Sennacieca Asocio Tutmonda
Sennacieca Asocio Tutmonda (SAT, Сусветная Безнацыянальная Асацыяцыя) — незалежная сусветная эсперанта-асацыяцыя. Другая па значнасці эсперанта-асацыяцыя пасля UEA. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Парыжы. SAT створана ў 1921 годзе як арганізацыя працоўнага руху эсперантыстаў. У канцы 1920-х гадоў членаў SAT налічвалася больш за 6 тысяч. У 2006 годзе іх колькасць складала 724.
SAT з’яўлялася першай арганізацыяй, якая не ставіла перад сабой як прыярытэтную мэту распаўсюджванне эсперанта. Яна пазіцыяніруе сябе як асветніцкая, сацыяльна-адукацыйная, дыскусійная асацыяцыя для сваіх членаў, заснаваная на прынцыпах узаемадапамогі і ўжываючая для дасягнення сваіх мэтаў наднацыянальную мову — эсперанта. У пералік яе мэт уваходзіць усталяванне сувязі паміж працоўнымі арганізацыямі розных краін.
Гісторыя
правіцьІдэалогія эсперанта, якая прапануе аб’яднанне ўсіх нацый вакол адзінай мовы, асабліва блізкая працоўнаму класу. Стваральнік эсперанта Людвіг Лазар Заменгоф пісаў:
Магчыма, ні для каго ва ўсім свеце наша дэмакратычная мова не мае такога значэння, як для працоўных, і я спадзяюся, раней ці пазней, але рабочыя стануць самай моцнай апорай нашай справы. Працоўныя не толькі адчуюць карысць эсперанта, але яны таксама і больш за іншых адчуюць сутнасць і ідэю эсперантызму.
Перадумовамі стварэння асацыяцыі, якая б аб’ядноўвала рабочых-эсперантыстаў, сталі незадаволенасць рабочых першай сусветнай вайной; Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расіі, а разам з ёй ідэі пралетарскага інтэрнацыянальнага братэрства; неарганізаваная праца UEA пасля смерці яе заснавальніка Гектара Гадлера ў 1920 годзе. Падчас 13-га Сусветнага кангрэса эсперанта ў Празе ў 1921 годзе адбылося сабранне 79 прадстаўнікоў працоўнага эсперанта-руху з 15 краін, на якім і была заснавана SAT. Ініцыятарам яе стварэння стаў французскі эсперантыст Эжэн Адам, больш вядомы пад псеўданімам Эўгена Ланці. У першыя гады ў арганізацыі развівалася ідэалогія безнацыяналізма, але афіцыйна яна так і не была прынятая.
У 1987 годзе ў Булонь-сюр-Мэр падчас кангрэса SAT была створана Amikeca Reto, другая пасля Pasporta Servo сетка гасціннасці сярод эсперантыстаў.
Мэты
правіцьМэты SAT сфармуляваны ў некалькіх пунктах: а) ужываць на практыцы мову эсперанта дзеля агульных мэт рабочага класа ва ўсім свеце; б) як мага лепей і даступней палягчаць узаемаадносіны паміж сваімі членамі, садзейнічаючы росту ў іх агульначалавечай салідарнасці; в) навучаць і адукаваць сваіх членаў такім чынам, каб яны з’яўляліся самымі свядомымі з так званых інтэрнацыяналістаў; г) быць пасрэднікам у адносінах паміж рознамоўнымі асацыяцыямі, чые мэты адпавядаюць мэтам SAT; д) стымуляваць і ўсімі сродкамі садзейнічаць стварэнню літаратуры (арыгінальнай і перакладной), якая б адлюстроўвала ідэалы асацыяцыі.
Супрацоўніцтва
правіцьSAT супрацоўнічае з мноствам арганізацый, асабліва блізка з Laboristaj Esperanto-Organizoj (LEO, Працоўныя Эсперанта-Арганізацыі) — нацыянальнымі эсперанта-арганізацыямі, мэтай якіх з’яўляецца распаўсюджванне эсперанта ў сваіх краінах.
Друкаваныя выданні
правіць- Sennaciulo (Безнацыяналіст) — часопіс, выдаецца раз у два месяцы.
- Sennacieca Revuo (Безнацыянальны часопіс) — штогоднік.
Спасылкі
правіць- Афіцыйная старонка SAT Архівавана 20 жніўня 2009.