Кастусь Каліноўскі: Розніца паміж версіямі
[дагледжаная версія] | [дагледжаная версія] |
(удзельнік выдалены) (выдаленае кароткае апісанне змен) |
(удзельнік выдалены) (выдаленае кароткае апісанне змен) |
||
Радок 113: | Радок 113: | ||
26 сакавіка 2022 года каля будынку [[Сабор Святога Кірылы Тураўскага|сабора Святога Кірылы Тураўскага]] ў [[Нью-Ёрк]]у адбылося ўрачыстае адкрыццё бюстаў [[Тадэвуш Касцюшка|Тадэвушу Касцюшку]] і Кастусю Каліноўскаму. Аўтар бюстаў — скульптар [[Гэнік Лойка]].<ref>[https://belsat.eu/news/27-03-2022-u-nyu-yorku-ustalyavali-byusty-tadevushu-kastsyushku-i-kastusyu-kalinouskamu/ У Нью-Ёрку ўсталявалі бюсты Тадэвушу Касцюшку і Кастусю Каліноўскаму]</ref> |
26 сакавіка 2022 года каля будынку [[Сабор Святога Кірылы Тураўскага|сабора Святога Кірылы Тураўскага]] ў [[Нью-Ёрк]]у адбылося ўрачыстае адкрыццё бюстаў [[Тадэвуш Касцюшка|Тадэвушу Касцюшку]] і Кастусю Каліноўскаму. Аўтар бюстаў — скульптар [[Гэнік Лойка]].<ref>[https://belsat.eu/news/27-03-2022-u-nyu-yorku-ustalyavali-byusty-tadevushu-kastsyushku-i-kastusyu-kalinouskamu/ У Нью-Ёрку ўсталявалі бюсты Тадэвушу Касцюшку і Кастусю Каліноўскаму]</ref> |
||
У сакавіку 2024 г. да дня 160-й гадавіны пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага на тэрыторыі [[Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў (Вільня)|францішканскага кляштара]] ў Вільні адкрылі паўстанцам Кастусю Каліноўскаму, [[Зыгмунт Серакоўскі|Зыгмунту Серакоўскаму]] і [[Цітус Далеўскі|Цітусу Далеўскаму]].<ref>[https://www.svaboda.org/a/32872958.html У Вільні адкрылі помнік Кастусю Каліноўскаму і іншым паўстанцам. ФОТАРЭПАРТАЖ]</ref> |
|||
У ліпені 2024 г. у [[Чарнігаў|Чарнігаве]] на вуліцы Кастуся Каліноўскага размясцілі мемарыяльную дошку ў гонар яго.<ref>[https://belsat.eu/news/29-06-2024-u-charnigave-z-yavilasya-memaryyalnaya-doshka-kastusyu-kalinouskamu У Чарнігаве з'явілася мемарыяльная дошка Кастусю Каліноўскаму]</ref> |
У ліпені 2024 г. у [[Чарнігаў|Чарнігаве]] на вуліцы Кастуся Каліноўскага размясцілі мемарыяльную дошку ў гонар яго.<ref>[https://belsat.eu/news/29-06-2024-u-charnigave-z-yavilasya-memaryyalnaya-doshka-kastusyu-kalinouskamu У Чарнігаве з'явілася мемарыяльная дошка Кастусю Каліноўскаму]</ref> |
Версія ад 13:43, 23 ліпеня 2024
Кастусь Каліноўскі | |
---|---|
польск.: Wincenty Konstanty Kalinowski | |
Нараджэнне |
21 студзеня (2 лютага) 1838 |
Смерць |
10 (22) сакавіка 1864 (26 гадоў) |
Месца пахавання | |
Род | Каліноўскія |
Бацька | Сымон Каліноўскі |
Маці | Вераніка Рыбінская |
Адукацыя |
|
Бітвы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вінцэ́нт-Канстанці́н Каліноўскі, Касту́сь Каліноўскі[2] (21 студзеня (2 лютага) 1838, Мастаўляны, Літоўскае генерал-губернатарства[1] — 10 (22) сакавіка 1864, Вільня) — палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў на землях Беларусі і Літвы.
Біяграфія
Дзяцінства і юнацтва
Нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гродзенскага павета, цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы, у сям’і беззямельнага шляхціца.
Род Каліноўскіх герба «Калінава» вядомы з XVII ст. Продкі Каліноўскага амаль сто гадоў валодалі маёнткам Калінава. Пасля продажу маёнтка ў 1836 годзе бацька Вінцэнта-Канстанціна заснаваў у Мастаўлянах ткацкую фабрыку, у 1849 годзе купіў фальварак Якушоўка паблізу мястэчка Свіслач Ваўкавыскага павета, дзе і прайшло дзяцінства Вінцэнта-Канстанціна.
У 1847—1852 гадах будучы рэвалюцыянер атрымаў першапачатковую адукацыю ў Свіслацкім павятовым вучылішчы, пасля заканчэння якога некалькі год пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка, дапамагаў па гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаўся самаадукацыяй. Вялікі ўплыў на Канстанціна Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар Каліноўскі, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце і даследаваў па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.
Рэвалюцыйная дзейнасць
У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта на камеральныя навукі. На працягу навучання ва ўніверсітэце Каліноўскі прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.
Неўзабаве пасля атрымання ўніверсітэцкага дыплому са ступенню кандыдата права, на пачатку вясны 1861 г. Каліноўскі вярнуўся на Радзіму і распачаў стварэнне на Гародзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі. Кастусь ездзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялян і агітаваў іх да паўстання.
Паводле сваіх ідэйных перакананняў Каліноўскі быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за звяржэнне самадзяржаўя, скасаванне абшарніцкага землеўладання. Ён лічыў, што толькі шырокі ўдзел у будучым паўстанні сялянства можа забяспечыць перамогу. У гэтым рэчышчы і вялася Каліноўскім агітацыйная праца.
Улетку 1862 г. Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам, Станіславам Сільвестровічам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай газеты на сучаснай беларускай мове. Усяго той газеты выйшла сем нумароў. Яна крытыкавала палітыку імперскіх уладаў, тлумачыла сітуацыю ў краіне, крытыкавала царскі маніфест аб скасаванні прыгону, заклікала сялян да змагання. Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязменна падпісаны псеўданімам Каліноўскага «Яська-гаспадар з-пад Вільні».
Кіраванне паўстаннем
У 1862 г. Каліноўскі ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыяльнага камітэта (ЛПК) — цэнтральнага органа падрыхтоўкі паўстання на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края (цяпер — тэрыторыя паўночнай Літвы і Заходняй Беларусі). А ўвосень таго ж года стаў яго старшынёй. Кастусь стаяў на чале часткі рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты напрамак вызваленчага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстання толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.
20 студзеня (1 лютага) 1863 узначаліў створаны замест ЛПК Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. Аднак старшынстваваў Каліноўскі ў віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве пасля выбуху паўстання, варшаўскі цэнтр і мясцовыя памешчыкі дамагліся роспуску ЛПК. Каліноўскага накіравалі на родную Гродзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводства.
Актыўная праца Каліноўскага ва ўмовах паўстання на пасадзе ваяводскага камісара паспрыяла таму, што менавіта на Гродзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнулі да барацьбы шмат сялян. Іншыя гісторыкі лічаць, што прычынай гэтага была найбольш высокая доля ў гэтым рэгіёне польскага насельніцтва. На ўсходзе сялянства ў асноўным не падтрымала паўстання і нават былі створаны сялянскія атрады для барацьбы з паўстанцамі.
У чэрвені 1863 г. праз поспехі царскіх войскаў і масавыя арышты паўстанцаў Каліноўскі вымушаны вярнуцца ў Вільню, дзе дзейнічаў пад канспірацыйнымі прозвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціус. Там ён увайшоў у Выканаўчы аддзел Літвы, які ўзначаліў пасля арышту Старшыні камітэта Якуба Гейштара, фактычна стаўшы і галоўным кіраўніком паўстання. Цікава, што ваенную секцыю Выканаўчага аддзела Літвы ўзначальваў Юзаф Каліноўскі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага, які пазней быў абвешчаны святым (св. Рафал). Па меркаваннях некаторых даследчыкаў і краязнаўцаў Юзаф Каліноўскі даводзіўся сваяком Кастусю Каліноўскаму[3]. У Вільні Кастусь Каліноўскі зноў бярэ цэнтральнае кіраванне ў свае рукі. Спрабуючы рэанімаваць паўстанне, Кастусь выдаў «Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай». Аднак было позна. Паўстанне на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края ўжо было ў асноўным падаўлена. Асноўныя сілы паўстанцаў былі разбітыя царскімі атрадамі пры дапамозе часткі беларускіх сялян.
Арышт і пакаранне
З восені 1863 г. К. Каліноўскі сканцэнтраваў намаганні на назапашванні сіл для новага выступлення ўвесну. Але, выдадзены камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам, ён быў у ноч на 29 студзеня 1864 г. схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах (побач з саборам Св. Яна), дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.
Падчас следства і суду Кастусь Каліноўскі цвёрда стаяў на сваёй пазіцыі і адмаўляўся супрацоўнічаць са следствам. Даўшы паказанні па сваёй уласнай дзейнасці, ён адмовіўся даваць інфармацыю па іншых асобах, якія цікавілі следчую камісію, матывуючы гэта так: «…грамадская адкрытасць з’яўляецца станоўчай рысай асобы, але шпіёнства апаганьвае чалавека… мае паказанні па [іншых] асобах… не могуць спрыяць замірэнню краю… …усведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншым шляху.»[4]
Царскі ваенна-палявы суд вынес пастанову: пакараць Каліноўскага смерцю на шыбеніцы. 22 сакавіка Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні. Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зроўнены з зямлёй.
Запавет
З турмы Каліноўскі перадаў на волю «Лісты з-пад шыбеніцы»:
«…
Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.
Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні»
У кастрычніку 1862 года падчас канфліктаў з палякамі паўстаў нумар «Мужыцкай праўды», які аднак з нейкіх прычынаў не надрукавалі. Гэты варыянт з’яўляецца ўнікальным і вылучаецца з усёй серыі, бо тлумачыць сялянам, як раней называлася іхняя краіна і якую назву мае тутэйшы народ[5][6]:
Вы, Дзецюкі, пэўне, не ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля на якой нашы бацькі жылі <…> Зямля наша з вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы.
Ацэнкі
Кастусь Каліноўскі — адзін з самых вядомых прадстаўнікоў беларускай нацыі ў свеце[7]. Кастусь Каліноўскі лічыцца нацыянальным героем Беларусі, хоць нацыянальная яго прыналежнасць аспрэчваецца ў розных гістарыяграфіях (польскай, беларускай, літоўскай).
У польскай гістарыяграфіі паўстанне на беларускіх і літоўскіх землях не прыцягвае такой увагі, як падзеі ў Польшчы і сусветны кантэкст паўстання, а асоба Каліноўскага выдзяляецца за незвычайнасць, але яго перакананні ў нацыянальным пытанні звычайна класіфікуюцца як польскія або «краёвыя».[8]
У беларускай гістарыяграфіі, на момант 2000-х гг., ступень навуковай распрацоўкі тэмы паўстання і асобы Каліноўскага па-ранейшаму характарызуюцца слабой апорай на архіўныя крыніцы і моцнай публіцызаванасцю і палітызаванасцю на шкоду навуковасці.[9].
Рэвалюцыйная дзейнасць Каліноўскага ацэньваецца, між іншым, як звышрадыкальная[10].
Гісторык і галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін паказвае, што Каліноўскі не можа з’яўляцца нацыянальным героем Беларусі, і што легенду стварылі бальшавікі, якім быў патрэбны сялянскі беларускі герой[11].
Палітык Зянон Пазняк гаворыць, што Каліноўскі — гэта чалавек, які сцвердзіў беларускую нацыю. Уся шляхта, якая змагалася за свабоду, змагалася за свабоду Рэчы Паспалітай. У іх не было нацыянальнай ідэі, яны змагаліся на польскай мове. Каліноўскі адлюстраваў нацыянальную ідэю для інтэлігенцыі, якая за мову і за адраджэнне Беларусі. На яго думку, без Каліноўскага ўсяго гэтага магло б і не быць[12].
Гісторык і палітык Ігар Марзалюк, сказаў пра Каліноўскага, што ён патрыёт і грамадзянін трох сучасных народаў. Для кагосьці ён «польскі Рабесп’ер», для кагосьці ён — пачынальнік беларускага каталіцкага руху, для кагосьці — проста беларускі патрыёт, а для кагосьці — грамадзянін гістарычнай Літвы[13].
Гісторык Алесь Краўцэвіч адзначыў, што гэта адзіная асоба, адзіны сапраўды нацыянальны герой, які прысутнічае ў масавай свядомасці Беларусі. Незалежна ад узросту, поглядаў, палітычных перакананняў. Гэта адзіны герой, які дастаўся незалежнай Беларусі ў спадчыну ад савецкай Беларусі[14].
Віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка падкрэсліў знакавасць таго, што паролем пастаўнцаў Каліноўскага было: «Каго любіш? Люблю Беларусь». Ён сказаў, што гэта асоба назаўжды ўпісана ў гісторыю Беларусі[15].
Вобраз у мастацтве
- «Кастусь Каліноўскі» — верш (Алесь Дудар)
- «Кастусь Каліноўскі» — паэма (Анатоль Вольны)
- «Кастусь Каліноўскі» — верш (Юрка Лявонны)
- «Смерць Кастуся Каліноўскага» — паэма (Міхась Машара)
- «Каліноўскі» — паэма (Максім Танк)
- «Кастусь Каліноўскі» — героіка-прыгодніцкі фільм 1928 года
- «Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў» — (А. Мальдзіс)
- «Каласы пад сярпом тваім» — раман (У. Караткевіч)
- «Кастусь Каліноўскі» — аповесць (А. І. Якімовіч)
- «Кастусь Каліноўскі» — п’еса (У. Караткевіч)
- «Кастусь Каліноўскі» — п’еса (Е. Міровіч) — у пастаноўцы БДТ-3 ролю К.Каліноўскага выканаў Канстанцін Быліч
- «Кастусь Каліноўскі» — опера (Сл. М. Клімковіча; Муз. Д. Лукаса)
- «Кастусь Каліноўскі» — рэспубліканская мастацкая выстаўка, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння і 125-годдзю паўстання 1863—1864 гг. (4—28 лютага 1988 г.): каталог / [складальнікі: Л. Б. Бортнік і інш.]. — Мн.: Беларусь, 1989.
- «Хамуціус» — паэма (А. Куляшоў)
Ушанаванне памяці
У гонар К. Каліноўскага названыя вуліцы ў Мінску (1963), Гродна і іншых гарадах Беларусі, а таксама гімназія № 1 у г. Свіслач. Там жа яму ўсталяваны адзіны ў Беларусі помнік.
У Вільні на Лукішскай плошчы, дзе расійскія карнікі павесілі К. Каліноўскага, у яго гонар усталявалі мемарыял у выглядзе пліты і драўлянага крыжа. У 2008—2009 гадах Віленскае самакіраванне пастанавіла правесці рэканструкцыю пляцу. У фінал конкурсу выйшла 7 праектаў, але толькі адзін з іх прадугледжваў захаванне помніка ўдзельнікам нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў. Беларуская дзяржава не выказала зацікаўленасці ў абароне помніка, таму існавала імавернасць, што помнік ліквідуюць[16]. 22 сакавіка 2009 года на Лукішскай плошчы адбылася акцыя ўшанавання памяці герояў супраць зносу мемарыялу[17].
У 1926 годзе ў Мінску колішнюю Кацярынінскую вуліцу перайменавалі ў гонар К. Каліноўскага[18], а ў 1928 годзе ў БССР знялі мастацкі фільм «Кастусь Каліноўскі», у якім распавядалася пра кіраўніка паўстання 1863—1864 гадоў.
У 1943 годзе ў гонар Кастуся Каліноўскага была названая савецкая партызанская брыгада, якая з’яўлялася адным з найбольш актыўных злучэнняў у ваколіцах Гродна і Беластока.[19][20] У ёй таксама змагаўся пісьменнік Аляксей Карпюк.[21]
З пачатку 1990-х гадоў выказванне К. Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа» змяшчаецца ў якасці эпіграфу на першай старонцы газеты «Рэспубліка».
У 1993 годзе ў Вільні на сцяне касцёла Святога Духа, дзе ў былым дамініканскім кляштары трымалі ў зняволенні Кастуся Каліноўскага, з боку вуліцы Ігнатаўскай паставілі мемарыяльную дошку ў памяць кіраўніка паўстання[22].
Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага[23], палажэнне аб якім прынялі яшчэ ў 1995 годзе[24]. У наш час узнагарода не выкарыстоўваецца, але пры гэтым не выходзіла адпаведнай пастановы аб яе скасаванні[25].
Падчас Уварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе беларускія добраахвотнікі стварылі батальён імя Каліноўскага для абароны Кіева.[26]
26 сакавіка 2022 года каля будынку сабора Святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылося ўрачыстае адкрыццё бюстаў Тадэвушу Касцюшку і Кастусю Каліноўскаму. Аўтар бюстаў — скульптар Гэнік Лойка.[27]
У сакавіку 2024 г. да дня 160-й гадавіны пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага на тэрыторыі францішканскага кляштара ў Вільні адкрылі паўстанцам Кастусю Каліноўскаму, Зыгмунту Серакоўскаму і Цітусу Далеўскаму.[28]
У ліпені 2024 г. у Чарнігаве на вуліцы Кастуся Каліноўскага размясцілі мемарыяльную дошку ў гонар яго.[29]
-
Помнік у Мастаўлянах
-
Пліта на Лукішскай плошчы
-
Шыльда на сцяне касцёла Святога Духа ў Вільні
-
Помнік у Шальчынінкаі (Салечніках)
Перапахаванне парэшткаў
У лютым 2016 года на гары Гедыміна ў Вільні здарыўся апоўзень, які паўтарыўся ў кастрычніку. Трэба было тэрмінова «звязаць» грунтовыя расколіны, каб будаўнікі маглі пачаць ліквідацыю наступстваў. З улікам гістарычнай значнасці месца наперад пусцілі археолагаў. Раскопкі пачаліся ў студзені 2017 года, і ўжо праз некалькі дзён адкрылася першая пахавальная яма. Даследчыкі Віленскага ўніверсітэта да пачатку 2019 года прыйшлі да высновы, што з вялікай доляй верагоднасці тут былі знойдзены парэшткі Кастуся Каліноўскага[30][31].
Як расказаў археолаг Гіціс Грыжас:[32]
Гэта быў мужчына 25–26 гадоў. Ён ляжаў на баку, рукі за спінай звязаныя, цела аблітае вапнай. Пры ім знайшлі некаторыя прадметы: фрагменты абутку, гузікі, медальён з выявай Маці Божай Вастрабрамскай, а таксама раскладны медальён, унутры якога з аднаго боку крыжык з Хрыстом, з другога — моцна выцертыя, але пазнавальныя абрысы святога Казіміра. |
Замаскаваныя магілы паўстанцаў, якія знайшлі археолагі, былі супольныя і індывідуальныя. Выглядае, што іх зраўнялі з зямлёй знарок — каб не ператварыць у месца паломніцтва[32].
Пасля дадатковага даследавання факт знаходкі парэшткаў К. Каліноўскага быў пацверджаны[33]. Парэшткі Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікавалі дзякуючы супадзенню спосабу пакарання, месца і характару пахавання, узросту, а таксама праз параўнанне чэрапа з фатаздымкамі. Але для канчатковай упэўненасці патрэбная генетычная экспертыза[34].
Была ўтвораная дзяржаўная камісія ў справе перапахавання парэшткаў паўстанцаў, якую ўзначаліў прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс[35]. Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі звярнуліся да кіраўніцтва Літвы з просьбай пахаваць Кастуся Каліноўскага ў Беларусі[36], што выклікала неадназначную рэакцыю ў краіне.
Літоўскія ўлады вырашылі ўрачыста перапахаваць паўстанцаў на могілках Росы у Вільні. Перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года[37].
Зноскі
- ↑ а б польская Вікіпедыя — 2001.
- ↑ Памяншальная форма імя, часта ўжываная савецкай і беларускай гістарыяграфіяй.
- ↑ Грушэцкі А.Л.. Рай Адама Міцкевіча пад Нясвіжам(недаступная спасылка). Новы Час (10 мая 2020). Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2020. Праверана 20 мая 2020.
- ↑ Паказанні К. Каліноўскага ў следчай камісіі 26.2.1864 ст.ст.… // К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия/Ин-т истории партии при ЦК КП Белоруссии — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1988. ISBN 5-338-00024-5. C.77—85.
- ↑ Герасімчык В. Ненадрукаваны нумар «Мужыцкай праўды» Архівавана 20 чэрвеня 2018. // «Народная Воля», 19 чэрвеня 2018 г.
- ↑ Герасімчык В. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Гродна, 2018.
- ↑ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 33
- ↑ Смалянчук. Спадчына #2, 1998.
- ↑ Карев Д. В. Восстания 1830—1831 гг. и 1863—1864 гг. в белорусской историографии конца XIX—XX вв. // Повстанческое движение в Гродненской губернии 1863—1864 гг. / сост. Т. Ю. Афанасьева [и др.]; под ред. Д. В. Карева. — Брест : Академия, 2006. — 404 с. — С. 3—16. — ISBN 985-505-025-8
- ↑ Гронский. Кастусь Калиновский: конструирование героя…
- ↑ Пазбавіцца ад каліноўшчыны . Еўрарадыё (22 студзеня 2013). Праверана 2 кастрычніка 2018.
- ↑ Пазьняк: Каліноўскі — наш сьцяг, і ён мае быць там, дзе быў узьняты . www.svaboda.org.
- ↑ Марзалюк: Вільня — горад нашай мары. Каліноўскі мусіць застацца там . Наша Ніва.
- ↑ belsat.eu
- ↑ Віцэ-прэм'ер Петрышэнка на пахаванні ў Вільні: Асоба Каліноўскага назаўжды ўпісана ў гісторыю Беларусі . Наша Ніва.
- ↑ Помнік Каліноўскаму на Лукішках можа не перажыць рэканструкцыю(недаступная спасылка). belmy.info (19 сакавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 24 ліпеня 2015. Праверана 26 студзеня 2019.
- ↑ Абарона крыжа паўстанцам Архівавана 25 верасня 2020. // «Наша Ніва», 22 сакавіка 2009 г.
- ↑ Бондаренко В.. Между двумя мировыми войнами (руск.)(недаступная спасылка). Мінск стары і новы (19 сакавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2012. Праверана 26 студзеня 2019.
- ↑ Андрэй Вашкевіч. Як Гронскі расправіўся над Каліноўскім(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2009. Праверана 31 ліпеня 2020.
- ↑ Бригада им. Кастуся Калиновского (Войцеховский Н. К.)
- ↑ Аляксей Карпюк: хто гэта такі і чаму пра яго памятаюць гродзенцы . hrodna.life.
- ↑ Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998. С. 59.
- ↑ Об утверждении описания орденов, медалей и нагрудных знаков к почетным званиям Республики Беларусь . pravo.kulichki.com.
- ↑ Положение об ордене Кастуся Калиновского
- ↑ Кастусь Каліноўскі . «Свіслацкія аркушы» (19 сакавіка 2011).
- ↑ Беларусы стварылі батальён імя Каліноўскага для абароны Кіева . Еўрапейскае радыё для Беларусі (9 сакавіка 2022).
- ↑ У Нью-Ёрку ўсталявалі бюсты Тадэвушу Касцюшку і Кастусю Каліноўскаму
- ↑ У Вільні адкрылі помнік Кастусю Каліноўскаму і іншым паўстанцам. ФОТАРЭПАРТАЖ
- ↑ У Чарнігаве з'явілася мемарыяльная дошка Кастусю Каліноўскаму
- ↑ У Вільні плануюць пахаванне ўдзельнікаў паўстання Каліноўскага . naviny.belsat.eu.
- ↑ news.tut.by Архівавана 25 верасня 2020.
- ↑ а б Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА . www.svaboda.org.
- ↑ Як расійскія салдаты пахавалі Кастуся Каліноўскага // Наша Ніва, 28 сакавіка 2019
- ↑ Дасьледчык паўстаньня 1863–1864 гадоў: Улады палохае вобраз Кастуся Каліноўскага . www.svaboda.org.
- ↑ На беларускае шэсьце ў гонар Каліноўскага ў Вільні прыйшлі прапраўнук Міцкевіча і першы лідэр вольнай Літвы. ФОТА і ВІДЭА . www.svaboda.org.
- ↑ Дзеячы культуры звярнуліся да Літвы: Просім пахаваць Каліноўскага ў Беларусі . Наша Ніва.
- ↑ Перапахаванне Каліноўскага і іншых паўстанцаў у Вільні РАСКЛАД МЕРАПРЫЕМСТВАЎ . Наша Ніва.
Бібліяграфія
- Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Уклад., прадм., паслясл., пер. і камент. Г.Кісялёва. — Мн.: Міжнар. фонд «Бел. кнігазбор», 1999. — 459 с. — (Беларускі кнігазбор). ISBN 985-6318-41-6
Літаратура
- Абламейка С. Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ ста го дзь дзе). — 2-е выд., дап. — Радыё СвабоднаяЕўропа / Радыё Свабода, 2020. — 140 с.: іл. — ISBN 978-0-929849-77-5
- Авакян Г. С. Палітычныя мысліцелі і гуманісты Беларусі / Г. С. Авакян, М. В. Кузняцоў, М. П. Сінькевіч; Бел. дзярж. экан. ун-т. — Мн.: ТАА «Элайда», 2002. — 96 с.
- Белы А. Я. Вобраз змагара: да 150-годдзя з дня нараджэння К.Каліноўскага / А. Я. Белы. — Мн., 1988.
- Герасімчык В. У. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Гродна: ЮрСаПрынт. — 228 с. — 300 экз. — ISBN 978-985-7134-35-9.
- Герасімчык В. Кастусь Каліноўскі: чаму яму няма роўных // Наша гісторыя, № 2, 2018, с. 4-9. ISN 2617—2305
- Гронский А. Д. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. № 2. 2008. С. 82-87
- Дубавік А. А. Асоба і дзейнасць К. Каліноўскага ў беларускай крытыцы (канец ХХ — пачатак ХХІ стст.) // Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук, 2006, № 4. С. 99-104.
- Жыві ў свабодзе: Кн. пра Каліноўскага / Уклад. і аўт. паслясл. С. С. Панізіка. — Мн.: Юнацтва, 1996. — 398 с. — (Школьная бібліятэка).
- Кастусь Каліноўскі (1838—1864): Материалы респ. науч. конф., посвящ. 150-летию со дня рождения выдающегося бел. революционера-демократа и мыслителя К.Калиновского / [Сост. Я. И. Мараш] — Гродно, 1988. — 87 с.
- Кісялёў Г. В. Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха — наступнікі / Генадзь Кісялеў. — Мн.: Маст.літ., 1994. — 303 с.
- Кіштымаў А. Загадка бацькі Каліноўскага // Наша гісторыя, № 2, 2018, с. 10-12. ISN 2617—2305
- Машара М. Смерць Кастуся Каліноўскага. — Чыкага: Ільліноіс, 1961.
- Паўстанне на Беларусі 1863 года: «Мужыцкая Праўда» і лісты «з-пад шыбеніцы» / тэксты і каментарыі: Я. Запруднік і Т. Э. Бэрд. — Нью-Йорк: Фундацыя імя П. Крэчэўскага, 1980. — 69 с. — (Дакументы беларускай гісторыі).
- Следча-судовая справа Кастуся Каліноўскага / Уклад. З. Кузменка. — Мн.: Галіяфы, 2014. — 142 с.
- Смірноў А. Ф. Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 года / А. П. Смірноў. — Мн.: Дзярж. выд-ва БССР, 1959.
- Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення / Ад. Станкевіч. — Вільня, 1935.
- Шалькевіч В. Вікенці Канстанцін Каліноўскі (1838—1864) / Вячаслаў Шалькевіч // Славутыя імёны Бацькаўшчыны ? Вып.2. — С.207-218.
- Шалькевіч В. Кастусь Каліноўскі: Старонкі біягр.. — Мн.: Газ."Голас Радзімы", 1985. — 127 с.
- Шалькевіч В. «Марыська чарнаброва, галубка мая…» Лёс нявесты К.Каліноўскага М. М. Ямант // Работніца і сялянка ? 1993. N 2. — С. 14-16.
Спасылкі
Кастусь Каліноўскі ў Вікіцытатніку | |
Кастусь Каліноўскі ў Вікікрыніцах | |
Кастусь Каліноўскі на Вікісховішчы |
- За нашую вольнасць: творы, дакументы Архівавана 18 лютага 2008. — Беларускі кнігазбор
- У. Перцаў, Кастусь Каліноўскі (Да 80-годдзя з дня смерці) // Беларусь. — 1944. — № 2. — С.22.25
- Біяграфія на Slounik.org
- Біяграфія на старонцы «Гісторыя Беларусі. Асобы.» Архівавана 19 чэрвеня 2006. Таварыства Беларускай Мовы
- Праект «Сьвіслацкія аркушы — Кастусь Каліноўскі»
- Гронский А. Попытка конструирования белорусской национальной героики в начале ХХ в.
- Плебановіч І. Асоба Кастуся Каліноўскага ў нацыянальным дыскурсе
- Кастусь Каліноўскі і яго эпоха // Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, Менск, 25 верасня 2010 г. // на pawet.net
- КАЛІНОЎСКІ Кастусь
- Герасімчык В. «Человек без сердца и души»: вобраз Каліноўскага ў часы Расійскай імперыі
- Герасімчык В. «СПРАВЯДЛІВЫ ГАСПАДАР»: Образ К. Калиновского в белорусской историографии. Часть 1. Повстанец Калиновский в Разделенной Беларуси (1916—1945 гг.)
- Улады палохае вобраз Кастуся Каліноўскага // Радыё Свабода, 15 красавіка 2019
- Нарадзіліся 2 лютага
- Нарадзіліся ў 1838 годзе
- Нарадзіліся ў Гродзенскім павеце (Расійская імперыя)
- Памерлі 22 сакавіка
- Памерлі ў 1864 годзе
- Памерлі ў Вільнюсе
- Пахаваныя на могілках Роса
- Навучэнцы Свіслацкай гімназіі
- Выпускнікі юрыдычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта
- Асобы
- Нарадзіліся ў Беластоцкім павеце
- Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў
- Рэвалюцыянеры Беларусі
- Актывісты супраць русіфікацыі
- Кастусь Каліноўскі
- Асобы на марках
- Павешаныя ў Расійскай імперыі