Магістраль для Эўропы
Магістра́ль для Эўро́пы (па-нямецку: Magistrale für Europa, па-француску: Magistrale européenne) — праект Трансэўрапейскай транспартнай сеткі (TEN-T) па стварэньні высакахуткаснага чыгуначнага злучэньня паміж Парыжам і Браціславай, з адгалінаваньнем да Будапэшту.
Завяршэньне праекту заплянаванае да 2020 року. Магістраль злучыць 34 мільёны чалавек у пяці краінах Эўропы. Агульная працягласьць маршруту з Парыжу да Будапэшту складзе 1592 км.
Маршрут
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Францускі адцінак шляху, які заплянаваны да ўводу ў эксплюатацыю ў 2016 року, дазволіць разьвіваць хуткасьць да 320 км/г і скароціць шлях ад Усходняга вакзалу Парыжу да Страсбургу да меней як дзьвюх гадзінаў.
У Нямеччыне маршрут складаецца з чыгунак ад Страсбургу да Апэнваеру (Europabahn), на якой максымальная хуткасьць складае 200 км/г, і ад Апэнваеру да Брухзалю (Rheintalbahn), дзе хуткасьць сягае 250 км/г. У Брухзалі МдЭ перасякае хуткасную чыгунку Мангайм — Штутгарт, разьлічаную на 250 км/г.
У Штутгарце лінія пераходзіць у новую чыгунку Штутгарт — Аўгсбург, якую плянуецца завяршыць да 2020 з максымальнай хуткасьцю 250 км/г паміж Штутгартам і Ульмам і 200 км/г ад Ульму да Аўгсбургу. Пасьля падзелу чыгуначных шляхоў Мюнхэн — Аўгсбург на асобныя для павольнага трафіку (грузавыя і прымескія цягнікі) хуткасныя цягнікі змогуць разьвіваць тут 230 км/г.
Цягнікі зь Мюнхэну-Ўсходняга да Зальцбургу хадзіцьмуць з хуткасьцю 160 км/г, перасякаючы аўстрыйскую мяжу ў Фрайлясынгу.
У Аўстрыі дзеля патрэбаў новага маршруту былі палепшаныя шляхі паміж Атнанг-Пухгаймам і Вэльсам (230 км/г), збудаваная новая паралельная чыгунка (Neue Westbahn) Лінц — Вена (250 км/г) і збудаваны новы вакзал у Вене замест разабранага Паўднёвага. Адсюль Эўрапейская магістраль працягнецца да Браціславы, а паўднёва-заходняя галіна — праз Д’ёр да Будапэшту.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная бачына (ням.) (фр.) (анг.) (славацк.) (вуг.)