Акадэмік Вярнадзкі
Акадэ́мік Вярна́дзкі (па-ўкраінску: Академік Вернадський), да 1996 року — Фарадэ́й па-ангельску: Faraday Station) — украінская антарктычная станцыя. Разьмешчаная на мысе Марына вострава Галіндэз за 7 км ад заходняга ўзьбярэжжа Антарктычнага паўвострава. Асноўнае прызначэньне станцыі — правядзеньне навуковых дасьледаваньняў у Антарктыдзе.
Акадэмік Вярнадзкі | |
Академік Вернадський | |
Статус | пастаянная |
---|---|
Краіна | Украіна (з 1996) |
Дата заснаваньня | 1947[1][2] |
Колькасьць пэрсаналу | 12 чалавек |
Геаграфічныя каардынаты | 65°14′44.44″ пд. ш. 64°15′28.17″ з. д. / 65.2456778° пд. ш. 64.257825° з. д.Каардынаты: 65°14′44.44″ пд. ш. 64°15′28.17″ з. д. / 65.2456778° пд. ш. 64.257825° з. д. |
Акадэмік Вярнадзкі | |
Сайт | Нацыянальны антарктычны навуковы цэнтар |
Заснаваная ў 1947 року як брытанская станцыя «Фарадэй»[1]; у 1954 перанесеная на востраў Галіндэз[1]; у лютым 1996 року перададзеная Ўкраіне за сымбалічную цану ў адзін фунт стэрлінгаў[3] і перайменаваная ў гонар украінскага навукоўца, акадэміка Ўладзімера Вярнадзкага, першага прэзыдэнта НАН Украіны.
Мінуўшчына
рэдагавацьНавуковая база на Аргентынскіх астравох паблізу Антарктычнага паўвострава заснаваная падчас брытанскай экспэдыцыі на Зямлю Грэяма ў 1934—1937 роках. Мэтэаабсэрваторыя пачала пастаянна дзейнічаць на востраве Ўінтэр 7 студзеня 1947 року[1][2].
Узімку 1953—1954 рокаў станцыя была перанесеная на мыс Марына вострава Галіндэз. У 1977 року перайменаваная ў «Станцыю Ф — Фарадэй» у гонар брытанскага навукоўца Майкла Фарадэя[2]. Большасьць збудаваньняў зьявіліся цягам 1979—1980 рокаў. Менавіта над станцыяй «Фарадэй» у 1985 року брытанскія навукоўцы адкрылі зьяву азонавай дзіркі[4].
У 1992 року, пасьля развалу Савецкага Саюзу, Расея абвясьціла сябе правапераемніцай усіх савецкіх антарктычных станцыяў, тады прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук выдаў загад пра ўкраінскую праграму дасьледаваньня Антарктыкі. У жніўні 1992 Украіна далучылася да Антарктычнай дамовы, а ў наступным годзе стварыла Цэнтар антарктычных дасьледаваньняў (цяпер — Нацыянальны антарктычны навуковы цэнтар).
У лістападзе 1993 року Вялікабрытанія абвясьціла пра намер перадаць станцыю «Фарадэй» адной зь дзяржаваў, якія на маюць антарктычных станцый. Ідэяй зацікавіліся ўкраінскія дыпляматы і навукоўцы[5], і ў 1994 року Брытанская антарктычная служба (БАС) прыняла рашэньне перадаць станцыю Ўкраіне. У гэтым жа годзе на 23-й сэсіі Арганізацыі краінаў Антарктычнай дамовы Ўкраіна была прынятая ў склад арганізацыі.
У сьнежні 1994 — лютым 1995 рокаў група ўкраінскіх навукоўцаў наведала станцыю «Фарадэй». Пасьля гэтага была падпісаная міжурадавая дамова пра перадачу антарктычнай станцыі Ўкраіне. 6 лютага 1996 року над станцыяй быў узьняты ўкраінскі сьцяг.
З 2017 року на станцыі дзейнічае інтэрнэт-сувязь. 8 траўня 2020 року на станцыі ўпершыню загінуў удзельнік украінскай антарктычнай экспэдыцыі Васіль Амельяновіч[6], наклаўшы рукі з прычыны асабістых праблемаў.
Кліматычныя ўмовы
рэдагавацьКлімат на станцыі — марскі субантарктычны, то бок адносна мяккі, паколькі Паўднёвы акіян дзейнічае як акумулятар цеплыні. Сярэдняя тэмпэратура ўлетку каля 0 °C, узімку — не ніжэй за −18 °C. Зьніжэньне тэмпэратуры паветра ўзімку адбываецца, калі паўднёвы вецер прыносіць ахалоджаныя масы паветра з кантынэнтальнай Антарктыды. Узімку характэрныя частыя вятры больш за 30—35 м/с. Каля 300 дзён у год — ападкі (сьнег), неба бясхмарнае толькі 25—30 дзён[7].
Мінімальная тэмпэратура, зафіксаваная на станцыі — −47 °C[8]. Гадавая колькасьць ападкаў за пэрыяд 1986—2011 рокаў зьмянялася ад 220 да 670 мм[7].
Збудаваньні
рэдагавацьУвесь комплекс збудаваньняў усталяваны на каменнай аснове вострова Галіндэз. Большасьць зь іх былі ўзьведзеныя цягам 1979—1980 рокаў. На тэрыторыі станцыі разьмешчаныя:
- два модулі зь немагнітнага матэрыялу, де ўсталяваныя магнітомэтры;
- аэралягічны павільён (выкарыстоўваецца таксама як гараж для чатырох сьнегаходаў);
- будынак ДНЧ-лябараторыі;
- генэратарнае памяшканьне з двума халадзільнікамі, дзе знаходзіцца цясьлярная майстэрня;
- будынак аварыйнай базы, якая прыстасаваная пад склад антэнаў і запасаў прадуктаў.
Таксама на станцыі працуюць:
- найпаўднёвейшы ў сьвеце бар «Фарадэй»[9].
- найпаўднёвейшая праваслаўная культавая пабудова ў сьвеце ― капліца сьвятога Ўладзімера.
Напрамкі дасьледаваньняў
рэдагаваць- Акіянаграфічныя і біярэсурсныя
- Гідрамэтэаралягічныя
- Фізыка палярнага геакосмасу і сонечна-зямных сувязяў
- Ядзерна-фізычныя дасьледаваньні Зямлі й атмасфэры
- Геоляга-геафізычныя
- Біялягічныя (сыстэмнае дасьледаваньне структуры і функцый антарктычных біяцэнозаў)
- Мэдыка-фізыялягічныя
У культуры
рэдагавацьУ 2006 року Нацыянальны банк Украіны выбіў юбілейную манэту «10 гадоў антарктычнай станцыі Акадэмік Вярнадзкі». На рэвэрсе выяўлены абрыс Антарктыды і зорачкай пазначанае геаграфічнае разьмяшчэньне станцыі.
Станцыя выяўленая на ўкраінскіх паштовых марках «Першая ўкраінская антарктычная экспэдыцыя» (1996) і «Антарктычная станцыя Акадэмік Вярнадзкі» (2009)
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Історія станції «Академік Вернадський» (укр.). Національний антарктичний науковий центр. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
- ^ а б в History of Faraday (Station F) (анг.). British Antarctic Survey. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
- ^ Зварыч, Елена (13 студзеня 2019) С легким паром, пингвины! Как украинские полярники встретили новогодние праздники и какие желания загадали (рас.). Фокус. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
- ^ The Ozone Hole (анг.). British Antarctic Survey (1 красавіка 2017). Праверана 4 сакавіка 2022 г.
- ^ Шрамович, В’ячеслав (6 лютага 2018) П’ять історій про антарктичну станцію «Академік Вернадський» (укр.). BBC News Україна. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
- ^ На українській станції «Академік Вернадський» в Антарктиді експедитор наклав на себе руки — що відомо (укр.) Новини. 5 канал (9 траўня 2020). Праверана 4 сакавіка 2022 г.
- ^ а б Природні умови (укр.). Національний антарктичний науковий центр. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
- ^ Материк со всеми удобствами // Вокруг света. Украинское издание. — листопад 2010. — № 11 (2842). — С. 102—103.
- ^ Whitelocks, Sadie (21 кастрычніка 2016) Ice with that? No problem! Inside the world's southernmost bar in Antarctica, where BRAS are accepted as a form of payment (анг.) Mail Online. Daily Mail. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Академік Вернадський (укр.) // Велика українська енциклопедія
- Інфармацыя пра станцыю (укр.) на бачыне Нацыянальнага антарктычнага навуковага цэнтру Ўкраіны