Прастора
Выгляд
Прасто́ра — адно з фундамэнтальных паняцьцяў філязофіі, а таксама матэматыкі і фізыкі. Прастора — гэта тое, дзе знаходзяцца ўсе аб’екты матэрыяльнага сьвету. Прастора і матэрыя цесна зьвязаныя: па-за прастораю матэрыя існаваць ня можа, і наадварот, усё, што знаходзіцца ў прасторы, ёсьць матэрыя. Такім чынам, прастору можна ўявіць сабе як унівэрсальнае месьціва, уяўную «скрыню», што зьмяшчае ў сабе ўсю матэрыю, увесь Сусьвет.
Клясычная фізыка надзяляе прастору наступнымі характарыстыкамі:
- трохмернасьць — прастора мае тры вымярэньні; палажэньне аб’екта ў кожным зь іх можна вызначыць адным лікам (каардынатаю)
- непарыўнасьць — між любымі двума пунктамі прасторы існуе бясконцае мноства іншых пунктаў. Інакш кажучы, у прасторы не існуе якой-небудзь фіксаванае мінімальнае адлегласьці між пунктамі. З гэтага вынікае, што каардынаты пунктаў прасторы зьяўляюцца сапраўднымі лікамі
- аднароднасьць — усе пункты прасторы аднолькавыя, прастора ня мае цэнтру (ці цэнтраў). З гэтага вынікае, што палажэньне аб’екта ў прасторы можна вымерыць толькі адносна іншага аб’екта
- ізатропнасьць — усе кірункі прасторы аднолькавыя, прастора ня мае «абсалютнай вэртыкалі» ці «гарызанталі»
З апошніх дзьвюх характарыстык вынікае бясконцасьць прасторы па ўсіх вымярэньнях.
Такое ўяўленьне пра прастору адпавядае паняцьцю трохмернай Эўклідавай прасторы і таму прастора ў клясычнай фізыцы апісваецца паняцьцямі эўклідавай геамэтрыі.