Філіп Морыс Інтэрнэшнл
«Філіп Морыс Інтэрнэшнл» | |
Тып | публічная кампанія |
---|---|
Лістынг на біржы | НЁФБ: PM |
Заснаваная | 1847 год |
Заснавальнікі | Філіп Морыс |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Нью-Ёрк, ЗША |
Ключавыя фігуры | Андрэ Каланцопулас, Люіс Камілеры |
Галіна | тытуневая прамысловасьць[d] і тавары паўсядзённага попыту[d] |
Прадукцыя | цыгарэты |
Абарачэньне | ▲$74,953 млрд (2016 г.) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲$10,815 млрд (2016 г.) |
Чысты прыбытак | ▲$7,25 млрд (2016 г.) |
Лік супрацоўнікаў | 79 500 (2017 г.) |
Даччыныя кампаніі | «Сампоэрна» (Інданэзія) |
Аўдытар | «Прайс-Ўотэргаўс-Купэры» (Лёндан, Ангельшчына) |
«Філіп Морыс Інтэрнэшнл» (анг. Philip Morris International) — найбольшае тытунёвае прадпрыемства ЗША, заснаванае Філіпам Морысам у 1847 годзе ў Лёндане (Ангельшчына). Ад 1919 году галаўное прадпрыемства месьціцца ў ЗША. На 31 студзеня 2017 году налічвалася каля 61 000 акцыянэраў прадпрыемства, акцыямі якога гандлявалі на Нью-Ёрскай фондавай біржы (ЗША), біржы «Эўранэкст» у Парыжы (Францыя) і Швайцарскай біржы ў Цюрыху.
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2016 г. «Філіп Морыс Інтэрнэшнл» закупіў больш за палову тытунёвага лісьця ў 10 краінах: Бразылія, Інданэзія (пераважна для збыту ўнутры краіны), Кітай, Малаві, Індыя, ЗША, Мазамбік, Аргентына, Філіпіны і Танзанія. На 2017 год прадпрыемства налічвала каля 80 000 супрацоўнікаў, якія пераважна працавалі на 48 заводах у 32 краінах. Па 13 заводаў знаходзілася ў краінах Азіі, Эўрапейскага Зьвязу і Лацінскай Амэрыкі з Канадай. 7 заводаў — у краінах Афрыкі, Блізкага Ўсходу і Ўсходняй Эўропы. 8 заводаў вырабілі па больш за 30 млрд цыгарэтаў. 19 заводаў — па больш за 10 млрд цыгарэтаў. Найбольшыя заводы месьціліся ў Расеі (Санкт-Пецярбург і Краснадар), Інданэзіі (Сукорэджо, правінцыя Сярэдняя Ява; Караванг, правінцыя Заходняя Ява) і Турэччыне (Ізьмір), на Філіпінах (Марыкіна, Сталічная вобласьць; Батангас), у Польшчы (Кракаў), Нямеччыне (Бэрлін), Украіне (Харкаў) і Летуве (Клайпеда). На 31 сьнежня 2016 г. «Філіп Морыс Інтэрнэшнл» меў $36,851 млрд сродкаў (актываў) і $29,067 млрд даўгоў (79% ад памеру сродкаў)[2].
За 2016 год у 180 краінах (з 212-і) прадалі 812,946 млрд (13%) з 6 трлн цыгарэтаў у сьвеце 150 мільёнам (17%) з 860 млн курцоў у сьвеце. У больш як 100 са 180 краінаў дзель «Філіп Морыс Інтэрнэшнл» на рынку цыгарэтаў істотна перавышала 15%. З агульнага ліку прададзеных цыгарэтаў: 271,393 млрд (33%) вырабілі ў краінах Афрыкі, Блізкага Ўсходу і Ўсходняй Эўропы; 260,029 млрд (32%) у краінах Азіі; 193,586 млрд (24%) у краінах Эўрапейскага Зьвязу і 87,938 млрд (11%) у краінах Лацінскай Амэрыкі і Канадзе. З $74,953 млрд чыстай выручкі $48,268 (64%) пайшлі на выплату акцызных падаткаў. У Эўрапейскім Зьвязе з $27,129 млрд (36% у сьвеце) выручкі на акцызы пайшло $18,967 млрд (70% ад выручкі). У Азіі з $20,531 млрд (27%) выручкі — $11,85 млрд (58%) на акцызы. У краінах Афрыкі, Блізкага Ўсходу і Ўсходняй Эўропы з $18,286 млрд (24%) выручкі — $11,286 млрд (62%) на акцызы. У краінах Лацінскай Амэрыкі і Канадзе з $9,007 млрд (12%) выручкі выплацілі $6,165 млрд (68%) акцызаў[2].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1847 годзе Філіп Морыс адчыніў у Лёндане (Ангельшчына) па вул. Бонда ўласную тытунёвую краму, дзе таксама прадаваў цыгарэты. Ад 1872 г. Густаў Экмэер стаў адзіным пастаўніком цыгарэтаў Філіпа Морыса ў ЗША. У 1873 г. сын Леапольд Морыс пераняў справу па сьмерці бацькі. У 1881 г. Леапольд Морыс і Джозэф Грунэбаўм стварылі ТАА «Філіп Морыс і Грунэбаўм». У 1885 г. ТАА набывае назоў «Філіп Морыс і кампанія». У 1894 г. Ўільям-Кёрціс Томсан набыў прадпрыемства, якое пачынае пастаўляць тытунь да двара брытанскага караля Эдўарда VII (1901—1910). У 1902 годзе ў Нью-Ёрку (ЗША) пастаўнік Густаў Экмэер засноўвае прадпрыемства «Філіп Морыс». У 1919 г. прадпрыемства набылі і перанесьлі галаўную сядзібу ў штат Вірджынія (ЗША). У 1924 г. сталі вырабляць цыгарэты пад таварным знакам «Мальбара». У 1929 годзе пачаўся выраб цыгарэтаў на ўласнай фабрыцы ў Рычмандзе (штат Вірджынія).
У 1950 годзе стварылі міжнародны аддзел для стварэньня вытворчасьці па-за межамі ЗША. У 1954 годзе ў Аўстраліі заснавалі 1-е даччынае прадпрыемства «Філіп Морыс» за мяжой. У 1957 г. цыгарэты «Мальбара» ўпершыню сталі вырабляць за мяжой паводле пагадненьня з «Узьяднанымі тытунёвымі фабрыкамі» (Нэўшатэль, Швайцарыя). У 1972 г. «Мальбара» стаў найбольш прадаваным у сьвеце таварным знакам цыгарэтаў. У 1987 г. «Філіп Морыс Інтэрнэшнл» заснавалі для кіраваньня прадпрыемствамі «Філіп Морыс». У 1995 годзе ў Серэмбане (штат Нэгры-Сэмбілан, Малайзія) «Філіп Морыс Інтэрнэшнл» адчыніў сваю 1-ю фабрыку ў Азіі. У 1998 г. «Філіп Морыс Інтэрнэшнл» быў сярод найбольшых вытворцаў тытуню ў ЗША, ад якіх праўнік Рональд Мотлі (1944—2013) дамогся праз суд найвялікшага ў ЗША спагнаньня ($246 млрд) на карысьць ахвяраў тытунепаленьня. У 1999 г. прыбытак «Філіп Морыс» склаў $15 млрд пры выручцы ў $78 млрд. У 2000 годзе «Філіп Морыс» адначасна быў найбольшым у сьвеце вытворцам харчаваньня і піва: кава «Якабс», шакаляд «Мілка» і піва «Мілер». На вырабы «Філіп Морыс» прыпала большасьць выдаткаў насельніцтва ЗША на харчаваньне. На 1 студзеня 2001 г. прадпрыемства мела прадстаўніцтвы ў 200 краінах і наймала больш за 137 000 супрацоўнікаў[3].
У 2001 годзе кіраўнічую сядзібу прадпрыемства перанесьлі з Брукліна (Нью-Ёрк, ЗША) у Лязану (кантон Во, Швайцарыя). У 2003 г. на Філіпінах адчынілі найбольшую фабрыку ў Азіі. У 2005 г. набылі найбольшых вытворцаў цыгарэтаў у Інданэзіі і Калюмбіі — «Ханджая Мандала Сампоэрна» (Сурабая, правінцыя Ўсходняя Ява) і акцыянэрнае таварыства «Калюмбійская тытунёвая кампанія» (Калтабака). Адначасна «Філіп Морыс Інтэрнэшнл» заключыў з «Кітайскай нацыянальнай тытунёвай карпарацыяй» (Пэкін) дамову пра выраб цыгарэтаў «Мальбара» ў Кітаі. 28 сакавіка 2008 г. «Філіп Морыс Інтэрнэшнл» вылучылі ў асобны холдынг з групы «Алтрыа», якой пакінулі продаж цыгарэтаў унутры ЗША.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1995 годзе зьявілася прадстаўніцтва «Філіп Морыс» у Беларусі. За 2000 год «Філіп Морыс» прадаў у Беларусі 1,5 млрд цыгарэтаў (12% продажаў у Беларусі), што было найбольшым паказьнікам сярод замежных прадпрыемстваў. Цыгарэты пастаўлялі з даччыных тытунёвых прадпрыемстваў, якія працавалі ў сумежных зь Беларусьсю краінах: 3 у Расеі, па адным у Летуве і Ўкраіне[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Global Research Identifier Database (анг.) — 2015.
- ^ а б Справаздача за 2016 год // «Філіп Морыс Інтэрнэшнл», 3 сакавіка 2017 г. Праверана 6 траўня 2017 г.
- ^ а б Мікола Дзябёла. «Філіп Морыс» умее з посьпехам зарабляць і з розумам траціць грошы // Зьвязда : газэта. — 4 студзеня 2001. — № 4 (24120). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Філіп Морыс Інтэрнэшнл — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў