Перайсці да зместу

Ваявода

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ваявода -- у славянскіх краінах — кіраўнік узброенага фарміравання. Вядомы па летапісах з X ст.

У Кіеўскай дзяржаве вядомы з 10 ст., спачатку камандавалі княжацкай дружынай або народным апалчэннем. У Галіцка-Валынскай дзяржаве 13—14 стст. ваяводы, акрамя таго, часам былі кіраўнікамі адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак (напрыклад, Берасцейскай зямлі).

Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая

[правіць | правіць зыходнік]

У Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім — службовая асоба, кіраўнік мясцовай адміністрацыі ў ваяводстве. Засядаў у кароннай радзе або радзе ВКЛ, а пасля Люблінскай уніі і ў сенаце Рэчы Паспалітай. Прызначаўся пажыццёва з ліку буйных феадалаў, у Вялікім Княстве Літоўскім -- абавязкова з ураджэнцаў Княства. Прадстаўнік цэнтральнай улады.

Асноўныя абавязкі ваяводы — ажыццяўленне адміністрацыйнай улады, кантроль над крыніцамі дзяржаўных і велікакняжацкіх даходаў, арганізацыя ўзброеных сіл у ваяводстве, выкананне судовых функцый у замкавым судзе. Меў значную незалежнасць ад цэнтральных дзяржаўных органаў.

Маскоўская дзяржава

[правіць | правіць зыходнік]
Маскоўскі баярын-ваявода XVII ст.

У Маскоўскай дзяржаве ў канцы 15—17 ст. кожны з пяці асноўных палкоў войска меў аднаго ці некалькі ваявод. З 16 ст. гарадавы ваявода — кіраўнік гарадской і цывільнай адміністрацыі ў горадзе і адпаведным павеце (уездзе). Канцэнтраваў усю паўнату ўлады на месцах, кантраляваў органы губнога і земскага самакіравання. У другой палове 17 ст. палкавыя ваяводы захаваліся толькі ў разрадных палках. Пасля рэформы Пятра І у 1719 г. ваявода — кіраўнік правінцыі (адзінкі, на якія падзялілася губерня), падпарадкоўваўся губернатару. У 1775 г. правінцыі, а разам з імі пасады ваявод, былі скасаваны, яны захаваліся толькі ў Магілёўскай і Пскоўскай губернях (ліквідаваны ў 1778 г.).

У Польшчы і ў тым ліку ў Заходняй Беларусі, у 1920—1939 гг., ваявода — кіраўнік усёй мясцовай адміністрацыі ваяводства, адначасова кіраўнік выканаўчага органа ваяводскага тэрытарыяльнага самакіравання. Пасада ваяводы была адноўлена ў 1944 г. і існавала ў Польшчы да 1950 г., адноўлена ў 1973 г.

Тытул выкарыстоўваўся ў сярэднявечных Чэхіі, Босніі, Балгарыі, Венгрыі, Харватыі, Сербіі, Малдавіі, Валахіі і Трансільваніі як званне военачальніка.

  • с. 562 т. 26, «Акты издаваемые Виленскою Археографическою Комиссиею для разбора Древних Актов», г. Вильна, 1899 г.