Перайсьці да зьместу

Дэкадэнцтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вокладка «бібліі ўпадніцкай літаратуры» — рамана «Наадварот» Жарыса-Карла Юісманса (1884)

Дэкадэ́нцтва, таксама дэкада́нс ці яшчэ ўпа́дніцтва (ад франц. décadent, літ. «упадніцкі») — плынь у літаратуры і мастацтве канца XIX — пачатку XX ст., якая характарызуецца эстэтызмам, індывідуалізмам і амаралізмам. Часам упадніцтва разглядаюць як злучнае зьвяно паміж рамантызмам ХІХ стагодзьдзя і мадэрнізмам ХХ стагодзьдзя. Яшчэ адзін назоў гэтай літаратурнай і эстэтычнай плыні — fin de siècle (з франц. «канец стагодзьдзя»)[1].

Тэрмін «дэкадэнцтва» выкарыстоўваўся ўжо ў XVIII стагодзьдзі і сустракаецца, напрыклад, у Мантэск’ё. У той час яно вызначалася як тэндэнцыя ў паэзіі рымскіх паэтаў позьняй антычнасьці, якая характарызавалася ірацыяналізмам, пэсімізмам і эмацыянальнасьцю. Першапачаткова гэты тэрмін меў прыніжальны характар, але ў XIX стагодзьдзі францускія паэты сталі надаваць яму пазітыўнае значэньне[2]. Пэўны пэрыяд гэты тэрмін атаясамліваўся з тэндэнцыямі францускіх сымбалістаў (такіх як Шарль Бадлер, Поль Вэрлен і Арцюр Рэмбо)[3]. У публіцыстычным зьмесце — асабліва ў галіне псыхалёгіі і парапсыхалёгіі — рабіліся спробы вызначыць дэкадэнства ці ўпадніцтва як разнавіднасьць «нэўрозу». У такім ключы ў 1868 годзе ў прадмове да «Красак зла» Шарля Бадлера Тэафіль Гат’е інтэрпрэтаваў панятак «упадніцтва». Слова décadence, якое выкарыстоўваецца ў вершы Поля Вэрлена «Langueur», мае падобнае значэньне[4].

Тэрмін быў папулярызаваны Анатолем Бажу, які заснаваў часопіс Le Décadent у 1886 годзе[5].

На дэкадэнцтва моцна паўплываў г. зв. гатычны раман, у прыватнасьці раман «Споведзь ангельскага пажыральніка опіюму» Томаса дэ Квінсі, а таксама творы Эдгара Алана По, Джона Кітса і менш вядомага Джорджа Краба[6].

Твор «Наадварот» Жарыса-Карла Юісманса лічыцца «бібліяй дэкадэнцкай літаратуры»[7].

Дэкадэнцкая літаратура

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Здымак Рашыльд (1899), адной з найяскравай прадстаўніцы францускага літаратурнага ўпадніцтва

Да пісьменьнікаў-дэкадэнтаў прылічалі ў Вялікабрытаніі Алджэрнана Сўінбэрна, Макса Бірбама, а таксама папулярную пісьменьніцу Марыю Карэлі, у Ірляндыі — Оскара Ўайльда, Джорджа Мура, у Італіі — Габрыэле д’Анунцыё, Арыга Бойта, у Аўстрыі — Артура Шніцлера, Петэра Альтэнбэрга, у Польшчы — Станіслава Пшыбышэўскага, Леапольда Стафа, у Францыі — Жарыса-Карла Юісманса, Жуля Барбэ д’Арэвільі, Жазэфа Пэлядана, Рашыльд, Жана Лярэна, Жан дэ Ля Вадэр[8], у Бэльгіі — Жоржа Радэнбаха і Эміля Вэрхарна, у Расеі — Інакенція Аненскага, Канстанціна Бальмонта, Хвёдара Салагуба, Зінаіду Гіпіюс[9]. У Швэцыі пісьменьнік Яльмар Сёдэрбэрг належыць да ўпадніцкай літаратурнай плыні. У Румыніі прадстаўнікамі дэкадэнцтва зьяўляюцца Матэю Караджале, Ён Віня. У Чэхіі галоўным прадстаўніком упадніцтва лічыцца Карэл Главачэк. У Гішпаніі ўпадніцтва прэзэнтуе Рамон Марыя дэль Валье Інклан[10]. Сярод нямецкіх упаднікаў варта прыгадаць пісьменьніка Оскара Шмітца[11].

Адносна слаба быў прадстаўлены дэкадэнцкі эстэтызм у краінах Новага сьвету, у тым ліку ў ЗША. У ЗША дэкадэнтамі лічацца такія пісьменьнікі, як Робэрт Чэмбэрс і Вінцэнт О’Саліван[12].

Дэкадэнцкае мастацтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
«Маладая дэкадэнтка», мастак Рамон Касас (1899)

Дэкадэнцкія матывы, сюжэты і вобразы ўсьлед за літаратурай пачалі праяўляцца ў графіцы, жывапісе, скульптуры[13].

Сярод мастакоў і мастачак дэкадэнцкага кшталту можна вылучыць наступных: Альфрэд Кубін (Аўстрыя), Жан Дэльвіль, Фэлісьен Ропс, Эжэн Лярманс (Бэльгія), Обры Бэрдсьлі (Ангельшчына), Франц фон Штук (Нямеччына), Гюстаў Маро, Марыс Д’юмон (Францыя) і інш[14].

Дэкадэнцтва ў Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Беларусі эстэтыка дэкадэнцтва паўплывала на творчасьць мастакоў Віцебскай школы (К. Малевіч, М. Шагал, Р. Фальк), Я. Драздовіча і інш. У літаратуры праявы дэкадэнцкага сьветаўспрыманьня (адчуваньне трагічнай наканаванасьці чалавечага існаваньня, надзвычайны суб’ектывізм, ускладненая, цьмяная сымболіка) характэрны асобным творам Цёткі, М. Багдановіча, Я. Купалы, М. Гарэцкага, З. Бядулі, А. Гаруна і інш[15].

  1. ^ «Décadentisme: Définition simple et facile du dictionnaire», linternaute.fr, https://www.linternaute.fr/dictionnaire/fr/definition/decadentisme/
  2. ^ Michel Winock, Décadence fin de siècle, Paris, Gallimard, 2017.
  3. ^ Dominique Rincé, Bernard Lecherbonnier, Littérature, textes et documents: xixe siècle, Paris, Nathan, 1986.
  4. ^ Alain Montandon (dir.), Mythes de la décadence, Clermont-Ferrand, Presses universitaires Blaise Pascal, coll. «Littératures», 2001.
  5. ^ Richard Noël, Le mouvement décadent: dandys, esthètes et quintessents, Paris, Nizet, 1968.
  6. ^ Jean de Palacio, Configurations décadentes, Peeters Leuven, La République des Lettres, 2007.
  7. ^ Jean de Palacio, Figures et formes de la décadence, Paris, Séguier, 2000.
  8. ^ Louis Marquèze-Pouey, Le mouvement décadent en France, Paris, Presses universitaires de France, coll. «Littératures modernes» (no 41), 1986.
  9. ^ Jósef Heistein: Décadentisme, symbolisme, avant-garde dans les littératures européennes. Wrocław/Paris 1987.
  10. ^ Jósef Heistein: Décadentisme, symbolisme, avant-garde dans les littératures européennes. Wrocław/Paris 1987.
  11. ^ Dieter Kafitz: Decadence in Deutschland. Studien zu einem versunkenen Diskurs der 90er Jahre des 19. Jahrhunderts. Universitätsverlag C. Winter, Heidelberg 2004.
  12. ^ David Weir. Decadence and the Making of Modernism. University of Massachusetts Press, 1995.
  13. ^ Jean Pierrot, L’Imaginaire décadent (1880—1900), Presses universitaires de France, coll. «Publications de l’Université de Rouen» (no 38), 1977.
  14. ^ Louis Forestier, «Germain Nouveau et le mouvement décadent», L’Esprit créateur, Poètes maudits ou décadents, Minneapolis, vol. IX, no 1,‎ printemps 1969, p. 3—8.
  15. ^ Дэкадэнцтва // Слоўнік «Культуралогія», Slounik.org, https://slounik.org/154120.html