Перайсьці да зьместу

Стэфанас Цыцыпас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Стэфанас Цыцыпас
Краіна
Пражывае ў
Нарадзіўся 12 жніўня 1998(1998-08-12)[1] (25 гадоў)
Рост 193 см[2]
Вага 89 кг[1]
Пачатак кар’еры 2016[1] — цяпер
Прызавыя грошы 30 360 563 $[1]
Адзіночны разрад
Матчаў 321–150[1]
Тытулаў 12
Найвышэйшы рэйтынг 3 (9 жніўня 2021)
Турніры Вялікага шлему
Аўстралія фінал (2023)
Францыя фінал (2021)
Ўімбэлдан 4 раўнд (2018, 2023)
ЗША 3 раўнд (2020, 2021)
Асноўныя турніры
Кубак Мастэрз перамога (2019)
Парны разрад
Матчаў 40–64[1]
Тытулаў 2
Найвышэйшы рэйтынг 64 (29 жніўня 2022)
Турніры Вялікага шлему ў пары
Аўстралія 2 раўнд (2023)
Францыя 1 раўнд (2023)
Ўімбэлдан 1 раўнд (2018, 2021, 2023)
ЗША 2 раўнд (2018, 2023)
Стэфанас Цыцыпас у Вікісховішчы

Стэ́фанас Цыцыпа́с (па-грэцку: Στέφανος Τσιτσιπάς, нар. 12 жніўня 1998, Атэны, Грэцыя) — грэцкі тэнісіст, фіналіст Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі 2023 году і Адкрытага чэмпіянату Францыі 2021 году ў адзінкавым разрадзе, былая трэцяя ракетка сьвету.

Дзяцінства і паходжаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Атэнах 12 жніўня 1998 года ў сям’і Апосталяса Цыцыпаса і Юліі Апосталі (у дзяцінстве — Сальнікава). Маці Стэфанаса ў мінулым была савецкай тэнісісткай і ўваходзіла ў топ-200, а таксама ўдзельнічала ў Кубку Фэдэрацыяў. Дзед паводле лініі маці таксама быў родам з СССР і быў прафэсійным футбалістам.

Дэбютаваў на турнірах Вялікага шлема на Ралян Гарос 2017 году, дзе саступіў вэтэрану Іва Карлавічу з Харватыі ў першым коле спаборніцтваў. У кастрычніку добра выступіў на турніры ў Бэльгіі European Open. Будучы кваліфаерам дайшоў да паўфіналу. На шляху да паўфіналу ўзяў рэванш у Іва Карлавіча за паразу ў Францыі, а таксама атрымаў сваю першую перамогу над гульцом з топ-10 Давідам Гафэнам, які выступаў на дамашняй пляцоўцы й быў першым сеяным турніру. Гэты пасьпяховы выступ дазволіў Цыцыпасу падняцца ў першую сотню рэйтынгу АТП.

Цыцыпас на турніры ў Вашынгтоне ў 2018 годзе.

На першым турніры Вялікага шлема склаў ракетку ўжо ў першым коле, дзе саступіў Дзянісу Шапавалаву з Канады у трох партыях. На грунтовым турніры ў Барсэлёне выйшаў у свой першы фінал турніру сэрыі АТП-500. На шляху абгуляў трох гульцоў з топ-20, уключна з аўстрыйцам Домінікам Тымам. У фінале анічога ня змог супрацьпаставіць Рафаэлю Надалю — 2-6 1-6. Дзякуючы гэтаму выступу ўвайшоў у топ-50. На Адкрытым чэмпіянаце Францыі прайшоў першы раўнд, але ў другім саступіў будучаму фіналісту Домініку Тыму.

На Ўімбэлдане ўпершыню за кар’еру ўвайшоў у лік сеяных і атрымаў 31-ы нумар пасеву. Змог дайсьці да 4 кола, на шляху перамог Грэгуара Барэра, Джарэда Дональдсана і Томаша Фабіяна. У 4 раўндзе саступіў амэрыканцу Джону Ізнэру у трох партыях — 4-6 86-7 46-7. Пасьпяхова выступіў на амэрыканскай сэрыі турніраў на гардзе. Выйшаў у паўфінал Вашынгтону, а таксама дайшоў да фіналу спаборніцтваў на Роджэрз Кап у Канадзе. Абгуляў чатырох прадстаўнікоў топ-10, у тым ліку перамог Домініка Тыма ў другім коле 6-3 7-66, Новака Джокавіча ў трэцім 6-3 56-7 6-3, Аляксандра Зьверава ў чвэрцьфінале 3-6 7-611 6-4, Кевіна Андэрсана ў паўфінале 46-7 6-4 7-67. У фінале турніру атрымаў паразу ад першай ракеткі сьвету Рафаэля Надаля 2-6 46-7.

На Адкрытым чэмпіянаце ЗША саступіў у другім раўндзе расейцу Даніілу Мядзьведзеву, будучы 15-м сеяным турніру. У кастрычніку 2018 году перамог на турніры ў Стакгольме, пераадолеўшы супраціў Фабіё Фаньіні і Эрнэстса Гулбіса. Напрыканцы сэзону заваяваў тытул на турніры Next Gen ATP Finals і быў названы самым прагрэсуючым гульцом АТП цягам сэзону.

Цыцыпас на аўстралійскім турніры ў 2019 годзе.

На Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі 2019 году здолеў прабіцца да паўфіналу. Цягам турніру змог выбіць свайго куміра Роджэра Фэдэрэра ў чацьвертым коле спаборніцтваў. У паўфінале ізноў саступіў Рафаэлю Надалю. У лютым заваяваў свой другі тытул у кар’ере — Адкрытага чэмпіянату Буш-дзю-Рон 2019 году. На наступным тыдні дайшоў да фіналу ў Дубаі, дзе паразу Стэфанасу нанёс Роджэр Фэдэрэр. Гэты посьпех дазволіў Цыцыпасу прарвацца ў першую дзясятку рэйтынгу.

На грунтовым турніры ў Эштарыле здабыў тытул. Праз тыдзень дайшоў да фіналу турніру сэрыі Мастэрз-1000 у Мадрыдзе, дзе перамог Зьверава і Надаля, але саступіў Новаку Джокавічу. Ралян Гарос скончыў на стадыі 4 раўнду, дзе саступіў былому чэмпіёну Станісласу Ваўрынке ў пяці сэтах.

На Ўімбэлдане і US Open скончыў свой выступ ужо ў першым раўндзе, атрымаўшы паразу ад Томаша Фабіяна і Андрэя Рублёва. Але гэтыя няўдачы не перашкодзілі Стэфанасу кваліфікавацца на выніковы турнір ATP Finals. У групавых спаборніцтвах перамог Зьверава і Мядзьведзева, але саступіў Надалю. Гэта не перашкодзіла Цыцыпасу увайсьці да паўфіналу турніру, дзе ён разабраўся з Роджэрам Фэдэрэрам і выйшаў у фінал. У фінале ягоным супернікам быў Домінік Тым з Аўстрыі. Стэфанас аддаў першы сэт на тай-брэйку, але ўзяў наступныя дзьве партыі і стаў пераможцам турніру 66-7 6-2 7-64. Скончыў сэзон на шостым месцы рэйтынгу.

На Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі дайшоў толькі да 3 раўнду, дзе саступіў Мілашу Раонічу з Канады. Узяў тытул на турніры ў Марсэлі. Таксама ў трэцім раўндзе саступіў на Адкрытым чэмпіянаце ЗША, дзе сустркаўся з харватам Борнам Чорычам. Адкрыты чэмпіянат Францыі быў пасьпяховым для грэка. Яму ўдалося дасягнуць паўфіналу турніру. У першым коле адгуляўся зь ліку 0-2 паводле партыяў з Хаўмэ Мунарам 4-6 2-6 6-1 6-4 6-4, у наступных 4 раўндах не аддаў ані сэту Паблё Куэвасу, Аляжу Бэдэнэ, Грыгору Дымітраву і Андрэю Рублёву перад тым, як саступіць першаму сеянаму Новаку Джокавічу ў пяці сэтах 3-6 2-6 7-5 6-4 1-6.

Аўстраліян Оўпэн пачаў з праходу ў паўфінал. На сваім шляху адолеў Жыля Сымона 6-1 6-2 6-1, Танасі Какінакіса 56-7 6-4 6-1 56-7 6-4, Мікаэля Імэра 6-4 6-1 6-1. Італьянец Матэо Берэтыні зьняўся з матчу чацьвертага раўнду і Стэфанас без барацьбы прайшоў у чвэрцьфінал, дзе ягоным супэрнікам стаў Рафаэль Надаль. Пасьля паразы ў першых двух сэтах Цыцыпас здолеў перамагчы ў наступных 3 партыях — 3-6 2-6 7-64 6-4 7-5. Ён стаў толькі другім гульцом пасьля Фабіё Фаньіні, які змог перайграць Надаля пасьля ліку 0-2 паводле сэтаў. У паўфінале ня змог анічога супрацьпаставіць Даніілу Мядзьведзеву 4-6 2-6 5-7.

На Адкрытым чэмпіянаце ЗША ён сутыкнуўся з нэгатыўным стаўленьнем празь ягоныя працяглыя перапынкі на прыбіральню. На турніры Мастэрз у Цынцынаці перад Адкрытым чэмпіянатам ЗША, падчас матчу супраць Аляксандра Зьверава, Цыцыпас браў перапынак больш чым на 10 хвілінаў, за час якога, паводле словаў нямецкага тэнісіста, грэк па тэлефоне кансультаваўся з бацькам. На Адкрытым чэмпіянаце ЗША Цыцыпас двойчы рабіў перапынак на прыбіральню, калі ён прайграваў свой матч першага раўнду супраць Эндзі Марэя, і нават прасіў спыніць матч. Марэй скардзіўся, што занадта доўгія перапынкі Цыцыпаса зьмяняюць імпульс гульні.

Тэнісіст у 2022 годзе.

На Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі 2022 году Цыцыпас у трэці раз дакрочыў да паўфіналу, дзе сустрэўся з Даніілам Мядзьведзевым у матчы-рэваншы леташняга паўфіналу. Грэк зьведаў паразу ў чарговы раз, а таксама атрымаў парушэньне, бо ягоны бацька Апосталяс даваў параду на грэцкай мове[3]. Цыцыпас пасьпяхова абараніў свой тытул на турніры Мастэрз у Монтэ-Карлё, перагуляўшы ў двух сэтах гішпанцам Алехандра Давідовіча Фокіна[4]. На турніры ў Італіі тэнісіст трапіў у чвэрцьфінал, перамогшы ў другім раўндзе Грыгора Дымітрава, выратаваўшы пры гэтым два матчболы[5][6], і перагуляўшы Карэна Хачанава ў 1/8 фіналу[7]. У чвэрцьфінале ён перамог Яніка Сынэра і выйшаў у свой трэці паўфінал запар на ўзроўні Мастэрз, зарабіўшы 30 перамог у сэзоне[8]. У наступным паядынку грэк быў мацьней за Аляксандра Зьверава, атрымаўшы другую перамогу запар на грунце, але ў фінале саступіў Новаку Джокавічу[9].

Пасьля некалькіх раньніх паразаў на Адкрытым чэмпіянаце Штутгарту і Адкрытым чэмпіянаце Гале Цыцыпас здабыў свой першы тытул на травяных кортах пасьля таго, як атрымаў уайлдкард на Адкрытым чэмпіянаце Мальёркі, дзе перамог у трох напружаных сэтах гішпаца Рабэрта Баўтысту Агута[10]. На Ўімбэлданскім турніры ў 2022 годзе Цыцыпас прайграў у матчы трэцяга кола Ніку Кірыясу ў чатырох сэтах[11]. На US Open 2022 году Цыцыпас быў пасеяны пад чацьвертым нумарам, але ўжо ў першым раўндзе пацярпеў паразу ад кваліфікаванага Даніеля Эляі Галяна ў чатырох сэтах, не зважаючы на тое, што Цыцыпас выратаваў восем матчболаў[12]. Пазьней браў удзел у турнірах у Астане, Стакгольме, Вене і Парыжу. На выніковых турніры Мастэрз саступіў Новаку Джокавіу[13].

На турніры Мастэрз у Монтэ-Карлё.

Сваю 250-ю перамогу тэнісіст запісаў свой рахунак на розыгрышы Аб’яднанага кубка 2023 году, калі перамог баўгара Грыгора Дымітрава[14]. На Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі 2023 году Цыцыпас перамог Кентана Аліса, Рынкі Хідзікату, Таляна Грыкспоора, Яніка Сынэра, Іржы Лэгечку і Карэна Хачанава на шляху да фіналу. Гэты фінал стаў для яго другім на турнірах Вялікага шлема пасьля галоўнага матчу Адкрытага чэмпіянату Францыі ў 2021 годзе. Як і некалькі гадоў таму, Цыцыпас трываў паразу ў фінале ад сэрба Новака Джокавіча. На Мастэрз у Індыян-Ўэлзе ён прайграў Джордану Томпсану ў першым раўндзе ў трох сэтах, а крыху пазьней выбыў з турніру ў Маямі пасьля паразы ад Карэна Хачанава ў двух сэтах ў чацьвертым раўндзе. Пасьля грэк выбыў у чацьвертым раўндзе на турніры ў Монтэ-Карлё.

У лістападзе ў Парыжы ён, перагуляўшы Аляксандра Зьверава, зафіксаваў сваю 50-ю перамогу ў кар’еры за сэзон, стаўшы за апошнія тры гады найлепшым паводле колькасьці перамог поруч з Андрэем Рублёвым. Гэта таксама была ягоная першая перамога над гульцом зь першай дзясяткі ў сэзоне[15]. З гэтай перамогай ён кваліфікаваўся ў свой пяты запар фінал ATP. Гулец перамог Карэна Хачанава, пасеянага пад 16-м нумарам, зафіксаваўшы 300-ю перамогу ў сваёй кар’еры, аднак у паўфінале саступіў Грыгору Дымітраву.

Пасьля павольнага пачатку сэзона грэк пачаў сэзон на грунтавых кортах турніру Мастэрз у Монтэ-Карлё, дзе быў сеяным з нумарам 12. Тэнісіст перамог Томаса Мартына Этчэвэры, Аляксандра Зьверава і Карэна Хачанава. Пры гэтым спатрэбілася на гэта яму ўсяго два сэты ў кожнай гульні. У паўфінале ў трох сэтах спартовец перамог Яніка Сынэра, пасьля чаго ў фінале сустрэўся з Каспэрам Руўдам. У выніку Цыцыпас здабыў сваю трэцюю перамогу ў Монтэ-Карлё. Крыху пазьней, у тым жа красавіку, гулец дакрочыў да фіналу Адкрытага чэмпіянату Барсэлёны, дзе, аднак, саступіў Руўду.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]