Перайсьці да зьместу

Касмадром

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
касмадром
Падкляса адпускавая пляцоўка, касьмічны цэнтар Рэдагаваць
Частка адзямны комплекс Рэдагаваць
Частка больш агульнагакасьмічная тэхніка Рэдагаваць
Хэшцэтлікspaceport Рэдагаваць
Схема існасьці для клясыEntity schema not supported yet (E213) Рэдагаваць

Касмадром — тэрыторыя, на якой разьмешчаны комплекс збудаваньняў, прызначаных для запуску касьмічных апаратаў у космас. Звычайна касмадромы займаюць вялікую плошчу і аддаленыя ад густанаселеных месцаў, каб аддзеленыя ступені ракет не пашкодзілі жылыя тэрыторыі або суседнія стартавыя пляцоўкі.

Найбольш прыдатным зьяўляецца разьмяшчэньне касмадрому — на экватары, каб носьбіт мог як мага лепей выкарыстаць энэргію вярчэньня Зямлі. Ракета-носьбіт, якая стартуе з экватару, можа зэканоміць да 10% паліва ў параўнаньні з ракетай, што стартуе ў сярэдніх шыротах. Адпаведна, той жа носьбіт можа вывесьці на арбіту болей карыснай нагрузкі. З экватару магчымы запуск на арбіту з адвольным нахіленьнем. Паколькі на экватары знаходзіцца няшмат дзяржаваў, здольных запускаць ракеты ў космас, зьявіліся праекты касмадромаў марскога базіраваньня.

У 2007 годзе Расея зьдзейсьніла 26 запускаў ракет, ЗША — 19, Кітай — 10, Эўрапейскае касьмічнае агенцтва — 6, Індыя — 3, Японія — 2.[1]

Дзейныя касмадромы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год налічвалася 13 дзейных касмадромаў усебаковага выкарыстаньня, зь іх па 3 у Кітаі і Японіі, па 2 у ЗША і Расеі, а таксама па адным у Ізраілі, Індыі і Эўропе[2].

  • Цзюцюань (аўтаномны раён Унутраная Манголія). Месьціўся ў раёне 41° паўночнай шыраты і 100° усходняй даўгаты. Служыў месцам запуску досьледных тэхналягічных спадарожнікаў з нахілам арбіты звыш 41°. Запускі ладзілі ў паўднёва-ўсходнім кірунку. Дастасавальны кут нахілу арбіты складаў ад 41° да 70°.
  • Таюань (правінцыя Шаньсі). Знаходзіўся ў раёне 39° п.ш. і 112° усх.д. у высакагорнай паласе акругі Кэлань на паўночны захад ад гораду Тайюань на вышыні 1500 м над узроўнем мора. Запускі праводзілі ў паўночным, паўночна-заходнім і паўночна-ўсходнім кірунках. Дастасавальны кут нахілу арбіты складаў ад 70° да 99°. Пераважна запускалі вайсковыя спадарожнікі зь вялікім кутом нахілу на сонцава-сынхронную арбіту, а таксама палярна-арбітальныя спадарожнікі.
  • Січан (правінцыя Сычуань). Разьмяшчаўся ў раёне 28° п.ш. і 102° усх.д. на паўночным захадзе гораду Січан. Запускі ладзілі ў паўднёва-ўсходнім кірунку ад Танкінскай затокі. У асноўным запускалі геастацыянарныя спадарожнікі.
  • Вэньчан (востраў і правінцыя Хайнань). Месьціўся ў раёне 19° п.ш. і 109° усх.д. у раёнах Лунлоў і Дунцзяо непадалёк ад Паўднёва-Кітайскага мора. Запускі ладзілі на арбіту ад 0° да 99°. Кірункамі запускаў былі поўдзень да вострава Наньша, паўднёвы ўсход да заходняй часткі Ціхага акіяну і паўднёвы захад да Сіямскай затокі. Дазваляў запускаць ракеты-носьбіты з грузападымальнасьцю на 7,4 і 18,5 % большай, чым зь Січану і Цзюцюаню адпаведна[2].
  • Танегасіма. Заснаваны ў 1966 годзе. У яго склад уваходзілі 3 пускавыя комлексы: Такесакі, Осака і Ёсінобу. З Такесакі запускалі пераважна малыя спадарожнікі. З Осакі — цяжкія ракеты на вадкім паліве, у тым ліку клясы Н і Х-І. Ёсінобу пабудавалі для запуску ракетаў-носьбітаў клясы Х-ІІ. Налічваў 4 працоўныя паласы: захоўваньня і агляду рухавікоў на цьвёрдым паліве, падрыхтоўкі і зборкі спадарожнікаў, зборкі ракеты-носьбіта, пускавых пляцовак і вежы абслугоўваньня.
    • Такесакі. Узьвядзеньне пачалося ў верасьні 1966 году. Уведзены ў дзеяньне ў 1968 годзе. Плошча пускавой пляцоўкі складала 0,79 кв.км. Месьціўся ў раёне 30°22' п.ш. і 130°57' усх.д. Улучаў: пускавую пляцоўку, асяродак кіраваньня пускам, зборачны цэх, комплексны выпрабавальны цэх, асяродак мэтэаралягічных назіраньняў, выпрабавальную плятформу для цьвердапаліўных ракетаў, склад ракетнага паліва і станцыю сачэньня.
    • Осака. Будоўлю пачалі ў 1969 годзе і скончылі ў 1980-м. Плошча пусковай пляцоўкі складала 7,6 кв.км. Знаходзіўся ў раёне 30°23' п.ш. і 130°58' усх.д. У верасьні 1975 году запусьцілі ракету Х-І, якая даставіла на арбіту спадарожнік «Хрызантэма» вагой 83 кг. Улучаў: пускавую пляцоўку, асяродак кіраваньня, цэх зборкі ракетаў, сховішча ракетнага паліва, стэнд для статычных выпрабаваньняў ракетных рухавікоў і мэтэастанцыю.
    • Ёсінобу. Узводзіць пачалі ў 1985 годзе. Вежу абслугоўваньня дабудавалі ў сьнежні 1986 году. Асяродак кіраваньня пускам пабудавалі ў жніўні 1988 году., а ўстаноўку для агнявых выпрабаваньняў ЛЕ-7 — у сьнежні 1988 году. Затым узьвялі вымяральна-наглядальны асяродак, энэргетычную станцыю, сховішча вадкага тлену і вадароду, а таксама газу высокага ціску. Пускавую пляцоўку разьмясьцілі за км на паўночны ўсход ад Осакі. Дазволіў запускаць 2 ракеты-носьбіты цягам 45 дзён. Выкарыстоўвалі адначаснае вядзеньня працаў, саматужны нагляд і ручны запасны нагляд, па адной перасоўнай пускавой устаноўцы і адным заводзе зборкі ракетаў, каб у ходзе зборкі адной ракеты другая была гатовая да запуску[2].
  • Канавэрал (штат Флорыда). Пабудаваны ў траўні 1949 году і ўведзены ў дзеяньні ў ліпені 1950 году. 31 студзеня 1958 году на арбіту даставілі першы амэрыканскі штучны спадарожнік. Пазьней запусьцілі пілятаваныя касьмічныя караблі з праграмы «Мэркур» і «Блізьняты». Найбольшы палігон Міністэрства абароны ЗША, якім спачатку загадвалі Вайскова-паветраныя сілы ЗША. Праводзілі навукова-дасьледчыя выпрабаваньні стратэгічных і тактычных ракетаў. Таксама запускалі касьмічны апараты з кутом нахілу ад 0° да 60°. Сярод 60 збудаваных сродкаў запуску працягвалі выкарыстоўваць 10, у тым ліку № 37 і 41 для аднаразовых ракетаў-носьбітаў. Віды запушчаных апаратаў улучалі: ракеты-носьбіты «Атляс» (у тым ліку «Атлас-Аджэна»), «Тытан», «Скаўт» і «Сатурн» (у тым ліку «Сатурн 1Б» і «Сатурн 5»), касьмічны карабель «Апалён» і арбітальная станцыя «Скайляб», бесьпілётныя міжплянэтныя зонды, спадарожнікі сувязі, мэтэаралягічныя і навукова-дасьледчыя спажарожнікі.
  • Касьмічны цэнтар імя Джона Кенэдзі (штат Флорыда). Месьціўся каля мыса Канавэрал на ўсходнім узьбярэжжы Флорыды ў раёне 28° паўночнай шыраты і 80° заходняй даўгаты. Меў агульную плошчу ў 560 кв.км. Запускалі касьмічныя апараты з малым нахілам арбіты ва ўсходнім і паўднёва-ўсходнім кірунках. Раней тут выпрабоўвалі стратэгічныя ракеты. У ліпені 1962 году пераўтварылі ў ракетную базу вайскова-цывільнага прызначэньня. Улучаў 4 паласы: прамысловую, пускавы асяродак № 39 з 2-ма пускавымі пляцоўкамі ЛЦ-39А і ЛЦ-39Б, будынак зборкі летакоў і асяродак для наведнікаў. Валодаў 2-ма вусенічнымі транспартэрамі вагой па 2721 тоне і плошчай па 40х35 м, якімі перавозілі ракеты, сабраныя тырчма. Дастаўлялі ракету зь месца зборкі да пускавой пляцоўкі за 5 гадзінаў з хуткасьцю 1,6 км/гадз. Прамысловая паласа зьмяшчала асяродак кіраваньня і месьцілася за 8 км на поўдзень ад цэха вэртыкальнай зборкі. Тамсама знаходзіліся ўстаноўкі вырабу абсталяваньня на Міжнароднай касьмічнай станцыі. Меў наземныя сродкі прызямленьня касьмічных чаўнакоў за 3,2 км на паўночны захад ад зборачнага цэха. Узьлётна-пасадачная паласа мела даўжыню 4572 м і шырыню 91 м. Да касьмічнай верфі побач вяла асфальтаваная дарога. Самалёт «Боінг 747» дастаўляў чаўнок і выгружаў яго з задняй часткі на ўзьлётна-пасадачную паласу, калі той ня мог выканаць пасадку.
  • Вандэнбэрг (штат Каліфорнія). Заснаваны ў траўні 1964 году ў якасьці палігона Міністэрства абароны ЗША пад кіраўніцтвам Вайскова-паветраных сілаў. На заходнім палігоне месьцілася пускавая пляцоўка і 50 падземных адтулінаў, зь якіх працягвалі выкарыстоўваць 20. У 1984 годзе палігон № 6 пераўтварылі ў пускавую пляцоўку для выпрабаваньня стратэгічных ракетаў на прыдатнасьць і баявога выпрабаваньня зброі, а таксама для запуску вайсковых і палярных спадарожнікаў. Паласа прызямленьня стратэгічных ракетаў знаходзілася на васковай досьледнай базе Кваджалейн (Маршалавы астравы), якая была найважнейшай у сваёй галіне ў ЗША. Запускі ў асноўным ладзілі ў заходнім кірунку пры азімуце ад 140° да 121° і куце нахілу арбіты ад 56° да 104°. Касьмічныя апараты было магчыма таксама выводзіць на палярную арбіту ва паўднёвым кірунку. З усходняга палігона было магчыма запускаць ракеты ва ўсходнім кірунку. Віды запушчаных апаратаў: балістычная ракета сярэдняй далёкасьці «Тор», якую запусьцілі ў сьнежні 1958 году, міжкантынэнтальная ракета «Атляс Д», першы ў сьвеце арбітальны спадарожнік «Адкрывальнік 1» з дапамогай ракеты «Аджэна» і касьмічны чаўнок у 1972 годзе. У 1979 годзе пачалі перабудову, якую скончылі ў 1985 годзе[2].
  • Байканур (Кызылардзінская вобласьць, Казахстан). Пабудаваны ў 1955 годзе. Налічваў 90 пускавых установак. Быў найбуйнейшай ракетна-выпрабавальнай базай і базай для запуску касьмічных апаратаў у Савецкім Саюзе. Ладзілі выпрабаваньні стратэгічных ракетаў на вадкім паліве, цяжкіх ракетаў-носьбітаў, антыракетаў, зьнішчальнікаў спадарожнікаў, спадарожнікаў з кутом нахілу ад 52° да 65°, пілятаваных і бесьпілётных касьмічных караблёў, міжзорных зондаў і касьмічных станцыяў. Віды запушчаных апаратаў: пілятаваныя касьмічныя караблі, спадарожнікі, месяцавыя і плянэтарныя зонды, ракеты і ракеты-носьбіты. Праводзілі выпрабаваньні спадарожнікаў-перахопнікаў і арбітальных бамбавікоў. Адсюль запускалі раньнія спадарожнікі, зонды на Месяц, Марс і Вэнэру, пілятаваныя касьмічныя караблі «Усход», «Узыход» і «Саюз», а таксама шматмесны касьмічны карабель, арбітальную станцыю «Салют» і касьмічны карабель «Буран».
  • Плясецк (Архангельская вобласьць). Пабудаваны ў 1957 годзе. Служыў для запуску спадарожнікаў зь вялікім кутом нахілу ад 65° да 85°, для выведкі, сувязі, навігацыі, мэтэаралёгіі і марскога назіраньня. Налічваў 30 пускавых установак. Быў галоўнай базай для запуску вайсковых спадарожнікаў. Ладзілі выпрабаваньні спадарожнікаў-перахопнікаў і супрацьспадарожнікавых сыстэмаў, а таксама міжкантынэнтальных ракетаў на цьвёрдым паліве і апэратыўна-тактычных снарадаў. Віды запушчаных касьмічных караблёў: «Усход», «Саюз», «Маланка» «Космас». Месьціўся на поўначы эўрапейскай часткі Расеі каля галоўнай чыгуначнай лініі Масква — Архангельск. Сярэдняя вышыня складала каля 100 м на вялікай балоцістай раўніне. Распасьціраўся на 100 км ў поўдня на поўнач і на 58 км з усходу на захад. Пляцоўку пабудавалі ў 1965 годзе на аснове ракетнай базы. Пабудовы месьцяцца на паўднёвым і паўночным усходзе, а палосы запуску на поўдні. За савецкім часам быў найбольш задзейнічаным касмадромам у сьвеце, адкуль штотыдзень ладзілі запускі[2].
  • Гвіянскі касьмічны цэнтар (Куру, Француская Гвіяна). Пабудаваны ў 1966 годзе. Эўрапейская касьмічная агенцыя (ЭКА; Францыя) ўзьвяла 3 пускавыя пляцоўкі для запуску ракетаў-носьбітаў клясы «Арыян». Скончылі будоўлю пляцоўкі для запуску ракеты «Арыян 5». Месьціцца блізу роўніка, што спрыяе запуску на роўнікавую і палярную арбіты. Віды запушчаных апаратаў: навукова-дасьледчыя і ўжытковыя спадарожнікі, мэтэаралягічныя ракеты і ракеты-носьбіты. Знаходзіцца на паўночна-ўсходнім узьбярэжжы Паўднёвай Амэрыкі ў раёне 52° заходняй даўгаты і 5° паўночнай шыраты. Нізкая шырата дае скарочаную адлегласьць ад кропкі запуску да кропкі арбіты і малы кут нахілу траекторыі, таму выдатак энэргіі для зьмяненьня арбіты ў апагеі ніжэйшы, што павялічвае карысную нагрузку, якую выводзяць на сынхронную арбіту.
    • Арыян-1. Месьцілася за 18 км ад Куру ў раёне 5°14' п.ш. і 52°46' з.д. Вышыня пускавой плятформы складала 12,58 м. Будавалася на аснове існага комплексу «Эўропа-2». Абсталяваньне абнавілі і прыстасавалі для запуску ракетаў-носьбітаў клясы «Арыян». Стварылі новую пускавую пляцоўку, надбудову вежы абслугоўваньня. Перабудавалі трубаправод і асяродак кіраваньня. Пускавую пляцоўку падзялілі на палосы запуску, зборкі і паліўнага абсталяваньня, аналітычны асяродак, устаноўкі вырабу вадкага азоту і тлену. Выкарыстоўвалі для запуску ракетаў «Арыян 1», «2» і «3».
    • Арыян-2. У чэрвені 1981 году ЭКА вырашыла пабудаваць пляцоўку для дадатковых пускаў, узьвядзеньне якой скончылі ў жніўні 1985 году пры выдатках на 12,5 млрд даляраў у цэнах 1986 году. У сакавіку 1986 году пачалі яе выкарыстаньне. Штогод гэтая пляцоўка дазваляла рабіць да 10 запускаў замест 6 на першай. Месьцілася за 500 м на поўдзень ад першай і складалася зь 2-х палосаў на адлегласьці ў 950 м адна ад другой: падрыхтоўкі ракетаў і запуску. Аддзяленьне палосаў дазволіла адной ракеце знаходзіцца ў паласе запуску пры канчатковай зборцы, а другой быць усталяванай тырчма, сабранай і выпрабаванай у паласе падрыхтоўкі. У паласе падрыхтоўкі правяралі гермэтычнасьць, электроніку і тэлемэтрыю ракеты пры адліку часу запуску.
    • Арыян-3. Збудаваная для запуску ракетаў клясы «Арыян 5». Дазваляла дасягнуць 10 запускаў за год. Месьцілася на поўнач ад першай пляцоўкі. Праз двухшляхавую чыгунку злучалася з 2-й пляцоўкай і разгонным блёкам у паласе падрыхтоўкі[2].
  1. ^ Россия опередила США и Европу по количеству запусков космических ракет в 2008 году (рас.). Інтэрфакс-Захад.
  2. ^ а б в г д е Кан Цзяньмін. Агляд галоўных касмадромаў сьвету // Пакарэньне космасу: гісторыя шляху кітайскай касманаўтыкі / адказн. Сяргей Байкоў, перакл. з кіт. — Менск: Белстан, 2021. — С. 132—141. — 418 с. — (Пояс і шлях). — 1000 ас. — ISBN 978-985-6944-93-5