Перайсьці да зьместу

Ігар Марзалюк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ігар Марзалюк
лац. Ihar Marzaluk
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га скліканьня
11 верасьня 2016 — цяперашні час
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Андрэй Кабякоў
Член Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-скліканьня
23 верасьня 2012 — 11 верасьня 2016
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Міхаіл Мясьніковіч, Андрэй Кабякоў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 11 верасьня 1968 (56 гадоў)
пасёлак Краснапольле, Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Партыя:
Сужэнец: жанаты
Дзеці: сын Альгерд
Бацька: Аляксандар Марзалюк
Адукацыя: Магілёўскі пэдагагічны інстытут (1992)
Узнагароды:
Прэмія Магілёўскага аблвыканкаму «Чалавек году» (2012)
грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Ордэн Пашаны (Беларусь)
Ордэн Пашаны (Беларусь)
Ордэн Пашаны (Беларусь) (2019)

Ігар Аляксандравіч Марзалюк (нар. 11 верасьня 1968 г., Краснапольле, Магілёўская вобласьць, цяпер Беларусь) — гісторык і палітык, прапагандыст і ідэоляг рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Доктар гістарычных навук (2003), прафэсар (2011), загадчык катэдры археалёгіі і спэцыяльных гістарычных навук Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя А. Куляшова.

Бацька працаваў настаўнікам гісторыі. Пад уплывам бацькі Ігар Марзалюк яшчэ ў пачатковай школе вырашыў, што стане гісторыкам. У дзяцінстве прачытаў кнігі археолягаў «Замкі Беларусі» Міхася Ткачова і «Ажываюць сівыя стагодзьдзі» Георгія Штыхава. Апошні пазьней стаў ягоным навуковым кіраўніком пры напісаньні кандыдацкай дысэртацыі. Улетку на вакацыях назіраў за працай археолягаў у Мірскім замку[1].

Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага пэдінстытуту (1992). Завочна скончыў асьпірантуру. У 1996 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю, у 2003 годзе — доктарскую.

Займаўся археалягічнымі раскопкамі на Магілёўшчыне, вёў дасьледніцкую работу ў архівах Магілёва, Менску, Вільні. На пачатку 1990-х гадоў адкрыў гарадзішча XII—XIII стагодзьдзяў з умацаваным дзядзінцам, ад якога пайшоў Магілёў. Раскопкі тады праводзіліся на месцы магілёўскага парка імя Горкага. Большасьць знаходак зьмясьцілі ў Музэй гісторыі Магілёва.

У 2007 годзе крытыкаваў Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату за зьнішчэньне Магілёўскага Замчышча — нацыянальнага помніка археалёгіі[2].

У 2010 годзе стаў суаўтарам кнігі «Грунвальдзкая бітва — бітва народаў», якую выдалі па-летувіску і па-ўкраінску да 600-годзьдзя бітвы. Кніга складалася з працаў гісторыкаў краінаў з абшараў Вялікага Княства Літоўскага.

У 2011 годзе правёў археалягічныя раскопкі ў Старым Шклове, дзе знайшлі некалькі тысячаў прадметаў пераважна XVI стагодзьдзя.

Увосень 2012 году выдаў 1-ы нумар Беларускага гістарычнага альманаха[1]. Узначальвае абласную грамадзкую арганізацыю «Магілёўскае краязнаўчае таварыства».

Аўтар больш як 100 навуковых і навукова-папулярных публікацыяў па гісторыі і археалёгіі Беларусі.

Палітычная і прапагандысцкая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2009 годзе выдаў кнігу «Міфы „Адраджэнскай“ гістарыяграфіі Беларусі», дзе сярод шэрагу несумяшчальных тэзаў заявіў, што назвы Літва і ліцьвіны не былі этнічнай саманазваю беларусаў у часы Вялікага Княства Літоўскага або нават эндаэтнонімам славянскага насельніцтва Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Наваградчыны, што існаваў адзіны эндаэтнонім беларускага этнасу — «рускі» («русін», «русь») і што продкі большасьці сучасных беларусаў-каталікоў мелі летувіскае паходжаньне[3].

Ад верасьня 2012 году быў абвешчаны дэпутатам розных палатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У якасьці члена Савету Рэспублікі і дэпутата Палаты прадстаўнікоў адзначыўся як актыўны публічны апалягет аўтарытарнага рэжыму А. Лукашэнкі, у тым ліку падчас масавых агульнабеларускіх пратэстаў, якія былі выкліканыя фальсыфікацыяй прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 і суправаджаліся беспрэцэдэнтным гвалтам прадстаўнікоў сілавых органаў супраць дэманстрантаў, у тым ліку забойствам некалькіх удзельнікаў пратэстаў. Займаўся дыскрэдытацыяй і ачарненьнем беларускіх нацыянальных сымбаляў і дзеячоў беларускай дыяспары[4]. Выступаў з апраўданьнем непрадстаўленьня дзяржаўных паслугаў на беларускай мове[5].

10 лістапада 2017 году адзначыў на «круглым стале» ў газэце Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі: «Мая папраўка ў закон аб маркіроўцы тавараў прайшла. І цяпер на кожнай упакоўцы беларускага тавару будзе маркіроўка і на расейскай, і на беларускай мовах». Таксама заявіў: «гэта самае вялікае расчараваньне, калі не далi (Нобэлеўскую) прэмію Васілю Быкаву, а далі Сьвятлане Алексіевiч, якая для мяне па-за беларускiм дыскурсам»[6].

У 2018 годзе выступаў супраць прыняцьця закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту», спасылаючыся на абарону «традыцыйных каштоўнасьцяў»[7]. У студзені 2019 году апублікаваў артыкул, у якім абазначыў паўстаньне на чале з Кастусём Каліноўскім як польскае нацыянальнае і выступіў супраць таго, каб Каліноўскі лічыўся беларускім нацыянальным героем[8]. У 2019 годзе пагражаў судовымі позвамі журналістам, якія крытыкавалі яго[9]. У 2020 г. прапаноўваў караць за распаўсюд інфармацыі пра цяжкую сытуацыю з пандэміяй COVID-19 у Беларусі[10]. У 2020 годзе ўваходзіў у склад так званай Мiжведамаснай камiсii бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусь, якая масава пазбаўляла акрэдытацыі журналістаў, якія асьвятлялі пратэсты супраць А. Лукашэнкі ў Беларусі[11].

15 сакавіка 2021 году ўключаны ў склад канстытуцыйнай камісіі, якая на даручэньне нелегітымнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі мае распрацаваць новы варыянт Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь[12].

  • «Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах» (1997, у суаўтарстве з А. Р. Агеевым і І. А. Пушкіным; 2-е выд. перапрац. і дап. 1999).
  • «Гісторыя рэлігіі Беларусі (Х—XVIII ст.)» (1997)
  • Магілёў у ХІІ—XVIII стст.: Людзі і рэчы. — Мн., 1998.
  • Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (Х—ХVII стст.). — Магілёў, 2003.
  • Этнічны і канфесійны свет беларускага горада XVI—XVII стст. — Магілёў, 2007.
  • Марзалюк І. А. Міфы «Адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі: манаграфія / І. А. Марзалюк. — Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2009. — 148 с.
  • «Наша страва: сапраўдная беларуская кухня» (глава «Кароткі нарыс гіторыі беларускай бульбы»).
  1. ^ а б Ілона Іванова. Старажытнае смецьце — скарбніца для сапраўднага гісторыка // Зьвязда : газэта. — 19 красавіка 2012. — № 76-77 (27191-27192). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Заведзена справа супраць будаўнікоў храма на Магілёўскім замчышчы // Наша Ніва. 14 ліпеня 2007 г.
  3. ^ Марзалюк І. Міфы «адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі: манаграфія. — Магілёў: МДУ імя А. Куляшова, 2009. С. 48, 59, 95—96.
  4. ^ Компетентный вторник: эксперты о формах и методах противостояния героизации нацизма [Кампэтэнтны аўторак: экспэрты пра формы і мэтады супрацьстаяньня гераізацыі нацызму], СБ. Беларусь сегодня, 1 чэрвеня 2021 г. (на расейскай мове)
  5. ^ Дзяржаўныя мовы раўнапраўныя, таму сыстэму АРІП па-беларуску ня зробяць, Радыё Свабода, 5 чэрвеня 2020 г.
  6. ^ Людміла Рублеўская. Жывая спадчына (Лёс беларускай мовы павінен стаць агульным клопатам для ўсяго грамадзтва) // Беларусь сёньня : газэта. — 11 лістапада 2017. — № 25353. — ISSN 1991-2978.
  7. ^ Марзалюк: законапраект супраць хатняга гвалту «супярэчыць традыцыйным каштоўнасьцям», Радыё Свабода, 28 верасьня 2018 г.
  8. ^ Дэпутат Марзалюк далучыўся да дыскусіі пра паўстаньне Каліноўскага. Устаў на «польскі» бок, Радыё Свабода, 9 студзеня 2019 г.
  9. ^ «Яны адкажуць праз суд»: Марзалюк рыхтуе пазовы да сваіх крыўдзіцеляў сярод СМІ, Эўрарадыё, 19 лістапада 2019 г.
  10. ^ Марзалюк прапаноўвае караць «распаўсюднікаў чутак і фэйкаў» пра COVID-19, Эўрарадыё, 4 красавіка 2020 г.
  11. ^ Хто ўваходзіць у камісію, якая пазбавіла акрэдытацыі замежных журналістаў, Радыё Свабода, 29 жніўня 2020 г.
  12. ^ У Беларусі пачала працу Канстытуцыйная камісія. Хто ў яе ўвайшоў?, Радыё Свабода, 15 сакавіка 2021 г.
  13. ^ Марзалюку далі ордэн, а Шчоткінай — ганаровае званне, Эўрарадыё, 22 лістапада 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]