Беларуская газета (1941)
«Беларуская газета» | |
---|---|
Тып | газета |
Краіна | |
Рэдактар | Аляксей Сянкевіч, Уладзіслаў Казлоўскі і Мікалай Восіпавіч Шкялёнак |
Заснавана | 27 ліпеня 1941 |
Спыненне публікацый | 28 чэрвеня 1944 |
Мова | беларуская |
Галоўны офіс |
«Беларуская газэта» («Менская газэта» да 5 лютага 1942). Выдавалася з 27 ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 у Мінску на беларускай мове пад кантролем нямецкіх акупацыйных улад; самае буйное беларускае антысавецкае перыядычнае выданне ў перыяд Другой сусветнай вайны. Рэдактары А. Сянькевіч, У. Казлоўскі, А. Дземчанка, М. Шкялёнак.
Распаўсюджвалася на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь. «Беларуская газэта» мела на мэце кансалідацыю беларускага народа на антысавецкай платформе, барацьбу з бальшавізмам, ідэалагічную падтрымку акупацыйнага рэжыму. Вызначалася нацыяналізмам і шавінізмам, нянавісцю да рускіх, палякаў і яўрэяў, імкненнем да стварэння беларускай нацыянальнай ідэалогіі «ўзвышэнства», пошукамі «арыйскіх каранёў» беларускага народа, спробай даказаць яго нібыта гістарычна абумоўленую цягу да Германіі, атаясамліваннем марксізму і сіянізму і інш.
Друкавала прамовы і артыкулы кіраўнікоў нацысцкай Германіі, распараджэнні, звароты і аб'явы акупацыйных улад, агляды нацысцкай прэсы, асвятляла і каменціравала падзеі на франтах Другой сусветнай вайны, міжнароднага становішча, прапагандавала эканамічныя і палітычныя мерапрыемствы акупацыйнай адміністрацыі, усхваляла Трэці Рэйх як ідэальную дзяржаву. Інфармавала пра дзейнасць Беларускай народнай самапомачы, Беларускай краёвай абароны, Беларускай цэнтральнай рады, Саюза беларускай моладзі, ролю і значэнне якіх значна перабольшвала, а любыя іх акцыі з захапленнем каменціравала. Шмат увагі аддавала праблемам моўнай палітыкі, выкладання ў пачатковай школе, падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў, выхавання нацыянальнай самасвядомасці, арганізацыі культурнага жыцця на месцах.
Друкавала папулярныя нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, многія з якіх яўна палітызаваныя і блізкія да публіцыстыкі, матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі, пра беларускія традыцыі і абрады, паходжанне беларускай сімволікі і інш. На старонках газеты змешчаны ўспаміны ўдзельнікаў грамадзянскай вайны, матэрыялы пра сталінскія злачынствы (артыкулы пра Катынскі расстрэл, лагеры НКУС, успаміны Ф. Аляхновіча «У кіпцюрах ГПУ», сведчанні былых вязняў і інш.), творы Н. Арсенневай, Л. Геніюш, М. Зарэцкага, М. Багдановіча, М. Загорскага, літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі і інш. Шэраг публікацый газеты канца 1943 — пачатку 1944 прасякнуты песімізмам, асуджанасцю, расчараваннем у выбраным шляху. Аднак гэтыя настроі не паўплывалі на антысавецкі кірунак выдання.
Выйшла 272 нумары.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- С. У. Жумар. «Беларуская газэта» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 370.