Перайсці да зместу

Бітва пры Чанпіне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва пры Чанпіне
Асноўны канфлікт: Аб’яднанне Кітая царствам Цынь  (руск.)
Дата 260 да н.э.
Месца Чанпін  (руск.)
Вынік перамога Цынь
Праціўнікі
Цынь Чжаа
Камандуючыя
Бай Цы  (руск.)
Ван Хэ
Лянь По  (англ.)
Чжаа Ко  (англ.)
Сілы бакоў
550 000 500 000
Страты
125 000—150 000 450 000
Агульныя страты
700 000
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бітва пры Чанпіне (кіт. трад. 長平之戰, піньінь Chángpíng zhī zhàn) — буйная бітва паміж войскамі старажытнакітайскіх царстваў Цынь і Чжаа  (руск.) пад канец перыяду Ваюючых царстваў  (руск.). Лічыцца, што адбылася ў 260 годзе да н.э. На думку Лян Юй-шэна, яна адбылася на 8-м годзе кіравання Сяачэн-вана, то-бок у 258 годзе да н.э. Ф. Кірмэн лічыць, што правільнай з’яўляецца датаванне часткі 81 «Шы цзі» — 259 год да н.э. Адна з бітваў, што прывялі да найбольйшага ліку ахвяр не толькі ў гісторыі Кітая, але і ў сусветнай гісторыі. Бітва пры Чанпіне лічыцца самай вядомай у старажытным Кітаі да яго аб’яднання пад уладай Цынь[1].

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Здабыўшы пад канец IV стагоддзя да н.э. і ў пачатку III стагоддзя да н.э. шэраг перамог над княствам Чу і адняўшы ў яго значную частку тэрыторыі, Цынь скіравала свае галоўныя сілы на поўнач. У 270 г. да н.э. армія Цынь пачала наступ на горад Яньюй (на захадзе павета Уань правінцыі Хэбэй), які належаў княству Хань, самаму маленькаму і слабаму з Ваюючых царстваў, але была пабіта войскам княства Чжаа, што прыйшло на дапамогу ханьцам на чале з палкаводцам Чжаа Шэ[2].

Гэта была буйная няўдача, што з магутнай арміяй Цынь у III стагоддзі да н.э. адбывалася рэдка. Але паводле дактрыны Шан Яна цыньская армія павінна была ўвесь час ваяваць хаця б для таго, каб захаваць баяздольнасць[3].

У адпаведнасці з гэтым правілам пасля паразы ад войска Чжаа цыньскі ўладнік не спыніў агрэсіі супраць суседзяў, а толькі часова змяніў яе кірунак. У 265 г. да н.э. цыньскія войскі напалі на ханьскую вобласць Шандан (цяпер гарадская акруга Чанчжы на ўсходзе правінцыі Шаньсі) і паступова пачалі захопліваць дарогі і перавалы праз хрыбет Тайханшань. У 262 г. да н.э. цыньскае войска захапіла Еван (сучасны гарадскі павет Цыньян правінцыі Хэнань) і такім чынам канчаткова адразала Шандан ад Хань. Пасля гэтага ўладнік княства Хань, не маючы сіл супрацьстаяць цыньскай арміі, вырашыў фактычна ўжо страчаную вобласць аддаць Цынь і цаной гэтай саступкі абвясціць мір з грозным суседам.

Але жыхары Шандана на чале з губернатарам Фэн Цінам, не жадаючы трапіць пад уладу Цынь, вырашылі перайсці на бок суседняга Чжаа, які меў магутную армію, здольную супрацьстаяць арміі Цынь. Фэн Цін абгрунтаваў гэта наступным чынам: «Шлях у Чжэн (то бок у княства Хань) ужо перакрыты, Хань пэўна ўжо не атрымаецца дапамагчы нам. Цыньскія войскі з кожным днём усе бліжэй да нас, ханьцы не могуць ім супрацьстаяць, і лепш перадаць Чжаа землі Шандана. Калі Чжаа прыме нас, цыньцы раззлуюцца і неадменна нападуць на Чжаа. А калі Чжаа падпадзе пад напад, [яно] несумнеўна зблізіцца з Хань. Калі ж Хань і Чжаа аб’яднаюць свае сілы, яны здолеюць супрацьстаяць Цынь».

У дзяржаўным савеце Чжаа пры абмеркаванні прапановы шанданцаў узніклі нязгоды. Адзін з чжааскіх міністраў (пін’ян-цзюнь), Чжаа Баа, настойваў на тым, што прапанову Фэн Ціна не трэба прымаць, кажучы: «Лепш было б не прымаць [дарунка]; калі прымем, беды ад гэтага значна перасягнуць тое, што мы ад гэтага атрымаем». Іншы міністр (пін’юань-цзюнь) Чжаа Шэн сказаў: «Паколькі мы проста так атрымліваем цэлую вобласць; лепш будзе яе прыняць».

Чжааскі уладнік Сяачэн-ван аддаў перавагу думцы Чжаа Шэна. Ён дараваў губернатару Фэн Ціну званне хуаян-цзюня і прыняў вобласць Шандан у сваю дзяржаву. Для гэтага ў яго былі падставы, бо захоп Шандана не толькі ўбіваў клін паміж Хань і Чжаа, але і выводзіў цыньцаў на небяспечна блізкую адлегласць да Ханьданя — сталіцы княства Чжаа. З гэтага часу змаганне за Шандан стала весціся паміж Цынь і Чжаа — двума наймацнейшымі ў вайсковым сэнсе княствамі перыяду Ваюючых царстваў.

У гэтым змаганні княству Чжаа не даводзілася разлічваць на дапамогу суседніх царстваў, бо Чжаа доўгі час апартуністычна складала кааліцыі то з удзелам Цынь, то антыцыньскай скіраванасці, а таму не мела верных і пастаянных саюзнікаў. Такім чынам, княству Чжаа давялося разлічваць толькі на свае сілы.

Абараняць новую вобласць уладнік Чжаа даручыў таленавітаму палкаводцу Лянь По  (англ.) (Чжаа Шэ да гэтага часу ўжо памёр). Яму давялося ваяваць са значна большымі сіламі праціўніка.

З прычыны таго, што ў палявой бітве цыньская армія аказалася нашмат мацней, што выявілася ў шэрагу невялікіх баёў, якія прывялі да паражэння чжаасцаў, Лянь По пабудаваў шэраг умацаванняў, што спынілі цыньскую экспансію. Ён размясціў свае войскі ў Чанпіне (сучасны гарадскі павет Гаапін правінцыі Шаньсі) і добра яго ўмацаваў. Пасля гэтага цынскія войскі ў спробах пераадолець умацаванні Чжаа неслі вялікія страты, а войскі Чжаа — мінімальныя. Нягледзячы на тое, што ўладнік Чжаа неаднаразова выяўляў незадаволенасць панесенымі стратамі і дзеяннямі свайго галоўнакамандуючага, які не здолеў выгнаць цыньцаў з Шандана, Лянь По прытрыліваўся абарончай стратэгіі, лічачы яе найлепшай. Ён не паддаваўся на правакацыі цыньцаў, якія выклікалі яго на адкрыты бой, і ўтрымваў свае войскі ва ўмацаваннях. Цынь мела перасяжныя сілы, але не магла выкарыстаць іх супраць войскаў Чжаа, што заселі ва ўмацаваннях, бо іх штурм прыводзіў да завялікіх страт сярод атакуючых. Сітуацыя стала патавай.

Таемная вайна

[правіць | правіць зыходнік]

Сітуацыя, што склалася, стварала вялікую напругу для абедзвюх дзяржаў, бо і Чжаа, і Цынь даводзілася трымаць на фронце і забяспечваць сотні тысяч ваяроў. Аднак становішча цыньцаў было меней выгодным, бо ім даводзілася забяспечваць войскі ўдалечыні ад сваёй тэрыторыі, а цыньскі ван сурова ставіўся да палкаводцаў, што не здолелі дамагчыся перамогі.

З вайсковага тупіка княства Цынь выйшла шляхам майстэрскіх інтрыг і подкупу чжааскіх службоўцаў. Уладнік Цынь паводле парады свайго першага міністра Фань Суя заслаў у Чжаа мноства агентаў, якія з дапамогай падкупленых службоўцаў і пашырэння чутак здолелі скампраметаваць Лянь По ў вачах уладніка Чжаа, выставіўшы яго старым і баязлівым, а то і здраднікам, гатовым здаць Шандан ворагу[4]. На подкуп людзей у стане праціўніка ўладнік Цынь не шкадаваў сродкаў: паводле Сыма Цяня на гэта былі выдаткаваны тысячы цзіняў золата (цзінь той эпохі складаў 596,886 г[5]).

Інтрыгі дасягнулі сваёй мэты, бо ўладнік Чжаа і так быў незадаволены сваім палкаводцам, які не атрымаў у Шандане перамогу над арміяй Цынь. Не ўсведамляючы таго, што здолеўшы спыніць наступ пераўзыходных сіл праціўніка, Лянь По ўжо здабыў перамогу, Сяачэн-ван адхіліў яго з пасады галоўнакамандуючага і прызначыў на яго месца амбіцыйнага маладога генерала Чжаа Ко  (англ.), сына Чжаа Шэ. Агенты Цынь усхвалялі Чжаа Ко як кампетэнтнага і энергічнага камандзіра, здольнага натхніць войскі і разграміць цыньцаў. Ён сапраўды тэарэтычна добра ведаў вайсковую справу, але не меў ніякага практычнага досведу камандавання войскам. Паводле падання, яго бацька перад смерцю адпісваў сваёй жонцы не дапускаць, каб яго сын калі-небудзь камандаваў войскам. «Вайна — гэта смерць! — казаў Чжаа Шэ. — А Чжаа Ко кажа пра яе легкадумна. Трэба імкнуцца, каб вану (уладніку княства) ніколі не прыйшло ў галаву прызначыць нашага сына палкаводцам, інакш ён давядзе армію княства да поўнага разгрому» (Сыма Цянь, «Жыццяпіс Лянь По і Лін Сян-жу»).

Удава Чжаа Шэ і дзяржаўны міністр Лін Сянжу малілі Сяачэн-вана скасаваць прызначэнне Чжаа Ко камандуючым, але чжааскі ўладнік адмовіў у гэтай просьбе. Адзінае, што змагла дамагчыся ад уладніка ўдава Чжаа Шэ, гэта абяцання не караць род Чжаа, калі яе сын пацярпіць паражэнне.

У сваю чаргу княства Цынь таемна замяніла свайго ранейшага галоўнакамандуючага Ван Хэ генералам Бай Цы. У адрозненне ад кабінетнага стратэга Чжаа Ко той быў выбітным палкаводцам, які шмат гадоў вельмі паспяхова камандаваў войскамі і меў на сваім рахунку мноства бліскучых перамог і ніводнага паражэння. За свае выбітныя вайсковыя заслугі Бай Цы быў ганараваны цыньскім ванам высокага звання «уань-цзюнь» (уладнік, які ўлагоджвае зброяй), што прыблізна адпавядае сучаснаму званню фельдмаршала ці нават генералісімуса.

Апроч рэпутацыі «генія вайны», Бай Цы быў сумна вядомы тым, што зрабіў адным з галоўных метадаў вайны вынішчэнне жывой сілы праціўніка і бязлітасна караў смерцю ўсіх захопленых ім палонных. За гэта ён атрымаў мянушку «Жэньту», што даслоўна азначае «мяснік па чалавечыне». Ужо адна вестка пра з’яўленне гэтага страшнага чалавека на пасадзе камандуючага цыньскім войскам магло вельмі насцярожыць чжаасцаў. Таму ў загадзе па цыньскай арміі было абвешчана, што кожны, хто раскрые вестку пра прызначэнне Бай Цы, будзе пакараны смерцю[4].

У бітве пры Чанпіне цыньскі палкаводзец Бай Цы паспяхова здзейсніў «Каны» — атачэнне і знішчэнне цэлай арміі праціўніка — за 44 гады да Ганібала, прытым у шматкроць большым маштабе. Новы галоўнакамандуючы чжаасцаў, прыбыўшы ў войскі, колькасць якіх ён падмацаваннямі давёў да 400 тысяч чалавек, адразу ж загадаў перайсці ў наступленне. У адказ цыньскія войскі імітавалі паспешныя ўцёкі ад Чанпіна на поўдзень і наўмысна адступілі да свайго ўмацаванага лагера.

Войска Чжаа, упэўненае ў тым, што праціўнік церпіць паражэнне, энергічна пераследавала яго, але на выхадзе з цясніны раптам для сябе аказалася перад загадзя пабудаванымі варожымі ўмацаваннямі, што ўтваралі паўкола. Спроба чжаасцаў з ходу атакаваць і прарваць цыньскія ўмацаванні апынулася беспаспяховай і прывяла толькі да вялікіх стратаў сярод чжаасцаў: «умацаванні былі гэтакія магутныя, што чжаасцы не змаглі іх захапіць» (Сыма Цянь, «Жыццяпіс Бай Цы і Ван Цзяня»).

На другім этапе бітвы ў тыл сілам Чжаа ўдарыў пакінуты ў засадзе 25-тысячны атрад цыньскіх войскаў, а пяцітысячная лёгкая конніца Бай Цы ўдарыла ў фланг Чжаа. Пасля гэтага лёгкая пяхота цыньцаў здзейсніла выбег з умацаванага лагера і рассеяла войска Чжаа. Такім чынам, армія Чжаа была пабіта, аточана і пазбаўлена абозу. Узгаданы вышэй 25-тысячны атрад адрэзаў чжааскую армію ад Чанпіна, замкнуўшы такім чынам кольца атачэння. На раўніне 25 тысяч цыньскіх ваяроў не маглі б утрымваць атаку 400 тысяч варожых салдатаў, якія ідуць на прарыў, але раён бітвы з’яўляўся горным, дзе было ўсяго толькі некалькі вузкіх праходаў.

Прапусціўшы ўсю армію Чжаа ў даліну, цыньскі засечны атрад захапіў усе перавалы і неадкладна ўзвёў там моцныя ўмацаванні, што апынуліся для чжаасцаў непрыступнымі, як з поўдня, з боку аточанай арміі, гэтак і з поўначы, з боку Чанпіна, пакінутым у руках чжаасцаў. Выбег лёгкай пяхоты з цыньскага лагера на поўдні не меў іншай мэты, апроч як адцягнуць увагу камандавання Чжаа ад перавалаў на поўначы і даць такім чынам засечнаму атраду досыць часу на іх захоп і будаванне ўмацаванняў. Такім чынам, Бай Цы для дасягнення перамогі па-майстэрску скарыстаў усе асаблівасці мясцовага горнага ландшафту, прывабіўшы і замкнуўшы ў цясніну ўсю армію Чжаа.

Цяжкае становішча чжааскага войска, пазбаўленага харчавання, пагаршалася яшчэ і нястачай у цясніне вады для такой велізарнай колькасці людзей, якая там аказалася. А для таго, каб выйсці з атачэння, на кожным кірунку чжаасцы павінны былі атакаваць праціўніка, які засеў ва ўмацаваннях, несучы цяжкія страты. Пазней цыньскія часткі, што блакіравалі горныя праходы на поўначы, былі яшчэ больш узмоцнены. Даведаўшыся пра атачэнне вялікай арміі Чжаа, цыньскі ўладнік Чжаасян-ван асабіста прыняў усе меры да таго, каб выключыць любую магчымасць прарыву чжааскай арміі з атачэння. Ён, прыбыўшы ў раён Хэнэя (у сучаснай Хэнані), даў старэйшынам па адным рангу шляхетнасці, змабілізаваў усіх мужчын старэй за 15 гадоў (звычайна ў цыньскую армію бралі з 17 гадоў) і скіраваў іх пад Чанпін, каб узмацніць блакаду шляхоў, па якіх магла падысці дапамога і правіянт чжаасцам.

Блакада апынулася эфектыўнай, і войска Чжаа не змагло вырвацца з атачэння. Цалкам магчыма, Чжаа Ко з часам мог бы панабірацца досведу і стаць выдатным палкаводцам. Але, да яго няшчасця і няшчасця ўсяго Чжаа, якраз часу ў яго і не аказалася, бо першым жа яго праціўнікам апынуўся бязлітасны цыньскі геній вайны Бай Цы. Новы галоўнакамандуючы чжааскай арміяй не змог знайсці выхаду з таго складанага становішча, у якое яго паставіў шматдосведны вораг. Замест таго, каб неадкладна пачаць прарывацца, Чжаа Ко загадаў будаваць умацаванні, у надзеі, што пакінутыя ў Чанпіне войскі прыйдуць на дапамогу.

Аднак аточаныя не атрымалі ніякай дапамогі звонку. Некалькі спроб прарваць блакаду знутры былі распачаты надта позна, калі сілы аточаных чжаасцаў ужо знясіліліся ад голаду, а кольца цыньцаў, наадварот, было ўзмоцнена. Усвядоміўшы ўрэшце, у якую страшную пастку ён завёў сваіх людзей, Чжаа Ко падзяліў чжаоскую армію на чатыры корпусы і загадаў кожнаму з іх прарывацца самастойна. Але ўсе спробы аточаных атакаваць варожыя ўмацаванні, што сустракаліся градам стрэл цыньскіх лучнікаў і арбалетчыкаў, праваліліся. У адной з такіх роспачных атак загінуў камандуючы Чжаа Ко, які асабіста ўдзельнічаў у атацы.

Аточаная армія Чжаа выявіла вялікую трываласць, але пасля 46-дзённага атачэння, не атрымваючы ніякага правіянту, вычарпала ўсе сілы. Па паведамленні Сыма Цяня, голад давёў ваяроў Чжаа да самай крайнасці, да людаедства — «яны пачалі ўпотай есці адзін аднаго». Пад пагрозай непазбежнай галоднай смерці, страціўшы любую надзею на выратаванне, армія Чжаа вырашылася здацца пад абяцанне цыньцаў захаваць пераможаным жыццё. Пераможцам з вырашальнай бітвы выйшла царства Цынь. Поспех палкаводца Бай Цы быў аглушальным: ён прымусіў здацца самае шматлікае войска, якім калі-небудзь валодала ваяўнічае княства Чжаа.

Неверагодная жорсткасць

[правіць | правіць зыходнік]

Бай Цы, насуперак свайму абяцанню, загадаў караць смерцю ўсю раззброеную армію Чжаа, жыўцом закапаўшы ўсіх палонных ваяроў у зямлю. Згодна «Гістарычным запіскам» Сыма Цяня, пад Чанпінам было забіта больш за чатырыста тысяч салдат Чжаа[6]. У жывых цыньцы пакінулі толькі 240 наймалодшых чжааскіх салдат, якіх Бай Цы загадваў адпусціць на радзіму. Гэта было зроблена не з жалю да юных салдатаў, а толькі для таго, каб яны вярнуліся дахаты і паведамілі чжаасцам страшную вестку пра гібель ўсёй моладзі краіны і тым самым навесці жах на ўсё княства Чжаа.

Гэта мэта ім была дасягнута: Сыма Цянь піша, што пасля гэтай весткі «чжаасцы былі ўзрушаны». Даліна Сін’юаньгу, дзе, як лічыцца, адбылося гэта пабоішча, пазней у народзе звалася «Далінай забойстваў» — Шагу. Праз 10 стагоддзяў імператар Сюань-цзун імперыі Тан, узрушаны трагедыяй забітых пры Чанпіне ваеннапалонных, загадаў збудаваць храм, куды былі размешчаны знойдзеныя там чалавечыя рэшткі. Аднак косткі загінулых там людзей знаходзяць і дагэтуль[7][8].

Паводле летапісаў «Шы Цзі» Сыма Цяня, агульныя страты чжаасцаў падчас бітвы пры Чанпіне, у тым ліку страты ў баях і пакараных смерцю цыньцамі палонных ваяроў, склалі каласальную лічбу ў 450 тысяч чалавек. Такім чынам, бітва пры Чанпіне для царства Чжаа прыняла маштаб не толькі вайсковай, але і дзяржаўнай катастрофы, бо дзяржава адразу ж пазбылася ўсяго працаздольнага мужчынскага насельніцтва, амаль усёй моладзі. Уладнік Сяачэн-ван выканаў абяцанне, дадзенае ўдаве Чжаа Шэ і не стаў караць род Чжаа за гібель велізарнай арміі па віне яе сына. Але царства Чжаа гэтак і не змагло акрыяць ад знішчальнага ўдару, тым больш яно праз некалькі гадоў падпала пад агрэсію царства Янь, якое спрабавала адарваць кавалак тэрыторыі раптам саслабелай дзяржавы, а цыньцы не спынялі сваіх нападаў.

Усе спробы іншых царстваў Паднябеснай спыніць экспансію Цынь таксама былі беспаспяховымі; Цынь скарыла ўвесь Паўночны Кітай і аб’яднала яго пад сваёй уладай, скончыўшы такім чынам перыяд Ваюючых царстваў. З іншага боку, армія Цынь пры Чанпіне таксама панесла значныя страты, што склалі паводле ацэнкі старажытнакітайскіх гісторыкаў, больш за палову ад чжааскіх. З прычыны гэтых страт, а таксама вайсковай дапамогі, аказанай чжаасцам царствамі Вэй і Чу, царства Цынь не змагло ўзяць абложаны ім у 258 г. да н.э. Ханьдань (сталіцу Чжаа)[9]. Скарэнне царства Чжаа адбылося ў 228 г. да н.э.

Памяць у народзе

[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на тое, што з часу трагедыі пры Чанпіне прайшло больш за 22 стагоддзі, жыхары былых княстваў Чжаа і Хань ніколі не забывалі пра жахлівае злачынства, здзейсненае Бай Цы. У вобласці, дзе раней быў Шандан, ёсць традыцыйная ежа «байцы-дуфу», якая прадстаўляе сабой белы бабовы тварог, парэзаны на часткі. Гэта страва, назва якой перакладаецца як «мяса Бай Цы», сімвалізуе глыбокую нянавісць мясцовых жыхароў да Бай Цы аж да таго, што яны гатовы парэзаць яго на часткі і з’есці. У гэтай вобласці таксама ёсць храм у памяць Чжаа Ко і яго жонкі. У народзе яго пачытаюць нягледзячы на тое, што яго армія была вынішчана з-за таго, што ён умеў ваяваць толькі на паперы, бо ён не здаўся, а загінуў у баі за волю. У народзе лічаць, што калі б Чжаа Ко не быў забіты цыньскай стралой, ён не здаўся б, а прымусіў бы сваю армію ваяваць да смерці. Храм у яго памяць названы «храмам князя Чжаа». Хоць Чжаа Ко не быў князем, людзі пачытаюць яго як князя Чжаа[10].

Адлюстраванне ў культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Кітайскі тэлесерыял 2004 года «Tiexue Changping» («Чанпінская вайна») заснаваны на падзеях бітвы пры Чанпіне.

У 2009 годзе рэжысёр Хэ Пін (Ганконг) зняў фільм — гістарычную драму «Пшаніца», дзеянне якога адбываецца ў княстве Чжаа ў час бітвы пры Чанпіне[11].

Зноскі

  1. China ABC-Шестнадцатая глава: Народные предания и легенды:"Битва при Чанпине ". Архівавана з першакрыніцы 1 мая 2013. Праверана 17 красавіка 2013.
  2. Архівіраванная копія. Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2013. Праверана 23 сакавіка 2013.
  3. Архівіраванная копія. Архівавана з першакрыніцы 2 ліпеня 2014. Праверана 10 красавіка 2013.
  4. а б Архивированная копия. Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2013. Праверана 17 сакавіка 2013.
  5. Перевод старых китайских мер и весов. Архівавана з першакрыніцы 15 снежня 2013. Праверана 8 мая 2013.
  6. Сыма Цянь, Исторические записки (руск.). Vostlit.info. Архівавана з першакрыніцы 1 ліпеня 2012.
  7. 长平之战:序、前言. Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2013. Праверана 20 сакавіка 2013.
  8. Mass Grave From Ancient Battle Earmarked for Shanxi Cultural Park. Архівавана з першакрыніцы 17 кастрычніка 2020. Праверана 11 кастрычніка 2020.
  9. Ши цзи Глава 43 Чжао Ши Цзя — Наследственный дом княжества Чжао. Архівавана з першакрыніцы 12 кастрычніка 2013. Праверана 30 снежня 2018.
  10. The Battle of Changping and the Bloody Night. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2013. Праверана 20 сакавіка 2013.
  11. Фильм «Пшеница» <font style="FONT-SIZE: 8pt" face="Arial" color="#ff6600" size="1"><strong><em>Эксклюзив</em></strong></font> _russian.china.org.cn. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2013. Праверана 20 сакавіка 2013.