Паўночная Каталонія
Паўночная Каталонія або Французская Каталонія — частка Каталонскіх земляў, тэрыторыя распаўсюджвання каталонскай мовы і каталонскай культуры, аддадзеная Іспаніяй Францыі ў выніку падпісання Пірэнэйскага дагавора ў 1659 годзе ў абмен на адмову Францыі ад фармальнай абароны нядаўна створанай Каталонскай Рэспублікі. Тэрыторыя прыкладна адпавядае сённяшняму французскаму дэпартаменту Усходнія Пірэнеі, які гістарычна быў часткай Каталоніі з часоў Графства Барселона да эпoхі Арагонскай Кароны і Княства Каталоніі, пакуль не быў перададзены Францыі Іспаніяй.
У французскай мове выкарыстоўваецца эквівалентны тэрмін Catalogne Nord, хоць і радзей, чым больш палітычна нейтральны Русільён (катал.: Rosselló), нягледзячы на тое, што гэты апошні тэрмін геаграфічна і гістарычна недакладны, бо ігнаруе гістарычныя камаркі Валеспір (Vallespir), Канфлан (Conflent) і Сардання (Cerdanya). Тэрмін, які таксама выкарыстоўваецца ў наш час — Pays Catalan.
10 снежня 2007 года Генеральны савет Усходніх Пірэнеяў абвясціў каталонскую мову афіцыйнай разам з французскай праз «Хартыю ў падтрымку каталонскай мовы».
Найбуйнейшым горадам Паўночнай Каталоніі з’яўляецца Перпіньян.