Перайсьці да зьместу

Індыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Індыя
Republic of India
भारत गणराज्य
Bhārat Ganarājya
Сьцяг Індыі Герб Індыі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Satyamēva Jayatē
Дзяржаўны гімн: «Jana Gana Mana»
Месцазнаходжаньне Індыі
Афіцыйная мова гіндзі, ангельская і яшчэ 21 мова
Сталіца Нью-Дэлі
Найбуйнейшы горад Мумбаі
Форма кіраваньня Фэдэратыўная рэспубліка
Драўпадзі Мурму
Нарэндра Модзі
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
7-е месца ў сьвеце
3 287 240 км²
9,56%
Насельніцтва
 • агульнае (2011)
 • шчыльнасьць
2-е месца ў сьвеце
1 210 193 422[1]
368/км²
СУП
 • агульны (2010)
 • на душу насельніцтва
3-е месца ў сьвеце
$4,001 трлн
$3290
Валюта Рупія (INR)
Часавы пас IST (UTC+5:30)
Незалежнасьць
— абвешчаная
— Рэспубліка
ад Вялікабрытаніі
15 жніўня 1947
26 студзеня 1950
Аўтамабільны знак IND
Дамэн верхняга ўзроўню .in
Тэлефонны код +91

І́ндыя (гіндзі: भारत Бгарат; па-ангельску: India), афіцыйная назва — Рэспубліка Індыя — краіна ў Паўднёвай Азіі на паўвысьпе (субкантынэнце) Індастан, у басэйне Індыйскага акіяна.

Сёмая краіна сьвету па плошчы і другая па колькасьці насельніцтва. На поўначы тэрыторыя Індыі абмежавана Гімалаямі, на захадзе яе берагі абмываюцца водамі Арабійскага мора, на ўсходзе — Бэнгальскага заліва. Тэрыторыя — 3,29 млн км². Працягласьць берагавой лініі перавышае 7 тыс. км, працягласьць марскіх межаў — больш за 5,5 тыс. км, сухапутных — каля 15 тыс. км. Індыя мяжуе з Пакістанам і Аўганістанам на паўночным захадзе (частка індыйскага штату Джаму і Кашмір, якая прымыкае да Аўганістану находзіцца пад кантролем Пакістану), з Кітаем, Бутанам і Нэпалам на поўначы, з Банглядэш на паўночным усходзе, з М’янмай на ўсходзе. Афіцыйныя мовы — гіндзі, ангельская. Грашовая адзінка — 1 рупія = 100 пайс (39 інд. рупіяў = 1 далару ЗША (травень 2008)). Сталіца — Нью-Дэлі (больш за 13 млн чалавек).

Індыя — фэдэрацыйная рэспубліка. Канстытуцыя (уступіла ў сілу ў 1950) вызначае Індыю як сувэрэнную, сацыялістычную, сэкулярную, дэмакратычную рэспубліку.

Кіраўнік дзяржавы — прэзыдэнт, які абіраецца на пяцігадовы тэрмін калегіяй выбаршчыкаў, што складаецца з усіх выбарных чальцоў парлямэнта і заканадаўчых сходаў штатаў. Прэзыдэнт надзелены шырокімі паўнамоцтвамі: прызначае прэм’ер-міністра, іншых чальцоў ураду, чальцоў Вярхоўнага суда; можа распускаць ніжнюю палату парлямэнта, выдаваць у пэрыяд паміж парлямэнцкімі сэсіямі надзвычайныя ўказы, абвяшчаць надзвычайнае становішча зьяўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі.

Парлямэнт — вышэйшы орган заканадаўчай улады, складаецца зь дзьвюх палат: верхняй — Савета штатаў (па-ангельску: Council of States, гіндзі: Rajya Sabha) і ніжняй — Народнай палаты (па-ангельску: House of People, гіндзі: Lok Sabha). У Савеце штатаў 250 чальцоў (12 прызначаюцца прэзыдэнтам, астатнія выбіраюцца заканадаўчымі сходамі штатаў і тэрыторыяў на аснове прапарцыйнага прадстаўніцтва), тэрмін паўнамоцтваў 6 гадоў, кожныя 2 гады Савет штатаў абнаўляецца на 1/3. У Народнай палаце 545 дэпутатаў, якія выбіраюцца на пяць гадоў прамым усеагульным тайным галасаваньнем па мажарытарнай сыстэме.

Выканаўчая галіна ўлады складаецца з прэзыдэнта, віцэ-прэзыдэнта і ўраду — Савета міністраў. Чальцы ўраду павінны быць чальцамі любой з палат парлямэнта. Фактычна, урад фармуе партыя ці кааліцыя, якая займае большасьць месцаў ніжняй палаты парлямэнта. У індыйскай палітычнай сыстэме выканаўчая ўлада падпарадкаваная заканадаўчай, прэм’ер-міністар і Савет міністраў адказныя перад ніжняй палатай парлямэнта.

Судовая сыстэма складаецца зь Вярхоўнага суда (які зьяўляецца таксама органам канстытуцыйнага нагляду), вышэйшых судоў штатаў і судоў ніжэйшых інстанцыяў у акругах.

Кожны штат мае заканадаўчы сход, які складаецца з губэрнатара і адной ці дзьвюх палатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на пяць гадоў. Губэрнатар прызначаецца прэзыдэнтам на пяць гадоў і зьяўляецца кіраўніком выканаўчай улады штату. Выкананьне паўнамоцтваў губэрнатара ажыцьцяўляецца ўрадам штату — Саветам міністраў, які складаецца з галоўнага міністра і міністраў. Урады фармуюцца таксама ў дзьвюх саюзных тэрыторыях — Пандышэры і Нацыянальнай сталічнай тэрыторыі Дэлі. У астатніх пяці саюзных тэрыторыях кіруюць прызначаныя цэнтрам адміністратары — галоўныя камісары.

Усе штаты і саюзныя тэрыторыі падзяляюцца на акругі. Цэнтральнай уладай у акругі прызначаюцца чыноўнікі — камісары ці калектары, у вёсках — старасты. Выбарныя органы ў акругах — акружныя саветы, у гарадах — муніцыпальныя саветы, у вёсках — панчаяты.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Індыі да цяперашняга часу.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Індыі: 29 штатаў і 7 хаўрусных тэрыторыяў (з 2 чэрвеня 2014 г.).
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Індыі па атрыманьні незалежнасьці.

Штаты:

  1. Андгра-Прадэш (Andhra Pradesh)
  2. Аруначал-Прадэш (Arunachal Pradesh)
  3. Асам (Assam)
  4. Бігар (Bihar)
  5. Чгатысгарг (Chhattisgarh)
  6. Гоа (Goa)
  7. Гуджарат (Gujarat)
  8. Гар’яна (Haryana)
  9. Гімачал-Прадэш (Himachal Pradesh)
  10. Джаму і Кашмір (Jammu and Kashmir)
  11. Джгаркганд (Jharkhand)
  12. Карнатака (Karnataka)
  13. Керала (Kerala)
  14. Мадг'я-Прадэш (Madhya Pradesh)
  1. Магараштра (Maharashtra)
  2. Маніпур (Manipur)
  3. Мэггалая (Meghalaya)
  4. Мізарам (Mizoram)
  5. Нагалэнд (Nagaland)
  6. Арыса (Orissa)
  7. Панджаб (Punjab)
  8. Раджастган (Rajasthan)
  9. Сыкім (Sikkim)
  10. Тамілнад (Tamil Nadu)
  11. Трыпура (Tripura)
  12. Тэлангана (Telangana)
  13. Утар-Прадэш (Uttar Pradesh)
  14. Утаракганд (Uttarakhand)
  15. Заходняя Бэнгалія (West Bengal)

Хаўрусныя тэрыторыі:
A. Андаманскія і Нікабарскія астравы (Andaman and Nicobar Islands)
B. Чандыгарг (Chandigarh)
C. Дадра і Нагаргавэлі (Dadra and Nagar Haveli)
D. Даман і Дыў (Daman and Diu)
E. Лакшадвіп (Lakshadweep)
F. Нацыянальная сталічная тэрыторыя Дэлі (National Capital Territory of Delhi)
G. Пандышэры (Puducherry)

Індыйскі Зьвяз заснаваны ў якасьці фэдэрацыйнае дзяржавы. Першапачаткова адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел уключаў у сябе штаты й хаўрусныя тэрыторыі, межы якіх былі заснаваныя ў асноўным на старых межах правінцыяў былой Брытанскай Індыі. У часы Брытанскай Індыі апрача ўласна правінцыяў існавалі г.зв. тузэмныя княствы, якія зьяўляліся дзяржавамі-пратэктаратамі пад кіраваньнем Брытаніі, пры здабыцьці незалежнасьці Індыі гэтыя дзяржаўныя ўтварэньні ўвайшлі ў склад Індыі таксама ў якасьці штатаў. Буйныя княствы (напрыклад, Джаму і Кашмір, Гайдэрабад) захоўвалі сваю тэрыторыю ў якасьці новага штату, дробныя (наогул колькасьць падобных княстваў пераўзыходзіла 500) аб’ядноўваліся адно з адным або іншымі штатамі.

З 1950-х гадоў у Індыі разгортваецца рух па стварэньні штатаў на этналінгвістычных межах, у выніку чаго ўрад краіны прымае палітыку г.зв. рэарганізацыі штатаў. У рамках гэтае палітыкі ў пэрыяд 1950-1970 гг. старыя штаты паступова скасоўваліся, іх тэрыторыі ўваходзілі ў склад новых, утвораных паводле моўных межаў. Амаль усе сучасныя штаты Індыі створаныя ў рамках дадзенае палітыкі. Прыкладна з гэтых жа часоў існаваў рух за стварэньне штату Тэлангана на поўдні Індыі, але гэты штат канчаткова быў утвораны толькі 2 чэрвеня 2014 году.

Апрача штатаў існуюць г.зв. хаўрусныя тэрыторыі. Яны звычайна ўяўляюць сабою астраўныя тэрыторыі (Лакшадўіп, Андаманскія і Нікабарскія астравы) або невялікія анклявы, якія не належалі Брытаніі, і ўвайшлі ў склад Індыі шляхам захопу апошняй (напрыклад, Дадра і Нагаргавэлі, Даман і Дыў — захопленыя Індыяй у Партугаліі) або праз дамовы Індыі зь дзяржавамі-ўладальніцамі гэтых тэрыторыяў. Хаўрусная тэрыторыя Чандыгарг, якая прадстаўляе сабою тэрыторыю толькі аднаго аднайменнага места, зьяўляецца сталіцай адразу двух штатаў, Панджабу ды Гар’яны. Статус хаўруснае тэрыторыі мае таксама сталіца дзяржавы, Нью-Дэлі.

З прычыны тэрытарыяльных спрэчак зь іншымі дзяржавамі ў Індыі існуюць прэцэдэнты, калі тэрыторыя штату мае толькі юрыдычны статус, у той час як пад ягоным кантролем знаходзіцца значна меншая частка тэрыторыі. Такім штатам зьяўляецца Джаму і Кашмір, які паводле індыйскага заканадаўства ўключае ня толькі тэрыторыі, падкантрольныя Індыі, але й тэрыторыі, дэ-факта падкантрольныя Пакістану й Кітаю (гл. Кашмірскі канфлікт).

Штаты й хаўрусныя тэрыторыі дзеляцца на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, аналягічныя раёнам, якія ў залежнасьці ад штату або тэрыторыі могуць мець назву тэгсыл або талука. Тэгсылы й талукі падзяляюцца на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі муніцыпальнага ўзроўню.

Індыйскі субкантынэнт — радзіма адной з самых першых цывілізацыяў чалавецтва — Індзкай; рэгіён вякамі слынны сваім культурным і эканамічным багацьцем. Насычанае духоўнае жыцьцё індыйцаў парадзіла чатыры ўплывовыя рэлігіі — індуізм, будызм, джайнізм і сыкхізм, а распаўсюджаньне ў першым тысячагодзьдзі н. э. ісламу, хрысьціянства, зараастрызму, бахаізму і іншых рэлігіяў завяршыла фармаваньне поліканфэсійнай карціны індыйскага грамадзтва. Паступова — з пачатку XVIII стагодзьдзя — намаганьнямі Брытанскай Ост-Індзкай кампаніі захопленая і далучаная ў пачатку XIX стагодзьдзя ў якасьці калёніі да Вялікабрытаніі, Індыя атрымлівае незалежнасьць ў 1947 годзе.

Унутраная палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З часу атрыманьня Індыяй незалежнасьці, яе фэдэральны ўрад часьцей за ўсё фармаваўся Індыйскім нацыянальным кангрэсам (ІНК). У палітычным жыцьці штатаў дамінавалі некалькі вялікіх агульнанацыянальных партыяў, у тым ліку ІНК, Бхаратыя джаната парты, Камуністычная партыя Індыі і некаторыя рэгіянальныя партыі. З 1950 па 1990 за выключэньнем двух кароткіх перапынкаў парлямэнцкая большасьць належала ІНК. На кароткі час да ўлады прыходзілі Джаната парты і вялікая кааліцыя Левага фронту і Нацыянальнага фронту.

У 1990-я фэдэральны ўрад фармавалі шматлікія кааліцыі з кароткай працягласьцю існаваньня. Толькі ў 1998 годзе «Бхаратыя джаната парты» здолела стварыць зь некалькімі рэгіянальнымі партыямі адносна трывалую структуру Нацыянальны дэмакратычны альянс і стаць першай партыяй пасьля ІНК, якая ўтрымалася ва ўладзе поўны пяцігадовы тэрмін. У 2004 годзе ІНК выйграў парлямэнцкія выбары і разам з Аб’яднаным прагрэсіўным альянсам сфармаваў урад, які падтрымлівалі левыя партыі і апазыцыйныя «Бхаратыя джаната парты» сілы.

Вонкавая палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад самага пачатку незалежнага існаваньня Індыя праводзіць актыўную вонкавую палітыку. У 1950-х краіна падтрымала антыкаляніяльную барацьбу азіяцкіх і афрыканскіх народаў (дагэтуль усе краіны-чальцы Афрыканскага саюзу лічацца хаўрусьнікамі Індыі), выступіла адной з заснавальніцаў Руху недалучэньня. З 1960-х, асабліва пасьля Інда-пакістанскай вайны 1965, Індыя пайшла па шляху ўмацаваньня сувязяў з Савецкім Саюзам і аслабленьня стасункаў з ЗША ды цьвёрда прытрымлівалася гэтай палітыкі да самага распаду СССР.

Індыя мае добрасуседзкія адносіны з Бутанам і Нэпалам; імкнецца граць ролю рэгіянальнага гегемона (вайсковая дапамога ўрадам Банґлядэш, Шры-Ланкі, Мальдываў). Адносіны з Кітаем, ніжняй кропкай якіх была Інда-кітайская вайна 1962, з канца 1990-х паступова мяняюцца да лепшага: у 2003 Індыя прызнала Тыбэт часткай Кітая, а Кітай у 2004 прызнаў Сікім часткай Індыі. Разам з тым аналітыкамі разглядаецца верагоднасьць хуткага пераносу асноўнага цяжару геапалітычнага суперніцтва Індыі і Кітая на Цэнтральную Азію.

Традыцыйна складанымі — зь першых дзён існаваньня абедзьвюх краінаў — застаюцца адносіны з Пакістанам. Нявырашаная спрэчка за кантроль над Кашмірам неаднаразова прыводзіла да ваенных сутыкненьняў, апошні раз — у 1999, ужо ў якасьці краінаў, якія валодаюць ядзернай зброяй (выпрабаваньні Індыі і Пакістана, 1998). З 2001 двухбаковыя адносіны маюць выразную тэндэнцыю да паляпшэньня.

У апошнія гады Індыя настойліва разьвівае вонкавапалітычныя і вонкаваэканамічныя сувязі з Эўрапейскім Зьвязам, ЗША, краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. З постсавецкіх краінаў найбольш разьвітыя адносіны Індыя мае з Расеяй і Таджыкістанам.

Беларуска-індыйскія стасункі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Беларуска-індыйскія дачыненьні

Індыя адной зь першых прызнала незалежнасьць Беларусі — дыпляматычныя адносіны ўсталяваныя ў красавіку 1992 году. Прэзыдэнт Беларусі двойчы наведваў Індыю з афіцыйнымі візытамі, падчас візыту ў красавіку 2007 — у Нью-Дэлі была падпісана супольная дэклярацыя, якая адлюстроўвае высокі ровень узаемаразуменьня паміж дзьвюма краінамі ў палітычнай сфэры і вызначае асноўныя кірункі супрацоўніцтва. Высокія бакі таксама дамовіліся павысіць аб’ём гандлёвага абароту зь цяперашніх амаль 200 млн да 500 млн даляраў у 2010. У 2009 годзе Беларусь экспартавала ў Індыю тавараў на 487,8 млн даляраў, чым дасягнула па гэтым пункце максымуму.[2]

Тэрыторыя Індыі займае большую частку індыйскага субкантынэнту. Гімалаі ўтвараюць натуральную паўночную мяжу краіны, на поўдні дзяржаўную тэрыторыю Індыі абмывае Індыйскі акіян, на захадзе яе берагі абмываюцца водамі Арабійскага мора, на ўсходзе — Бэнгальскага заліву. Індыя — сёмая краіна сьвету паводле плошчы і другая паводле колькасьці насельніцтва.

У склад Індыі ўваходзяць Лякадыўскія і Аміндыўскія астравы ў Арабійскім моры, Андаманскія і Нікабарскія астравы ў Бэнгальскай затоцы. Працягласьць берагавой лініі перавышае 7 тыс. км, працягласьць марскіх межаў — звыш 5,5 тыс. км, сухаземных — каля 15 тыс. км. Індыя мяжуе з Пакістанам і Аўганістанам на паўночным захадзе, зь Кітаем, Бутанам і Нэпалам на поўначы, з Банглядэш на паўночным усходзе, зь М’янмай на ўсходзе; марскія межы ў Індыйскім акіяне з Мальдыўскімі астравамі, Шры-Ланкай (аддзеленыя Полцкім пралівам) і Інданэзіяй.

Індыя разьмешчана ў межах трох буйных араграфічных вобласьцей: Гімалайскіх гор, Інда-Ганскай раўніны і пласкагор’я Дэкан на п-ве Індастан. Дэкан уяўляе сабой шырокі старажытны масіў сушы, складзены дакембрыйскімі крышталічнымі пародамі, пераважна гнэйсамі, гранітамі і лупняком. Значная частка паверхні перакрытая вульканічнай лявай, прычым найбольшая магутнасьць лявавага полага — на паўночным захадзе. Дэкан уваходзіў у склад старажытнага матэрыка Гандваны, які каля 200 млн гадоў назад распаўся на некалькі блёкаў. Паміж Дэканам і Гімалаямі распасьціраецца шырокая Інда-Ганская раўніна.

Клімат Індыі субэкватарыяльны і трапічны, з працяглым пэрыядам мусон — сэзонам дажджоў. Яскрава выяўленыя кантрасты ў разьмеркаваньні цеплыні і вільгаці. У цэлым на клімат краіны вялікі ўплыў аказваюць мусоны. Вышынны фактар абумовіў халодны клімат высокіх гор на поўначы Індыі, у той час як на нізкіх схілах гэтых гор і на плято пераважае ўмераны клімат. Курорты Паўночнай Індыі разьмешчаныя ў вышынным поясе ад 1500 да 2300 м, дзе ўмовы камфортныя на працягу ўсяго году.

У шматлікіх раёнах паўвостраву Індастан сярэднія тэмпэратуры паветра самога халоднага месяца — студзеня 18-24 °C, а летніх месяцаў — 24-29°С. Аднак часта тэмпэратура днём падвышаецца да 32 °C. На паўночных раўнінах, ад Заходняй Бэнгаліі да мяжы з Пакістанам, улетку вельмі горача, і сярэднія тэмпэратуры ў Бэнгаліі дасягаюць 29 °C; яны паступова павышаюцца па меры руху на паўночны захад і ў траўні ў Дэлі дасягаюць 33 °C. Сярэдняя летняя тэмпэратура ў Амрытсары (шт. Панджаб) 34 °C, у пустыні Тар ад 32 °C да 38 °C, сярэднія зімовыя тэмпэратуры там 7-16°С.

Гадавая сума ападкаў вагаецца ад менш чым 100 мм у пустыні Тар да 10770 мм на станцыі Чарапунджы ў гарах Кхасі, адным з самых вільготных месцаў на Зямлі. Цэнтральная Індыя атрымлівае ў сярэднім 650—1300 мм ападкаў у год.

Дажджы ў Індыю прыносіць з боку Індыйскага акіяна летні мусон, які ўзмацняецца ў пачатку чэрвеня на заходнім узьбярэжжы і прыкладна ў сярэдзіне чэрвеня на ўсходнім узьбярэжжы — у Бэнгаліі. Зь лістапада па сакавік з боку сушы дзьме сухі паўночна-ўсходні мусон. Зь ім зьвязанае прахладнае яснае надвор’е.

На аснове ўліку дадзеных аб тэрмічным рэжыме, ападках і вятрах каляндарны год у Індыі можна падзяліць на тры асноўных і два прамежкавых кліматычных сэзона. У лістападзе — лютым, калі пануе паўночна-ўсходні мусон, прахалодна, сонечна і суха. У сакавіку тэмпэратура паступова павышаецца. З канца сакавіка па чэрвень доўжыцца гарачы сухі сэзон. Да канца чэрвеня вільготнасьць узрастае, і на раўнінах Індыі надвор’е становіцца невыносна гарачым і дажджлівым. Зь ліпеня да сярэдзіны верасьня трымаецца вільготнае гарачае надвор’е; сьпякота трохі спадае, калі неба зацягнута аблокамі і льюць праліўныя дажджы, аднак у цэлым паўднёва-заходнія вятры спалучаюцца з высокімі тэмпэратурамі. Кастрычнік — пераходны час; вільготнасьць паветра высокая з-за выпарэньня з паверхні палёў, але дажджы спыняюцца.

Традыцыйна глебы Індыі падзяляюць на 4 тыпы: алювіяльныя на Інда-Ганскай раўніне; рэгуры, або «чорныя бавоўнавыя глебы», на лявах Дэкана; чырвоназёмы на большай частцы тэрыторыі Індастана; лятэрытныя глебы на пэрыфэрыі паўвостраву.

Расьлінны і жывёльны сьвет

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Індыя разьмешчаная ў Індамалайскай эказоне, якая характарызуецца надзвычайнай біялягічнай разнастайнасьцю. Як адна зь сямнаццаці мэгаразнастайных краінаў (па вызначэньні Праграмы ААН па навакольным асяродзьдзі), Індыя ўтрымлівае 7,6% ўсіх відаў сысуноў, 12,6% відаў птушак, 6,2% відаў рэптылій, 4,4% відаў амфібій, 11,7% відаў рыб, 6,0% відаў кветкавых расьлінаў. 33% відаў расьлінаў Індыі — эндэмічныя.

Асноўны артыкул: Культура Індыі
Тадж-Махал у Агры. Ён уключаны ЮНЭСКО ў Сьпіс сусьветнай культурнай спадчыны як «надзвычайная усеагульная каштоўнасьць».

Індыйская культура вызначаецца высокай ступеньню сынкрэтычнасьці й культурнага плюралізму. Індыйская культурная традыцыя сягае ў глыбіню на 10 тысячаў гадоў, да 8000 да н. э., непарыўная летапісная гісторыя налічвае больш за 2,5 тысячаў гадоў. Карані індыйскай культуры ляжаць у цывілізацыі даліны Інду, у XI стагодзьдзі да н. э. настае ведычны век, у якім фармуюцца індусцкая філязофія, міталёгія, пісьмовая традыцыя, рытуалы й практыкі, як то дгарма, карма, ёга і мокша. Індыйскія рэлігіі складаюць адзін з найбольш значных аспэктаў індыйскай культуры. Галоўныя дхармічныя рэлігіі, якія зарадзіліся ў Індыі, — індуізм, будызм і джайнізм.

Традыцыйнае індыйскае грамадзтва характарызуецца строгай сацыяльнай эрархічнасьцю. Індыйская каставая сыстэма абазначае сацыяльную стратыфікацыю й сацыяльныя абмежаваньні, паводле якіх сацыяльныя клясы фарміруюцца з тысячаў эндагамных радавых груповак, што называюцца джатамі ці кастамі.

Індыйская кухня характарызуецца рэгіянальнай разнастайнасьцю й выкарыстаньнем складаных камбінацыяў траў і спэцыяў. Аснова харчаваньня насельніцтва рэгіёна — рыс (асабліва на поўдні й усходзе) і пшаніца (пераважна на поўначы). Мноства спэцыяў, якія сёньня прымяняюцца па ўсім сьвеце, напрыклад чорны перац, паходзяць менавіта з Індыйскага субкантынэнту. Чырвоны перац (чылі), завезены ў Індыю партугальцамі, таксама шырока выкарыстоўваецца ў індыйскай кухні.

Індыйскае адзеньне вар’юецца ад рэгіёну да рэгіёну па колерах і стылях і залежыць ад розных фактараў, у тым ліку ад клімата. Папулярнае народнае адзеньне — несшытая (драпіраваная): сары ў жанчын і дхоці й лунгі ў мужчын. Індыйцы носяць і сшытае адзеньне, а таксама вопратку эўрапейскага стылю.

Індыйская архітэктура — яшчэ адзін доказ разнастайнасьці й багацьця індыйскай культуры. Многія яе ўзоры, такія як Тадж-Махал, іншыя шэдэўры Магольскай архітэктуры, а таксама Паўднёва-індыйскай архітэктуры ўяўляюць сабой спалучэньне старажытных і розных мясцовых традыцыяў. Разнастайнасьцю адрозьніваецца й народная архітэктура Індыі.

У в. Хубавалі (талука Мульшы, акруга Пуна, штат Махараштра) дзейнічае каледж міжнароднай супольнасьці «Махіндра».

Нацыянальным відам спорту ў Індыі прызнаны хакей на траве. Індыйская зборная па хакеі на траве выйграла чэмпіянат сьвету 1975 году, заваявала 8 залатых, 1 срэбраны й 2 бронзавыя мэдалі на Алімпійскіх гульнях. Але найбольш папулярным відам спорту ў краіне зьяўляецца крыкет. Індыйская нацыянальная зборная займае першае месца ў сусьветным рэйтынгу. Крыкет быў завезены ў Індыю эўрапейцамі ў XVIII стагодзьдзі, першы клюб зьявіўся ў Калкаце ў 1792 годзе, аднак індыйская зборная згуляла свой першы афіцыйны матч толькі ў 1932 годзе. У першыя паўстагодзьдзі Індыя значна саступала камандам Ангельшчыны й Аўстраліі, росквіт індыйскага крыкету пачаўся напрыканцы 1970-х. Індыйская крыкетная Прэм’ер-ліга зьяўляецца другой у сьвеце спартовай лігай па ўзроўні аплаты гульцоў (пасьля НБА): сярэдняя зарплата гульца складае 2,5 млн фунтаў.

Набірае папулярнасьць таксама тэніс, дзякуючы перамогам індыйскай каманды ў Кубку Дэвіса. Футбол найбольш папулярны ў паўночна-ўсходняй Індыі, Заходняй Бэнгаліі, Гоа й Керале. Шахматы, якія зьявіліся ў Індыі, прыцягваюць у апошні час увагу шматлікіх прыхільнікаў па прычыне посьпехаў індыйскіх гросмайстраў. Найвышэйшымі ўзнагародамі Індыі за дасягненьні ў спорце зьяўляюцца «Спартовы брыльянт Раджыва Гандзі» (Rajiv Gandhi Khel Ratna) і «Узнагарода Арджуны» (Arjuna Award), а «Узнагарода Драначар’і» (Dronacharya Award) прысуждаецца за выдатную трэнэрскую працу.

Індыя прымала ў сябе Азіяцкія гульні ў 1951 і 1982 гадох, Кубак сьвету па крыкеце 1987 і 1996 гадох. Індыя — месца правядзеньня Гульняў Супольнасьці 2010 і Кубку сьвету па крыкеце ў 2011.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]