Віцебская вобласьць
Ві́цебская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 40,1 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 1 180 202 чалавекі[1]. Адміністрацыйны цэнтар — места Віцебск.
Віцебская вобласьць | |
Сьцяг | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Віцебск |
Улучае | 21 раён |
Найбуйнейшыя гарады | Полацак Ворша Наваполацак Лепель |
Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1938 року |
Старшыня аблвыканкаму | Мікалай Шарсьнёў |
Насельніцтва (2018) | 1 180 202[1] (12,5%, 4-е месца) |
Шчыльнасьць | 29,4 чал./км² |
Нацыянальны склад | беларусы — 85,1% расейцы — 10,2% украінцы — 1,2% палякі — 0,9%[2] |
Плошча | 40,1 тыс. км² (19,4%) |
Вышыня па-над узр. м. · найвышэйшы пункт · сярэдняя вышыня | гара Гаршэва — 296 м 137 м[3] |
Месцазнаходжаньне Віцебскай вобласьці | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC +3 |
Код ISO 3166-2 | BY-VI |
Тэлефонны код | +375-21 |
Паштовыя індэксы | 210ххх 211ххх |
Код аўтам. нумароў | 2 |
[Старонка ў сеціве Афіцыйны сайт] | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Гісторыя
рэдагаваць- 1101: са складу Полацкага вылучалася Віцебскае ўдзельнае княства.
- 1508: утварылася Віцебскае ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, пазьней Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
- 12 сьнежня 1796: Віцебскі павет Беларускай губэрні ў складзе Расейскай імпэрыі.
- 1802: Віцебская губэрня Расейскай імпэрыі.
- 1 студзеня 1919: Віцебскі раён у складзе Беларускай ССР.[4]
- 15 студзеня 1938: Віцебская вобласьць БССР.
- 27 ліпеня 1990: Віцебская вобласьць у складзе незалежнай Беларусі.
Геаграфічнае становішча
рэдагавацьВіцебская вобласьць разьмешчаная ў паўночнай частцы Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 300 км, а з усходу на захад — 175 км. Тэрыторыя вобласьці займае 40,8 тыс. км².
На ўсходзе мяжуе са Смаленскай, на поўначы — з Пскоўскай абласьцямі Расеі, на паўночным захадзе — з Латвіяй, на захадзе — зь Летувой і Гарадзенскай вобласьцю, на поўдні — зь Менскай і Магілёўскай абласьцямі Беларусі.
Рэльеф
рэдагавацьАмаль уся тэрыторыя вобласьці разьмешчаная ў межах Беларускага Паазер’я. У цэнтральнай частцы і на захадзе Полацкая, на паўночным усходзе Сураская, на ўсходзе Лучоская нізіны, на поўдні Чашніцкая раўніна і Верхнебярэзінская нізіна. Узвышшы (Гарадоцкае, Віцебскае, Аршанскае, часткова Смаленскае, Вушацка-Лепельскае) і грады (Браслаўская і Сьвянцянскія) займаюць чвэрць тэрыторыі вобласьці і пераважаюць на яе ўскраінах.
Карысныя выкапні
рэдагавацьВыведаныя радовішчы далямітаў, частка іх прамыслова распрацоўваецца. Ёсьць паклады цэмэнтавых і легкаплаўкіх глінаў і суглінкаў, шмат торфу, будаўнічых пяскоў. У азёрах сустракаюцца мінэральныя воды й бузы.
Клімат і расьліннасьць
рэдагавацьКлімат умерана-кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад −6,6 °С на паўднёвым захадзе да −8,4 °С на паўночным усходзе, ліпеня каля 17—18 °С. Вэгетацыйны пэрыяд 180—190 дзён. Ападкаў выпадае ад 600 мм у рок на раўнінах да 750 мм на ўзвышшах.
Лясы займаюць 37,4% усёй тэрыторыі. Яны ў асноўным хваёвыя і яловыя. Ёсьць таксама бярозавыя, алешнікавыя, асінавыя. Пад балотамі — каля 6%, палова зь іх асушаная.
На Віцебшчыне вялікае значэньне надаецца захаваньню прыродных помнікаў, Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» сумесна зь Бярэзінскім біясфэрным запаведнікам улучаныя ў праект Вольнай эканамічнай зоны «Залатое кольца Беларусі». Таксама створаныя 26 заказьнікаў дзяржаўнага значэньня, узятыя пад ахову каля 80 аб’ектаў прыроды.
Гідраграфія
рэдагавацьВобласьць займае першае месца ў Беларусі паводле шчыльнасьці рачной сеткі, па колькасьці і агульнай плошчы азёраў. Яе рэкі належаць басэйну Дзьвіны (80%), а таксама Дняпра, Нёману, Ловаці. Найвялікшыя — Заходняя Дзьвіна з прытокамі Усьвяча, Обаль, Палата, Дрыса, Каспля, Лучоса, Вула, Вушача, Дзісна, і Дняпро. Тут бяруць пачатак яго прытокі Бярэзіна і Друць. У вобласьці больш за 2,8 тыс. азёраў, буйнейшыя Асьвейскае, Лукомскае, Дрысьвяты, Дрывяты, Няшчэрда, Снуды, Езярышча, Струста, Абстэрна.
Транспарт
рэдагавацьПа тэрыторыі вобласьці праходзяць чыгуначныя міжнародныя магістралі Масква — Ворша — Менск — Варшава, Санкт-Пецярбург — Віцебск — Ворша — Кіеў, Смаленск — Віцебск — Полацак — Рыга. Важнае значэньне маюць таксама лініі Ворша — Унеча, Невель — Полацак — Маладэчна, Ворша — Лепель, Каралеўшчына — Паставы і далей у Летуву. Найбуйнейшыя вузлы — Ворша, Віцебск, Полацак. Эксплюатацыйная даўжыня чыгунак складае звыш 1 210 км.
Галоўныя аўтамагістралі, якія перасякаюць вобласьць: Масква — Ворша — Менск — Берасьце, Санкт-Пецярбург — Віцебск — Ворша — Кіеў, Смаленск — Віцебск — Полацак — Дзьвінск, Віцебск — Лепель — Менск. Дарогі зь цьвёрдым пакрыцьцём складаюць звыш 3,6 тыс. км. Суднаходзтва зьдзяйсьняецца па Заходняй Дзьвіне ад Вяліжа да Полацку і па Дняпры ніжэй за Воршу.
У Віцебску ёсьць аэрапорт.
Па тэрыторыі вобласьці праходзіць адгалінаваньне нафтаправода «Дружба», пракладзены газаправод «Зьзяньне Поўначы».
Прамысловасьць
рэдагавацьАсноўная спэцыялізацыя — вытворчасьць электраэнэргіі, перапрацоўка нафты, нафтахімія, машынабудаваньне, лёгкая і харчовая галіны. Тут вырабляюць усе льняныя тканіны, поліэтылен, палову беларускіх нафтапрадуктаў і электраэнэргіі, каля 40% дываноў, больш за 30% панчошна-шкарпэткавых вырабаў. Выпускаюцца станкі, абутак, будаўнічыя матэрыялы, алей, мясныя і малочныя кансэрвы. Дзейнічае самая магутная ў Беларусі Лукомальская ДРЭС. Найбуйнейшыя спэцыялізаваныя прадпрыемствы засяроджаныя ў Віцебску, Полацкім прамысловым вузьле, Воршы. Функцыянуе вольная эканамічная зона «Віцебск». Вобласьць уваходзіць у эўрарэгіён «Азёрны край». На 2023 год дзейнічала звыш 1400 прамысловых прадпрыемстваў. Сярод іх найбольшымі былі «Нафтан» у Наваполацку, «Полацак-Шкловалакно», «Даламіт» у Віцебскім раёне, абутковыя прадпрыемствы «Марко» і «Белвэст» у Віцебску, а таксама «Віцебскія дываны»[5].
Сельская гаспадарка
рэдагавацьСельская гаспадарка спэцыялізуецца на вырошчваньні зерневых і кармавых культураў, а таксама льну. Разьвітыя азёрна-рыбныя гаспадаркі. Глебы сельскагаспадарчых земляў пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-забалочаныя, тарфяныя, займаюць 40,5% вобласьці. Для іх характэрная мазаічнасьць і камяністасьць. Працуюць калектыўныя сельгаспрадпрыемствы і каапэратывы, каля 400 фэрмэрскіх гаспадарак. На 2023 год працавала 215 земляробчых прадпрыемстваў[5].
Насельніцтва
рэдагаваць- 2018 год — 1 180 202 чал.[1]
- 2017 год — 1 187 983 чал.[6]
- 2016 год — 1 193 587 чал.[7]
- 2014 год — 1 202 200 чал.[8]
Насельніцтва вобласьці паводле перапісу (1999) склала 81% колькасьці даваенных рокаў, або 1377,2 тыс. чалавек, у тым ліку ў мескіх паселішчах — 923,1 (67%), у сельскіх — 454,1 тыс. чалавек (33%).
За пэрыяд з 1959 па 1999 рок мескае насельніцтва павялічылася ў 2,3 разы, сельскае за гэты жа час паменшылася на 48%.
Працягласьць жыцьця дасягнула да канца 80-х рокаў ХХ ст. 71,3 году, але пасьля гэтага стала пасьлядоўна зьніжацца, і ў 2002 року склала 67,5 году, у тым ліку ў мужчын — 61,9 году, у жанчын — 73,6.
У вобласьці налічваецца 6480 сельскіх населеных пунктаў, зь іх 366 — без насельніцтва. Сярод сельскіх населеных пунктаў пераважаюць невялікія селішчы — зь лікам жыхароў да 10 чалавек. Такіх населеных пунктаў на пачатак 2006 року было 4718, або 73% ад агульнай колькасьці. У іх пражывае 19% сельскага насельніцтва. Асноўная дзель вяскоўцаў пражывае ў 116 населеных пунктах з колькасьцю больш за 500 чалавек у кожным зь іх. Найбуйнейшымі зьяўляюцца — аг. Акцябарская і аг. Ноўка Віцебскага, в. Фарынава Полацкага, в. Каралеўшчына Докшыцкага, в. Бароўка Лепельскага, в. Бабінічы і в. Андрэеўшчына Аршанскага раёнаў. У сярэднім у адным сельскім населеным пункце вобласьці пражывае 58 чалавек. Найбольш малалікія селішчы разьмешчаныя ў Браслаўскім, Мёрскім і Пастаўскім раёнах, а шчыльнанаселеныя — у Аршанскім і Віцебскім.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
рэдагавацьНа 2023 год вобласьць налічвае 21 раён, 19 местаў, 22 мястэчкі[5] і 6400 вёсак.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Перепись населения — 2009. Витебская область. Национальный состав населения (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ а б в Даты гісторыі: 85 гадоў Віцебскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласьцям // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 студзеня 2023 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Demographic situation in January 2014 (анг.) // Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 9 лютага 2014
Літаратура
рэдагаваць- Витебская область // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Віцебскі абласны выканаўчы камітэт
- Віцебская вобласьць, гарады і вёскі. Фота славутасьцяў
- Віцебская вобласьць (рас.), Глёбус Беларусі
- Рашэньне Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад 8 красавіка 2004 г. №55 «Аб зьмене адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу раёнаў Віцебскай вобласьці» (рас.)
- Інфармацыя пра вобласьць на Belarus.by