Аўрэліян
Луцый Даміцый Аўрэліян | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
лац.: Lucius Domitius Aurelianus | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Квінціл | ||||||
Пераемнік | Марк Клаўдзій Тацыт | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
9 верасня 214[1][2][…] |
||||||
Смерць |
25 верасня 275[3] (61 год) |
||||||
Імя пры нараджэнні | лац.: Lucius Domitius Aurelianus | ||||||
Бацька | Ulpius Crinitus[d] | ||||||
Жонка | Ulpia Severina[d] | ||||||
Дзеці | дачка: імя невядома | ||||||
Званне | Імператар | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Лу́цый Дамі́цый Аўрэлія́н[4] (лац.: Lucius Domitius Aurelianus), больш вядомы як Аўрэлія́н — рымскі імператар у 270—275 гадах.
Аўрэліян быў другім з некалькіх «салдацкіх імператараў» (першым быў Клаўдзій II), якія вельмі паспяхова кіравалі і здолелі ўмацаваць Рымскую імперыю. У гады кіравання Аўрэліяна імперыя была ўз’яднана: мяцежныя Гальская імперыя і Пальмірскае царства былі зноў далучаны да Рыма, а прыгранічныя варварскія плямёны былі пераможаны. Яго поспехі шмат у чым спрыялі завяршэнню крызісу III стагоддзя[5] і стабілізацыі дзяржавы.
Аўрэліян насіў наступныя пераможныя тытулы: «Германскі Найвялікшы» — з 270 або 271 года, «Гоцкі Найвялікшы» — з 271 года, «Парфянскі Найвялікшы», «Карпійскі Найвялікшы» і «Дакійскі Найвялікшы» — з 271 або 272 года, «Брытанскі Найвялікшы» і «Сармацкі Найвялікшы» (час дакладна не вядомы), «Пальмірскі Найвялікшы» — з 274 года, «Бацька Айчыны» і «Рэстаўратар імперыі і Усходу» — з 274 года[5]. Уладу трыбуна атрымліваў шэсць разоў (у 270 годзе — двойчы, затым штогод 10 снежня), з 270 года — вялікі пантыфік[5]. Консул 271, 274, 275 гадоў.
Ранняе жыццё і кар’ера
[правіць | правіць зыходнік]Аўрэліян нарадзіўся 9 верасня 214 года[6] ў сям’і земляроба, які арандаваў землі ў сенатара Аўрэлія[7]. Меркаванні антычных аўтараў адносна месца нараджэння Аўрэліяна разыходзяцца: Еўтропій сцвярджае, што ён нарадзіўся ў Дакіі Прыбярэжнай[8], якая ў той час называлася Верхняя Мезія; аўтар біяграфіі Аўрэліяна ў «Гісторыі Аўгустаў» — у Сірміі[9]. «Гісторыя Аўгустаў» таксама распавядае, што былі знакі, якія прадказвалі, што Аўрэліян стане імператарам[10].
Стаўшы рымскім грамадзянінам, Аўрэліян змяніў лад жыцця земляроба на лад жыцця легіянера[6]. Ён паспяхова служыў у рымскай арміі. Адважны і рашучы, Аўрэліян рана звярнуў на сябе ўвагу камандзіраў, якія прадказвалі яму ўдалую ваенную кар’еру. Ён быў трыбунам шостага Гальскага легіёна і ўдзельнічаў у кампаніі супраць франкаў на Рэйне[11][12], затым паслом у Персіі[13]. На думку Леона Хома, да службы ў Галіі, Аўрэліян быў цэнтурыёнам кагорты падчас кіравання Гардзіяна III[11]. Пры Валерыяне Аўрэліян, імаверна, прызначаўся консулам-суфектам (хоць яго консульства нідзе не зарэгістравана, акрамя «Гісторыі Аўгустаў»)[14].
Падчас кіравання імператара Галіена Аўрэліян стаў начальнікам атрада кавалерыі[6]. Даведаўшыся пра ўварванне готаў у Грэцыю, Галіен рушыў супраць іх з арміяй, у лік камандзіраў якой, хутчэй за ўсё, уваходзіў Аўрэліян[15]. Аднак падчас гэтага паходу адзін з палкаводцаў імператара, Аўрэол, паўстаў і заняў крэпасць Медыялан. Таму Галіен быў вымушаны аблажыць крэпасць; у тым жа годзе падчас аблогі Медыялана ён быў забіты змоўшчыкамі[16]. Паводле адной з крыніц, Аўрэліян браў удзел у змове супраць Галіена[17]. Ён падтрымаў новага імператара Клаўдзія II, які таксама, хутчэй за ўсё, удзельнічаў у змове[18].
Пры Клаўдзіі II Аўрэліян узышоў на вяршыню ваеннай кар’еры. Калі пачалася вайна з готамі, пад яго камандаваннем аказалася ўся рымская кавалерыя[6]. Аўрэліян стаў правай рукой імператара Клаўдзія[19]. Яго кавалерыя сыграла вырашальную ролю ў бітве пры Нішы[20]. Готы пацярпелі паражэнне ў гэтай вайне, а Аўрэліян заслужыў славу выдатнага палкаводца. Ён не раз праводзіў самастойныя ваенныя аперацыі супраць варвараў на Балканах, якія заканчваліся перамогай рымлян[21].
Узыходжанне на прастол
[правіць | правіць зыходнік]У 270 годзе Клаўдзій сканаў ад чумы, і яго брат Квінціл захапіў уладу пры падтрымцы рымскага сената[22]. Што характэрна для таго часу, армія адмовілася прызнаць новага імператара, лічачы за лепшае, каб імператарам стаў адзін з военачальнікаў. Аўрэліян быў абвешчаны імператарам у маі[23] ці верасні[24] 270 года панонскімі легіёнамі[6] і адправіўся ў паход супраць Квінціла. Квінціл, даведаўшыся аб абвяшчэнні імператарам Аўрэліяна, спачатку хацеў быў змагацца з ім за ўладу, але ўбачыўшы, што салдаты не маюць намеру яго падтрымліваць, разрэзаў сабе вены[22].
Пазней сталі сцвярджаць, што Клаўдзій перад смерцю прызначыў сваім спадчыннікам Аўрэліяна, але, хутчэй за ўсё, гэта ўсё было прыдумана для таго, каб паказаць законнасць узыходжання Аўрэліяна на прастол[6]. Перад новым імператарам паўстала няпростая задача — аб’яднаць Рымскую імперыю і вярнуць ёй былую веліч[25].
Выгляд і асабістыя якасці
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш поўнае апісанне Аўрэліяна пакінуў аўтар «Гісторыі Аўгустаў»:
«…Аўрэліян меў прывабны выгляд, адрозніваўся мужнай прыгажосцю; ён быў даволі высокага росту, меў вельмі вялікай цялеснай сілы, адчуваў пэўную цягу да віна і ежы, але рэдка паддаваўся любоўнай цязе. Ён быў бязмерна строгі, падтрымліваў асабліва строгую дысцыпліну, любіў агаляць меч…»[26]
Еўтропій гаворыць, што Аўрэліян «муж у ваеннай справе вельмі ўмелы, але няўстрыманы і схільны да жорсткасці»[27]. Аўрэлій Віктар называе Аўрэліяна строгім і непадкупным[28]. На скульптурных выявах Аўрэліян паказаны як тыповы военачальнік таго часу з коратка пастрыжанымі валасамі, груба выгаленымі шчокамі і невялікай барадой[29].
Кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]У 248 годзе імператар Філіп Араб адсвяткаваў тысячагоддзе Рыма з вялікім размахам, даказваючы, што імперыя ўсё яшчэ вельмі магутная. Аднак на самай справе становішча было не з лепшых[30]. У наступныя гады імперыі прыйшлося сутыкнуцца з велізарным ціскам з боку замежных ворагаў, і ў той жа час ёй пагражала небяспека грамадзянскіх войн. Ад гэтага пацярпела рымская эканоміка, прыйшлі ў заняпад сельская гаспадарка і гандаль. Акрамя гэтага, эпідэмія чумы забрала шматлікія жыцці, тым самым аслабіўшы Рым; паменшылася колькасць працоўнай сілы. У выніку імперыя не змагла вытрымаць удар уздужалай Персіі, і ў 260 годзе імператар Валерыян быў узяты ў палон[31].
Усходнія правінцыі знайшлі сваіх заступнікаў у асобе кіраўнікоў горада Пальміры ў Сірыі, чыя аўтаномія перарасла ва ўтварэнне Пальмірскага царства. Заходнія правінцыі ўтварылі аўтаномную дзяржаву ў межах Рымскай імперыі, якая зараз вядома як Гальская імперыя. У Рыме імператар быў заняты ўнутранымі пагрозамі і абаронай Італіі і Балкан. З усімі гэтымі праблемамі і прыйшлося сутыкнуцца Аўрэліяну[6].
Аднаўленне імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Канфлікт з вандаламі
[правіць | правіць зыходнік]Першыя дзеянні новага імператара былі накіраваны на ўмацаванне сваіх пазіцый на пакінутых рымскіх тэрыторыях. Амаль адразу напачатку яго кіравання вялікі атрад вандалаў перасек Дунай і ўварваўся ў Панонію каля Аквінкума. Даведаўшыся пра гэта, Аўрэліян рушыў са сваёй арміяй да Аквілеі, дзе прыступіў да падрыхтоўкі войска да паходу[32]. Пасля гэтага рымляне перайшлі з Італіі ў Панонію, куды яны прыбылі ў канцы 270 года. Сваёй базай Аўрэліян абраў Сісцый[32]. Тады ён уступіў у сваё першае консульства[33]. У той час вандалы рабавалі рымскія паселішчы з-за недахопу правіянту, таму Аўрэліян загадаў «схаваць харчаванне, скаціну і ўсё каштоўнае ад ворагаў у гарадах»[34]. У Паноніі адбылася бітва паміж рымскай арміяй і войскамі вандалаў, у якой рымляне атрымалі перамогу[34]. На наступны дзень варвары даслалі паслоў прасіць міру. Аўрэліян загадаў даць ім харчаванне пры ўмове, што яны вылучаць для рымскай конніцы дзве тысячы вершнікаў, і адпусціў іх за Дунай[35].
Паражэнне алеманаў, маркаманаў, ютунгаў
[правіць | правіць зыходнік]Пасля гэтага ютунгі , разрабаваўшы Норык, перасеклі Альпы і рушылі ў Італію[35]. Магчыма, да іх далучыліся маркаманы і алеманы[35]. Выйшаўшы на раўніну ракі По, яны занялі Плацэнтыю і рушылі ў Павію[36]. Аўрэліян, які знаходзіўся ў Паноніі і кантраляваў вандалаў, хутка вярнуўся ў Італію, але яго армія, якая стамілася ад працяглага пераходу, патрапіла ў засаду каля Плацэнтыі і была разбіта[36][заўв 1]. Калі вестка пра разгром дасягнула Рыма, яна выклікала вялікі страх перад прыходам варвараў, бо часцей за ўсё баі са знешнімі ворагамі вяліся ўдалечыні ад сталіцы[37].
Аднак Аўрэліян, хутка сабраўшы армію, напаў на лагер алеманаў ля ракі Метаўр, непадалёк ад Капальні Фартуны, і разграміў іх; многа варвараў патанула ў рацэ[37]. Алеманы, маркаманы і ютунгі пачалі прасіць міру. Аўрэліян прыняў іх прапанову, і варвары павярнулі назад, адыходзячы па той жа дарозе, якой прыйшлі. Ля Тыцына Аўрэліян уладзіў ім засаду, і падчас бітвы ўсе варвары былі знішчаны[38]. Імператар вярнуўся ў Рым, дзе атрымаў тытул «Германскі Найвялікшы»[33]. Тым не менш, пагроза з боку германскіх плямён заставалася высокай, і Аўрэліян вырашыў абнесці Рым магутнай сцяной, якая вядомая як сцяна Аўрэліяна[39]. Прыкладна ў той жа час былі адноўлены тэрмы Каракалы і пабудаваны новыя казармы для прэтарыянцаў[40]. На Свяшчэннай дарозе была ўзведзена статуя Меркурыя[41], а ў Осціі — пабудаваны новы форум[42].
Паўстанні 271 года
[правіць | правіць зыходнік]Уварванні варвараў прывялі да некалькіх паўстанняў. У Далмацыі паўстаў Септымій, але неўзабаве ён быў забіты ўласнымі салдатамі[43]. У той жа час нейкі Урбан абвясціў сябе імператарам[44]; ёсць, аднак, меркаванне, што гэты ўзурпатар быў выдуманы[45]. Каля 271 года ў Галіі паўставаў нейкі Даміцыян II[46]. Ён вядомы па некалькіх манетах. Магчыма, ён быў колішнім военачальнікам Галіена[47].
Самым значным было паўстанне Феліцысіма, начальніка фіска, у абавязкі якога ўваходзіла таксама кіраванне дзяржаўнай казной. Ён падбухторваў рабочых манетных двароў псаваць манету[48], аднак неўзабаве яго зман быў раскрыты. Феліцысім падняў паўстанне і замкнуўся на Цэлійскім узгорку[48]. Мяцеж быў задушаны з вялікай цяжкасцю; па словах Аўрэлія Віктара, сем тысяч салдат былі забіты падчас гэтага паўстання[48]. Сам Феліцысім загінуў. У выніку былі пакараны некалькі сенатараў і вершнікаў[49]. Няма ніякіх звестак, што Феліцысім спрабаваў абвясціць сябе імператарам. Паводле Аўрэлія Віктара, Феліцысім паўстаў у 274 годзе пасля падзення Гальскай імперыі[6], але калі верыць астатнім крыніцам, гэта адбылося ў 271 годзе[44][50]. У «Вытрымках пра жыццё і норавы рымскіх імператараў» сцвярджаецца, што паўстанне Феліцысіма адбылося пасля мецяжу Септымія 271 года. Таму апошняя дата лічыцца больш прымальнай[6] .
Вайна з готамі
[правіць | правіць зыходнік]Готы па-ранейшаму ўяўлялі сур’ёзную пагрозу для рымлян. Пакуль Аўрэліян быў заняты вайной у Італіі, яны нападалі на Фракію, Дакію і Мезію[39]. Спыніўшы ваенныя дзеянні ў Італіі, Аўрэліян адразу ж адправіўся на вайну з готамі[39]. Яму ўдалося перамагчы іх і выгнаць на поўнач ад Дуная. Імператарская армія пераследвала готаў і нанесла ім цяжкія страты[39]. У гэтай вайне загінуў гоцкі правадыр Канабад[27]. За гэту перамогу Аўрэліян атрымаў два тытула — «Дакскі Найвялікшы» і «Гоцкі Найвялікшы»[33].
Затым Аўрэліян загадаў перавесці ўсе пакінутыя войскі і насельніцтва з Дакіі за Дунай. У яго было два варыянты: вярнуць правінцыю цалкам і аднавіць сістэму абароны часоў Траяна, або пакінуць вобласць і ўстанавіць мяжу па Дунаю[51]. Але ён вырашыў адмовіцца ад правінцыі Дакія, бо яна занадта часта падвяргалася наездам варвараў з-за невялікай колькасці рымскіх гарнізонаў (частка якіх была выведзена пры Галіене[52]) і дорага абыходзілася казне[53]. Таму Аўрэліян разважліва адсунуў мяжу імперыі да ракі і перасяліў жыхароў (нашчадкаў рымскіх перасяленцаў і раманізаваных жыхароў[54]) на правы бераг Дуная, дзе ва ўсходняй частцы тэрыторыі Верхняй і Ніжняй Мезіі, Фракіі і старажытнай Дарданіі заснаваў дзве новыя правінцыі, названыя (у гонар Дакіі) Дакіяй Прыбярэжнай і Дакіяй Унутранай , а таксама заснаваў новы манетны двор у Сердзіцы[52]. Аднак не ўсе жыхары пагадзіліся з’ехаць з наседжаных месцаў[51]. Такім чынам, Дакія была пакінута рымлянамі праз 170 гадоў пасля заваявання Траянам.
Першая вайна з Пальмірскім царствам
[правіць | правіць зыходнік]У 271 годзе Аўрэліян звярнуў сваю ўвагу на страчаныя ўсходнія правінцыі, якія аб’ядналіся ў так званае Пальмірскае царства, якім кіравала царыца Зенобія. Спачатку яна прызнавала Аўрэліяна імператарам, але потым вырашыла канчаткова вызваліцца ад рымскай улады і абвясціла свайго сына Вабалата царом і імператарам Рыма (лац.: rex et imperator)[55]. Спачатку Аўрэліян даручыў будучаму імператару Пробу адваяванне Егіпта[56]. Да восені 271 года Проб паспяхова справіўся са сваёй задачай[57]. Пасля гэтага імператар сабраў 200-тысячную армію, якая складалася з далмаційцаў, маўрытанскай кавалерыі і легіянераў[52]. Спецыяльна для гэтай кампаніі былі створаны два легіёны: Legio I Illyricorum і Legio IV Martia[33]. Паход на Пальмірскае царства меў дзве мэты: па-першае, рымлянам трэба было вярнуць Малую Азію, Сірыю і Антыёхію; па-другое, пагрозу з боку Пальмірскага царства трэба было цалкам ліквідаваць[58].
Вясною 272 года Аўрэліян з войскам перасек Басфор і прыбыў у Халкедон[59]. Віфінія і Галатыя перайшлі да рымлян без усякага супраціўлення[60]. Але калі Аўрэліян падышоў да Тыяны , жыхары зачынілі перад ім вароты[61]. Імператар загадаў пачаць аблогу, сказаўшы: «Сабакі жывой не пакіну ў гэтым горадзе!» (маючы на ўвазе, што ён пераб’е ўсіх яго жыхароў)[62]. Неўзабаве горад быў узяты, аднак Аўрэліян адмовіўся ад задумы знішчыць яго насельніцтва[63]. Па легендзе, яму прысніўся філосаф Апалоній Тыянскі, які сказаў:
«Аўрэліян, калі ты хочаш перамагчы, то табе не варта думаць аб забойстве маіх суграмадзян. Аўрэліян, калі ты хочаш быць імператарам, устрымайся ад праліцця крыві бязвінных. Аўрэліян, будзь міласцівы, калі ты хочаш жыць»[64].
У выніку, як апавядае «Гісторыі Аўгустаў», калі горад быў узяты і салдаты, помнячы словы імператара, што ён не пакіне ў горадзе жывога сабакі, сталі патрабаваць аддаць ім Тыяну на рабаванне, Аўрэліян адказаў: «Так, я абвясціў, што ў гэтым горадзе не пакіну ніводнага сабакі: усіх сабак забівайце!»[65]. Пасля захопу горада армія спынілася там на адпачынак[66]. Затым Аўрэліян перайшоў у Кілікію праз Таўрскія горы, дзе ўсе гарады здаліся яму без бою[64]. Каля Антыёхіі пры Імах адбылася першая бітва паміж рымлянамі і пальмірцамі. Нягледзячы на перавагу пальмірскай конніцы, армія Аўрэліяна атрымала перамогу над Зенобіяй, якая бегла з рэшткамі свайго войска да Эмесы[63]. Пакінуты невялікі гарнізон у Антыёхіі рымляне хутка разграмілі[67]. Усіх жыхароў горада Аўрэліян памілаваў[68]. Пасля ўзяцця Антыёхіі ў паходзе наступіў нядоўгі перапынак. Дачакаўшыся падмацавання з Малой Азіі, Аўрэліян ізноў рушыў у дарогу[69]. Ля Эмесы адбылася новая бітва, якая скончылася перамогай рымлян[69]. Зенобія бегла з усёй сваёй арміяй у Пальміру, а жыхары Эмесы адкрылі рымлянам вароты[70]. Пасля заваявання Сірыі Аўрэліян накіраваўся да Пальміры, папярэдне заключыўшы саюз з некаторымі памежнымі плямёнамі, якія абяцалі даць рымскай арміі правізію і ваду[70]. Калі армія дасягнула варот Пальміры, рымляне адразу пачалі аблогу горада. Аўрэліян прапанаваў Зенобіі заключыць з ім мір, але яна лічыла, што рымляне не здолеюць узяць Пальміру, бо ў яе абаронцаў было досыць харчавання, каб утрымаць горад[70].
На працягу аблогі баявы дух пальмірцаў паступова падаў. Сур’ёзны ўдар ім быў нанесены, калі Арменія перайшла на бок рымлян[71]. Адзінай дзяржавай, у якой можна было прасіць дапамогі, заставаўся Сасанідскі Іран[71]. Паводле «Гісторыі Аўгустаў», калі «пераможаная Зенобія спрабавала бегчы на вярблюдах, якіх завуць бегавымі, і накіравалася да персаў, яна была захоплена пасланай наўздагон конніцай і перададзена ў рукі Аўрэліяна»[72]. Гэта вестка падштурхнула абаронцаў Пальміры здацца, і яны склалі зброю перад легіёнамі Рыма[73].
Зенобія і яе военачальнікі былі ўзяты ў палон, аднак філосаф Касій Лонгін быў пакараны смерцю па загаду Аўрэліяна[74]. Зенобіі ж пакінулі жыццё з-за жадання Аўрэліяна правесці яе ў ланцугах на сваім трыўмфе[75]. Імператар таксама загадаў разабраць частку гарадской сцяны і канфіскаваў у жыхароў усю зброю. На Усходзе ён пакінуў военачальніка Марцэліна з арміяй[76]. У выніку гэтай вайны Аўрэліян атрымаў тытулы «Рэстаўратар Усходу» і «Пальмірскі Найвялікшы»[77].
Паражэнне карпаў і другая вайна з Пальмірскім царствам
[правіць | правіць зыходнік]Неўзабаве Аўрэліян атрымаў звесткі, што пад ціскам готаў племя карпаў уварвалася ў межы Рымскай імперыі, у Фракію, рабуючы паселішчы, што знаходзіліся там[35]. Нягледзячы на тое, што год падыходзіў к канцу, імператар вырашыў уціхамірыць карпаў. Пра паход нічога не вядома, акрамя таго, што ён быў паспяховы[78]. Пасля перамогі Аўрэліян пасяліў частку карпаў на рымскай тэрыторыі[79], а іменна — у Ніжняй Мезіі, Фракіі і Радопах[80].
Пасля заканчэння гэтай кампаніі ён атрымаў вестку аб тым, што жыхары Пальміры паўсталі і перабілі рымскі гарнізон, абвясціўшы імператарам нейкага Антыёха, сваяка Зенобіі[81]. Аўрэліян неадкладна сабраў войска і хутка рушыў назад ў Пальміру, куды ён прыбыў вясною 273 года[32]. Пальмірцы, якія не чакалі нападу, пацярпелі паражэнне, у выніку чаго горад быў разбураны дашчэнту[33]. Дзіўна, але ўзурпатар Антыёх выратаваўся, бо Аўрэліян, мабыць, палічыў яго занадта маладым і загадаў адправіць яго ў выгнанне[32]. Затым імператар задушыў паўстанне нейкага Фірма і ў некалькіх бітвах разбіў конніцу персаў, якая ішла на дапамогу Зенобіі[32]. Пры аблозе Александрыі ў 272—273 гадах былі спалены Александрыйская бібліятэка і Мусеён[32].
Заваяванне Гальскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У 274 годзе Аўрэліян вярнуўся ў Рым, дзе атрымаў другое консульства на бягучы год[33]. Потым ён звярнуў увагу на мяцежныя заходнія правінцыі, дзе кіраваў гальскі імператар Тэтрык I з аквітанскімі легіёнамі, які ўзяў у суправіцелі свайго сына, Тэтрыка II[82]. Войска Аўрэліяна моцна скарацілася з-за дзвюх усходніх кампаній, таму магчыма, што гальскія легіёны колькасна пераўзыходзілі яго войска[83]. Насельніцтва Галіі стала пераходзіць на бок рымскага імператара, бачачы, што іх урад не мог спыніць уварванні германскіх плямён і разабрацца з унутранымі беспарадкамі[83].
Імператарская армія перайшла Альпы напачатку лета 274 года і падступіла да Нарбонскай Галіі, якая вярнулася ў склад Рымскай імперыі пры Клаўдзіі II[84], дзе працягнула, не сустракаючы нідзе супраціўлення, свой марш уздоўж Роны на поўнач. Пасля захопу Лугдуна Аўрэліян сустрэўся з гальскай арміяй у рашучай і кровапралітнай бітве пры Шалоне-на-Марне[85]. У выніку ён атрымаў перамогу над Тэтрыкам[85]. Паводле Аўрэлію Віктара, Тэтрык напісаў ліст Аўрэліяну, у якім прасіў абароны. Ён асцерагаўся за сваё жыццё, бо яго падначаленыя з армейскага асяроддзя неаднаразова здзяйснялі на яго замахі. Падчас бітвы Тэтрык здаўся Аўрэліяну[86].
Затым імператар разграміў узурпатара Фаўсціна, лёс якога невядомы[85]. Пасля перамогі Аўрэліян застаўся ў Галіі для інспектавання германскіх меж і да восені, палічыўшы сітуацыю ўстойлівай, вярнуўся ў Рым, каб адсвяткаваць доўгачаканы трыўмф. Ён атрымаў тытул «Аднавіцель міру»[33]. Прыблізна ў той жа час у Лугдунскай Галіі былі адрамантаваны дарогі[87]. Тэтрык, яго сын і былая царыца Зенобія былі праведзены па Рыме падчас урачыстага трыўмфальнага шэсця, аднак пасля гэтага ўсіх траіх вызвалілі — састарэлага Тэтрыка прызначылі карэктарам Луканіі, а Зенобію пасялілі ў Тыбуры, выдаўшы яе замуж за рымскага сенатара[88].
Рэформы
[правіць | правіць зыходнік]Рэлігійныя рэформы
[правіць | правіць зыходнік]Аўрэліян першым з імператараў стаў насіць дыядэму і афіцыйна тытулавацца «гаспадар і бог» (лац.: Dominus et Deus), стаўшы папярэднікам рымскага дамінату. Аўрэліян увёў у Рыме культ блізкаўсходняга бога Непераможнага Сонца (лац.: Sol Invictus), абвясціўшы гэтага бога вярхоўным. Дзень нараджэння Непераможнага Сонца святкаваўся 25 снежня (гэта свята ў выглядзе Ражства атрымала ў спадчыну ад сонечнага культу хрысціянства)[5]. Гэты культ быў блізкі да культу Ваала, уведзенага пры Геліягабале. Цэнтрам культу быў новы храм, пабудаваны ў 271 годзе ў Рыме і адкрыты ў 274 годзе[24]. У гонар Непераможнага Сонца сталі праводзіцца гульні кожныя чатыры гады — задачай Аўрэліяна было даць жыхарам імперыі агульную рэлігію[6]. Першыя гульні адбыліся ў 274 годзе[89]. Была створана калегія пантыфікаў Сонца, якія набіраліся з сенатараў[90]. Па словах Лактанцыя, Аўрэліян планаваў ганенні на хрысціян[91]. Вядома, што ў 272 годзе Аўрэліян па просьбе сірыйскіх хрысціян выгнаў з Антыёхіі епіскапа Паўла Самасацкага[92].
Манетная рэформа
[правіць | правіць зыходнік]Сярод задач, пастаўленых перад сабою Аўрэліянам, далёка не апошняе месца займала рэфармаванне грашовай сістэмы, бо якасць манеты, якая ўсё больш пагаршалася пасля смерці Гардзіяна III, вяла да нястрымнага росту цэн[93]. Не апошняе месца займала і махлярства сярод службовых асоб[94]. Давер да гандлю можна было б аднавіць чаканкай паўнавартаснай сярэбранай манеты антанініяна, на якой былі змешчаны знакі вартасцю XX.I і KA (іх значэнне не ўстаноўлена), і павелічэннем у разумных межах выпуску паўнаважкіх залатых манет. Але гэтыя меры ўяўляліся неажыццявімымі з-за недахопу каштоўных металаў[95]. Тым не менш, новыя манеты з нізкапробнага серабра, прынамсі, мелі больш прывабны выгляд у параўнанні з ранейшымі мізэрнымі меднымі манетамі. Больш таго, на іх быў пазначаны намінал, і яны мелі цвёрда ўстаноўленую вартасць у залатом эквіваленце[96]. Працэнт серабра ў манетах павялічыўся з 3,49 да 4,1 %[97]. З дапамогай надпісаў на манетах Аўрэліян актыўна прапагандаваў сваю ўладу: GENIUS ILLYRICI (бел.: Геній Ілірыка), FIDES MILITUM (бел.: Пэўнасць арміі), CONCORDIA EXERCITUM (бел.: Згода Арміі)[98].
Рэформа арміі
[правіць | правіць зыходнік]Пры Аўрэліяне ва ўзброеных сілах імперыі ўзрасло значэнне цяжкаўзброенай конніцы (катафрактарыяў і клібанарыяў)[99]. Гэта тлумачыцца тым, што імператару давялося весці вайну з персамі і пальмірцамі, у арміях якіх гэты род войск меў перавагу[99]; рымляне запазычылі ў сваіх праціўнікаў шматлікія элементы тактыкі і ўзбраення цяжкай конніцы[99]. Па меркаванню А. Альфельда, Аўрэліян упершыню ў гісторыі рымскай арміі стварыў у складзе рэгулярных войскаў дапаможныя падраздзяленні з палонных вандалаў, ютунгаў, алеманаў[100]. Гэта былі чыста варварскія фарміраванні з прынятымі ў германцаў значкамі, эмблемамі на шчытах, абмундзіраваннем[100]. X. Паркер мяркуе, што Аўрэліян, працягваючы справу Галіена, павялічыў лік коннікаў у складзе легіёна, затым цалкам аддзяліў легіённую конніцу ад пяхоты і стварыў з яе самастойныя тактычныя падраздзяленні пад назвай promoti[101]. Пры Аўрэліяне былі створаны два новыя легіёны: Legio I Illyricorum і Legio IV Martia[33]. На Усходзе ён стварыў новую армію, пакінуўшы там некалькі падраздзяленняў конніцы і набраныя з ілірыйцаў два новыя легіёны[102].
Іншыя рэформы
[правіць | правіць зыходнік]Аўрэліян таксама аднавіў бясплатную раздачу хлеба, мяса, віна ўсім, хто мае патрэбу[103], і дазволіў вінаградарам прадаваць сваю прадукцыю бязмытна, каб палегчыць іх эканамічнае становішча[104]. Акрамя таго, імператар спрабаваў выкараніць карупцыю сярод сенатараў[105]. Вядома, што імператар меркаваў раздаць палонным зямлі для апрацоўкі ў Этрурыі[106]. Аўрэліян таксама ажыцяўляў раздачу раздачу грошай жыхарам Рыма — па 500 дынарыяў на чалавека[107].
Адносіны з Сенатам і арміяй
[правіць | правіць зыходнік]Сенат
[правіць | правіць зыходнік]З самага пачатку кіравання Аўрэліяна адносіны паміж ім і сенатам былі напружанымі[108]. Пасля паўстання Феліцысіма рымскі сенат нават стаў баяцца Аўрэліяна[109]. Калі нават Аўрэліян, як лічыць X. Паркер, і раіўся з сенатам наконт будаўніцтва сцяны вакол Рыма і правядзення грашовай рэформы, варта прызнаць, што роля сената ў кіраванні дзяржавай пры ім значна паменшылася[110]. Як адзначаў Р. Шэрцль, пры Аўрэліяне сенат ужо не меў ніякага дачынення да манетнай справы: імператар пазбавіў сенат права выпускаць нават медную манету[111]. Цяпер выпуск манет з усіх металаў стаў манаполіяй імператара[111]. І. В. Нетушыл мяркуе, што Аўрэліян знішчыў апошнія рэшткі былой дыярхіі, якая складалася ў літарах S.С. — Senatus consulto (бел.: Указ Сената) — на меднай манеце[112]. Гэтым жа ў сената было аднята права на непасрэднае распараджэнне сенацкім аддзяленнем дзяржаўнай казны — эрарыя: выдаткі з яго маглі цяпер ажыцяўляцца толькі па дазволу імператарскіх прэфектаў эрарыя[113].
Армія
[правіць | правіць зыходнік]Сярод легіянераў Аўрэліян меў вялікі аўтарытэт, але ён быў строгі да іх і патрабаваў ад іх высокай дысцыпліны (у сувязі з гэтым Еўтропій піша, што Аўрэліян «дысцыпліну ў арміі падтрымліваў строга і сваволле з многіх павыбіваў»[114]). Імператар імкнуўся быць незалежным ад арміі. Пасля перамогі над пальмірцамі Аўрэліян, па сутнасці, ізноў стварыў рымскую армію ва ўсходняй частцы імперыі[113]. У сувязі з гэтым на манетах, выпушчаных у 274—275 гадах у Кізіку, ён названы «аднавіцелем войска» (лац.: RESTITUTOR EXERCITI)[113].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]«Гісторыя Аўгустаў» паведамляе, што бацькі Аўрэліяна былі «сціплага звання»[115]. Больш пра іх нічога не вядома. Ніжэй пералічаны імёны сваякоў Аўрэліяна, якія дашлі да нашага часу:
Ульпій Крыніт — прыёмны бацька Аўрэліяна, які нібыта вядзе свой род ад імператара Траяна[116]. Хоць біяграфія Крыніта відавочна выдумана адным з аўтараў «Гісторыі Аўгустаў», такі чалавек усё ж мог існаваць[117]. Бацька Ульпіі Северыны, жонкі Аўрэліяна[118].
Ульпія Северына — жонка Аўрэліяна, дачка Ульпія Крыніта[119]. Яна нарадзіла імператару дачку[6]. Імаверна, што пасля гібелі мужа на працягу аднаго — двух месяцаў Северына, апіраючыся на велізарны аўтарытэт Аўрэліяна, кіравала дзяржавай і, магчыма, паўплывала на выбар імператарам Тацыта[120].
Аўрэліян — унук імператара, сын яго дачкі. Быў праконсулам Кілікіі, на момант напісання біяграфіі свайго дзеда жыў на Сіцыліі[121]. Вядомы толькі з «Гісторыі Аўгустаў».
Смерць
[правіць | правіць зыходнік]У 275 годзе Аўрэліян вырашыў пачаць вайну з персамі і вярнуць Месапатамію пад уладу Рыма. У Персіі тым часам адбывалася частая змена кіраўнікоў, і таму можна было спадзявацца, што вайна з персамі не будзе цяжкай[5]. Сабраўшы ў Ілірыцы «хутчэй вялікае, чым велізарнае войска», Аўрэліян рушыў на Усход[122]. Але ў дарозе, недалёка ад Кенафрурырыума (суч. Чорлу), які знаходзіўся паміж Геракліяй і Візантыем, ён быў забіты ў выніку змовы ў канцы лета — пачатку восені[заўв 2].
E. M. Штаерман злучала гібель Аўрэліяна з паглыбленнем сацыяльных супярэчнасцей у рымскай арміі[124]. Па яе меркаванню, імператар, плацячы каманднаму саставу арміі вялікімі грашыма, натурай і шырокімі землямі, спрыяў збліжэнню армейскіх афіцэраў з правінцыйнымі зямельнымі магнатамі[124]. Звычайныя ж салдаты былі супраць саступак сенатарскаму саслоўю, і Аўрэліян паў ахвярай іх апазіцыі[124].
Аднак сведчанні пісьмовых крыніц даказваюць, што забойства імператара — прамы вынік яго празмернай строгасці[125]. Арганізатарам забойства стаў пісьмавод Аўрэліяна па сакрэтных паперах, імператарскі вольнаадпушчанік Мнестэй[126]. Ён правініўся па службе і баяўся строгага імператарскага пакарання[127]. Тады, умела падрабіўшы почырк Аўрэліяна, ён
«…склаў спіс імён, у якім былі перамяшаны з імёнамі тых, на каго Аўрэліян сапраўды гневаўся, таксама імёны тых, пра каго ён не думаў нічога кепскага, і дадаў да іх сваё імя для таго, каб праяўляная ім турбота выклікала больш даверу. Спіс ён прачытаў асобным людзям, імёны якіх у ім значыліся, дадаючы, што Аўрэліян вырашыў усіх іх забіць, і што яны, калі яны сапраўдныя мужчыны, павінны паклапаціцца пра ўласнае жыццё. Страх авалодаў тымі, хто заслужыў кару, а скруха — тымі, хто не меў віны, бо Аўрэліян, здавалася, не адчуваў удзячнасці за ўсе аказаныя яму дабрадзействы і паслугі, і яны ў дарозе, у вышэйназваным месцы, раптам напалі на гаспадара і забілі яго…»[128]
Спачатку ён быў адданы пракляццю памяці (відаць, сенатам), але затым абагаўлёны[129]. Пасля смерці Аўрэліяна пачаўся перыяд «міжцарства», калі, імаверна, краінай правіла Ульпія Северына, якая паўплывала на выбар пераемніка свайго мужа[130].
Вынікі кіравання
[правіць | правіць зыходнік]Кіраванне Аўрэліяна доўжылася пяць гадоў, што для таго часу было досыць працяглым тэрмінам. Яго галоўным дасягненнем стала аднаўленне адзінства Рымскай імперыі[131]. Аўтар біяграфіі Аўрэліяна ў «Гісторыі Аўгустаў» піша, што час Аўрэліяна быў вельмі шчаслівым. Рымскі народ любіў яго, а сенат, звыш таго, і баяўся[132]. Аўрэліян быў прыхільнікам строгай дысцыпліны ў арміі і праціўнікам карупцыі сярод чыноўнікаў[29]. Праведзеныя ім рэформы спрыялі стабілізацыі становішча ў дзяржаве[133]. Аўрэліян быў выдатным военачальнікам[134].
У «Вытрымках пра норавы і жыццё рымскіх імператараў» яго дасягнення параўноўваюцца з дасягненнямі Аляксандра Македонскага і Цэзара[135].
Тацыт, пераемнік Аўрэліяна, лічыў таго выратавальнікам Рыма, і загадаў кожнаму грамадзяніну мець жывапісны партрэт Аўрэліяна.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Вытрымкі пра норавы і жыццё рымскіх імператараў (XXXV. 2.) паведамляюць, што бітва была выйграна рымлянамі. Але, хутчэй за ўсё, абодва бакі проста панеслі вялікія страты.
- ↑ Забойства Аўрэліяна датуецца ў літаратуры па-рознаму, ад сакавіка да снежня 275 года. Меркаваная дата смерці, заснаваная на датаванні манет, адносіцца да канца лета — пачатку восені 275 года[123].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Lucius Aurelian // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Aureliano // Diccionario biográfico español — Real Academia de la Historia, 2011.
- ↑ Aurelian // https://pantheon.world/profile/person/Aurelian Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ PLRE. «L. Domitius Aurelianus 6».
- ↑ а б в г д М. Грант. Римские императоры. Аврелиан. М. 1998.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к Körner, Christian Aurelian (270—275). An Online Encyclopedia of Roman Emperors. 2001.
- ↑ Аўрэлій Віктар. Выманні пра норавы і жыцці рымскіх імператараў. 35. 1.
- ↑ Еўтропій. Брэвіярый ад заснавання горада. IX. 13. 1.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. III. 1.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. IV. 3-7.
- ↑ а б Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 34.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. V. 7. 1.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. V. 5.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. V. 8.
- ↑ Alaric Watson. Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 39.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 40.
- ↑ Аўрэлій Віктар. Пра цэзараў. XXXIII. 21.
- ↑ Weigel, Richard D. «Claudius II Gothicus (268 −270)», De Imperatoribus Romanis, 2001
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 42.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 41.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 43-44.
- ↑ а б Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 45.
- ↑ A. Stein. Prosopographia Imperii Romani. III. 2. — p. 41.
- ↑ а б D. Kienast. Die Munzreform Aurelians. — р. 234.
- ↑ Аўрэліян на сайце imperiumromanum
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. VI. 1.
- ↑ а б Еўтропій. Брэвіярый ад заснавання Горада. XIII. 1.
- ↑ Аўрэлій Віктар. Пра цэзараў. XXXV. 11.
- ↑ а б Аўрэліян на сайце imperiumromanum
- ↑ D. Kienast. Die Münzreform Aurelians. — р. 236.
- ↑ Pat Southern The Roman Empire from Severus to Constantine. — Routledge, 2001. — р. 79.
- ↑ а б в г д е Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 49.
- ↑ а б в г д е ё ж Jona Lendering: Aurelian Livius.org Архівавана 21 верасня 2012.
- ↑ а б Зосім. Новая гісторыя. I. 48.
- ↑ а б в г Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 50.
- ↑ а б «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXI. 1.
- ↑ а б Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 51.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 52.
- ↑ а б в г Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 54.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 152.
- ↑ Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 152.
- ↑ Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 153.
- ↑ Псеўда-Аўрэлій Віктар. Вытрымкі пра жыццё і норавы рымскіх імператараў. XXXII. 3.
- ↑ а б Зосім. Новая гісторыя. I. 49.
- ↑ G. Barbieri. L’albo senatorio da Settimio Severo a Carino (193—285). р. 410.
- ↑ PLRE. «Domitianus 1».
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Галіен. II. 6.
- ↑ а б в Аўрэлій Віктар. Пра цэзараў. XXXVI. 6.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 81-82.
- ↑ Псеўда-Аўрэлій Віктар. Вытрымкі пра жыццё і норавы рымскіх імператараў. XXXV. 4.
- ↑ а б Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 317.
- ↑ а б в Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 55.
- ↑ Pat Southern. The Roman Empire from Severus to Constantine. р. 120.
- ↑ Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 316.
- ↑ E. Groag. s.v. Domitius no. 36. RE. V. 1. 1903. col. 1363—1366.
- ↑ Сергеев И. Римская Империя в III веке нашей эры. — Харьков, 1999. — стр. 135.
- ↑ Parker H. M. D. A History of the Roman world. р. 199.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 70.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 71.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXII. 3.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXII. 5.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXII. 6.
- ↑ а б Richard Stoneman: Palmyra and Its Empire: Zenobia’s Revolt against Rome. р. 170.
- ↑ а б Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 72.
- ↑ Гісторыя Аўгустаў. Аўрэліян. XXIII. 2.
- ↑ Richard Stoneman: Palmyra and Its Empire: Zenobia’s Revolt against Rome. р. 167.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 73.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 74.
- ↑ а б Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 75.
- ↑ а б в Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 76.
- ↑ а б Richard Stoneman: Palmyra and Its Empire: Zenobia’s Revolt against Rome. р. 176.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXVIII. 3.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXVIII. 4.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXX. 3.
- ↑ WAlaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 78.
- ↑ Richard Stoneman: Palmyra and Its Empire: Zenobia’s Revolt against Rome. р. 177.
- ↑ WAlaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 80.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXX. 4.
- ↑ Аўрэлій Віктар. Пра цэзараў. XXXIX. 43.
- ↑ Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 109.
- ↑ Зосім. Новая гісторыя. I. 56. 2. (Гісторыя Аўгустаў (XXIX. 2.) называе яго Ахілам)
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 83.
- ↑ а б Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 120.
- ↑ Pat Southern The Roman Empire from Severus to Constantine. — Routledge, 2001. — р. 118.
- ↑ а б в Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 84.
- ↑ Аўрэлій Віктар. Пра цэзараў. XXXV. 4.
- ↑ Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 312.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXIX. 1.
- ↑ Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 186.
- ↑ Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 184.
- ↑ Лактанцый. Пра смерці ганіцеляў. VI. 1.
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі. Царкоўная гісторыя. VII. XXX. 18.
- ↑ D. Kienast. Die Munzreform Aurelians. — р. 547—565.
- ↑ Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 158.
- ↑ D. Kienast. Die Munzreform Aurelians. р. 564.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 130.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 128—146.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 135.
- ↑ а б в Сергеев И. Римская Империя в III веке нашей эры. — Харьков, 1999. — стр. 63.
- ↑ а б Alfоldi A. The Crisis of the Empire. — р. 410.
- ↑ Parker H.M.D. A History of Roman world. — р. 181.
- ↑ Grosse R. Romische Militargeschichte Von Gallienus Bis Zum Beginn Der Byzantinischen Themenverfassung. — р. 20-21.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 138.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 139.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 140.
- ↑ Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 180.
- ↑ Homo L. Essai sur le règne de l’empereur Aurélien — Paris, 1904. р. 194.
- ↑ Сергеев И. Римская Империя в III веке нашей эры. — Харьков, 1999. — стр. 81.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. L. 1.
- ↑ Parker H.M.D. A History of Roman world. — р. 207.
- ↑ а б Шерцль Р. Римское монетное дело. — стр. 111.
- ↑ Нетушил И. В. Обзор Римской истории. — стр. 286.
- ↑ а б в Сергеев И. Римская Империя в III веке нашей эры. — Харьков, 1999. — стр. 82.
- ↑ Еўтропій. Брэвіярый ад заснавання Горада. IX. 14.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. IV. 1.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. X. 2.
- ↑ Циркин Ю. Б. 2009: Император Тацит // Studia historica. IX. М. 127.
- ↑ Уільям Сміт.. Ульпій Крыніт (англ.)(недаступная спасылка). Smith’s Dictionary of Greek and Roman Biography and Mythology. 1849. Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2007.
- ↑ PLRE. «Severina 2».
- ↑ Циркин Ю. Б. 2009: Император Тацит // Studia historica. IX. М. 127—129.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XL. 2.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXV. 5.
- ↑ Levi M.A. L’impero Romano dalla battaglia di Azio alia morte di Theodosio I. — Torino, 1967. — р. 513
- ↑ а б в Штаерман Е. М. Кризис III в Римской империи. — стр. 153.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXVI. 2.
- ↑ Зосім (Новая гісторыя. I. 62. 1.) заве яго Эротам.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXVI. 4.
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. XXVI. 5-6.
- ↑ Pat Southern The Roman Empire from Severus to Constantine. — Routledge, 2001. — р. 125.
- ↑ Циркин Ю. Б. 2009: Император Тацит. стр. 127—129.
- ↑ Аўрэліян на сайце imperiumromanum
- ↑ «Гісторыя Аўгустаў». Боскі Аўрэліян. L. 5.
- ↑ Levi M.A. L’impero Romano dalla battaglia di Azio alia morte di Theodosio I. — Torino, 1967. — р. 513.
- ↑ Alaric Watson Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999. — р. 141.
- ↑ Псеўда-Аўрэлій Віктар. Вытрымкі пра норавы і жыцці рымскіх імператараў. XXXV. 2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Першасная літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аўрэлій Віктар. Клаўдзій II // Пра цэзараў.
- Еўтропій. Брэвіярый ад заснавання Горада.
- Флавій Вопіск Сіракузянін. Гісторыя Аўгустаў // Боскі Аўрэліян. — М.: Навука, 1992.
- Зосім. Новая Гісторыя // Кніга I.
- Лактанцый. Пра смерці ганіцеляў // Частка VI. Архівавана 31 мая 2008.
Даследаванні
[правіць | правіць зыходнік]- Homo L. Essai sur le règne de l'empereur Aurélien. — Paris, 1904.
- Barbieri G. L’albo senatorio da Settimio Severo a Carino (193-285). — Roma, 1952.
- Levi M. A. L'impero Romano dalla battaglia di Azio alia morte di Theodosio I. — Torino, 1967.
- Jones A. H. M. L. Domitius Aurelianus 6 // Prosopography of the Later Roman Empire / A. H. M. Jones, J. R. Martindale, J. Morris. — Cambridge University Press, 1971. — Vol. I: A.D. 260–395. — P. 129. — ISBN 0-521-07233-6 [2001 reprint].
- Kienast D. Romische Kaisertabelle. Grundzuge einer romischen Kaiserchronologie. — Darmstadt, 1996.
- Грант М.. Аврелиан (руск.)(недаступная спасылка). Римские императоры. 1998. Архівавана з першакрыніцы 19 красавіка 2012.
- Watson A. Aurelian and the Third Century. — Routledge, 1999.
- Сергеев И. Римская Империя в III веке нашей эры. — Харьков, 1999.
- Southern P. The Roman Empire from Severus to Constantine. — Routledge, 2001.
- Körner C.. Aurelian (270—275) (англ.)(недаступная спасылка). An Online Encyclopedia of Roman Emperors. 2001. Архівавана з першакрыніцы 7 мая 2021.
- White J. F. Restorer of the World: The Roman Emperor Aurelian. — Tempus Publishing, 2005.
- Lucius Domitius Aurelianus (ням.)(недаступная спасылка). Personen Kaiser. Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Аўрэліян
- Манеты Аўрэліяна
Гэты артыкул уваходзіць у лік выдатных артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |