Бермудскія астравы
| |||||
Дэвіз: «Quo Fata Ferunt» | |||||
Гімн: «God Save the Queen» | |||||
Афіцыйныя мовы | aнглійская | ||||
Сталіца | Гамільтан | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Гамільтан | ||||
Форма кіравання | Канстытуцыйная манархія, заморская тэрыторыя Вялікабрытаніі | ||||
Каралева Губернатар Прэм'ер-міністр |
Елізавета II Джордж Фергюсан Крэйг Кананейр | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
224-я ў свеце 53,2 км² 26% | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2010) • Перапіс (2010) • Шчыльнасць |
64268 чал. (202-я) 64268 чал. 1275 чал./км² | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2007) • На душу насельніцтва |
$5,85 млрд[1] (149-ы) $91 477[1] | ||||
Валюта | Бермудскі долар (з лютага 1970) | ||||
Інтэрнэт-дамен | .bm | ||||
Код ISO (Alpha-2) | BM | ||||
Код ISO (Alpha-3) | BMU | ||||
Код МАК | BER | ||||
Тэлефонны код | +1-441 | ||||
Часавыя паясы | (UTC-4) |
Берму́ды, або Берму́дскія астравы (англ.: Bermuda, Bermudas) — брытанская заморская тэрыторыя ў Атлантычным акіяне. Складаецца з 181 вострава і рыфаў агульнай плошчай 53,2 км². Насельніцтва (2010) — 64 268 чалавек.
Сталіца і найбуйнейшы населены пункт тэрыторыі — горад Гамільтан.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першаадкрывальнікам лічыцца іспанскі мараплавец Хуан дэ Бермудэс (1505 г.). Упершыню астравы з’явіліся на карце ў 1509 г.
11 ліпеня 1612 г. англійская Вірджынская кампанія заснавала на Бермудах калонію Новы Лондан. Усяго з Англіі прыбыло 60 каланістаў на чале першага губернатара Рычарда Мура (1583—1618 гг.). Было прынята заканадаўства калоніі на аснове англійскай прававой сістэмы. Каланісты займаліся земляробствам і здабычай хваёвай драўніны. Для абароны ад іспанцаў была ўзведзена крэпасць Сміт. Аднак Вірджынская кампанія амаль не атрымоўвала прыбыткаў ад пасяленцаў, таму ў 1614 г. прадала астравы англійскай кароне. Такім чынам, Бермудскія астравы фармальна сталі першай заморскай калоніяй Англіі. У 1620 г. калонія атрымала самакіраванне, пачаў працаваць першы парламент.
У 1616 г. на Бермуды на англійскім караблі быў завезены першы чарнаскуры нявольнік. Рабы выкарыстоўваліся для здабычы жэмчугу. Калі гэта дзейнасць не прынесла выгоды, яны сталі выкарыстоўвацца для працы на плантацыях і ў рамесных майстэрнях. Хаця памеры плантацый тут былі малымі ў параўнанні з Вірджыніяй і Вест-Індскімі астравамі, іх колькасць стала расла. Самы багаты рабаўладальнік у 1663 г. меў 17 рабоў. Акрамя выхадцаў з Афрыкі на Бермудах выкарыстоўвалася нявольная праца індзейцаў і закантрактаваных рабочых з Ірландыі і Шатландыі. Закон 1666 г. абавязваў рабаўладальнікаў забяспечваць рабоў зброяй і прыцягваць да абароны калоніі. Аднак у 1673 г. была выяўлена змова чарнаскурай рабыні супраць свайго гаспадара, таму ў наступным годзе быў прыняты закон аб абмежаванні ўвозу афрыканцаў і мулатаў. У 1807 г. гандаль рабамі быў забаронены. У 1834 г. рабства адменена.
Падчас Амерыканскай рэвалюцыі і вайны 1812—1814 гг. Вялікабрытанія выкарыстоўвала Бермудскія астравы ў якасці важнай ваеннай базы. У гады войн з бурамі сюды высылалі зняволенных з Паўднёвай Афрыкі. Большасць насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і абслугоўваннем ваенных. У другой палове XIX ст. асноўнымі экспартнымі культурамі з’яўляліся цыбуля і маніёк. Недахоп таннай працоўнай сілы вымушаў увозіць рабочых з Мадэйры.
У 1890 г. была пракладзена трансатлантычная кабельная сувязь[2]. З 1930 г. на мясцовым аэрадроме спыняліся самалёты. Дзякуючы добра наладжаным камунікацыям ужо ў міжваенны перыяд XX ст. пачаў развівацца турызм, пераважна з суседніх ЗША і Канады. Бермудцы ў якасці добраахвотнікаў удзельнічалі ў I Сусветнай і II Сусветнай войнах на баку Вялікабрытаніі. Пасля II Сусветнай вайны Бермуды ператварыліся ў афшорны фінансавы цэнтр. Тут базіраваліся амерыканскія ВМС.
З 1968 г. дзейнічае Канстытуцыя, якая гарантуе ўсеагульнае выбарчае права. У 1995 г. праводзіўся рэферэндум аб прадстаўленні незалежнасці ад Вялікабрытаніі. Яе прыхільнікі пацярпелі паражэнне.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Архіпелаг Бермуды знаходзіцца ў Атлантычным акіяне, каля паўночнай ускраіны Саргасава мора, у 1070 км на паўднёвы ўсход ад узбярэжжа ЗША, у 5548 км на паўднёвы захад ад Лондана і 7 303,34 км на паўднёвы захад ад Мінска. У склад Бермудаў уваходзяць 181 востраў, а таксама рыфы каралавага паходжання. Найбуйнейшы з іх — востраў Бермуда або, як яго называюць мясцовыя насельнікі, Мейн-Айленд (Main Island, літаральна «галоўны востраў»).
Клімат вільготны субтрапічны. Цёплае надвор'е ўтрымоўваецца на працягу года дзякуючы блізкасці Гальфстрыма. Тэмпература ў жніўні ў сярэднім складае 29,8° C — 33,9° C, у студзені 20,4° C — 25,4° C. Аднак узімку магчыма паніжэнне тэмпературы да 6,7° C. Сярэдняя колькасць ападкаў — 1 409,7 мм у год. Сярэдняя колькасць сонечных гадзін — 2501 у год.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Да з’яўлення на Бермудскіх астравах першых насельнікаў яны былі пакрытыя хваёвымі лясамі ў цэнтральнай частцы сушы і манграмі ўздоўж берага. У наш час захавалася толькі 15 відаў эндэмічных раслін, у тым ліку бермудскія кедр і ядловец. Усяго ж налічваецца каля 1000 відаў раслін, большасць з якіх была завезена звонку. Бермуды — адна з найбольш паўднёвых зон распаўсюджання какосавай пальмы, хаця з-за недахопу цяпла ў зімовыя месяцы какосы рэдка вызраюць.
Фаўна прадстаўлена шматлікімі птушкамі, марскімі чарапахамі, яшчаркамі, кажанамі.
Першы закон аб ахове дзікай прыроды быў прыняты ў 1616 г.
-
Выгляд з паветра
-
Заліў Табака-Бэй
-
Пляж
-
Эндэмічны бермудскі ядловец
Вядомыя бермудцы
[правіць | правіць зыходнік]- Х. Нова (1967-) — бермудская спявачка і паэтэса, аўтар і выканаўца песень
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б Bermuda leads in GDP per capita, The Royal Gazette, 07/12/08
- ↑ History of the Atlantic Cable & Undersea Communications
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Бермудскія астравы на Вікісховішчы |
- Вікісховішча: Атлас: Бермудскія астравы
- Bermuda Government сайт урада
- Турызм Архівавана 24 студзеня 2013.
- Турызм
- Культура
- Гісторыя