Перайсці да зместу

Аніхафоры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аніхафоры

Peripatus sp.
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Onychophora Grube, 1853

Сямействы

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  154431
NCBI  27563
EOL  6927
FW  67135

Аніхафоры (Onychophora) — тып наземных беспазваночных жывёл.

Цела двухбаковысіметрычнае, сегментаванае, даўжынёй да 15 см, пакрыта тонкай эластычнай кутыкулай. Сегменты тулава вонкава не выражаны, а канцавіны не маюць сапраўдных членікаў. Склератызаваны толькі ротавыя кручкі і кіпцюрыкі ног. Трываласць і пругкасць покрываў забяспечваецца не столькі кутыкулай, сколькі тоўстым калагенавым слоем, які ляжыць пад эпітэліем (як у кольчатых чарвей). Паверхня цела пакрыта мноствам бугаркоў, якія нясуць сенсарныя конусы.

На галаве размешчаны дзве доўгія нечленістыя антэны, пара простых вачэй (у некалькіх відаў вочы страчаны), два ротавых вырасты, на вяршыні якіх адкрываюцца пратокі залоз, што выдзяляюць клейкі сакрэт, які хутка застывае на паветры. Ротавая поласць з дзвюма хіцінавымі сківіцамі. Па ўсёй даўжыні цела размешчаны 13-43 пары кароткіх нераздзеленых ножак, якія нясуць па два кіпцюрыкі.

Сценка цела — скурна-мускульны мяшок, поласць сфарміравана з цэлома і рэшткаў першаснай паражніны цела (як у членістаногіх). Органы дыхання — пучкі трахейных трубачак (да 70 у адным сегменце), дыхальцы шматлікія. Сэрца ў выглядзе трубкі з адтулінай на спінным баку, крывяносная сістэма незамкнёная. Органы выдзялення — цэламадукты, пара ў кожным сегменце. Цэнтральная нервовая сістэма прадстаўлена парным надглоточным гангліем і двума брушнымі тулаўнымі стваламі, злучанымі шматлікімі папярочнымі перамычкамі.

Адзіны сучасны клас (Першаснатрахейныя, Protracheata) падзяляецца на 2 сямействы, каля 200 відаў.

Выкапнёвыя рэшткі вядомыя з адкладаў кембрыйскага перыяду. Выкапнёвыя віды жылі ў морах, сучасныя віды жывуць у подсцілцы вільготных трапічных і субтрапічных лясоў Амерыкі, Афрыкі, Азіі, Аўстраліі, больш шматлікія ў Паўднёвым паўшар’і.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Жывуць у вільготных мясцінах, у лясным подсціле. Актыўныя ў прыцемках і ноччу. Драпежнікі, палююць на казурак, выкарыстоўваючы ў якасці пасткі струменьчыкі сакрэту, які выстрэльваецца з ротавых вырастаў. У спакоі ротавая вобласць знаходзіцца ўнутры цела, але можа выварочвацца вонкі.

Раздзельнаполыя. Палавая адтуліна ў самца і самкі няпарная, знаходзіцца на перадапошнім сегменце тулава.

У розных анікафор эмбрыягенез праходзіць або ў яйцы, багатым жаўтком, або ў целе самкі. Пераважна жывародныя. Развіццё без пераўтварэння.