Ірак
Ірак араб. جمهورية العراق, курд. كۆماری عێراق | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: الله أكبر | |||||
Дзяржаўны гімн: «Mawtini» | |||||
Афіцыйная мова | арабская, курдзкая | ||||
Сталіца | Багдад | ||||
Найбуйнейшы горад | Багдад | ||||
Форма кіраваньня | фэдэрацыйная рэспубліка | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
60-е месца ў сьвеце 437 072 км² 1,1% | ||||
Насельніцтва • агульнае (2016) • шчыльнасьць |
36-е месца ў сьвеце 36 575 000 (ацэнка) 82,7/км² | ||||
СУП • агульны (2020) • на душу насельніцтва |
48 месца ў сьвеце $401,443 млрд[1] $7100 | ||||
Валюта | Ірацкі дынар (IQD) | ||||
Часавы пас • улетку |
AST (UTC+3) +3 | ||||
Незалежнасьць ад Вялікабрытаніі |
3 кастрычніка 1932 | ||||
Аўтамабільны знак | IRQ | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .iq | ||||
Тэлефонны код | +964 | ||||
Іра́к (па-арабску: العراق, трансьл. al-‘Irāq; афіцыйна — Рэспу́бліка Іра́к, араб. جمهورية العـراق, трансьл. Jumhūriyyat al-‘Irāq; курд. كۆماری عێراق, трансьл. Komar-i ‘Êraq) — краіна на Блізкім Усходзе, мяжуе з Турэччынай, Іранам, Кувэйтам, Саудаўскай Арабіяй, Ярданіяй і Сырыяй. Мае выхад да Пэрсыдзкай затокі. Сталіцай і самым вялікім горадам краіны зьяўляецца Багдад.
Мае вялікія радовішчы нафты і прыроднага газу, зьяўляецца ўдзельнікам ОПЭК.
У выніку вайсковай апэрацыі Злучаных Штатаў ды іншых хаўрусьнікаў па НАТО ў сакавіку 2003 году былы прэзыдэнт Садам Хусэйн быў зьвергнуты і пакараны на шыбеніцы. Нестабільная сытуацыя са штодзённымі тэрарыстычнымі актамі застаецца і да нашых дзён.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Старажытнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычны пэрыяд у Іраку сапраўды пачаўся ў пэрыяд росквіту культуры Ўрук з 4000 году да н. э. да 3100 году да н.э., з паўстаньнем цэлага шэрагу шумэрскіх гарадоў. Менавіта ў гэты час пачалося выкарыстаньне піктаграмаў, як першай спробы стварыць пісьменства, вынаходзтва пячаткі і масавая вытворчасьць тавараў. Гэты рэгіён, што уключае ў сабе тэрыторыю сучаснага Іраку, вядомы як Мэсапатамія, мае мянушку «калыска цывілізацыі», бо зьяўляўся месцам утварэньня першай вядомай цывілізацыі, шумэрскай цывілізацыі, якая ўзьнікла ва ўрадлівых землях даліны паміж рэкамі Тыгр і Эўфрат.
Менавіта тут у канцы 4 тысячагодзьдзя да н. э. была створана першая сыстэма пісьма і пачалі запісвацца гісторычныя пазнакі. Шумэры былі першымі, хто пачаў выкарыстоўваць кола і ствараць гарады-дзяржавы. Таксама, вядомы іхныя распрацоўкі ў галіне матэматыкі, астраноміі, астралёгіі, пісанага права, мэдыцыны і арганізаванай рэлігіі. Да асноўных шумэрскіх гарадоў належылі Кіш, Лагаш, Ума, Ур, Урук, Эрыду, Бад-Тыбіра, Ларса, Сыпар, Шурупак ды іншыя.
З XXIX стагодзьдзя да н. э. акадзкія сэміцкія імёны пачалі зьяўляцца ў сьпісах каралёў і адміністрацыйных дакумэнтаў розных гарадоў-дзяржаваў. Застаецца невядомым паходжаньне акадыйцаў і адкуль яны зьявіліся ў гэтым месцы, аднак, вядома, што размаўлялі яны на сваёй акадзкай мове, якая адносіцца да сэміцкіх моваў[2]. У XXVI стагодзьдзі да н. э. лагаскі кароль Эанатум стварыў тое, што было, бадай што, першай імпэрыяй у гісторыі, хоць і праіснавала яна нядоўга. Пазьней, Лугальзагесі, сьвятар-кароль Умы, зрынуў дынастыю лагаскіх каралёў і заваяваў Урук, зрабіўшы яго сваёй сталіцай. У выніку была заснаваная новая імпэрыя, якая распасьціралася ад Пэрсыдзкага заліву да Міжземнага мора. Менавіта ў гэты пэрыяд быў напісаны сусьветна вядомы старажытны твор «Эпас пра Гільгамэша», які ўключае ў сябе аповяд пра Вялікі патоп.
На працягу 3 тысячагодзьдзя да н. э. на тэрыторыі сучаснага Іраку разгарнуўся культурны сымбіёз паміж шумэрамі і акадцамі, які ўключаў шырокае выкарыстаньне дзьвюхмоўя. Уплыву адно на аднаго паміж шумэрамі і акадцамі быў відавочным ва ўсіх галінах, у тым ліку празь лексычныя запазычаньні і сынтаксічныя, марфалягічныя і фаналягічная зьбежнасьці. З гэтага пэрыяду цывілізацыі ў Іраку сталі вядомыя як шумэрска-акадзкія.
Аднак, шумэры ў цэлым заставаліся дамінуючым народам да ўзьнікненьня Акадзкай імпэрыі (2335—2124 да н.э.), сталіца якой знаходзілася ў горадзе Акад ў цэнтральнай частцы Іраку. Імпэрыю заснаваў Саргон Акадзкі, які скарыў усе гарады-дзяржавы паўднёвай і цэнтральнай часткі Іраку, і падпарадкаваў каралёў Асырыі, тым самым аб’яднаўшы шумэраў і акадцаў у адзінай дзяржаве. Затым ён прыступіў да пашырэньня сваёй імпэрыі. Пасьля распаду Акадзкае дзяржавы ў канцы XXII стагодзьдзя да н. э. гутыі акупавалі поўдзень краіны і трымалі яго ў сваіх руках, пакуль Асырыя не аднавіла сваю незалежнасьць на поўначы рэгіёну. За гэтым пачалося шумэрскае адраджэньне ў форме Новай Шумэрскай імпэрыі. Шумэры пад правадырствам караля Шульгі захапілі амаль увесь Ірак, за выключэньнем паўночных межаў Асырыі, і атрымалі кантроль над гутыямі, эламцамі і амарэямі.
Адно з маленькіх амарэйскіх каралеўстваў, заснаваным у 1894 годзе да н. э. утрымлівала то невялікае мястэчка Бабілён, якое месьцілася на ягоных межах. Гэтае мястэчка заставалася нязначным на працягу больш за сто гадоў, знаходзячыся ў ценю старых і больш магутных дзяржаваў, такіх як Асырыя, Элам, Ісын, Эшнуна і Ларса. У 1792 годзе да н. э. амарэйскі кіраўнік Хамурапі прыйшоў да ўлады ў гэтае дзяржаве, і адразу ж прыступіў да адбудовы Бабілёну зь невялікага мястэчка ў буйны горад, абвесьціўшы сябе ягоным кіраўніком. Хамурапі заваяваў усю паўднёвую і цэнтральную частку Іраку, а таксама Элам на ўсходзе і Мары на захадзе, а затым апынуўся ў працяглай вайне з асырыйскім каралём Ішмэ-Даганам за панаваньне ў рэгіёне, стварыўшы нядоўгую Бабілёнскую імпэрыю. У рэшце рэшт ён атрымаў перамогу над пераемнікам Ішмэ-Дагана і скарыў Асырыю і ейныя анаталійскія калёніі. Да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя да н. э. шумэры страцілі культурную ідэнтычнасьць і перасталі існаваць як асобны народ[3][4]. Генэтычны і культурны аналіз паказвае на тое, што балотныя арабы, што мешкаюць на поўдні сучаснага Іраку, верагодна, зьяўляюцца іхнымі самымі прамымі сучаснымі нашчадкамі[5]. За часам пэрыяду кіраваньня Хамурапі паўднёвы Ірак стаў вядомы, як Бабілёнія, у той час як поўначная частка сучаснай краіны ўжо сто гадоў як была часткай Асырыі. Тым ня менш, імпэрыя праіснавала нядоўга і хутка распалася пасьля сьмерці Хамурапі. Асырыя зноўку атрымала незалежнасьць, а поўдзень Іраку зноўку патрапіў у акадзкі ўплыў. Амарэі ўсё яшчэ чапляліся за ўладу ў Бабілёніі, якая ўжо страціла сваю магутнасьць, аднак былі канчаткова разьбіты індаэўрапейскім народам гэты, якія заснавалі сваю імпэрыю ў Анатоліі ў 1595 годзе да н. э. Пасьля гэтага, касыты, якія размаўлялі на сваёй мове-ізаляце і паходзілі з рэгіёну гораў Загрос Старажытнага Ірану, захапілі кантроль над Бабілёніяй і панавалі на працягу амаль 600 гадоў, зьяўляючыся самай доўгай дынастыяй, якая калі-небудзь кіравала Бабілёнам.
У канцы IV стагодзьдзя да н. э. рэгіён быў скараны войскам Аляксандра Вялікага, які заснаваў імпэрыю Сэлеўкідаў, што праіснавала на працягу двух стагодзьдзяў[6]. За часам панаваньня караля Мітрыдата I рэгіён быў заваяваны партанамі, якія прыйшлі сюды з тэрыторыі Пэрсіі. Аднак на гэты ж рэгіён прэтэндавала хуткарослая Рымская імпэрыя, якая здолела захапіць заходную частку сучаснага Іраку, заснаваўшы правінцыю Асырыя. Паміж I і III стагодзьдзямі ў рэгіёне шырылася хрысьціянства і Асырыя стала цэнтрам сырыйскага хрысьціянства, Царквы Ўсходу і сырыйскае літаратуры. Шэраг незалежных дзяржаваў паўсталі на поўначы сучаснага Іраку за часам партанскай эпохі, як то Адыябэна, Асур, Асраэна і Гатра.
Пад правадырствам пэрсыдзкага шага Ардашыра I Партанская імпэрыя была зруйнаваная, а рэгіён аказаўся ў складзе дзяржавы Сасанідаў у 224 годзе. Да сярэдзіны III стагодзьдзя сасаніды паступова скарылі ўсе малыя незалежныя дзяржавы рэгіёну. Такім чынам, вобласьць сучаснага Іраку была правінцыяй імпэрыі Сасанідаў на працягу чатырох стагодзьдзяў і мяжой і полем бітвы паміж Сасанідзкай імпэрыяй і Бізантыяй, якая была пераемніцай зьніклай Рымскай імпэрыі. Абедзьве імпэрыі праз шматлікія канфлікты саслаблілі адна адну, даючы магчымасьць арабам-мусульманам Арабійскага паўвостраву заваяваць Пэрсію ў сярэдзіне VII стагодзьдзя, у выніку чаго тэрыторыя краіны хутка сталася часткай халіфату, на ейнай тэрыторыі распаўсюдзіўся іслам. Ад гэтага часу пачалося засяленьне тэрыторыі сучаснага Іраку арабамі. За часам панаваньня Халіфату Абасыдаў Багдад ў XVIII стагодзьдзі стаў сталіцай вялікай дзяржавы, і заставаўся вядучым мэгаполісам арабскага і мусульманскага сьвету на працягу пяці стагодзьдзяў. Багдад быў найбуйнейшым шматнацыянальным горадам Сярэднявечча, дасягаючы максымуму ў колькасьці насельніцтва ў мільён жыхароў[7], і быў цэнтрам навукі падчас ісламскага Залатога веку. У 1401 годзе манголькі вайскавод Тымур уварваўся ў Ірак. Горад быў зруйнаваны і абрабаваны манголамі, якія спалілі вядомую багдадзкую бібліятэку падчас аблогі[8], а больш за 20 тысячаў жыхароў гораду былі забітыя паводле загаду манголькіх кіраўнікоў[9]. Тымур загадаў, што кожны жаўнер павінен прынесьці па меншай ступені дзьве адсечаныя галавы чалавека, каб паказаць яму сваю вернасьць[10]. Тымур таксама ачоліў гвалт карэннага асырыйскага хрысьціянскага насельніцтва, якое да гэтага часу складала большасьць насельніцтва ў паўночнай Мэсапатаміі, і менавіта ў гэты час, старажытны асырыйскі горад Асур быў канчаткова закінуты.
Турэцкі Ірак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У позьнім Сярэднявеччы Ірак стаў часткай уладаньняў туркаў, якой і заставаўся да пачатку ХХ стагодзьдзя.
Падчас Першай сусьветнай вайны асманы выступілі на баку Нямеччыны і цэнтральных дзяржаваў. Брытанцы ў адказ разгарнулі Мэсапатамскую кампанію і ўварваліся ў краіну ў 1915 годзе, аднак адразу атрымалі буйную паразу ад турэцкага войска падчас аблогі Эль-Кута. Не зважаючы на гэта, ангельцы перагрупаваліся і, дзякуючы падтрымцы з боку мясцовых арабаў і асырыйцаў, перасунулі перавагу на свой бок. У 1916 годзе ангельцы і французы склалі агульны плян пасьляваеннага ўладкаваньня Заходняй Азіі ў рамках пагадненьня Сайкса-Піко. Брытанскія войскі захапілі Багдад у 1917 годзе і перамаглі асманаў. Мірнае пагадненьне было падпісанае ў 1918 годзе. Агулам ангельцы страцілі 92 тысячаў жаўнераў у Мэсапатамскае кампаніі, а асманскія страты засталіся невядомымі, не зважаючы на тое, што ангельцы захапілі ў палон у агульнай складанасьці 45 тысячаў жаўнераў непрыяцеля. Пасьля вайны брытанцы атрымалі мандат на кантроль над трыма асманскімі вілаетамі, якія склалі дзяржаву Ірак, на чале якой стаў манарх з дынастыі Гашымітаў.
Незалежнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1932 годзе Ірацкае каралеўства атрымала незалежнасьць паводле патрабаваньняў караля Фэйсала I, аднак ангельцы захавалі свае вайсковыя базы, кантроль над мясцовым апалчэньнем і правы на транзыт сваіх сілаў па тэрыторыі незалежнае дзяржавы.
У 1958 годзе ў краіне адбылася рэвалюцыя, вядомая як Рэвалюцыя 14 ліпеня, падчас якой дэмакратычна накіраваныя афіцэры расстралялі каралеўскую сям’ю. Тым ня менш, першы рэспубліканскі кіраўнік Іраку, Карым Касым, празь некалькі год быў зрынуты сваім паплечнікам па рэвалюцыі 1958 году. Нестабільная палітычная сытуацыя, што характарызавалася практычна поўнай адсутнасьцю легітымнае і дэмакратычнае перадачы ўлады, а таксама палітычнымі перасьледамі, захоўвалася да прыходу да ўлады Садама Хусэйна, які атрымаў уладу таксама шляхам перавароту. У 1980-х гг. Ірак вёў Ірана-ірацкую вайну і ажыцьцяўляў спробы ўварваньня ў Кувэйт, аднак апошнія вайсковыя дзеі апынуліся надзвычай няўдачнымі для рэжыму Хусэйна, які атрымаў вялікі шэраг эканамічных санкцыяў.
У 2003—2011 гадох у краіне вялася вайна праз уварваньне міжнародных вайсковых сілаў на чале з ЗША, што зрынулі ўрад Садама Хусэйна.
Ад 24 ліпеня 2014 да 2 кастрычніка 2018 году прэзыдэнтам Іраку быў Фуад Масум[11], ад 8 верасьня 2014[12] да 25 кастрычніка 2018 прэм’ер-міністрам Іраку быў Гайдэр аль-Абадзі[13].
Палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяржаўны лад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сакавіку — красавіку 2003 году ЗША пры падтрымцы Вялікабрытаніі распачалі ваенную акцыю, у выніку якой Ірак быў заняты войскамі кааліцыі. Фармальнае аднаўленьне сувэрэнітэту краіны адбылося 28 чэрвеня 2004, калі адбылася афіцыйная цырымонія перадачы ўладных паўнамоцтваў ад Часовых кааліцыйных уладаў Часоваму ўраду Іраку.
8 чэрвеня 2004 СБ ААН прыняў рэзалюцыю № 1546, у якой зафіксаваны графік палітычнага працэсу на пераходны пэрыяд, які скончыўся ў сьнежні 2005. У студзені 2005 прайшлі выбары ў Пераходную нацыянальную асамблею (ПНА), у красавіку быў сфармаваны Пераходны ўрад Іраку (ПУІ). Праект сталай Канстытуцыі Іраку быў зацьверджаны на рэфэрэндуме ў кастрычніку. У сьнежні 2005 прайшлі новыя агульнаірацкія выбары, паводле вынікаў якіх на аснове канстытуцыі былі сфармаваныя сталыя органы ўлады.
22 красавіка 2006 былі ажыцьцёўленыя прызначэньні на галоўныя дзяржаўныя пасады. Дж. Талабані (курд) перавыбралі на пост прэзыдэнта. Віцэ-прэзыдэнтамі сталі А. Абдэльмагдзі (шыіцкая Аб’яднаная ірацкая кааліцыя) і Т. Гашэмі (суніцкі Фронт ірацкай згоды). Старшынём парлямэнту быў абраны суніт М. Машгадані, яго намесьнікамі зацьверджаныя курд А. Тэйфур і шыіт Г. Атыя. Урад было даручана сфармаваць прэм’ер-міністру Н. Малікі, чальцу кіраўніцтва шыіцкай партыі «Даава».
Зьяўленьне канстытуцыйных органаў улады фармальна азначае завяршэньне палітычнага працэсу ў Іраку. Праблематыка ірацкага ўрэгуляваньня, аднак, застаецца на павестцы дня.
На тэрыторыі краіны знаходзіліся Шматнацыянальныя сілы (ШНС), створаныя для выкананьня задачаў падтрыманьня і забесьпячэньні бясьпекі «ў мэтах пасьпяховага завяршэньня палітычнага працэсу». ШНС дзейнічалі пад адзіным амэрыканскім камандаваньнем, яго касьцяк складаюць падразьдзяленьні войскаў ЗША.
У лістападзе 2007 Джордж Буш (малодшы) і Н. Малікі зацьвердзілі «Дэклярацыю аб прынцыпах», якая прадугледжвае падрыхтоўку двухбаковай дамовы, якая юрыдычна замацоўвае доўгатэрміновае базіраваньне амэрыканскіх войскаў у Іраку. 18 сьнежня 2007 СБ ААН прыняў рэзалюцыю № 1790 аб чарговым падаўжэньні мандату ШНС на адзін год, якое павінна стаць апошнім. Пры прэзыдэнцтве ў ЗША Барака Абамы адбыўся вывад амэрыканскіх падразьдзяленьняў, у краіне застаюцца толькі вайсковыя інструктары.
З пачатку 2014 году на паўночным захадзе краіны дзейнічае тэрарыстычная арганізацыя Ісламская дзяржава Іраку й Леванту (пазьней пераназваная ў Ісламскую дзяржаву), якая праз пэўны час абвясьціла на сваёй тэрыторыі халіфат. Супрацьдзеяньне тэрарыстам вядзецца галоўным чынам падразьдзяленьнямі ірацкай арміяй і атрадамі курдзкай аўтаноміі Пэшмэрга, пры гэтым былыя ўдзельнікі апэрацыі ў Іраку адмаўляюцца аказваць падтрымку шляхам адпраўкі вайсковага кантынгенту, але абмяркоўваюцца праекты тэхнічнай дапамогі.
Адміністрацыйны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ірак падзелены на 18 правінцыяў (мугафазаў)[14]:
- Анбар (Ар-Рамадзі)
- Арбіль (Арбіль)
- Басра (Басра)
- Бабілён (Аль-Гіла)
- Багдад (Багдад)
- Васыт (Аль-Кут)
- Дагук (Дагук)
- Дыяла (Бакуба)
- Дгі-Кар (Ан-Насырыя)
- Кадысія (Ад-Дыванія)
- Карбала (Карбала)
- Майсан (Аль-Амара)
- Мутана (Ас-Самава)
- Наджаф (Наджаф)
- Найнава (Масул)
- Салаг-ад-Дын (Тыкрыт)
- Сулейманія (Ас-Сулейманія)
- Тамім (Кіркук)
Зь іх тры паўночна-ўсходнія правінцыі Сулейманія, Дагук і Арбіл утвараюць Курдзкую аўтаномію.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэрыторыя краіны дзеліцца на чатыры галоўныя геаграфічна-кліматычныя зоны. Цэнтральная і паўднёвая частка краіны знаходзіцца ў Мэсапатамскай нізіне. Гэта самая засвоеная і заселеная частка Іраку. На паўднёвым захадзе знаходзіцца паўпустэльня і ўзвышша Аль-Джазыра. На захадзе і паўднёвым захадзе таксама пустэльны ўзвышаны абшар, які злучаны з Сырыйскай пустэльняй, а на паўднёвым усходзе з пустэльняй Ан-Нафуд. Паўночная і паўночна-ўсходняя частка Іраку складае горную правінцыю Курдыстан, з самай высокай гарой краіны Буз-догг (3674 м).
Тэрыторыю краіны перасякаюць дзьве вялікія рэкі Эўфрат і Тыгр, якія перад упадзеньнем ў Пэрсыдзкую затоку злучаюцца ў раку Шат аль-Араб. На абедзьвюх рэках здараюцца значныя паводкі (звычайна з сакавіка да траўня), калі сток вады павялічваецца ў 40 разоў.
У пустэльнях сустракаюцца невялікія вадаёмы. На поўдні існуюць дробныя азёры, і невялікія балоты. Да 1990-х гадоў у месцы злучэньня Эўфрату і Тыгру існавала 20 тыс. км² азёраў, балот, якія ў выніку асушэньня зьніклі на 95%.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Самым вялікім натуральным багацьцем Іраку зьяўляецца нафта і прыродны газ. У 1980-х паводле ўзроўню здабычы нафты Ірак займаў другое месца сярод блізкаўсходніх краінаў. Грошы, якія краіна атрымлівала ад продажу нафты ішлі на разьвіцьцё іншых галінаў эканомікі.
Акрамя нафты і газу, Ірак мае вялікія радовішчы серы, фасфатаў і каляровых мэталаў.
У сельскай гаспадарцы працуе каля 13% насельніцтва, прыносячы таксама каля 3,3% валавага ўнутранага прадукту краіны[14]. Але з-за таго, што краіна ня можа забясьпечыць сябе прадуктамі харчаваньня, сельскагаспадарчая прадукцыя — гэта асноўны экспартны тавар для Іраку.
Асноўныя сельскагаспарадарчыя культуры Іраку гэта: фінікі, бавоўна, рыс, пшаніца, проса. У навакольлі вялікіх гарадоў разьвіваецца вырошчваньне гародніны. Ірак, разам з Эгіптам належыць на асноўных сусьветным вытворцаў фінікаў. Самыя вялікія плянтацыі фінікавых пальмаў знаходзяцца ў далінах Тыгру і Эўфрату.
Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2024 годзе агульная колькасьць насельніцтва Іраку дасягнула 42 083 436 чалавек[14].
Каля 74% іракцаў — арабы; курды складаюць 22—24 %, асырыйцы, ірацкія туркмэны і іншыя — 5%. Ад 25 000 да 60 000 марскіх арабаў жывуць у паўднёвым Іраку.
Арабская і курдзкая мовы зьяўляюцца дзяржаўнымі. Асырыйская і туркмэнская мовы — маюць афіцыйны статус у месцах кампактнага пражываньня асырыйцаў і ірацкіх туркмэнаў. Ангельская мова самая распаўсюджаная з эўрапейскіх моваў.
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэлігійны склад насельніцтва краіны наступны:
- мусульмане — 97%;
- хрысьціяне і іншыя — 3%.
Мусульманская абшчына дзеліцца наступным чынам:
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Report for Selected Countries and Subjects (анг.). International Monetary Fund.
- ^ «Akkad». Ancient History Encyclopedia.
- ^ Wolkstein, Diane; Kramer, Samuel Noah (1983). «Inanna: Queen of Heaven and Earth: Her Stories and Hymns from Sumer». New York City, New York: Harper&Row Publishers. — С. 118–119. — ISBN 0-06-090854-8.
- ^ Kramer, Samuel Noah (1963). «The Sumerians: Their History, Culture, and Character». Chicago, Illinois: University of Chicago Press. — С. 71–72. — ISBN 0-226-45238-7.
- ^ Ghareeb, Edmund; Dougherty, Beth (2004). «Historical Dictionary of Iraq». Historical Dictionaries of Asia, Oceania, and the Middle East. 44. Lanham, Maryland: Scarecrow Press. — С. 156. — ISBN 9780810865686.
- ^ «Seleucia on the Tigris». Umich.edu.
- ^ «Largest Cities Through History». About.com.
- ^ «The Islamic World to 1600: The Arts, Learning, and Knowledge (Conclusion)». Acs.ucalgary.ca.
- ^ «Tamerlane – Timur the Lame Biography». About.com.
- ^ «14th century annihilation of Iraq». Mert Sahinoglu.
- ^ Масум Фуад - Досьє (укр.) LB.ua Праверана 12 ліпеня 2024 г.
- ^ Khadduri, Majid , Kennedy, Hugh , Woods, John E. , Chambers, Richard L. and Blake, Gerald Henry (11 ліпеня 2024) Iraq (анг.) Encyclopedia Britannica Праверана 12 ліпеня 2024 г.
- ^ Ex-Iraqi PM Abadi officially hands over gov't to successor Abdul-Mahdi (анг.). Ekurd.net (25 кастрычніка 2018).
- ^ а б в Iraq (анг.) The World Factbook. ЦРУ. Праверана 12 ліпеня 2024 г.