Акіянія
Акіянія – частка свету, самая вялікая сукупнасць астравоў (каля 10 тыс.) у цэнтральнай і паўднёва-заходняй частцы Ціхага акіяна, паміж Аўстраліяй і Малайскім архіпелагам на захадзе і вялікімі акіянскімі прасторамі на поўначы, усходзе і поўдні.
Тэрмін упершыню ўжыў у 1812 годзе дацка-французскі географ Конрад Мальтэ-Брун, утварыўшы яго з грэчаскага кораня ὠκεανός (ōkeanós), акіян.
Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Акіянія размешчана паміж субтрапічнымі шыротамі Паўночнага паўшар'я і ўмеранымі Паўднёвага. Плошча 1,26 млн. км². Найбольшыя астравы: Новая Гвінея, Паўночны востраў (Новая Зеландыя), Паўднёвы востраў (Новая Зеландыя). Гэтыя 3 астравы складаюць каля 80% агульнай плошчы Акіяніі.
Пры падзеле сушы на часткі свету Акіянію часта аб'ядноўваюць з Аўстраліяй, а часам выдзяляюць як асобную частку свету.
Паводле асаблівасцей прыродных умоў і насельніцтва ў Акіяніі выдзяляюцца рэгіёны: Меланезія, Мікранезія, Палінезія і Аўстралазія.
Прыродныя ўмовы
[правіць | правіць зыходнік]У Акіяніі ёсць астравы мацерыковага паходжання (Новая Гвінея, Новая Каледонія, Фіджы), гарыстыя вулканічныя (востраў Бугенвіль, Гавайскія астравы і інш.), нізінныя каралавыя (Маршалавы астравы, Науру і інш.).
Найбольш высокі пункт Акіяніі – гара Джая на Новай Гвінеі, 5029 м. Гарыстыя астравы Акіяніі размешчаны ў межах астраўных дуг геасінклінальнай вобласці заходняй ускраіны Ціхага акіяна. У цэнтральнай частцы акіяна знаходзяцца найвышэйшыя вулканы, якія ўтвараюць некаторыя з астравоў. Вулканы Маўна-Кеа і Маўна-Лоа на Гавайях дасягаюць вышыні больш за 4000 м. Актыўны вулканізм і ў Новай Зеландыі.
Сярод карысных выкапняў у Акіяніі вядомы нікель і жалезныя руды (Новая Каледонія), фасфарыты (Науру), нафта (Новая Гвінея), золата (Новая Гвінея, Фіджы), вугаль (Новая Зеландыя), медзь (Бугенвіль, Новая Каледонія) і інш.
Клімат рэгіёна акіянскі, вільготны, пераважна субэкватарыяльны і экавтарыяльны, на поўдні субтрапічны і ўмераны. У экватарыяльным поясе сярэдняя тэмпература на працягу ўсяго года складае 26-28 ºС, а на крайнім поўдні тэмпература змяняецца ад 16 ºС у лютым да 5 ºС у жніўні. Ападкаў выпадае ад 1000 мм у год на ўсходзе да 3000-4000 мм і больш на захадзе. Асабліва шмат ападкаў на наветраных схілах гарыстых астравоў, напрыклад на Гавайскіх астравах да 14000 мм. У цэнтральнай Акіяніі і на захадзе частыя тайфуны.
Рэкі на астравах кароткія, мнагаводныя пераважна на буйных астравах. На Паўднёвым востраве Новай Зеландыі ёсць ледавікі.
Для глебавага покрыва астравoў Акіяніі характэрны чырваназёмы і латэрыты, у раёнах сезонных дажджоў распаўсюджаны чырвона-бурыя глебы, у вільготных раёнах балотныя і забалочаныя.
На наветраных схілах гарыстых астравоў пераважаюць вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы, на падветраных – ксерафітныя лясы, хмызняковыя фармацыі. Трапляецца расліннасць тыпу саваннаў. На нізінных каралавых астравах сустракаюцца зараснікі хмызняку, участкі лясоў, гаі какосавых пальм, хлебнага дрэва і інш. Асноўныя культурныя расліны: сагавая і какосавая пальмы, манга, цукровы трыснёг і інш.
У фаўне Акіяніі сустракаюцца аўстралійскія віды (яхідна, сумчатыя) і азіяцкія віды (дзік і інш.). Млекакормячых мала, затое мноства насякомых, каля 650 відаў птушак. Шмат эндэмікаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XVI стагоддзі большая частка астравоў Акеаніі належала Іспаніі і Партугаліі. У XVII стагоддзі ў рэгіён праніклі галандцы, французы і англічане, а ў XIX стагоддзі немцы і амерыканцы. У канцы XIX стагоддзя ўсе астравы Акіяніі былі каланізаваныя еўрапейскімі краінамі і Злучанымі Штатамі. У 1907 годзе атрымала незалежнасць першая краіна Акіяніі — Новая Зеландыя (да гэтага часу брытанскі дамініён). Падчас Першай сусветнай вайны нямецкія астравы былі заняты Аўстраліяй, Новай Зеландыяй і Японіяй, у 1919 годзе афіцыйна яны сталі тэрыторыямі кіраванымі Лігай Нацый. Падчас Другой сусветнай вайны тэрыторыя Акіяніі з'яўлялася арэнай баявых дзеянняў паміж амерыканскім і японскім войскамі. Пасля капітуляцыі Японіі ў 1945 годзе яе тэрыторыя, падлеглая ААН, трапіла пад кіраўніцтва ЗША. У пасляваенны час большасць залежных тэрыторый атрымала незалежнасць: Заходняе Самоа (1962), Науру (1968), Тонга і Фіджы (1970), Папуа-Новая Гвінея (1975), Саламонавы астравы і Тувалу (1978), Кірыбаці (1979), Федэратыўныя штаты Мікранезіі і Маршалавы астравы(1994). Іншыя тэрыторыі (Ніуэ, астравы Кука, Паўночныя Марыянскія астравы, Гуам) маюць шырокую аўтаномію.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Большасць крінаў Акіяніі мае вельмі слабую эканоміку, што звязана з некалькімі прычынамі: абмежаванасцю прыродных багацтваў, оддаленасцю ад сусветных рынкаў збыту прадукцыі, дэфіцытам высокакваліфікаваных спецыялістаў. Многія дзяржавы залежаць ад фінансавай дапамогі іншых краін.
Аснову эканомікі большасці краін Акіяніі складае сельская гаспадарка (вытворчасць копры і пальмавага масла) і рыбалоўства. Сярод найбольш важных сельскагаспадарчых культур выдзяляюцца какосавая пальма, бананы, хлебнае дрэва. Валодаючы агромністымі выключнымі эканамічнымі зонамі і не маючы буйнога рабалавецкага флота, урады кран Акіяніі выдаюць ліцэнзіі на права вылаву рыбы суднам іншых дзяржаў (у асноўным Японіі, Тайваня, ЗША), што значна папаўняе дзяржаўны бюджэт. Горназдабыўная прамысловасць найбольш развітая ў Папуа-Новай Гвінеі, Науру, Новай Каледоніі, Новай Зеландыі.
Значная частка насельніцтва занятая ў дзяржаўным сектары. У апошні час праводзяцца меры па развіцці турыстычнага сектара эканомікі.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Акіянію засяляюць каля 12,3 млн чалавек (1993), што складае 0,2% сусветнага насельніцтва. Але заселены астравы нераўнамерна: ад больш чым 250 жыхароў на км² (Тонга (500 чал/км²), Науру (476), Маршалавы астравы (287), Гуам (257), Амерыканскае Самоа (251)) да менш чым 10 жыхароў на км²: Папуа-Новая Гвінея (8). Вялікая колькасць маленькіх астравоў незаселена. Абарыгены: папуасы (каля 3,1 млн чал.), меланезійцы (каля 1 млн чал.), палінезійцы (каля 870 тысяч чал.), мікранезійцы (каля 180 тыс. чал.)
Палітычная карта
[правіць | правіць зыходнік]У Акіяніі размешчаны дзяржавы:
- Вануату,
- Кірыбаці,
- Маршалавы Астравы,
- Науру,
- Новая Зеландыя,
- Палау,
- Папуа - Новая Гвінея,
- Саламонавы Астравы,
- Самоа,
- Тонга,
- Тувалу,
- Федэратыўныя штаты Мікранезіі,
- Фіджы.
Да Акіяніі належаць часткова тэрыторыі ў складзе Інданезіі і ЗША (штат Гаваі).
Залежныя тэрыторыі і ўладанні іншых краін:
- Аўстраліі: Какосавыя астравы, востраў Норфалк, востраў Раства;
- Францыі: Новая Каледонія, Французская Палінезія, астравы Уоліс і Футуна;
- ЗША: Гуам, Паўночныя Марыянскія астравы, атол Уэйк, Усходняе Самоа, востраў Бэйкер, атол Джонсан, востраў Хаўленд, рыф Кінгмэн, астравы Мідуэй, атол Пальміра;
- Новай Зеландыі: востраў Ніуэ, астравы Кука, астравы Такелау;
- Чылі: востраў Пасхі;
- Вялікабрытаніі: астравы Піткэрн;