Перайсьці да зьместу

Робэрт Льюіс Стывэнсан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта актуальная вэрсія старонкі Робэрт Льюіс Стывэнсан, захаваная ўдзельнікам 777sms (гутаркі | унёсак) у 02:35, 15 верасьня 2022. Гэты адрас зьяўляецца сталай спасылкай на гэтую вэрсію старонкі.
(розьн) ← Папярэдняя вэрсія | Цяперашняя вэрсія (розьн) | Наступная вэрсія → (розьн)
Робэрт Льюіс Стывэнсан
Robert Louis Stevenson
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Robert Lewis Balfour Stevenson
Нарадзіўся 13 лістапада 1850(1850-11-13)[1][2][3][…]
Памёр 3 сьнежня 1894(1894-12-03)[3][6][7][…] (44 гады)
Пахаваны
Бацькі Томас Стывенсан[d][9]
Matilde Margaret Isabella Stevenson[d][10][9]
Сужэнец Fanny Stevenson[d][9]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, паэт
Гады творчасьці 1866—1894
Жанр нэарамантызм
Мова ангельская мова[11]
Дэбют «Дзіўная гісторыя доктара Джэкіла і містэра Гайда»
Подпіс Выява аўтографу
Творы на сайце Knihi.com

Ро́бэрт Лью́іс Сты́вэнсан (па-ангельску: Robert Louis Stevenson, пачаткова Robert Lewis Balfour Stevenson; 13 лістапада 1850, Эдынбург — 3 сьнежня 1894, Ваіліма, Самоа) — шатляндзкі пісьменьнік і паэт, галоўны прадстаўнік нэарамантызму ў ангельскай літаратуры. Аўтар прыгодніцкіх раманаў.

Стывэнсан нарадзіўся ў Эдынбургу (Шатляндыя). Ягоны бацька, Томас Стывэнсан, і дзядуля, Робэрт Стывэнсан, былі архітэктарамі і інжынэрамі марскіх маякоў. Маці будучага паэта звалі Маргарэт Бэлфур. Пад час хрышчэньня атрымаў імя Робэрт Льюіс Бэлфур. Ад нараджэньня хлопчык меў слабае здароўе, ён хварэў на складаную форму сухотаў. Узімку ён праводзіў дні разам з сядзелкай, якая чытала яму Біблію. Улетку Робэрта таксама абмяжоўвалі ў гульнях на адкрытым паветры. Бацька марыў, што Робэрт будзе займацца радзіннай справай, тым больш што хлопчык меў здольнасьці да тэхнікі. Аднак пасьля школы малады чалавек паступіў у Эдынбурскі ўнівэрсытэт, дзе вырашыў вучыцца на юрыдычным факультэце (скончыў у 1875 годзе). Атрымаўшы адвакацкі дыплём, Стывэнсан не працаваў па спэцыяльнасьці з-за здароўя, а таксама з-за першых посьпехаў як пісьменьнік. Ва ўзросьце 18 гадоў Робэрт адмовіўся ад часткі «Бэлфур» у сваім імені, а ў слове «Льюіс» зьмяніў спосаб напісаньня з «Lewis» на «Louis», што не зьмяніла вымаўленьня.

У 1873—1879 гадах Стывэнсан жыў пераважна ў Францыі, дзе пазнаёміўся са шматлікімі францускімі мастакамі. У гэтыя гады ён зьдзейсьніў падарожжы па Францыі, Нямеччыне і сваёй Шатляндыі, вынікам якіх сталі дзьве кнігі «Падарожжа ўнутры краіны» (Іn Inland Voyage, 1878 год) і «Вандроўка аслом у Чэвэне» (Travels with a Donkey in the Cevennes, 1879). У францускай вёсцы Гроз пісьменьнік пазнаёміўся з Фаньні Осбарн, амэрыканкай, якая была старэйшая за яго на дзесяць гадоў. Разьвёўшыся з мужам, яна з трыма дзецьмі жыла ў Эўропе. Стывэнсан закахаўся і пасьля таго, як развод быў аформлены, 19 траўня 1880 году яны ажаніліся ў Сан-Францыска. Іхняе сумеснае жыцьцё суправаджалася бесперапынным клопатам Фаньні пра здароўе мужа. Стывэн пасябраваў зь яе дзецьмі, і празь некаторы час пасынак Сэмюэль Осбарн стаў сааўтарам трох ягоных кнігаў[12].

Практычна ўсё сваё наступнае жыцьцё Стывэнсан правёў у падарожжах, шукаючы лепшага клімату для свайго здароўя. Ён наведаў Швайцарыю, поўдзень Францыі, Борнмут (Ангельшчына), а ў 1887—1888 гадах жыў у Саранак-Лэйк, штат Нью-Ёрк. Турбуючыся пра сваё здароўе, а таксама жадаючы набыць больш матэрыялаў для сваіх твораў, Стывэнсан разам з жонкай, маці і пасынкам на яхце адправіўся ў паўднёвую частку Ціхага акіяна. Разам яны наведалі Маркіскія астравы, Туамоту, Таіці, Гаваі, Мікранэзію і Аўстралію, набылі ўчастак зямлі на Самоа, вырашыўшы тут застацца на працяглы час. Свой новы маёнтак Стывэнсан назваў «Ваіліма» (Пяцірэчча). Пісьменьнік зблізіўся з мясцовым насельніцтвам. Да гэтага пэрыяду жыцьця адносіцца ягоны твор «Восем гадоў у небясьпецы на Самоа» (A Footnote to History: Eight Years of Trouble in Samoa, 1893 год). Клімат выспы спрыяў здароўю Стывэнсана, аднак ён памёр 3 сьнежня 1894 году ад інсульту ў сваім маёнтку Ваіліма.

Яго першая кніга «Пэнтландскае паўстаньне», выйшла ў сьвет у 1866 годзе. Сусьветную вядомасьць Робэрт Стывэнсан атрымаў пасьля выхаду ў сьвет прыгодніцкага рамана «Выспа скарбаў» (Treasure Island) у 1883 годзе. Пасьля гэтага былі выданы гісторыка-прыгодніцкія раманы «Прынц Ота» (Prince Otto, 1885 год), «Выкрадзены» (Kidnapped, 1886 год), «Чорная страла» (The Black Arrow, 1888 год), «Уладар Балантрэ» (The Master of Ballantrae, 1889 год), «Катрыёна» (Catriona, 1893 год), «Сент-Іў» (St. Ives), які быў скончаны толькі пасьля сьмерці аўтара. Апошні раман Стывэнсана «Ўір Гэрмістан» (Weir of Hermiston) застаўся няскончаным. Акрамя гэтага Стывэнсан займаўся і напісаньнем вершаў, выдаўшы зборнікі вершаў «Дзіцячы кветнік вершаў» (1885 год) і «Баляды» (1890 год)[13].

На беларускую мову быў перакладзены твор Стывэнсана «Чортава бутэлька», пераклад Баляслава Грабінскага і Вітаўта Тумаша[14].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Робэрт Льюіс Стывэнсансховішча мультымэдыйных матэрыялаў