YouTube
YouTube | |
Слоган | Broadcast Yourself |
---|---|
Тып | Відэахостынг |
Даступныя мовы | Беларуская і 71 іншая (2017 г.) |
Уладальнік | Google (ЗША) |
Аўтар | Стыў Чэн, Чэд Гёрлі, Джэўэд Карым |
Пачатак працы | 15 лютага 2005 (19 гадоў таму) |
Камэрцыйны? | так |
Рэгістрацыя | неабавязковая |
Актуальны стан | актыўны |
Рэйтынг Alexa | 2 (2017 г.) |
Мова праграмаваньня | Python і Go[d] |
Ліцэнзія | карыстальніцкае пагадненьне[d][1][2] |
youtube.com |
YouTube (бел. Ютуб; анг. you + tube — вы + жарг. тэлевізар) — відэахостынг, які надае карыстачам паслугі захоўваньня, дастаўкі й паказу відэа. Карыстачы могуць дадаваць, праглядаць і камэнтаваць тыя або іншыя відэазапісы. Дзякуючы прастаце і выгодзе выкарыстаньня YouTube стаў адным з самых папулярных месцаў для разьмяшчэньня відэафайлаў. На сайце прадстаўленыя як прафэсійна зьнятыя фільмы і кліпы, так і аматарскія відэазапісы, уключаючы відэаблогі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кампанія была заснаваная ў лютым 2005 году трыма былымі супрацоўнікамі PayPal ў Сан-Бруна, Каліфорнія. Яны выкарыстоўвалі тэхналёгію Flash Video (FLV), якая дазваляе атрымаць адносна добрую якасьць запісу пры невялікім аб’ёме перадаваемых дадзеных. Праект стаў добрым сродкам забавы, і паводле дадзеных статыстыкі аналітычнай кампаніі Alexa, апярэдзіў паводле папулярнасьці сацыяльную сетку MySpace.
У лістападзе 2006 году была завершаная купля YouTube кампаніяй Google за 1,65 мільярды даляраў. Да куплі YouTube Google меў сэрвіс падобнай скіраванасьці — Google Відэа. Прадстаўнікі Google ня сталі зачыняць яго, а выкарыстоўвалі яго як месца пошуку відэа па ўсіх відэахостынгавых сайтах. У цяперашні час пошук Google Video ўключае і YouTube.
Самае першае відэа на YouTube — 18-сэкундны ролік аматарскай здымкі Джавэда Карыма ў заапарку Сан-Дыега — на YouTube было разьмешчанае 23 красавіка 2005 году а 20:27 па мясцовым часе[3].
Асаблівасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На сайце YouTube.com карыстачы могуць запампоўваць відэа ў некалькіх распаўсюджаных фарматах, у тым ліку .mpeg і .avi. YouTube аўтаматычна канвертуе іх у Flash Video (.mp4) з выкарыстаньнем несвабоднага (патэнтаванага) кодэка H. 264, а таксама кодэкаў для фармату WebM, і робіць іх даступнымі для прагляду ў он-лайн.
Захаванае відэа разьмяшчаецца ў кэшы аглядальніка (калі ролік мае вялікі памер, у кэшы можа апынуцца толькі ягоная частка, якая праглядалася апошняй, як правіла гэтага не адбываецца з ролікамі працягласьцю менш за 15 хвілін).
- у Mozilla Firefox відэа часова захоўваецца ў каталёгу профілю. Кэш даступны па адрасе about:cache.
- у Internet Explorer відэа часова захоўваецца ў тэчцы Temporary Internet Files ў профілі карыстача (напрыклад, «%USERPROFILE%\Local Settings\Temporary Internet Files\»).
- у Opera відэа часова захоўваецца ў кэшы профілю ў каталёгу cache4.
- у Google Chrome відэа часова захоўваецца ў каталёгу (напрыклад, «%USERPROFILE%\Local Settings\Application Data\Google\Chrome\User Data\Default\Cache\»).
Таксама паводле статыстыкі на люты 2012 году за хвіліну на Youtube запампоўваецца 60 гадзін відэа (сакавік 2010 — 24 гадз., лістапад 2010 г. — 35 гадз., травень 2011 г. — 48 гадз.), а за дзень — 86 400 гадзін. Найпрацяглы ролік доўжыцца 596 гадзін.
Існуе дадатак YouTube для Smart TV.
Лякалізацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2017 год сайт дазваляў праглядаць відэа з улікам месцазнаходжаньня ў 89 дзяржавах, у тым ліку ў Беларусі і ўсіх 5 сумежных дзяржавах:
- 30 дзяржавах Азіі — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азэрбайджан, Альжыр, Аман, Бахрэйн, Віетнам, Емэн, Ізраіль, Інданэзія, Індыя, Ірак, Казахстан, Катар, Кітай (Ганконг), Кувэйт, Лібан, Лібія, Малайзія, Нэпал, Пакістан, Паўднёвая Карэя, Саудаўская Арабія, Сынгапур, Тайвань, Тайлянд, Турэччына, Філіпіны, Шры-Ланка, Ярданія і Японія;
- 2 дзяржавах Акіяніі — Аўстралія і Новая Зэляндыя;
- 11 дзяржавах Афрыкі — Гана, Зымбабвэ, Кенія, Марока, Нігерыя, Паўднёвая Афрыка, Сэнэгал, Танзанія, Туніс, Уганда і Эгіпет;
- 5 дзяржавах Паўднёвай Амэрыкі — Аргентына, Бразылія, Калюмбія, Пэру і Чылі;
- 4 дзяржавах Паўночнай Амэрыкі — ЗША, Канада, Мэксыка і Ямайка;
- 37 дзяржавах Эўропы — Аўстрыя, Баўгарыя, Беларусь, Бэльгія, Босьнія і Герцагавіна, Вугоршчына, Вялікабрытанія, Гішпанія, Грузія, Грэцыя, Данія, Ірляндыя, Ісьляндыя, Італія, Латвія, Летува, Люксэмбург, Македонія, Нарвэгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Партугалія, Польшча, Расея, Румынія, Славаччына, Славенія, Сэрбія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швайцарыя, Швэцыя і Эстонія[4].
Адначасна на 2017 год інтэрфэйс сайту падаваўся на 72 мовах, у тым ліку на беларускай з 7 красавіка 2017 году:
- 34 мовах Азіі — азэрбайджанская, арабская, армянская, бірманская, бэнгальская, віетнамская, габрэйская (Ізраіль), гіндзі, грузінская, гуджарацкая (штат Гуджарат, Індыя), інданэзійская, казаская, канадзкая (штат Карнатака, Індыя), карэйская, кгмэрская (Камбоджа), кітайская, кыргыская, лаоская, малайская, малаяламская (штат Керала, Індыя), мангольская, маратгійская (штат Магараштра, Індыя), нэпальская, панджабская (правінцыя Панджаб у Пакістане і штат Панджаб у Індыі), пэрсыдзкая (Іран), сынгальская (Шры-Ланка), тайская, тамільская (Шры-Ланка), турэцкая, тэлуская (штат Андхра-Прадэш, Індыя), узбэцкая, урду (Пакістан), філіпінская (тагальская) і японская;
- 4 мовах Афрыкі — амгарская (Этыёпія), афрыкаанс (Заходне-Капская і Паўночна-Капская правінцыі, Паўднёвая Афрыка), зулуская (правінцыя Квазулу-Натал, Паўднёвая Афрыка) і суахілі (Кенія, Танзанія і Ўганда);
- 34 мовах Эўропы — альбанская, ангельская, басконская (Гішпанія), басьнійская (сэрбскахарвацкая), баўгарская, беларуская, вугорская, галісійская (Гішпанія), гішпанская, грэцкая, дацкая, ісьляндзкая, італьянская, каталянская (Гішпанія), латыская, летувіская, нарвэская, нідэрляндзкая, нямецкая, македонская, партугальская, польская, расейская, румынская, славацкая, славенская, сэрбская, украінская, фінская, француская, харвацкая, чэская, швэдзкая і эстонская[4].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1 кастрычніка 2015 г. «Гугл» запусьціў сайт дамэне youtube.by (YouTube Беларусь) для карыстальнікаў у Беларусі толькі на расейскай мове інтэрфэйсу замест беларускай (глядзіце Беларусафобія), хоць асноўная старонка Гугла ў Беларусі (google.by) ад пачатку існаваньня ў лютым 2009 году мела беларускамоўную вэрсію. Паводле расейскага падразьдзяленьня ангельскай дасьледчай кампаніі «Тэйлар-Нэльсан-Софрэс»(en) (Лёндан), на час запуску YouTube у Беларусі 64% інтэрнэт-карыстачоў краіны старэйшых за 18 гадоў завітвалі на сайт штомесяц. 27% наведнікаў заходзілі на сайт штодня[5]. Геаграфічная лякалізацыя пад Беларусь без уліку беларускай мовы прывяла да: абмаскальваньня інтэрфэйсу сайту; адкрыцьця на галоўнай старонцы зьместу, які праглядаўся ў Беларусі; пачатку продажу мэтавай рэклямнай плошчы на сайце з улікам рынку Беларусі; наданьня праваўладальнікам Беларусі магчымасьці зарабляць ад разьмяшчэньня рэклямы на старонцы са сваім зьместам[6]. 7 красавіка 2017 году старонка для Беларусі займела беларускамоўную вэрсію[4].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Terms of service
- ^ https://www.google.com/policies/terms/
- ^ YouTube: Overnight success has sparked a backlash
- ^ а б в г Ютуб.by // Ютуб, 7 красавіка 2017 г. Праверана 10 красавіка 2017 г.
- ^ Аляксей Арэшка. Кампанія «Гугл» запусьціла лякалізаваную для Беларусі вэрсію сэрвісу «Ютуб» // БелаПАН, 1 кастрычніка 2015 г. Праверана 4 красавіка 2016 г.
- ^ Google запустила белорусскую версию YouTube
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]YouTube — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў