Аблегат
Аблегат (ад лац. ablegatus пасол) – 1) папскі легат;
2) Пасол з правам дарадчага голасу. Найчасцей у ВКЛ аблегатам называлі гарадскіх паслоў, якія ехалі да караля, скарбу, на соймы і соймікі, на пасяджэнні Трыбунала ВКЛ, задворнага асэсарскага, каптуровага, гродскага, земскага і іншых судоў. Права пасылкі аблегатаў на соймы ў Рэчы Паспалітай мелі Кракаў (з канца XIV ст.), Гданьск, Варшава, Львоў, Камянец-Падольскі у ВКЛ – Вільня (1568 г.), Магілёў (1661 г.), паводле няпэўных звестак, Гародня (1667? г.), Віцебск (1677? г.) і Друя. У ВКЛ права публічнага ўдзелу ў палітычным жыцці давалася разам з набілітацыйнымі прывілеямі гараджанам Вільні (1565 г.) і Магілёва (1661 г.). Але і да гэтага каралеўскія лісты і пашпарты дазвалялі бяспадатковы праезд аблегатаў да караля, на соймы, суды і па іншых гарадскіх справах. Вядомы ліст Жыгімонта III ад 9 чэрвеня 1588 г., яго канфірмацыя ліста Уладзіслава IV ад 8 сакавіка 1633 г. і генеральны пашпарт Яна III ад 7 ліпеня 1682 г. магілёўскім аблегатам,у якіх яны вызваляліся ад маставога, грэблевага і іншых падаткаў. Аблегат адпраўляліся ў пасольствы пасля пастановы сесіі магістрата, дзе іх выбіралі і давалі ім інструкцыі. Шматлікія падарожныя рэестры сведчаць пра вялікія выдаткі з гарадскога скарбу. Вялікія грошы ішлі на ўсемагчымыя прэзенты для залагоджвання дзяржаўных ураднікаў – ад канцлера і маршалка да павятовых паслоў. Інструкцыі патрабавалі дамагацца пацвярджэння папярэдніх правоў горада і атрымання новых. У соймавых дакументах амаль нічога не гаворыцца аб удзеле аблегатаў у пасяджэннях. Толькі сярод подпісаў пад ухваламі сустракаюцца прозвішчы прадстаўнікоў найбольш буйных гарадоў – Кракава, Варшавы і Вільні.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Bardach, J., Leśnodorski, B., Pietrzak, M. Historia ustroju i prawa polskiego. – 7 wyd. – Warszawa, 2003.
- Kowalenko, W. Geneza udziału stołecznego miasta Wilna w sejmach Rzeczypospolitej // Ateneum Wileńskie. – 1926/1927. – Rok 3. – Zeszyt 10 – 11. – S.; 1927. – Zeszyt 12. – S.
- Wasilewski, T. Nobilitacje miast w dawnej Rzeczypospolitej Obojga Narodów // Czas, przestrzeń, praca w dawnych miastach. – Warszawa, 1991.
- Беларускі архіў = Archivum Alboruthenicum / Інстытут беларускай культуры = Institutum culturae Alboruthenicae, Гістарычна-археолегічная камісія. Том 1 = Tomus Primus (XVI – XVII ст.). – Менск = Mensci [Мінск], 1927. – XXXII + 267 с. – (Працы і матэрыялы да гісторыі і археолёгіі Беларусі).
- Яцкевіч, З. Набілітацыйныя прывілеі для гарадоў ВКЛ: Магчымасці і рэалізацыя на прыкладзе Магілёва // Bialostoccuyuna. – 2002. – № 1 – 2. – S.
- Яцкевіч, З. Аблегат / Зміцер Яцкевіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 тамах / Рэдкалегія: Г.П.Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]; Навуковыя кансультанты: Я.К.Анішчанка [і інш.]. Том 1: А – К. – 2-е выданне. – Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. – С. 196 – 197.