГубНК.
У ноч з 18 на 19 лістапада невялікі конны аддзел паўстанцаў, напалову складзены з салдат і афіцэраў Станіслава Булак-Балаховіча, абмінуўшы Семічоўскі Бор і бальшавіцкія кардоны на ўскраіне Веліжа, прарваўся ў горад. Аддзел зрабіў спробу акружыць турму, аднак ацалелыя салдаты роты веліжскага ЧК поўнасцю разбілі яго. Да Сямічоўскага Бора дайшло каля трох тысяч паўстанцаў. Іншыя былі перахоплены і рассеяны бальшавіцкімі вайсковымі аддзеламі.
Паўстанне дайшло і да сяла Глазамічы, дзе 20-гадовы айцец Васіль Лузгін адправіў малебен, у якім звярнуўся да жанчын з кароткім словам:
Ня трэба плакаць. У матак і жонак ня хопіць слёз, калі бальшавікі паняволяць нашую Беларусь! Градзе чорная ноч... Можа мы пераможам, можа не, але лепш памерці ў чэсным баі за веру і Бацькаўшчыну, чым жыўцом гніць у турмах[3] |
Паўстанне канчаткова было падаўлена 23 лістапада, але асобныя групы працягвалі супраціўленне да 1925 года. Падчас здушэння паўстання быў затрыманы і расстраляны адзін з камандзіраў паўстанцаў, паручнік царскай арміі Пятрушчанкаў, другі паручнік — Акушчанкаў — уцёк і пад мянушкай «Абярон» шмат год дзейнічаў з сваёй групай у Сяртэйскай і Чэпельскай валасцях Веліжскага павета.
Арганізатары
[правіць | правіць зыходнік]Брант, Крупскі, Турык, браты Бараняты, браты Іван і Паўлюк Нілёнкі, афіцэры А. Жыгалаў і К. Жыгалаў, паручыкі царскай арміі Пятрушчанкаў і Акушчанкаў, мясцовыя святары.
Вынік
[правіць | правіць зыходнік]У снежні 1918 года ў Віцебску былі расстраляны члены Віцебскага Саюза беларускага народа, прэзідыума Віцебскага саюза праваслаўных парафій — доктар Грыгаровіч, Бялыніцкі-Біруля, Палонскі, Стукаліч.[4]
Потым на ўскраіне Веліжа ў т. зв. Пакроўскім полі спачатку выязная тройка Віцебскага ГубНК, потым Рэвтрыбунал 15-й арміі і ўрэшце штаб экспедыцыйна-карнага аддзелу (ЭКА) прысудзілі паўстанцаў да расстрэлу (каваль Міхал Кавенскі, аснач Іван Галабурда, настаўнік Сымон Панцырны, каменячос Петр Калінкевіч, афіцэр Аляксей Пятрушка, ганчар Стэська Шманцар, хлебароб Хведар Наўмёнак і іншыя). Кіраўнікі паўстання Брант, Крупскі, Турык былі расстраляны па прысудзе суда на тым да полі разам з некалькімі сотнямі ўдзельнікаў паўстання.
У жніўні 1941 года на Пакроўскім полі, на старым крывіцкім кургане, які знаходзіцца паміж брацкімі магіламі паўстанцаў, быў пастаўлены 3-метровы металічны крыж (належаў касцёлу Пятра і Паўла). На ім была прымацавана дошка з надпісам
Тут ляжаць бальшавікамі па-зьвярынаму забітыя і бяз трунаў акапаныя блізу тысячы чыноў беларускага народу. Яны загінулі ў змаганьні за нашыя шчасьце і волю. Вечная ім слава! |
А ўнізе над надпісам славянскай вяззю было выведзена евангельскае выслоўе:
Няма большае любові, калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх (Іаан, 15, 13) |
16 лютага 1942 года помнік апынуўся на тэрыторыі занятай 1-м Прыбалтыйскім фронтам. У гэты дзень салдаты Чырвонай арміі павалілі крыж-помнік і расстралялі айца Паўла Савіцкага, які служыў тут агульную прачулую паніхіду.[5]
Пра паўстанне і паўстанцаў
[правіць | правіць зыходнік]У СССР гісторыкі практычна не надавалі ўвагі даследаванням антыбальшавіцкіх паўстанняў. Адным з першых артыкулаў аб Веліжскім паўстанні напісаў Алесь Сіпка «Міф аб Веліжскім паўстанні» (газета «За вяртанне на радзіму», № 43, 1959). Аўтар сцвярджае, што ён судзіў паўстанцаў як падсудак выязной сесіі Пскоўскага Губсуда, што ўжо выклікае недавер да зместу тэксту, бо судзілі іх выязныя тройкі Віцебскага ГубНК і Рэвтрыбунал 15-й арміі.
Пра Веліжскае паўстанне пісалі ва ўспамінах беларускі пісьменнік Юрка Віцьбіч і падпалкоўнік КДБ веліжанец П. І. Красінец.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Віцьбіч, Ю. Дзе мой Паўлюк? // Шыпшына. — 1947. — № 4. — С. 15 — 17.
- ↑ Belhistory. Веліжскае антысавецкае паўстанне . Гісторыя Беларусі (26 студзеня 2020). Праверана 23 верасня 2024.
- ↑ Віцьбіч, Ю. Во блаженном успении вечный покой… // Звіняць званы Святой Сафіі. — 1946. — № 6. — С. 7 — 8.
- ↑ Кастрычнік на Беларусі: Зб. арт. і дакументаў: Матэрыялы да гісторыі Кастр. рэвалюцыі на Беларусі / Каміс. ЦВК БССР па адзначэнні 10-годдзя Кастр. рэвалюцыі і Гістпарту ЦК КП(б)Б. Вып.1 / Склад. С. Агурскі. — Мн., 1927. — 487 с. — С. 109.
- ↑ Віцьбіч, Ю. Дзе мой Паўлюк? // Шыпшына. — 1947. — № 4. — С. 15 — 17.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мінск: БелЭн, 1997. — Т. 4. — 478 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0. // С.67, Н. І. Стужынская
- Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары. — Бэрлін, 1944. — 32 с. — (Народная Бібліятэчка; № 4)