Усходні фронт (Першая сусьветная вайна)
Усходні фронт | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паводле гадзіньнікавай стрэлкі ад верхняга левага: Карпацкія горы, 1915; Нямецкія салдаты ў Кіеве, сакавік 1918; расейскі карабель Слава, кастрычнік 1917; Расейская пяхота, 1914; Румынская пяхота. | |||||||||||
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
Расейская імпэрыя Каралеўства Румынія (27 жніўня 1916 — 7 траўня 1918; 10—11 лістапада 1918[c]) Расейская рэспубліка (14 верасьня — 7 лістапада 1917) Расейская Савецкая Рэспубліка (7 лістапада 1917 — 3 сакавіка 1918) | Нямеччына Аўстра-Вугоршчына Баўгарыя (з 1916) Асманская імпэрыя | ||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Вялікі князь Мікалай Мікалаевіч Мікалай II Міхаіл Аляксееў Аляксей Брусілаў Лаўр Карнілаў Канстанцін Прэзан Аляксандр Авярэску Аляксандар Керанскі Мікалай Крыленка | Нямеччына Паўль фон Гіндэнбург Нямеччына Эрых Людэндорф Нямеччына Леапольд Баварскі эрцгерцаг Фрыдрых Конрад фон Хётцэндорф Артур фон Штраўсэнбург Нікалаўс Жэкаў Нямеччына + + Аўгуст фон Макензен | ||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
2 166 700 пяхота 110 600 кавалерыя 1226 лёгкіх гармат 1139 цяжкіх гармат (кастрычнік 1917) | 1 178 600 пяхота 39 000 кавалерыя 1690 лёгкіх гармат 2230 цяжкіх гармат (кастрычнік 1917)[3] | ||||||||||
Страты | |||||||||||
Расейская імпэрыя: 682 213 забітых, памерлых ад ран, атручаных задушлівымі газамі[a][1], 2 588 838 параненых[a], | Нямеччына: 800 000 забітых і памерлых, усе прычыны, 1 200 000 параненых, 200 000 палонных [4] Аўстра-Вугоршчына: 1 150 000 забітых і памерлых, усе прычыны, 2 000 000 параненых, 2 000 000 палонных [4] | ||||||||||
|
Усхо́дні фронт — адзін з тэатраў ваенных дзеяньняў Першай сусьветнай вайны (1914—1918).
На Ўсходнім фронце адбываліся баявыя дзеяньні паміж Расеяй (Антанта) і Цэнтральнымі дзяржавамі. На баку Антанты (з 1916 году) выступіла Румынія.
Усходні фронт сваёй працягласьц. нашмат пераўзыходзіў Заходні фронт. З гэтай прычыны вайна на Ўсходнім фронце мела менш пазыцыйны характар у параўнаньні з Заходнім фронтам.
Пасьля кастрычніцкага перавароту, калі ў Расеі была ўсталяваная бальшавіцкая ўлада, баявыя дзеяньні на Ўсходнім фронце прыпыніліся. Урад Савецкай Расеі заключыў перамір’е з Цэнтральнымі дзяржавамі і пачаў рыхтавацца да падпісаньня сэпаратнай мірнай дамовы. 8 лютага 1918 году Цэнтральныя дзяржавы падпісалі Берасьцейскую мірную дамову з Украінскай Народнай Рэспублікай, а 3 сакавіка 1918 году — з Савецкай Расеяй. Савецкая Расея пазбаўлялася велізарных тэрыторыяў і павінна была выплачваць рэпарацыі. Румынія, апынуўшыся ў ізаляцыі, таксама была вымушаная 7 траўня 1918 году падпісаць мір зь Нямеччынай і яе саюзьнікамі.
Аж да заканчэньня сусьветнай вайны Цэнтральныя дзяржавы, нягледзячы на паразы на іншых франтах, працягвалі трымаць на занятых па Берасьцейскім міры тэрыторыях у якасьці акупацыйных войскаў значныя сілы.
Напярэдадні вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асаблівасьці тэатру баявых дзеяньняў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Усходні фронт сусьветнай вайны ахопліваў шырокія тэрыторыі на Ўсходзе Эўропы: заходнюю пагранічную вобласьць Расеі, Усходнюю Прусію, усходнюю частку правінцыяў Познані і Сылезіі, а таксама Галіцыю. З захаду тэатар вайсковых дзеяньняў абмяжоўваўся ракой Віслай, крэпасьцямі Данцыг, Торн, Познань, Брэслаў і Кракаў; з поўдня — Карпацкімі гарамі і румынскай мяжой; з усходу — лініяй Пецярбург — Вялікія Лукі — Смаленск — Гомель — Кіеў і Дняпром; з поўначы — Балтыйскім морам. Працягласьць тэатру па фронце ад Балтыйскага мора да расейска-румынскай граніцы складала каля 850—900 кілямэтраў (па лініі Кёнігсбэрг — Чарнаўцы), максымальная глыбіня (у 1915 годзе) — каля 500 кілямэтраў (ад лініі Баранавічы — Роўна да мяжы з Нямеччынай (ледзь на захад ад Лодзі).
Рэльеф тэатру быў пераважна раўнінны і зручны для разгортваньня і прымяненьня вялікай колькасьці войскаў.
У заходняй частцы Расеі была разьвітая сыстэма ўмацаваных крэпасьцяў, на якую расейская армія магла абапірацца пры абароне і наступе. Да пачатку вайны былі пабудаваны новыя крэпасьці з найноўшым узбраеньнем: Коўна, Асавец, Новагеоргіеўск, Брэст-Літоўск, — і будавалася крэпасьць Гродна[5].
У Нямеччыне ж былі створаны і ўдасканалены вялікая колькасьць крэпасьцяў, якія нямецкае камандаваньне мела намер выкарыстоўваць ня толькі для абароны, але і для наступу ўглыб Расеі. Існавалі крэпасьці Кёнігсбэрг, Данцыг, Торн і шэраг ўмацаваньняў на Вісьле: Марыенбург, Граўдзенц, Кульм, Фардон і ўмацаваньне Лётцэн у сыстэме Мазурскіх азёраў.
Аўстра-Вугоршчына таксама мела шэраг першаклясных крэпасьцяў: Кракаў, Перамышль і ўмацаваны лягер каля Львова[5].
Пляны бакоў і разгортваньне войскаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Спачатку Нямеччына, рэалізуючы плян Шліфэна, разгарнула асноўныя сілы (7 арміяў) на Заходнім фронце, сканцэнтраваўшы на ўсходзе супраць Расеі ўсяго адну армію — 8-ю. У склад 8-й арміі ўвайшлі чатыры вайсковыя корпусы [6].
Нямецкія войскі, выкарыстоўваючы асаблівасьці мясцовасьці, не займалі суцэльнага фронту, а разьмяшчаліся асобнымі групоўкамі (па корпусе) ва ўмацаваных раёнах на галоўных кірунках. Усяго нямецкае камандаваньне разгарнула на Ўсходнім фронце 15 пяхотных і 1 кавалерыйскую дывізіі, 1044 гарматы (у тым ліку 156 цяжкіх), агульным лікам каля 200 тысячаў чалавек, пад камандаваньнем генэрал-палкоўніка фон Прытвіца[6]. Галоўнай задачай нямецкай арміі была абарона Ўсходняй Прусіі і дапамога аўстра-вугорскім войскам, якія, паводле пляну нямецкага камандаваньня, павінны былі адыграць галоўную ролю ў змаганьні з Расеяй.
Аўстра-Вугоршчына разгарнула супраць Расеі 3 арміі (1-ю, 3-ю і 4-ю) і асобную вайсковую групу генэрала Германа Кёвеса.
У раёне Львова разгортвалася 3-я армія генэрала Брудэрмана, усяго 6 пяхотных і 3 кавалерыйскія дывізіі, 288 гармат. 4-я армія генэрала Аўфэнбэргу займала раён Перамышля. У складзе 4-й арміі было 9 пяхотных і 2 кавалерыйскія дывізіі, 436 гармат. 1-я армія пад камандаваньнем генэрала Данкля разгарнулася на рацэ Сан. Усяго 9 пяхотных і 2 кавалерыйскія дывізіі, 450 гармат.
Група генэрала Кёвеса, усяго 10 пяхотных і 3 кавалерыйскія дывізіі, 448 гармат, разгарнулася на правым флянгу аўстрыйскіх войскаў у раёне Тарнопаля.
2-я аўстрыйская армія першапачаткова была накіравана на Балканы, супраць Сэрбіі, аднак пазьней была перакінутая ў Галіцыю супраць расейскіх войскаў[d].
Да пачатку баявых дзеяньняў аўстра-вугорскае камандаваньне разгарнула супраць Расеі 35,5 пяхотных і 11 кавалерыйскіх дывізій, агульным лікам 850 тысячаў чалавек, 1728 гармат [7]. Паводле пляну аўстрыйскага камандаваньня іх войскі хуткімі ўдарамі, пры падтрымцы нямецкіх войскаў з поўначы, павінны акружыць і разграміць расейскія войскі ў Заходняй Польшчы.
Расейскія войскі разгортваліся на двух асноўных кірунках — на паўночна-заходнім (супраць Нямеччыны) і паўднёва-заходнім (супраць Аўстра-Вугоршчыны). Таксама былі створаны апэратыўныя злучэньні расейскіх войскаў — франты. На Паўночна-Заходнім фронце пад камандаваньнем генэрала Жылінскага былі разгорнутыя 2 арміі (1-я і 2-я), усяго 17,5 пяхотных і 8,5 кавалерыйскіх дывізіяў, 1104 гарматы, разам каля 250 тысячаў чалавек[8].
Супраць Аўстра-Вугоршчыны, на Паўднёва-Заходнім фронце (камандуючы генэрал Іваноў) разгортваліся 4 расейскія арміі (3-я, 4-я, 5-я і 8-я). Агулам да пачатку баявых дзеяньняў войскі паўднёва-заходняга фронту мелі 34,5 пяхотных і 12,5 кавалерыйскіх дывізіяў, агулам каля 600 тысячаў чалавек і 2099 гармат. Галоўнакамандуючым расейскай арміі стаў вялікі князь Мікалай Мікалаевіч[8].
Расейскія мабілізацыйныя расклады № 19 і № 20 прадпісвалі Паўночна-Заходняму і Паўднёва-Заходняму франтам пераход у наступ і перанос вайны на тэрыторыю адпаведна Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны на працягу двух тыдняў з дня абвяшчэньня вайны. 1-й арміі генэрала Рэнэнкампфу прадпісвалася выступіць 14 жніўня, перайсьці граніцу 17 жніўня, абыйсьці Мазурскія азёры з поўначы і адрэзаць немцаў ад Кёнігсбэргу. 2-я армія генэрала Самсонава павінна была выступіць 16 жніўня, перайсьці мяжу 19 жніўня, абыйсьці Мазурскія азёры з захаду і не дапусьціць адыходу нямецкіх войскаў за Віслу.
Аўстра-вугорская армія хоць і мела наступальную задачу, але з прычыны распачатай перагрупоўкі войскаў 2-й арміі з сэрбскага фронту таксама мела патрэбу ў часе для канчатковага разгортваньня [9].
Кампанія 1914 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Усходне-Пруская апэрацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першай апэрацыяй на Ўсходнім фронце была Ўсходне-Пруская апэрацыя. Расейскія войскі, якія мелі задачу разьбіць 8-ю нямецкую армію і захапіць Усходнюю Прусію, перайшлі ў наступ[10], каб адцягнуць на сябе буйныя нямецкія сілы з Заходняга фронту і не дазволіць Нямеччыне разграміць францускую армію і вывесьці Францыю з вайны [11].
Наступ ва Ўсходняй Прусіі расейскія войскі праводзілі двума арміямі: 1-й і 2-й пад камандаваньнем генэралаў Рэнэнкампфа і Самсонава[11]. Апэрацыя пачалася 17 жніўня, калі часткі 1-й расейскай арміі перайшлі расейска-нямецкую дзяржаўную граніцу і з усходу ўварваліся на тэрыторыю Ўсходняй Прусіі. 20 жніўня на тэрыторыю Ўсходняй Прусіі з поўдня ўвайшла і 2-я расейкая армія, наносячы галоўны ўдар у флянг і тыл 8-й нямецкай арміі.
Камандуючы нямецкімі войскамі генэрал Прытвіц пастанавіў стрымліваць 2-ю армію адным корпусам, а асноўны ўдар трыма карпусамі нанесьці па 1-й арміі.
Раніцай 20 жніўня ў гораду Гумбінен 1-ы нямецкі корпус пад камандаваньнем генэрала Франсуа раптам атакаваў надыходзячыя войскі 1-й расейскай арміі. Завязаліся жорсткія баі. Абодва бакі панесьлі цяжкія страты, але немцы адступілі. 17-ы корпус пад камандаваньнем генэрала Макэнзэна, які наступаў на поўдзень ад Гумбінена, ў сустрэчным баі быў ушчэнт разьбіты і, страціўшы 50% асабістага складу, пад націскам расейскіх войскаў вымушаны быў адступіць. Пасьля гэтых няўдач падышоўшы пазьней Рэзэрвовы І корпус (Нямецкая імпэрыя) генэрала фон Бе́лава таксама быў вымушаны адысьці. Нямецкія войскі пацярпелі паразу пад Гумбіненам.
Гэта параза стварыла рэальную пагрозу акружэньня 8-й арміі, і Прытвіц загадаў агульны адыход нямецкім войскам з Усходняй Прусіі за Віслу. Але рабіць гэта забараніла нямецкая Стаўка і насуперак пляну Шліфэна, які прадугледжваў пры любым неспрыяльным разьвіцьці падзеяў на Ўсходнім фронце ні ў якім разе не здымаць войскаў з Заходняга фронту, каб гарантавана разграміць Францыю і пазьбегнуць вайны на два фронты. Было прынятае рашэньне Ўсходнюю Прусію не здаваць і перакінуць у дапамогу 8-й арміі войскі з Заходняга фронту (2 корпусы і конную дывізію), што мела самыя сумныя наступствы для Нямеччыны. 21 жніўня Прытвіц быў адпраўлены ў адстаўку. Камандуючым 8-й арміяй быў прызначаны генэрал Гіндэнбург, начальнікам штабу генэрал Людэндорф[12].
Было прынята рашэньне, пакінуўшы 2,5 дывізіі супраць 1-й расейскай арміі Рэнэнкампфу, хутка, па ракаднай чыгунцы праз Кёнігсбэрг, перакінуць галоўныя сілы 8-й арміі супраць 2-й расейскай арміі Самсонава і паспрабаваць разграміць яе да таго, як яна злучыцца з часткамі 1-й арміі.
У гэты час расейскае камандаваньне, выявіўшы перад фронтам 1-й арміі хуткае адступленьне нямецкіх войскаў, вырашыла, што немцы адыходзяць за Віслу, палічыла апэрацыю выкананай, і зьмяніла для яе першапачатковыя задачы. Асноўныя сілы 1-я арміі Рэнэнкампфу была накіраваны не насустрач 2-й арміі Самсонава, а на адсячэньне Кёнігсбэргу, дзе, паводле здагадкі камандаваньня фронту, схавалася частка 8-й нямецкай арміі, а таксама на перасьледаваньне «адыходзячых да Віслы» немцаў. Галоўнакамандуючы 2-й арміі Самсонаў, у сваю чаргу, надумаў перахапіць «адступаючых да Віслы» немцаў і настаяў перад камандаваньнем фронту на перанясеньні галоўнага ўдару свайго войска з паўночнага кірунку на паўночна-заходні, што прывяло да таго, што расейскія арміі пачалі наступаць у розных кірунках, і паміж імі ўтварыўся разрыў ў 125 кілямэтраў.
Новае камандаваньне 8-й нямецкай арміі пастанавіла скарыстацца гэтым разрывам паміж расейскім войскам, каб нанесьці флянгавыя ўдары па 2-й арміі Самсонава, акружыць і зьнішчыць яе.
26 жніўня нямецкія войскі атакавалі 6-ы корпус 2-й арміі, расейцы страцілі 7,5 тыс. чалавек і адступілі ў поўным беспарадку. Правы флянг арміі апынуўся адкрытым, аднак генэрал Самсонаў, пра гэта ня ведаў і працягваў наступ[13]. У той жа час немцы атакавалі і левы флянг расейскага войска, які таксама пачаў адыходзіць[13].
У выніку была страчана сувязь з флянгавымі карпусамі, а кіраваньне арміяй — дэзарганізавана. У гэтых умовах 2-я армія пачала адыходзіць[13]. Адыход пяці перадавых расейскіх дывізіяў праходзіў пад узмацняючымся ціскам нямецкіх карпусоў на флянгах. Расейскі адыход прыняў бязладны характар, а каля 30 тыс. чалавек пры 200 гарматах трапілі ў акружэньне. У ноч на 30 жніўня генэрал Самсонаў застрэліўся[14].
Такім чынам, страты 2-й арміі склалі 6 тыс. забітых, паранена каля 20 тыс. (амаль усе трапілі ў палон), палонных — 30 тыс. (разам з трапіўшымі ў палон параненымі — 50 тыс.), захоплена 230 гармат. Забіты 10 генэралаў, 13 узяты ў палон. Агульныя страты 2-й арміі забітымі, параненымі і палоннымі — 56 тыс. чалавек[15]. Гэтыя падзеі атрымалі назву бітва пад Танэнбэргам.
Пасьля разгрому 2-й арміі нямецкае камандаваньне пастанавіла атакаваць 1-ю армію, што блякавала Кёнігсбэрг, і выгнаць яе з Усходняй Прусіі. Бітва разгарнуліся ў раёне Мазурскіх азёр. Тут расейская армія таксама была вымушаная адступіць. Да 15 верасьня расейская арміі была цалкам выцесьненыя з тэрыторыі Нямецкай імпэрыі, Усходне-Пруская апэрацыя скончылася.
У ходзе гэтай апэрацыі расейская армія пацярпела цяжкую паразу, страціла каля 80 тыс. забітымі, параненымі і палоннымі. Нямецкія войскі страцілі каля 60 тыс. забітымі, параненымі і палоннымі. Выканаць пастаўленую задачу па захопе Ўсходняй Прусіі расейскім войскам не атрымалася[16]. Але расейцы здолелі адцягнуць частку нямецкіх сіл з Заходняга фронту, выканаўшы тым самым свой саюзьніцкі абавязак. Шмат у чым гэта дапамагло саюзным войскам атрымаць важную перамогу на Марне.
Галіцыйская бітва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адначасова з наступам ва Ўсходняй Прусіі, расейскія войскі распачалі наступ у Галіцыі супраць аўстра-вугорскай арміі[17]. Расейскія войскі ў складзе пяці арміяў (3-я, 4-я, 5-я, 8-я, 9-я)[18] перайшлі ў рашучы наступ супраць чатырох аўстрыйскіх арміяў[18]. Напачатку бітвы стратэгічныя абставіны складваліся не на карысьць расейскіх войскаў.
23 жніўня часткі 4-й расейскай арміі атрымалі загад атакаваць аўстрыйцаў каля гораду Красьніку[17]. Але 1-я аўстрыйская армія генэрала Данкля раніцай 23 жніўня атакавала расейцаў, якія былі вымушаныя адысьці. Далей аўстрыйцы паспрабавалі ахапіць правы флянг 4-й арміі, аднак у час упартых баёў расейскія войскі адышлі да Любліну і занялі абарону. Жосткія баі зь пераменным посьпехам праходзілі там да 2 верасьня[17].
Ля Замасьці 5-я расейская армія наступала ў кірунку Камарова, аднак і тут 4-й аўстрыйскай арміі атрымалася пацясьніць расейцаў, якія былі вымушаныя адысьці, тут таксама вяліся жорсткія баі зь пераменным посьпехам. Але баявыя дзеяньні ў ваколіцах Камарува былі безвыніковымі для расейцаў і камандуючы 5-й арміі генэрал Плевен аддаў загад аб адыходзе свайго войска[19].
Адначасова з гэтымі баямі на левым крыле паўднёва-заходняга фронту 3-я расейская армія таксама вяла наступ. Аўстрыйскія часткі чынілі млявы супраціў[19]. Працягваючы наступ, 8-я армія 23 жніўня пераадолела раку Серэт, якую аўстра-вугорскае камандаваньне вырашыла не абараняць, а потым раку Стрыпу. Аўстрыйцы ня ведалі, што расейцы стварылі магутную групоўку на ўсход ад Львова, плянавалася, што арміі Брудэрмана і групы Кевэса будзе дастаткова для абароны[19]. 26 жніўня на рацэ Залатая Ліпа адбылася бітва паміж 3-й аўстрыйскай і 3-й расейскай арміямі, у гэтых баях расейскаму войску пашчасьціла атрымаць перамогу і прымусіць праціўніка да адыходу. Аўстра-вугорскія войскі занялі абарону на рацэ Гнілой Ліпе, аднак і тут пасьля жорсткіх баёў расейскія войскі працягвалі наступ. Часткі 8-й арміі генэрала Брусілава разграмілі 12-ы аўстра-вугорскі корпус і стварылі пагрозу ахопу ўсёй аўстра-вугорскай групоўкі, якая знаходзілася на поўдзень ад Львова[20]. У гэтых умовах аўстрыйцы пачалі агульны адыход. Расейскія войскі пачалі перасьлед адыходзячага праціўніка, 21 жніўня расейцы занялі Львоў, 22 жніўня — Галіч[21].
Тым часам 4-я і 5-я расейскія арміі, што трымалі абарону, атрымалі падмацаваньні. 21 жніўня генэрал Іваноў аддаў загад аб агульным наступе расейскіх арміяў паўднёва-заходняга фронту. 2—4 верасьня, 4-я расейская армія нанесла паразу групе Кумэра. У той жа час быў разьбіты 10-ы корпус арміі Данкля. Камандуючы аўстрыйскай арміі Конрад пастанавіў нанесьці контрудар у кірунку Равы-Рускай, для чаго вылучыў дадатковыя сілы (стварыўшы перавагу над расейцамі, тры арміі супраць двух)[22]. Аднак у цяжкіх баях пры Раве-Рускай расейскія войскі спынілі аўстрыйскі наступ.
11 верасьня аўстрыйцы спынілі наступ і пачалі адыход за раку Сан. Да 8 верасьня расейскія войскі занялі практычна ўсю ўсходнюю частку Заходняй Галіцыі, амаль усю Букавіну і аблажылі Перамышль. Расейская армія падышла да Карпат, маючы намер пачаць наступ у Вугоршчыну[23].
У гэтай грандыёзнай бітве аўстрыйскія войскі пацярпелі поўную паразу: іх страты склалі 400 тыс. чалавек, у тым ліку 100 тыс. — палоннымі[23]; у ходзе баёў расейцы захапілі 400 гармат. Расейская армія таксама панесла адчувальныя страты — 230 тыс. чалавек забітымі, параненымі і палоннымі[23]. Пляны германскага камандаваньня ўтрымаць увесь Усходні фронт сіламі толькі аўстра-вугорскай арміі былі скасаваныя.
Варшаўска-Івангарадзкая апэрацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля таго, як аўстра-вугорская армія была разьбіта ў Галіцыйскай бітве, на Ўсходнім фронце склалася неспрыяльная сытуацыя для Цэнтральных дзяржаў. У гэтых умовах Нямеччына прыйшла на дапамогу Аўстрыі, перакінуўшы частку сіл на поўдзень у Сылезію. Была сфармавана новая 9-я нямецкая армія пад камандаваньнем генэрала Макэнзена[24]. Каб прадухіліць меркаванае ўварваньне расейскіх войскаў у Сылезію, нямецкае камандаваньне вырашыла нанесьці ўдар з раёнаў Кракава і Чэнстахова на Івангорад і Варшаву[24]. 9-ую нямецкую армію падтрымлівала 1-я аўстра-вугорская армія генэрала Данкля. Расейскія войскі мелі на гэтым напрамку чатыры арміі: 2-я, 4-я, 5-я і 9-я[24].
28 верасьня 9-я армія генэрала Макэнзена пачала наступ на Варшаву і Івангарад. 8 кастрычніка немцы выйшлі да Віслы[25]. Да 12 кастрычніка ім удалося заняць увесь левы бераг Віслы да Варшавы. Аднак, падцягнуўшы падмацаваньні, расейцы здолелі стрымаць удар. Атакі арміі Макэнзена былі адбіты на лініі варшаўскіх фартоў[26]. Расейская армія на левым беразе Віслы ўтрымала перадмаставыя ўмацаваньні Івангарада, Варшавы і пляцдарм у Казяніцы [27].
У той час як немцы загразьлі ў жорсткіх баях у прадмесьцях Варшавы, 9 кастрычніка, атрымаўшы падмацаваньні, генэрал Іваноў загадаў пачаць наступ. 4-я і 5-я расейскія арміі пачалі фарсіраваць Віслу: 5-я армія на поўдзень ад Варшавы, а 4-я армія з раёну Івангарада на Казяніцкі пляцдарм, каб ударыць у флянг і тыл наступаючай нямецкай групоўцы. Каб ліквідаваць Казяніцкі пляцдарм і не даць расейцам пераправіцца празь Віслу камандуючы нямецкімі войскамі на Ўсходнім фронце генэрал Гіндэнбург увёў у бой рэзэрвовы корпус[28], аднак расейцы на казяніцкіх пазыцыях адбілі ўсе атакі і да 20 кастрычніка пераправілі на пляцдарм 2 армейскія корпусы[29].
Ня здолеўшы скінуць расейскія войскі з пляцдарму ў Віслу, Гіндэнбург перадаў казяніцкі кірунак 1-й аўстрыйскай арміі і кінуў усё нямецкія часткі пад Варшаву, дзе перайшла ў наступ 2-я расейская армія. Аўстрыйцы паспрабавалі ліквідаваць Казяніцкі пляцдарм, але былі разгромленыя ў сустрэчнай бітве і пачалі адыход. Зь вялікімі стратамі, 1-я аўстра-вугорская армія адышла на захад, з прычыны чаго паміж ёй і галоўнымі сіламі аўстрыйцаў утварыўся шырокі разрыў. У гэты пралом аўстрыйскага фронту накіраваліся войскі 9-й расейскай арміі, выходзячы ў флянг і тыл 1-й аўстрыйскай і 9-й нямецкай арміям. Немцам і аўстрыйцам пагражаў поўны разгром[28].
27 кастрычніка нямецкае камандаваньне загадала цалкам спыніць атакі на Варшаву і адысьці на зыходныя пазыцыі. Аўстра-нямецкія войскі пачалі пасьпешны адыход[30].
Лодзінская апэрацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адразу ж пасьля заканчэньня Варшаўска-Івангарадзкай бітвы на Ўсходнім фронце пачалася апэрацыя каля Лодзі. Расейскае камандаваньне мела намер сіламі трох арміяў (1-й, 2-й і 5-й) уварвацца на тэрыторыю Нямецкай імпэрыі і правесьці наступ углыб краіны[31]. Жадаючы пераламаць сытуацыю на Ўсходнім фронце на сваю карысьць, а таксама сарваць расейскі наступ, нямецкае камандаваньне вырашае нанесьці апярэджваючы ўдар[31]. 9-я нямецкая армія з раёну Торна павінна была ўдарыць у стык паміж 1-й і 2-й расейскімі арміямі, прарваць фронт, выйсьці ў тыл расейскім войскам і акружыць 2-ю і 5-ю расейскія арміі[31].
Апрача 9-й нямецкай арміі, у наступе павінны былі прыняць удзел іншыя фармаваньні нямецкай арміі: 3-й нямецкі кавалерыйскі корпус, карпусы «Брэслаў» і «Позен», група войскаў генэрала Войрша (гвардзейскі рэзэрвовы корпус і 2 пяхотныя дывізіі), а таксама 2-я аўстра-вугорская армія, якія павінны былі скаваць і стрымаць наступ расейскіх войскаў[32].
11 лістапада часткі 9-й арміі нанесьлі ўдар у стык 1-й і 2-й расейскіх арміяў, 12 лістапада вялікімі сіламі немцы атакавалі пазыцыі расейцаў, якія былі вымушаныя адысьці[33]. Пасьля да 15 лістапада ішлі жорсткія баі паміж двума расейскімі карпусамі і часткамі 9-й нямецкай арміі, у час гэтых баёў расейскім войскам пашчасьціла адстаяць свае пазыцыі[33] 15 — 19 лістапада ішла ўпартая бітва па ўсім фронце, адначасова расейскае і нямецкае камандаваньні перагрупоўвалі свае войскі, спрабуючы намацаць слабыя месцы ў абароне праціўніка[33].
У ходзе гэтых баёў немцы, нарэшце, знайшлі непрыкрыты пралом ў расейскай абароне на паўночны ўсход ад Лодзі, і сфармаваўшы ўдарную групоўку пад кіраўніцтвам Шэфэра (3 пяхотныя і 2 кавалерыйскія дывізіі), нанесьлі туды магутны ўдар, у выніку чаго абкружылі горад з захаду, поўначы і ўсходу. Аднак, каб цалкам блякаваць Лодзь, у немцаў не хапіла сілаў, і неўзабаве сама ўдарная нямецкая групоўка Шэфэра апынулася пад пагрозай акружэньня[33]. 22 лістапада група Шэфэра, атрымала загад аб адыходзе. Да 24 лістапада, страціўшы 70% асабістага складу забітымі і палоннымі, нямецкія войскі праваліся з практычна поўнага акружэньня[33].
Лодзінская апэрацыя мела нявызначаны зыход. Нямецкі плян акружэньня 2-й і 5-й расейскіх арміяў праваліўся, аднак і расейскі наступ на тэрыторыю Нямецкай імпэрыі быў сарваны[34]. Пасьля завяршэньня апэрацыі былі зьнятыя з сваіх пастоў камандуючыя расейскіх 1-й арміі Рэнэнкампф і камандуючы 2-й арміі Шэйдэман[31].
Вынікі кампаніі 1914 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галоўным вынікам кампаніі 1914 году стаў крах нямецкага пляну бліцкрыгу. Нямецкая армія ня здолела разграміць ні расейскую армію на Ўсходзе, ні саюзныя арміі на Захадзе. Актыўныя дзеяньні расейскай арміі перашкодзілі гэтым плянам. У сувязі з гэтым нямецкае камандаваньне пастанавіла ўжо напрыканцы 1914 году перакінуць на Ўсход дадатковыя сілы[35].
За 1914 год расейская армія была вымушаная пакінуць заходнюю частку Польшчы, аднак заняла значную частку Галіцыі і Букавіны, дзе было створана Галіцыйскае генэрал-губэрнатарства[35]. Расейскае камандаваньне мела намер зімой захапіць перавалы ў Карпатах, каб вясной уварвацца ў раўнінную частку Вугоршчыны.
У канцы 1914 году на Ўсходнім фронце ўсталёўваецца пазыцыйная лінія фронту[35].
Кампанія 1915 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Не дабіўшыся выкананьня вызначаных плянаў на Захадзе ў 1914 годзе, нямецкае камандаваньне пастанаўляе перакінуць галоўныя сілы на Ўсходні фронт і нанесьці магутны ўдар па Расеі, з мэтай вывесьці яе з вайны. Немцы распрацавалі плян, як узяць расейскую армію ў велічэзныя «абцугі».
Бітвы ў Карпатах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ ў канцы 1914 году расейскае камандаваньне пастанавіла сіламі Паўднёва-Заходняга фронту (3 арміі: 3-я, 8-я і 9-я) фарсіраваць Карпаты і ўварвацца на раўнінную тэрыторыю Вугоршчыны. Галоўную ролю ў маючым адбыцца наступу павінна была адыграць 8-я армія генэрала Брусілава. Аднак аўстрыйскае камандаваньне таксама плянавала наступ у Карпатах з мэтай дэблякаваць асаджаную расейцамі крэпасьць Перамышль[36].
У канцы студзеня аўстра-нямецкія войскі (3 аўстра-вугорскія арміі і паўднёвая нямецкая армія) пачалі наступ наносячы два ўдары: адзін ад Ужгараду на Самбар, іншы ад Мукачава на Стрый[36]. Распачаты адначасовы наступ 8-й арміі Брусілава прывёў да шэрагу цяжкіх сустрэчных баёў на горных перавалах. Расейскія войскі, сутыкнуўшыся з праціўнікам, які пераўзыходзіў колькасна, занялі абарону на горных перавалах.
У лютым расейскае камандаваньне перакінула дадатковыя рэзэрвы ў Карпаты і сфармавала 9-ю армію генэрала Лячыцкага. Увесь сакавік прайшоў у бесьперапынных баях на левым флянгу расейскай 3-й арміі і на ўсім фронце 8-й арміі[36]. Тут, на самым кароткім кірунку з Вугоршчыны да Перамышля, з мэтай яго вызваленьня, настойліва наступалі аўстра-немцы. Салдаты ваявалі па пояс у сьнезе, абодва бакі штодня несьлі цяжкія страты[36].
Аднак пасьля таго, як Перамышль здаўся расейскім войскам, з аблогі была зьнятая 11-я расейская армія, якая ўзмацніла царскія войскі ў Карпатах. Таму Аўстра—нямецкія сілы спынілі наступ[36].
Аблога Перамышля
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля завяршэньня Галіцыйскай бітвы 17 верасьня 1914 году, расейскія войскі падышлі да найбуйнейшай аўстрыйскай крэпасьці ў Галіцыі — Перамышля. Перамышль быў першакляснай фартэцыяй з шматлікім гарнізонам пад камандаваньнем генэрала Кусманэка. 5—7 кастрычніка расейскія войскі распачалі штурм крэпасьці, аднак усе атакі былі адбітыя зь вялікімі стратамі. Акрамя гэтага 8 кастрычніка да крэпасьці падышлі аўстра-вугорскія войскі і расейцы былі вымушаныя зьняць аблогу[37].
Аднак пасьля паразы аўстра-нямецкіх войскаў у Варшаўска-Івангарадзкой бітве аўстра-вугорцы адышлі, і крэпасьць ізноў атачылі расейскія войскі. Аблогу фартэцыі вяла 11-я расейская армія генэрала Селіванава. Ня маючы дастатковых сіл і сродкаў, расейскае камандаваньне не рабіла бессэнсоўных спроб штурму, стаяла пад крэпасьцю[37].
Пасьля працяглай аблогі, калі ў горадзе скончыліся запасы харчаваньня, генэрал Кусманэк паспрабаваў зьняць аблогу, аднак усе атакі аўстрыйскіх войскаў былі адбітыя. Пасьля гэтага камандаваньне крэпасьці пастанавіла здаць фартэцыю. Перад гэтым артылерыя крэпасьці расстраляла ўвесь боезапас, а ўмацаваньня крэпасьці былі ўзарваныя. 23 сакавіка 1915 году Перамышль капітуляваў. У расейскі палон здаліся 9 генэралаў (у тым ліку і Кусманэк), 93 штаб-афіцэры, 2 204 обэр-афіцэры, 113 890 салдат, таксама расейцам дасталіся каля 900 гармат[37].
Мазурская і Прасныская бітвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першай апэрацыяй стратэгічнага нямецкага пляну на 1915 год стала Аўгустоўская апэрацыя. Нямецкае камандаваньне плянавала ўдарам з Усходняй Прусіі прарваць расейскі фронт. Галоўныя ўдары наносілі 10-я армія генэрала Эйхгорна з поўначы, і 8-й арміі генэрала Бе́лава з захаду (усяго 15 пяхотных і 2,5 кавалерыйскіх дывізій) па сыходным напрамкам у бок гораду Аўгустоў, каб акружыць і зьнішчыць 10-ю расейскую армію генэрала Сівэрса, якая абаранялася ўва Ўсходняй Прусіі[38].
Яшчэ ў канцы 1914 году на Ўсходні фронт былі перакінутыя з Францыі 7 нямецкіх карпусоў і 6 кавалерыйскіх дывізіяў. Да гэтага часу і ў Нямеччыны атрымалася стварыць рэзэрвы — 4 корпусы. Іх таксама перакінулі на Ўсходні фронт. Гэтыя войскі сфармавалі новую 10-ю армію генэрала Эйхгорна.[38]
7 лютага 1915 году 8-я нямецкая армія атакавала левы флянг 10-й арміі, на наступны дзень часткі 10-й нямецкай арміі атакавалі правы флянг расейскіх войскаў. У немцаў атрымалася прарваць фронт[39]. Корпусы расейскай арміі на левым флянгу ўстойліва стрымлівалі 8-ю нямецкую армію, не даўшы ёй выйсьці ў раён Аўгустова. Аднак на правым флянгу нямецкія войскі здолелі адсунуць расейскія карпусы, якія пасьля адыходу агалілі флянг 20-га корпуса генэрала Булгакава, які трапіў пад магутны ўдар немцаў і быў акружаны ў раёне Аўгустова[40].
10 дзён часткі 20-га корпуса спрабавалі вырвацца з акружэньня, прыкаваўшы да сябе значныя сілы нямецкіх войскаў[41][42]. Пасьля жорсткіх баёў ў засьнежаных Мазурскіх лясах рэшткі 20-га корпусу, выкарыстаўшы ўсе боезапасы, вымушаныя былі здацца[43]. Дзякуючы мужнасьці байцоў 20-га корпусу тры іншых корпусы 10-й арміі здолялі пазьбегнуць акружэньня і своечасова адышлі. Немцы атрымалі тактычную перамогу, але акружыць 10-ю армію ім не ўдалося[41].
Пасьля гэтага щ канцы лютага нямецкае камандаваньне аднавіла наступ ва Ўсходняй Прусіі, 8-я і 12-я нямецкія арміі атакавалі пазыцыі 1-й і 12-й расейскіх арміящ[39]. Пасьля цяжкіх баёў 24 лютага два нямецкія корпусы занялі горад Прасныш. Аднак расейскія войскі, атрымаўшы рэзэрвы (2 корпуса), атакавалі і выбілі немцаў з Прасныша. 2 сакавіка расейскія войскі аднавілі наступ у раёне Сувалак і нанесьлі паражэньне часткам 8-й і 12-й арміящ[39]. Да 30 сакавіка нямецкія войскі былі канчаткова адсунутыя на тэрыторыю Нямецкай імпэрыі[44].
Горліцкі прарыў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля флянгавых удараў супраць расейскага войска з Усходняй Прусіі, аўстра-нямецкае камандаваньне рыхтавалася нанесьці флянгавы ўдар і з Галіцыі[45]. Прарыў расейскага фронту ў Галіцыі плянавалася ажыцьцявіць паміж Віслай і Карпатамі, у раёне Горліцы. Месца прарыву было абрана не выпадкова. Тут расейская армія ня мела вялікіх сілаў, не было буйных натуральных перашкод, і ў выпадку прарыву фронту адразаліся шляхі адыходу расейскай групоўкі ў Карпатах і стваралася пагроза акружэньня ўсяго левага флянгу Паўднёва-Заходняга фронту[45].
Для ажыцьцяўленьня апэрацыі ў Горліцы аўстра-нямецкае камандаваньне засяродзіла 11-ю нямецкую армію (была перакінутая з Заходняга фронту)[45] і 4-я аўстра-вугорскую армію, таксама ў апэрацыі ўдзельнічалі іншыя аўстра-нямецкія злучэньні[45]. Задачай аўстра-немцаў быў прарыў расейскага фронту, акружэньне 3-й расейскай арміі, якая абаранялася тут, і далейшы наступ на Перамышль і Львоў. На 35-м кілямэтры ўчастку прарыву нямецка-аўстрыйскія войскі засяродзілі 10 пяхотных і 1 кавалерыйскую дывізію (126 тысячаў чалавек, 457 лёгкіх і 159 цяжкіх гармат, 96 мінамётаў і 260 кулямётаў)[46].
Расейскае камандаваньне не надавала належнай увагі небясьпекі аўстра-нямецкага наступу ў раёне Горліцы. Уся ўвага расейскіх генэралаў была засяроджана на завяршэньні Карпацкай апэрацыі. У 3-й расейскай арміі (звыш 18 пяхотных і 6 кавалерыйскіх дывізій) на кірунку прарыву знаходзілася толькі 5 пяхотных дывізій (60 тысячаў чалавек, 141 лёгкіх і 4 цяжкіх гармат, 100 кулямётаў)[46]. Такім чынам на вучастку прарыву Цэнтральныя дзяржавы мелі шматразовую перавагу ў жывой сіле і тэхніцы. Акрамя гэтага ў гэты час у расейскай арміі паўстала вялікая праблема з боепрыпасамі, часта расейскай артылерыі не было чым адказаць на абстрэлы праціўніка[46].
Наступ пачаўся 2 траўня 1915 году пасьля магутнай артылерыйскай падрыхтоўкі. Расейскія войскі адчайна абараняліся, аднак усё ж адышлі на 2-5 кілямэтраў. Расейскае камандаваньне лічыла, што асноўны ўдар аўстра-немцы нанясуць у Карпатах, а ў раёне Горліцы адбываецца адцягваючы ўвагу манэўр, таму дапамогі 3-й арміі даслана не было[47]. Пасьля 6-х дзённых жорсткіх баёў аўстра-немцы здолелі прарваць расейскі фронт і прасунуцца на 40 кілямэтраў у глыб. Пасьля вялікіх стратаў 3-я армія, да 15 траўня адышла на лінію Нова-Място, Сандамір, Перамышль, Стрый[47].
Вялікі адыход
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]24 траўня, падцягнуўшы цяжкую артылерыю, Макэнзэн аднавіў наступ. 3 чэрвеня аўстра-нямецкія войскі авалодалі Перемышлем,[48] а 22 чэрвеня ўзялі Львоў [48]. Пасьля чаго аўстра-нямецкія войскі працягвалі разьвіваць наступ, выходзячы ў глыбокі тыл расейскім войскам. Царская Стаўка, каб пазьбегнуць акружэньня расейскіх арміяў у Польшчы, пачала стратэгічны адыход на Ўсход[48].
Баі ў Галіцыі аднавіліся з новай сілай 15 ліпеня, пасьля цяжкіх баёў расейскія войскі адышлі на лінію Івангорад — Люблін — Холм. 22 ліпеня нямецкія войскі фарсіравалі Віслу[49]. 22 ліпеня (4 жніўня) расейскія войскі пакінулі Варшаву і Івангорад, 7 (20) жніўня пала крэпасьць Навагеоргіеўск. У сувязі з ударам нямецкіх войскаў на нараўскім кірунку расейскія войскі адышлі на лінію Асавец — Влодава. 22 жніўня пасьля складанай абароны расейскія войскі пакінулі Асавец, 26 жніўня расейцы адышлі з Берасьця, 2 верасьня з баямі была пакінутая Горадня[50]. Да восені фронт стабілізаваўся на лініі Рыга — Дзьвінск — Баранавічы — Пінск — Дубна — Тарнопаль[51].
У гэты час Вярхоўны Галоўнакамандуючы Мікалай Мікалаевіч быў адпраўлены камандуючым на Каўкаскі фронт, а камандаваньне арміяй прыняў на сябе імпэратар Мікалай II, начальнікам штабу стаў генэрал Аляксееў[50].
На працягу лета 1915 расейская армія пад націскам пераўзыходзячых аўстра-нямецкіх сіл у ходзе стратэгічнага адыходу пакінула аўстрыйскую Галіцыю, частку Прыбалтыкі, Польшчу. Аднак дзякуючы адыходу расейцы пазьбеглі акружэньня і разгрому. Плян немцаў па вываду Расеі з вайны ў 1915 годзе праваліўся.
Вялікі адыход стаў цяжкім маральным узрушэньнем для салдат і афіцэраў расейскай арміі. Генэрал Антон Дзянікін пазьней пісаў:
Вясна 1915 застанецца ў мяне назаўжды ў памяці. Вялікая трагедыя расейскай арміі — адыход з Галіцыі. Ні набояў, ні снарадаў. З дня ў дзень крывавыя баі, з дня ў дзень цяжкія пераходы, бясконцая стомленасьць — фізычная і маральная; то нясьмелыя надзеі, то беспрасьветная жудасьць ... | ||
Віленская апэрацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля таго, як 22 жніўня нямецкія войскі ўзялі расейскую крэпасьць Коўна, 10-я нямецкая армія працягвала наступ з мэтай абысьці Вільню і акружыць 10-ю расейскую армію. Тут завязаліся жорсткія сустрэчныя баі, у час якіх расейцы здолелі ўтрымаць свае пазыцыі. Наступ немцаў быў спынены[52].
Пасьля гэтага немцы, зьмянілі плян і 8 верасьня пачалі наступ у стык паміж 10-й і 5-й расейскімі арміямі. 9 верасьня кайзэраўскім войскам пашчасьціла прарваць расейскую абарону на поўнач ад Вількаміру[52]. Гэты прарыў атрымаў назву Сьвянцянскі. У прарыў нямецкае камандаваньне кінула значныя кавалерыйскія злучэньні. Нямецкая кавалерыйская група (4 кавалерыйскія дывізіі)[52] накіравалася па расейскіх тылах. 14 верасьня нямецкія войскі занялі Вялейку і падышлі да Маладэчна. Нямецкія кавалерысты дайшлі да Менску і нават перарэзалі шашу Смаленск — Менск[53]. Аднак да гэтага часу націск нямецкай коньніцы, пазбаўленай падтрымкі пяхоты і артылерыі, аслабеў. 15—16 верасьня расейскія войскі нанесьлі контрудар па нямецкай кавалерыі і адкінулі яе да Нарачы[53]. Да 19 верасьня (2 кастрычніка) Сьвянцянскі прарыў быў ліквідаваны, і фронт стабілізаваўся на лініі возера Дрысьвяты — возера Нарач — Смаргонь — Баранавічы — Пінск — Дубна — Тарнопаль.
Вынікі кампаніі 1915 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кампанія 1915 году была цяжкай для расейскай арміі. Сотні тысячаў салдат і афіцэраў былі забітыя, параненыя і ўзяты ў палон. Расейскае войска пакінула шырокія тэрыторыі: Галіцыю, Букавіну, Польшчу, часткі Прыбалтыкі і Беларусі.
Аднак выканаць галоўную задачу разгрому расейскай арміі і вываду Расеі з вайны аўстра-нямецкай кааліцыі не атрымалася[54]. Расейская армія, хаця і панесла цяжкія страты але пазьбегла акружэньня і захавала баяздольнасьць. Нямецкае камандаваньне, у сваю чаргу, палічыла, што расейцы панесьлі вялікія страты і ўжо ня здольныя на актыўныя дзеяньні. Ужо ўвосень немцы пачалі перакідваць войска з Усходу на Захад, плянуючы нанесьці вырашальны ўдар па Францыі і скончыць вайну. На Ўсходнім фронце ўсталявалася пазыцыйнае зацішша. На захопленай расейскай тэрыторыі была створана нямецкая акупацыйная адміністрацыя.
Расейскія ваеннапалонныя на палявых працах. Ліпень 1915. | Мікалай Самакіш. «Забіты конь». | Перапіс нямецкіх палонных. | Праходжаньне па Неўскаму праспэкце палонных аўстрыйскай арміі, захопленых пры ўзяцьці Перамышлю. Петраград, 23 сакавіка 1915. |
Кампанія 1916 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Не атрымаўшы рашучага посьпеху на Ўсходнім фронце, нямецкі Генэральны штаб пастанавіў перанесьці асноўны ўдар на Заходні фронт, для канчатковага разгрому Францыі. Аўстрыйцы паспрабавалі вывесьці з вайны Італію. Супраць Расеі Цэнтральныя дзяржавы актыўных дзеяньняў у 1916 годзе не плянавалі. У сваю чаргу, саюзьнікі па Антанце рыхтавалі скаардынаваны наступ і на Захадзе і на Ўсходзе. Расейская армія ачомвалася ад наступстваў адыходу 1915 году, а краіна пераводзіла прамысловасьць на ваенныя «рэйкі».
Нарачанская апэрацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля пачатку Вэрдэнскай апэрацыі на Захадзе галоўнакамандуючы францускай арміі Жофр зьвярнуўся да расейскага камандаваньня з просьбай правесьці наступ ў сакавіку з мэтай адцягнуць частку нямецкіх сіл на сябе. Расейскае камандаваньне, каб дапамагчы саюзьнікам, пастанавіла правесьці наступальную апэрацыю на тэрыторыі Беларусі. 24 лютага камандуючаму заходнім расейскім фронтам генэралу Эвэрту была пастаўлена задача нанесьці магутны ўдар па нямецкім войскам сіламі 1-й, 2-й і 10-й арміямі[55].
16 сакавіка генэрал Аляксееў аддаў загад аб пераходзе ў наступ расейскіх арміяў ля Нарачы. Тут абарону займала 10-я нямецкая армія. Пасьля працяглай артылерыйскай падрыхтоўкі расейцы перайшлі ў наступ. На поўдзень ад возера Нарачы[55] 2-я расейская армія ўклінілася ў абарону 10-й арміі на 2-9 кілямэтры. Разгарнуліся жорсткія баі. Нямецкія войскі зь цяжкасьцю стрымлівалі шматлікія атакі расейцаў.
Нямецкае камандаваньне, разумеючы небясьпеку, якая склалася ў сытуацыі каля Нарачы, пастанавіла сьцягнуць рэзэрвы да небясьпечнага ўчастку. Немцам было таксама вядома, што ў траўні саюзныя войскі пачнуць усеагульнае наступ на трох франтах: Заходнім, Усходнім і Італьянскім. Аднак немцы памылкова прынялі наступ расейцаў у Нарачы за генэральны наступ. Нямецкае камандаваньне было вымушана спыніць атакі на францускую крэпасьць Вердэн і перакінуць у раён Нарачы 4 дывізіі з Захаду. Гэта ў канчатковым выніку дапамагло немцам утрымаць пазыцыі, і расейскія войскі не змаглі прарваць абарону[55].
Па сутнасьці гэтая апэрацыя была адцягваючай, летам нямецкае камандаваньне чакала асноўны ўдар на сваім фронце, а расейцы правялі г. зв. Брусілаўскі прарыў на аўстрыйскім фронце, які меў калясальны посьпех, і ледзь не прывёў Аўстра-Вугоршчыну да паразы[56].
Брусілаўскі прарыў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Луцкі прарыў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Краіны Антанты заплянавалі на лета 1916 году агульны наступ на трох асноўных тэатрах баявых дзеяньняў супраць аўстра-нямецкіх войскаў. У рамках гэтага пляну ангельскія войскі праводзілі апэрацыі на Соме, францускія войскі змагаліся ў раёне Вэрдэну, італьянская армія рыхтавала новы наступ ў раёне Ізонцы[57]. Расейскія войскі павінны былі перайсьці ў рашучы наступ на ўсім працягу фронту. У наступе расейскае камандаваньне плянавала задзейнічаць усе тры франты (Паўночны, Заходні і Паўднёва-заходні).
Асноўны ўдар наносіўся сіламі Заходняга фронту (камандуючы — генэрал А. Я. Эверт) з раёну Маладэчны на Вільню. Эвэрту перадавалася вялікая частка рэзэрваў і цяжкай артылерыі. Паўночны фронт (камандуючы генэрал — А. М. Курапаткін) наносіў дапаможны ўдар ад Дзьвінску — таксама на Вільню. Паўднёва-Заходняму фронту (камандуючы генэрал — А. А. Брусілаў) прадпісвалася наступаць на Луцак — Ковель, у флянг нямецкай групоўкі, насустрач галоўнаму ўдару Заходняга фронту.
Баючыся, што аўстра-нямецкія войскі пяройдуць у наступ раней, з мэтай апярэдзіць ўдары расейцаў, Стаўка загадала войскам быць гатовымі да наступу раней за намечаныя тэрміны. Аднак аўстра-немцы не плянавалі ніякіх актыўных дзеяньняў супраць расейскіх войскаў.
15 траўня 1916 году аўстрыйская армія пачала буйны наступ супраць італьянскай арміі ў Трэнціне[57]. Італьянская армія, нясучы цяжкія страты, адыходзіла. У сувязі з гэтым Італія зьвярнулася да Расеі з просьбай дапамагчы наступам арміяў Паўднёва-Заходняга фронту, каб адцягнуць аўстра-вугорскія часткі з італьянскага фронту. Ідучы насустрач саюзьніку, расейскае камандаваньне перанесла тэрмін пачатку наступу. 31 траўня Паўднёва-заходні фронт павінен быў пачаць атаку супраць аўстра-вугорскай арміі, аднак галоўны ўдар па-ранейшаму наносілі войскі Заходняга фронту супраць Немцаў[57].
Пры падрыхтоўцы апэрацыі камандуючы Паўднёва-заходнім фронтам генэрал Брусілаў вырашыў зрабіць па адным прарыве на фронце кожнай з чатырох сваіх арміяў. З гэтай прычыны праціўнік пазбаўляўся магчымасьці своечасова перакінуць рэзэрвы на кірунак галоўнага ўдару. Галоўны ўдар на Луцк і Ковель наносіла 8-я армія генэрала Каледзіна, дапаможныя ўдары наносілі 7-я, 9-я і 11-я арміі[57]. Супраць гэтых арміяў знаходзіліся 4 аўстра-вугорская і 1 нямецкая арміі. Расейцам атрымалася стварыць перавагу над праціўнікам у некалькі разоў у жывой сіле і тэхніцы. Наступу папярэднічалі дакладная выведка, трэніроўка войскаў, абсталяваньне інжынэрных пляцдармаў, якія наблізілі расейскія пазыцыі да аўстрыйскіх[57].
3 чэрвеня 1916 году пачалася магутная артылерыйская падрыхтоўка, якая прывяла да моцнага разбурэньня першай паласы абароны[58]. 5 чэрвеня часткі 7-й, 8-й, 9-й і 11-й расейскіх арміяў (разам 594 тыс. чалавек і 1938 гармат) перайшлі ў наступ супраць аўстра-вугорскіх войскаў (разам 486 тыс. чалавек і 1846 гармат). Расейскім войскам пашчасьціла прарваць фронт у 13-ці месцах[58]. 7 чэрвеня часткі 8-й арміі занялі Луцак, а да 15 чэрвеня 4-я аўстра-вугорская армія ўжо фактычна была зьнішчана. Расейцы захапілі 45 тыс. палонных, 66 гармат і іншыя трафэі. Прарыў на ўчастку 8-й арміі дасягнуў 80 кілямэтраў па фронце і 65 у глыбіню. 11-я і 7-я арміі прарвалі фронт, але праз контрудары не змаглі разьвіць наступ. 9-я армія таксама прарвала фронт, нанёсшы паразу 7-й аўстрыйскай арміі, захапіўшы амаль 50 тыс. палонных[59][60]. 15 чэрвеня часткі 9-й арміі штурмам узялі ўмацаваную аўстрыйскую крэпасьць Чарнавіцы. 9-я армія, перасьледуючы адыходзячага праціўніка, заняла большую частку Букавіны[59].
Наступ на Ковель
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пагроза ўзяцьця расейцамі войскамі Ковеля (які быў найважнейшым цэнтрам камунікацыяў) прымусіла аўстра-нямецкае камандаваньне сьпешна перакідваць на гэты кірунак дадатковыя сілы. З Заходняга фронту прыбылі 2 нямецкія дывізіі, а з Італьянскага 2 аўстра-вугорскія. 16 чэрвеня аўстра-немцы нанесьлі контрудар па 8-й арміі Каледзіна, аднак пацярпелі паразу і былі адкінутыя за раку Стыр[61].
У гэты час расейскі Заходні фронт генэрала Эверта адкладваў пачатак наступу. Толькі 15 чэрвеня часткі расейскага Заходняга фронту перайшлі ў наступ абмежаванымі сіламі пад Баранавічамі, аднак, пацярпеўшы няўдачу, вярнуліся на зыходныя пазыцыі. Генэрал Эверт прыступіў да новай перагрупоўкі сіл, праз што наступ расейскіх войскаў у Беларусі перанесьлі на пачатак ліпеня.
Згодна з увесь час зьменлівымі тэрмінамі наступу Заходняга фронту, Брусілаў даваў 8-й арміі ўсё новыя дырэктывы — то наступальнага, то абарончага характару, разьвіваць удар то на Ковель, то на Львоў. Нарэшце, Стаўка вызначылася з кірункам галоўнага ўдару Паўднёва-Заходняга фронту і паставіла яму задачу: кірунак галоўнага ўдару на Львоў не зьмяняць, а па ранейшаму наступаць на паўночны захад, на Ковель, насустрач войскам Эвэрта, нацэленымі на Баранавічы і Берасьце.
24 чэрвеня англа-францускія саюзьнікі пачалі на Соме сваю апэрацыю па прарыве нямецкага фронту. 3 ліпеня перайшоў у наступ расейскі Заходні фронт, 4 ліпеня аднавіў наступ Паўднёва-Заходні фронт, маючы задачу захапіць Ковель. Войскі Брусілава здолелі прарваць нямецкі фронт, заняць шэраг населеных пунктаў і выйсьці да ракі Стахода[61]. У асобных месцах расейскім войскам удалося фарсіраваць раку, аднак пераадолець гэтую перашкоду расейцы ня здолелі. Падцягнуўшы значныя сілы, аўстра-немцы стварылі тут моцны абарончы рубеж. Брусілаў быў вымушаны спыніць наступ і перагрупаваць сілы[62]. Наступ Паўночнага і Заходняга расейскіх франтоў скончыўся няўдачай. Расейскія атакі былі адбітыя зь вялікімі стратамі, гэта дазволіла нямецкаму камандаваньню перакідваць усе рэзэрвы ў Галіцыю, супраць Брусілава.
У ліпені расейскае камандаваньне перакідвае на Паўднёва-заходні фронт рэзэрвы і стварае Асобную армію генэрала Безабразава[63]. 3-я, 8-я і Асобная армія атрымалі загад разграміць праціўніка ў раёне Ковеля і заняць горад. 28 ліпеня наступ аднавілася, расейскія часткі павялі рашучы наступ, атрымаўшы шэраг перамог ў сустрэчных баях, аднак і аўстра-немцам удалося нанесьці шэраг адчувальных контратак. У ходзе гэтых баёў расейцам пашчасьціла захапіць 17 тыс. палонных і 86 гармат. У выніку гэтых баёў расейскія войскі прасунуліся на 10 кілямэтраў. Аднак прарваць магутную абарону супэрніка на рацэ Стаходзе і ўзяць Ковель расейцам не атрымалася[63].
У гэты ж час 7-я і 11-я армія на львоўскім кірунку прарвалі абарону праціўніка. Аўстра-нямецкаму камандаваньню даводзілася перакідваць ў Галіцыю ўсе новыя рэзэрвы. Аднак расейскія войскі працягвалі наступ, 11-я армія заняла Броды, і выйшла на подступы да Львова. 7-й арміі ўдалося ўзяць Галіч, а 9-я армія, якая дзейнічала ў Букавіне, таксама атрымала шэраг перамог і ўзяла Станіслаў[59].
Вынікі Брусілаўскага прарыву
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да канца жніўня наступ расейскіх арміяў быў спынены з прычыны нарастаючага супраціву аўстра-нямецкіх войскаў, вялікіх страт і стомы асабістага складу. Наступствы Брусілаўскага прарыву перасягнулі чаканьні камандаваньня Антанты. Расейскія войскі нанесьлі адчувальную паразу аўстра-нямецкім войскам. Расейцам атрымалася прасунуцца на 80—120 кілямэтраў. Арміі Брусілава вярнулі Валынь, занялі Букавіну і значную частку Галіцыі. Аўстра-Вугоршчына і Нямеччына страцілі больш за 1,5 мільёна чалавек забітымі, параненымі і палоннымі. Расейскія войскі захапілі 581 гармату, 1795 кулямётаў, 448 бамбамётаў і мінамётаў[64]. Аўстра-вугорская армія панесла вялікія страты, што моцна падарвала яе баяздольнасьць. Для адбіцьця расейскага наступу Цэнтральныя дзяржавы перакінулі ў Галіцыю 31 пяхотную і 3 кавалерыйскія дывізіі з Заходняга, Італьянскага і Салёніцкага франтоў. Гэта прымусіла нямецкае камандаваньне спыніць атакі на Вэрдэн, а аўстрыйцы спынілі наступ у Трэнціна, што выратавала італьянскае войска ад разгрому. Пад уплывам перамогі расейскіх арміяў у Галіцыі ў вайну на баку Антанты ўступіла Румынія. Расейскія войскі страцілі каля 500 тыс. забітымі, параненымі і палоннымі[64].
З пункту гледжаньня вайсковага мастацтва наступ расейскіх войскаў летам 1916 году паказаў новую форму прарыву фронту (адначасова на некалькіх участках), якая больш шырока выкарыстоўвалася ў апошнія гады Першай сусьветнай вайны.
Уступленьне ў вайну Румыніі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Абедзьве кааліцыі спрабавалі ўцягнуць у вайну на сваім баку новыя краіны. У 1915 годзе на баку Цэнтральных дзяржаваў выступіла Баўгарыя, на баку Антанты Італія. Доўгі час кааліцыі спрабавалі ўцягнуць у вайну на сваім баку Румынію. Аднак румынскі ўрад не сьпяшаўся і чакаў найбольш выгадных умоваў для ўступленьня ў сусьветную вайну. Румынія схілялася на бок Антанты, таму што была ў стане канфлікту з Аўстра-Вугоршчынай, плянуючы далучыць этнічныя румынскія землі, якія ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугорскай імпэрыі[65].
Пасьля Брусілаўскага прарыву, калі расейскае войска дамаглося буйнога посьпеху, а аўстра-вугорская армія была ледзь не разгромлена, румынскі ўрад пастанавіў уступіць у вайну на баку Антанты. Краіны Антанты запэўнілі Румынію, што пасьля вайны Бухарэст зможа далучыць ня толькі землі, населеныя румынамі, але і іншыя тэрыторыі, з сэрбскім (Банатам), украінскай (Букавінай) і вугорскай (Трансільваніяй) [65].
27 жніўня Румынія абвясьціла вайну Аўстра-Вугоршчыне і ўступіла ў Першую сусьветную вайну на баку Антанты. У станах Антанты былі вельмі задаволеныя далучэньнем новага саюзьніка. Аднак аптымістычны настрой многіх палітычных і ваенных дзеячаў адносна ўступленьня ў вайну Румыніі на фоне рэальнага стану румынскай арміі быў нічым не апраўданы.
Румынская кампанія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У жніўні румынская армія (каля 400 тыс. чалавек) уварвалася на тэрыторыю Аўстра-Вугоршчыны, у Трансыльванію, і прасунулася на 80 кілямэтраў. Аднак ужо першы буйны горад на шляху румынскай арміі, Сыбіў, паказаў слабасьці румынскіх войскаў. З прычыны праблем з тылавым забесьпячэньнем румынская армія спыніла свой наступ[65], чым скарысталася 1-я аўстра-вугорская армія, кінутая супраць румынскіх войскаў. Стратэгічная ініцыятыва перайшла да аўстрыйскіх войскаў, да якіх далучылася 9-я нямецкая армія[65].
Аўстра-нямецкія войскі даволі хутка пасунулі румынскія часткі з Трансыльваніі, у той час як аўстра-нямецка-баўгарскія войскі пад камандаваньнем генэрала Макэнзэна пачалі наступ супраць румынскай арміі і з боку Баўгарыі. Таксама ў Дабруджы пачала наступ 3-я баўгарская армія. У дапамогу румынскім войскам расейцы даслалі 50 тыс. чалавек пад камандаваньнем генэрала Заянчкоўскага[66]. Румынскае камандаваньне разьлічвала, што расейскія войскі спыняць баўгарскае ўварваньне ў Дабруджу і пяройдуць у контранаступ. 15 верасьня расейска-румынскія арміі нанесьлі контрудар. Аднак гэты контранаступ скончыўся правалам. Расейска-румынскія войскі былі адкінутыя на 100 кілямэтраў на поўнач, а да канца кастрычніка баўгары здолелі авалодаць Канстанцай. 23 кастрычніка войскі Макэнзэна фарсіравалі Дунай і пачалі наступ на Бухарэст з трох кірункаў[66].
29 лістапада пачаўся наступ на Бухарэст. Румыны, сабраўшы апошнія рэзэрвы, паспрабавалі нанесьці контрудар, аднак безвынікова. 7 сьнежня войскі Макэнзэна ўвайшлі ў Бухарэст. Румынскія войскі адышлі на поўнач краіны, страціўшы пры гэтым яшчэ 8 дывізіяў[66]. Разумеючы, што далейшы адыход румынаў пагражае прарывам на поўдзень Расеі і разгромам румын, расейцы накіравалі туды падмацаваньне.
У сьнежні 1916 году ў расейскай арміі быў створаны Румынскі фронт. У яго ўвайшлі рэшткі румынскіх войскаў, а таксама расейскія арміі: Дунайская, 6-я, 4-я і 9-я[66].
Такім чынам румынская армія была разьбіта, тэрыторыя краіны акупавана, а расейскай арміі давялося шукаць дадатковыя сродкі, каб закрыць дзялянку новаўтворанага Румынскага фронту. У сьнежні 1916 — студзені 1917 аўстра-нямецкія войскі былі спыненыя на рацэ Сырэт. Фронт стабілізаваўся. Атрымалася, што далучэньне Румыніі да вайны не палепшыла сытуацыю для Антанты.
Вынікі кампаніі 1916 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кампанія 1916 году была для расейскіх арміі больш-менш пасьпяховай. У час Брусілаўскага прарыву расейскай армія нанесла цяжкую паразу аўстра-вугорскім войскам[67].
Нямеччына ня здолела ажыцьцявіць свой стратэгічны плян разгрому Францыі шмат у чым дзякуючы расейскім войскам. Таксама ў вайну на Ўсходнім фронце ўступіла Румынія, аднак яе войска было разьбіта, большая частка тэрыторыі акупавана, і расейцам тэрмінова давялося фармаваць новы Румынскі фронт для абароны паўднёвых граніц імпэрыі.
На Каўкаскім фронце расейцы прасунуліся ўглыб Турэччыны, авалодаўшы найважнейшымі і найбуйнейшымі гарадамі — Эрзурум, Трапэзундам, Эрзінджанам і Бітлісам[68].
У час кампаніі 1916 году ў вайне адбыўся карэнны пералом на карысьць краінаў Антанты, ініцыятыва цалкам перайшла ў іх рукі. Параза Нямеччыны і яе саюзьнікаў, што несьлі велізарныя незваротныя страты, стала толькі справай часу.
Кампанія 1917 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лютаўская рэвалюцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У канцы лютага (ст. стыль) — пачатку сакавіка 1917 году ў Расеі адбылася рэвалюцыя. 2 (15) сакавіка 1917 году Мікалай II адрокся ад трону на карысьць свайго брата Міхаіла Аляксандравіча. Аднак і той 3 (16) сакавіка 1917 году адрокся ад расейскай кароны, пакінуўшы Ўстаноўчаму сходу вызначэньне форму кіраваньня ў Расеі.
Пасьля гэтага ў Расеі быў створаны Часовы ўрад на чале з князем Г. Львовым. Часовы ўрад адразу ж заявіў, што Расея будзе працягваць вайну «да пераможнага канца» і не плянуе падпісваць сэпаратную мірную дамову з Нямеччынай. Замест Мікалая II Вярхоўным галоўнакамандуючым расейскай арміі стаў М. Аляксееў.
Яшчэ 1 (14) сакавіка Савет працоўных і салдацкіх дэпутатаў выдаў знакаміты «Загад №1», які ствараў салдацкія камітэты. Камітэты падрывалі ўладу афіцэраў у арміі і тым самым разбуралі дысцыпліну. Часовы ўрад прызнаў Загад № 1 і стаў падтрымліваць яго ажыцьцяўленьне ў вайсковых частках. Пачаўся распад расейскай арміі[69], якая стала імкліва губляць сваю баяздольнасьць. Паводле зьвестак, прыведзеных М. Галавіным у сваёй кнізе[2], «у арміі сярэдняя лічба захворваньняў за месяц ад пачатку рэвалюцыі павялічылася на 120%, хаця ніякіх эпідэмічных хвароб у войску не было і санітарны стан працягваў заставацца добрым, сярэдні лік зарэгістраваных дэзэрціраў у месяц з пачаткам рэвалюцыі павялічыўся на 400%. Акрамя таго, з сакавіка 1917 пачаліся велічэзная „ўцечка“ салдат з фронту і адмова ісьці на фронт з тылу пад самымі рознымі падставамі».
Вялікае пашырэньне атрымалі «братаньні» з салдатамі варожага боку. У войску свабодна пашыралася антываенныя бальшавіцкія і анархісцкія газэты і нават нямецкія прапагандысцкія выданьні. Падзеньне дысцыпліны сярод салдат суправаджалася рэзкімі пасьлярэвалюцыйнымі зьменамі ў вышэйшым камандаваньні арміяй. Генэралы, якія ўдзельнічалі ў змове супраць Мікалая II, прасоўваліся на вышэйшыя пасады, а генэралы, лаяльныя гаспадару, здымаліся з сваіх пастоў і звальняліся з войска.
4 чэрвеня на патрабаваньне вайсковага і марскога міністра Керанскага, Часовы ўрад выдаліў з пасады Вярхоўнага галоўнакамандуючага генэрала Аляксеева, замяніўшы яго генэралам Брусілавым.
Чэрвеньскі наступ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля таго, як Часовы ўрад заявіў аб працягу ўдзелу Расеі ў вайне, расейскае камандаваньне прынялося за арганізацыю наступу, які паводле дамоўленасьці з саюзьнікамі варта было пачаць вясной 1917 году. Аднак той хаос і разлажэньне, што панавалі ў расейскіх войсках, зрабілі немагчымым правядзеньне наступу ў прызначаныя тэрміны[69]. Ён быў адкладзены на канец чэрвеня.
Паводле плянаў расейскага камандаваньня асноўную ролю ў наступе павінны былі адыграць войскі паўднёва-заходняга фронту. 11-я і 7-я арміі наступалі ў кірунку Львова, а 8-я армія — на Калуш. Войскі паўночнага, румынскага і заходняга франтоў ажыцьцяўлялі дапаможныя ўдары[70].
29 чэрвеня 1917 пачалася артылерыйская падрыхтоўка на ўчастку паўднёва-заходняга фронту. 1 ліпеня ў наступ перайшлі 7-я і 11-я арміі. На некаторых участках расейскім войскам пашчасьціла захапіць першыя лініі акопаў і прасунуцца наперад. Але пасьля наступ спыніўся. Войскі сталі абмяркоўваць загады і мітынгаваць, адмаўляліся працягваць наступ. У выніку праз гэта 3 ліпеня наступ быў спынены[70].
6 ліпеня пачаўся наступ 8-й арміі на ўчастку Галіч — Станіслаў ў кірунку Калуша. Прарваўшы абарону, расейская армія захапіла звыш 7 тыс. палонных і 48 гармат. Потым яна заняла Станіслаў, Галіч і Калуш. Аднак неўзабаве аўстра-нямецкае камандаваньне падрыхтавала і нанесла контрудар па правым флянгу паўднёва-заходняга фронту. 19 ліпеня прарваў фронт 11-й арміі, аўстра-немцы працягнулі наступ, што пацягнула адыход частак 7-й і 8-й арміяў. У ходзе гэтых баёў праявіліся наступствы развалу расейскай арміі. Цэлыя часткі без загаду адыходзілі зь лініі фронту. Аўстра-нямецкія войскі, сустракаючы нязначны супраціў, прасунуліся праз Галічыну і 28 ліпеня спыніліся на лініі Броды — Збараж — рака Збруч[70].
Таксама наступ расейска-румынскіх войскаў пачаўся і на румынскім фронце. Першапачаткова расейска-румынскім войскам пашчасьціла прарваць фронт і атрымаць шэраг перамог[71]. Аднак неўзабаве пасьля няўдач расейскіх войскаў на іншых франтах наступ быў прыпынены. 6 жніўня аўстра-немцы нанесьлі контрудар, распачаўшы жорсткія баі. Аднак расейска-румынскія войскі здолелі ўтрымаць пазыцыі, і 13 жніўня баі спыніліся[72]. Пасьля гэтага фронт зноў стабілізаваўся, і баявыя апэрацыі тут спыніліся да канца вайны.
У гэтай бітве расейскаее войска страціла каля 130 тыс. забітымі, параненымі і палоннымі.
Дзякуючы чэрвеньскаму наступу адбыўся рэзкі ўзьлёт генэрала Карнілава, які ўжо 18 ліпеня быў прызначаны Вярхоўным Галоўнакамандуючым расейскай арміі.
Апэрацыя «Альбіён» і Карнілаўскі выступ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акрамя чэрвеньскага наступу ў 1917 годзе, на Ўсходнім фронце адбываліся і іншыя апэрацыі. Нямецкім войскам удалося правесьці ўдалую дэсантную апэрацыю і захапіць Маанзундзкі архіпэляг[73]. Таксама пасьля няўдалай для расейскай арміі Рыскай апэрацыі нямецкія войскі занялі Рыгу[74]. Галоўнакамандуючы расейскай арміі Карнілаў быў незадаволены дэмакратызацыяй арміі, якая падрывала баяздольнасьць войска. Пасьля паразы пад Рыгай генэрал Карнілаў пастанавіў адкрыта выступіць супраць палітыкі Часовага ўраду[73].
Адразу ж усьлед за падзеньнем Рыгі ён зрушыў з фронту 3-і конны корпус на Петраград. Аднак плян Карнілава праваліўся, мяцеж генэрала быў падаўлены, а сам ён арыштаваны. Новым галоўнакамандуючым расейскайй арміі быў прызначаны Керанскі[73]. Спроба Карнілава спыніць распад арміі скончылася правалам, Часовы ўрад працягнуў ранейшы курс унутранай палітыкі. Аднак неўзабаве ўладу ў краіне захапілі бальшавікі, якія адкрыта заяўлялі пра спыненьне вайны і падпісаньне мірнай дамовы зь Нямеччынай.
Кастрычніцкі пераварот
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 году ў Расеі адбыўся бальшавіцкі пераварот. Часовы ўрад быў зрынуты, улада ў краіне перайшла да бальшавікоў. Падкантрольны бальшавікам II Усерасейскі зьезд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў абвясьціў Дэкрэт аб міры і заявіў аб выхадзе Савецкай Расеі з вайны[75]. Савецкі ўрад зьвярнуўся да ўсіх ваюючых дзяржаваў з заклікам заключыць дэмакратычны мір без анэксіяў і кантрыбуцыяў, аднак гэту прапанову краіны Антанты пакінулі без увагі. Тады бальшавіцкі ўрад даручыў камандуючаму арміяй Духоніну спыніць баявыя дзеяньні на Ўсходнім фронце ў аднабаковым парадку і накіраваць прапановы аб перамір’і краінам Чацвяртнога саюзу[76]. Аднак той адмовіўся гэта зрабіць. Пасьля гэтага Духонін быў адхілены ад камандаваньня. Галоўнакамандуючым быў прызначаны камісар па ваенных справах прапаршчык Крыленка. Прыбыўшы ў Стаўку, у Магілёў, Крыленка адхіліў Духоніна ад камандаваньня і арыштаваў яго. Духонін быў заколаты аховай Крыленкі беспасярэдне на пэроне вакзалу Магілёва.
15 сьнежня ў Берасьці паміж нямецкай і савецкай дэлегацыямі было падпісана сэпаратнае пагадненьне аб перамір’і. 22 сьнежня паміж дэлегацыямі пачаліся перамовы[76].
Вынікі кампаніі 1917 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1917 годзе ў Расеі адбыліся дзьве рэвалюцыі, якія зьмянілі гісторыю краіны. Мікалай II адрокся ад трону, і манархія пала. Пасьля пачатку дэмакратызацыі арміі ў пачатку 1917 году пачаўся яе фактычны распад. Нягледзячы на тое, што расейская армія яшчэ праводзіла маштабныя апэрацыі ў 1917 годзе, да канца году яна перастала існаваць. Таксама развал арміі суправаджаўся распадам імпэрыі.
Бальшавікі, якія прыйшлі да ўлады ў кастрычніку, абвясьцілі дэкрэт аб міры і пачалі сэпаратныя перамовы аб міры. Гэта азначала выхад Расеі з вайны ў аднабаковым парадку.
1918 год
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Берасьцейскі мір
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 сьнежня 1917 году ў Берасьці савецкім урадам было заключана сэпаратнае пагадненьне аб перамір’і з Нямеччынай і яе саюзьнікамі. 22 сьнежня пачаліся перамовы аб міры. 9 студзеня савецкай дэлегацыі былі перададзеныя прапановы, якія прадугледжвалі значныя тэрытарыяльныя саступкі. Паводле некаторых вэрсій, Нямеччына тым самым, запатрабавала ад бальшавікоў выкананьня раней узятых на сябе абавязацельстваў за сваю падтрымку ў захопе імі ўлады ў Расеі. У бальшавіцкім кіраўніцтве адбыўся раскол. Ленін катэгарычна выступаў за задавальненьне ўсіх патрабаваньняў Нямеччыны. Троцкі прапаноўваў зацягваць перамовы. Левыя эсэры і некаторыя бальшавікі прапаноўвалі не заключаць мір і працягваць вайну зь немцамі, што ня толькі вяло да канфрантацыі зь Нямеччынай, але і падрывала пазыцыі бальшавікоў унутры Расеі, бо іх папулярнасьць у арміі грунтавалася на абяцаньні выхаду з вайны. 28 студзеня 1918 году савецкая дэлегацыя зь лёзунгам «вайну спыняем, але міру не падпісваем» перапыніла перамовы. У адказ 18 лютага нямецкія войскі пачалі наступ па ўсёй лініі фронту. Адначасова нямецка-аўстрыйскі бок зрабіў больш жорсткімі ўмовы міру. 3 сакавіка быў падпісаны Берасьцейская мірная дамова, паводле якой Расея губляла каля 1 мільёна квадратных кілямэтраў (улучыючы Ўкраіну і Беларусь) і абавязвалася дэмабілізаваць армію і флёт, перадаць Нямеччыне караблі і інфраструктуру Чарнаморскага флёту, выплаціць кантрыбуцыю ў памеры 6 мільярдаў марак, прызнаць незалежнасьць Украіны, Беларусі, Летувы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі.
Чацьверты Надзвычайны зьезд Саветаў, кантраляваны бальшавікамі, нягледзячы на супраціў «левых камуністаў» і левых эсэраў, якія расцэньвалі заключэньне міру як здраду інтарэсаў «сусьветнай рэвалюцыі» і нацыянальных інтарэсаў, з прычыны поўнай няздольнасьці Чырвонай Арміі супрацьстаяць нават абмежаванаму наступу нямецкіх войскаў і неабходнасьці ў перадышцы для ўмацаваньня бальшавіцкага рэжыму 15 сакавіка 1918 году ратыфікаваў Берасьцейскую мірную дамову. Нямецкая армія заняла Прыбалтыку, Беларусь і Ўкраіну. На тэрыторыі гэтых краінаў былі створаны ўрады, якія знаходзіліся ў залежнасьці ад Нямеччыны. Урад Цэнтральнай рады ва Ўкраіне не апраўдаў надзеяў і быў разагнаны, на яго месцы 29 красавіка быў сфармаваны новы ўрад на чале з гетманам Скарападзкім.
Акупацыйныя сілы Нямеччыны на ўсходзе, улучаючы тэрыторыю Румыніі, ацэньваюцца ў 1045 тыс. штыкоў [77], Турэччыны (група «Усход») — каля 30 тысячаў штыкоў.
Бухарэсцкая мірная дамова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля вываду з вайны Расеі румынскі ўрад пастанавіў таксама падпісаць мірную дамову з Цэнтральнымі дзяржавамі. Умовы дамовы былі цяжкімі для Румыніі. 7 траўня ў Бухарэсьце была падпісана дамова[78]. Румынія пазбаўлялася на карысьць пераможцаў стратэгічна важных памежных абласьцей, багатых лесам і нафтай. Паўднёвая Дабруджа перадавалася Баўгарыі. Над Паўночнай Дабруджай, якая зьяўлялася прадметам спрэчак паміж Турэччынай і Баўгарыяй, устанаўлівалася сумеснае кіраваньне дзяржаваў Чатвяртнога саюзу. Таксама Румынія абавязвалася прапускаць праз сваю тэрыторыю ўсе войскі Цэнтральных дзяржаваў[78][79].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Заходні фронт (Першая сусьветная вайна)
- Першая сусьветная вайна на Беларусі
- Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага
- Берасьцейскі мір
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Зьвесткі пра баявыя страты былі атрыманы ЦСУ паводле зводак былога Галоўнага Упраўленьня Генэральнага Штабу. Таблічны матэрыял быў прадстаўлены ЦСУ Справаздачна-Статыстычным Адзьдзелам РСЧА
- ^ Зь іх забіта ў баі, зьнікла бяз вестак і пасьля не былі знойдзеныя, памерла ад ран 116 300, памерла ад хвароб 30 000, у палоне памерла 70 500, няшчасныя выпадкі 3000, паранена 200 000, у палон трапіла 240 000 салдат
- ^ а б Румынія паўторна абвясьціла вайну Нямеччыне 10 лістапада 1918 году
- ^ Першапачаткова асноўныя сілы 2-й арміі былі сканцэнтраваны на Балканах супраць Сэрбіі, а на расейскай граніцы разгортвалася толькі частка яе (вайсковая група Кёвеса). З 18 жніўня пачалася перавозка ў Галіцыю ўсіх сіл 2-й арміі, якія прыбывалі на фронт супраць Расеі аж да 8 верасьня
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Россия в мировой войне 1914—1918 (в цифрах). — М.: ЦСУ, 1925. С. 30.
- ^ а б Головин Н. Н. Россия в Первой мировой войне. — Париж, 1939.
- ^ Military effectiveness — Google Кнігі
- ^ а б Россия в мировой войне 1914—1918 (в цифрах). — М.: ЦСУ, 1925. Табл. 33. С. 41.
- ^ а б Коленковский А. Маневренный период первой мировой империалистической войны 1914 г. — М.: Воениздат НКО СССР, 1940. С. 48.
- ^ а б Der Weltkrieg 1914 bis 1918. Bd. 2. S. 54-55. (ням.)
- ^ Österreich-Ungarns letzter Krieg 1914—1918. Bd. 1. S. 157. (ням.)
- ^ а б Зайончковский А. М. Подготовка России к империалистической войне. Очерки военной подготовки и первоначальных планов по архивным документам. — М.: ГИЗ, 1926. С. 257.
- ^ Строков А. А. История военного искусства. — Т. 3. Капиталистическое общество периода империализма. — М.: Воениздат, 1967. С. 279.
- ^ Восточно-Прусская операция. / Сборник документов. — М., 1939. С. 86.
- ^ а б Восточно-Прусская операция. / Сборник документов. — М., 1939. С. 146—147.
- ^ Восточно-Прусская операция. / Сборник документов. — М., 1939. С. 12.
- ^ а б в Восточно-Прусская операция. / Сборник документов. — М., 1939. С. 559.
- ^ Восточно-Прусская операция. / Сборник документов. — М., 1939. С. 258.
- ^ Восточно-Прусская операция. / Сборник документов. — М., 1939. С. 281.
- ^ Храмов Ф. Восточно-Прусская операция 1914 г. — Москва: Воениздат НКО СССР, 1940. С. 81.
- ^ а б в Белой А. Галицийская битва. — М.—Л., 1929. С. 80-81.
- ^ а б Меликов В. А. Стратегическое развёртывание. — Т. 1. — Изд. 2-е. — М., 1939. С. 261.
- ^ а б в Стратегический очерк войны 1914—1918 гг. — Ч. 1. — М., 1922. С. 146—147.
- ^ Брусилов А. А. Мои воспоминания. — Изд. 5-е. — М., 1963. С. 90.
- ^ Коленковский А. Маневренный период первой мировой империалистической войны 1914 г. — М.: Воениздат НКО СССР, 1940. С. 238.
- ^ Стратегический очерк войны 1914—1918 гг. — Ч. 1. — М., 1922. С. 164—165.
- ^ а б в Стратегический очерк войны 1914—1918 гг. — Ч. 1. — М., 1922. С. 207.
- ^ а б в «Варшаўска-Івангарадская апэрацыя». Зборнік дакументаў. М., 1938, стар. 31
- ^ Варшавско-Ивангородская операция. / Сборник документов. — М., 1938. С. 155.
- ^ Варшавско-Ивангородская операция. / Сборник документов. — М., 1938. С. 153.
- ^ Варшавско-Ивангородская операция. / Сборник документов. — М., 1938. С. 108.
- ^ а б Варшавско-Ивангородская операция. / Сборник документов. — М., 1938. С. 186—188.
- ^ Варшавско-Ивангородская операция. / Сборник документов. — М., 1938. С. 40.
- ^ Людендорф Э. Мои воспоминания о войне 1914—1918 гг. — Т. 1. — М., 1923. С. 78.
- ^ а б в г Лодзинская операция. / Сборник документов. — М.—Л., 1936. С. 58.
- ^ Фалькенгайн Э. Верховное командование 1915—1916 гг. в его важнейших решениях. — М.:, 1923. С. 38.
- ^ а б в г д Рыбин Д. Лодзинская операция в 1914 г. — М., 1938. С. 14.
- ^ Лодзинская операция. / Сборник документов. — М.—Л., 1936. С. 151.
- ^ а б в История первой мировой войны 1914—1918 гг. — М.: Наука, 1975. С. 383—385.
- ^ а б в г д Зайончковский А. М. Мировая война. Маневренный период 1914—1915 годов на русском (европейском) театре. — М.—Л., 1929. С. 252—256.
- ^ а б в Зайончковский А. М. Мировая война. Маневренный период 1914—1915 годов на русском (европейском) театре. — М.—Л., 1929. С. 245.
- ^ а б Коленковский А. К. Зимняя операция в Восточной Пруссии в 1915 году. — М.—Л., 1927. С. 30-31.
- ^ а б в Коленковский А. К. Зимняя операция в Восточной Пруссии в 1915 году. — М.—Л., 1927. С. 32.
- ^ Зайончковский А. М. Мировая война. Маневренный период 1914—1915 годов на русском (европейском) театре. — М.—Л., 1929. С. 249.
- ^ а б Каменский М. П. Гибель 20-го корпуса 8 (21) февраля 1915 г. — Пг., 1921. — С. 135.
- ^ Белолипецкий В. Зимние действия пехотного полка в Августовских лесах. — М., 1940. С. 62.
- ^ Ротэрмель А. Попытка выхода из окружения и гибель 20-го армейского русского корпуса 21 февраля 1915 г. // «Война и революция». — 1935, № 1—2. С. 97—107.
- ^ Коленковский А. К. Зимняя операция в Восточной Пруссии в 1915 году. — М.—Л., 1927. С. 83.
- ^ а б в г Горлицкая операция: сборник документов мировой империалистической войны на русском фронте (1914—1917 гг.). — М., 1941. С. 45—64.
- ^ а б в Горлицкая операция: сборник документов мировой империалистической войны на русском фронте (1914—1917 гг.). — М., 1941. С. 80-91.
- ^ а б Горлицкая операция: сборник документов мировой империалистической войны на русском фронте (1914—1917 гг.). — М., 1941. С. 372—374.
- ^ а б в Горлицкая операция: сборник документов мировой империалистической войны на русском фронте (1914—1917 гг.). — М., 1941. С. 365.
- ^ Der Weltkrieg 1914 bis 1918. Bd. 8. — Berlin, 1932, S. 256. (ням.)
- ^ а б Бонч-Бруевич М. Д. Потеря нами Галиции в 1915 г. — Ч. 1. — М., 1920.
- ^ Фалькенгайн Э. Верховное командование 1915—1916 гг. в его важнейших решениях. — М.:, 1923. С. 105—106
- ^ а б в Евсеев Н. Свенцянский прорыв (1915 г.). — М., 1936. С. 16.
- ^ а б Евсеев Н. Свенцянский прорыв (1915 г.). — М., 1936. С. 17—18.
- ^ Корольков Г. Несбывшиеся Канны. — М., 1926. С. 29.
- ^ а б в Подорожный Н. Е. Нарочская операция в марте 1916 г. на русском фронте мировой войны. — М., 1938. С. 11—15.
- ^ Керсновский А. История Русской армии. — М., 2014.
- ^ а б в г д Наступление Юго-Западного фронта в мае-июне 1916 года: сборник документов. — М., 1940. С. 45—51.
- ^ а б Наступление Юго-Западного фронта в мае-июне 1916 года: сборник документов. — М., 1940. С. 74—81.
- ^ а б в Литвинов А. И. Майский прорыв 9-й армии в 1916 г. — Пг., 1923. С. 65
- ^ Базаревский А. Х. Наступательная операция 9-й русской армии. Июнь 1916 г. — М., 1937. С. 83.
- ^ а б Наступление Юго-Западного фронта в мае-июне 1916 года: сборник документов. — М., 1940. С. 114—118.
- ^ Брусилов А. А. Мои воспоминания. — Изд. 5-е. — М., 1963. С. 211—212.
- ^ а б Наступление Юго-Западного фронта в мае-июне 1916 года: сборник документов. — М., 1940. С. 290—291.
- ^ а б Наступление Юго-Западного фронта в мае-июне 1916 года: сборник документов. — М., 1940. С. 485.
- ^ а б в г История Первой мировой войны 1914—1918 гг. / под редакцией И. И. Ростунова. — Т. 2. — М.: Наука, 1975. С. 204—206.
- ^ а б в г История Первой мировой войны 1914—1918 гг. / под редакцией И. И. Ростунова. — Т. 2. — М.: Наука, 1975. С. 208—210.
- ^ Керсновский А. История Русской армии. — М., 2014.
- ^ Керсновский А. История Русской армии. — М., 2014.
- ^ а б Разложение армии в 1917 г. — М.—Л., 1925. С. 7.
- ^ а б в Зайончковский А. М. Стратегический очерк войны 1914—1918 гг. — Ч. 7. — М., 1923. С. 130.
- ^ Стратегический очерк войны 1914—1918 гг. Румынский фронт. — М., 1922. С. 122—123.
- ^ Виноградов В. Н. Румыния в годы первой мировой войны. — М., 1969. С. 216—217.
- ^ а б в Зайончковский А. М. Стратегический очерк войны 1914—1918 гг. — Ч. 7. — М., 1923. С. 102.
- ^ Кавтарадзе А. Рижская операция 1917 года. // «Военно-исторический журнал». — 1967, № 9. С. 123.
- ^ Декреты Советской власти. — Т. 1. — М., 1957. С. 12, 15.
- ^ а б Советско-германские отношения. От переговоров в Брест-Литовске до подписания Рапалльского договора. / Сборник документов. — Т. 1. — М., 1968. С. 13.
- ^ Куль и Г. Дельбрюк. Крушение германских наступательных операций 1918 г. — М., 1935. С. 24 [1]
- ^ а б Ключников Ю. В., Сабанин А. Международная политика новейшего времени в договорах, нотах и декларациях. — Ч. 2. — М., 1926. С. 139—141
- ^ Нотович Ф. И. Бухарестский мир 1918 г. — М., 1959.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларусь у Першай Сусветнай вайне: Гіст. нарыс / Юры Весялкоўскі; [Рэд. А.Мірановіч]. — Беласток; Лондан, 1996. — 361 с (Бібліяграфія: С. 359—361).
- Барсуков Е. З. Артиллерия русской армии (1900—1917 гг.). — Т. 1 — 4. М., 1948—49.
- Де-Лазари А. Н. Химическое оружие на фронтах мировой войны 1914—1918 гг. — М.: Государственное военное издательство, 1935.
- Зайончковский А. М. Первая мировая война — СПб.: Полигон, 2000. — 878 с — ISBN 5-89173-082-0.
- История Первой мировой войны 1914—1918 гг. / под редакцией И. И. Ростунова — у 2-х томах. — М.: Наука, 1975. — 25 500 ас.
- Лиддел Гарт Б. 1914. Правда о Первой мировой — М.: Эксмо, 2009. — 480 с — 4300 ас. — ISBN 978-5-699-36036-9.
- Маниковский А. А. Боевое снабжение русской армии в войну 1914—1918 гг. Ч. 1 — 3. — М., 1920—1923.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Літаратура аб першай сусьветнай у бібліятэцы сайту grwar.ru
- Урланіс Б. Ц. Вайны і народанасельніцтва Эўропы. Першая сусьветная вайна (1914—1918 гг.)
- Растуноў І. І. Расейскі фронт першай сусьветнай вайны. М .: «Навука», 1976
- І. Мартыненка. Служба вайсковых паведамленьняў напярэдадні і ў гады Першай сусьветнай вайны
- Усходні фронт Першай сусьветнай вайны
- Кампаніі і тэатры ваенных дзеяньняў Першай сусьветнай вайны
- Бітвы Аўстра-Вугоршчыны
- Бітвы Нямеччыны
- Бітвы Румыніі
- Бітвы Баўгарыі
- Бітвы Асманскай імпэрыі
- Бітвы Расейскай імпэрыі
- Аўстра-Вугоршчына ў Першай сусьветнай вайне
- Нямеччына ў Першай сусьветнай вайне
- Расейская імпэрыя ў Першай сусьветнай вайне
- Асманская імпэрыя ў Першай сусьветнай вайне
- Зьявіліся ў 1914 годзе
- Зьніклі ў 1918 годзе