Вармія
Ва́рмія (ням.: Ermland, польск.: Warmia) — гістарычная вобласць на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора. Займала тэрыторыю ад ракі Эльбінг да берага Віслінскага заліва.
Вармія займала цэнтральнае становішча сярод тэрыторый, на якіх жылі прусы, таму крыжакі імкнуліся авалодаць гэтай тэрыторыяй у першую чаргу, з прычыны таго, што гэта давала ім плацдарм для экспансіі на сумежныя тэрыторыі. У 1243 годзе тут было створана Эрмландскае біскупства, якое мела асобы статус Князь-біскуп Варміі валодаў шырокай самастойнасцю, хоць і знаходзіўся ў падначаленні вялікага магістра Тэўтонскага ордэна.
Пасля бітвы пры Грунвальдзе 1410 года біскуп Вармінскі прызнаў сюзерэнітэт караля Польшчы, а паводле Торунскага міру 1466 года Вармія разам з тэрыторыяй Заходняй Прусіі ўвайшла ў склад Каралеўства Польскага як частка правінцыі Каралеўская Прусія, але на правах аўтаномнага княства-біскупства. Неўрэгуляванасць пытання статусу Вармінскага біскупства ў складзе Польшчы прывяла да вайны 1467—1479 гадоў, у выніку якой былі пацверджаны прывілеі князя-біскупа, аднак над працэдурай яго абрання быў усталяваны кантроль польскага караля.
У далейшым князь-біскуп Вармінскі ўваходзіў у кола вышэйшай польска-літоўскай арыстакратыі з правам удзелу ў сенаце Рэчы Паспалітай. Вармінскае княства захоўвала аўтаномію ў судовай і адміністрацыйнай сістэме, мела ўласны прадстаўнічы орган (Вармінскі сеймік) і ўзброеныя сілы. Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. тэрыторыя Вармінскага княства была далучана да Прусіі, яго аўтаномія ліквідавана, а маёмасць князя-біскупа секулярызавана.
Заставалася часткай Прусіі, а ў складзе апошняй з 1871 года часткай Германскай імперыі аж да Другой сусветнай вайны. Па заканчэнні гэтай вайны Вармія разам з іншымі ўсходне-прускімі землямі была далучана да Польшчы і СССР (РСФСР). Адміністрацыйна ўваходзіць у Вармінска-Мазурскае ваяводства Польшчы і Калінінградскую вобласць Расіі.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Францішак Ксаверый Ксянжкевіч (1731—1785) — езуіцкі святар і педагог.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вармія